Уладзімер Каткоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Уладзімер Каткоўскі
Уладзімір Каткоўскі.jpg
Род дзейнасьці блогер, інтэрнэт-актывіст
Дата нараджэньня 19 чэрвеня 1976
Месца нараджэньня Менск, БССР
Дата сьмерці 25 траўня 2007 (30 гадоў)
Месца сьмерці Прага, Чэхія

Уладзімер Леанідавіч Каткоўскі (19 чэрвеня 1976, Менск — 25 траўня 2007, Прага) — вядомы беларускі карыстальнік і дзяяч інтэрнэту.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Менску, тамсама скончыў школу. У 1993 годзе зьехаў у ЗША па праграме адукацыйнага абмену «Акт у падтрымку свабоды».

Скончыў Амэрыканскі ўнівэрсытэт у Благоеўградзе (Баўгарыя) па спэцыяльнасьці «інфарматыка». Працаваў кампутаровым спэцыялістам у Будапэшце (Фонд Сораса), пасьля ў Франкфурце-на-Майне. З 2002 году працаваў у беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».

16 чэрвеня 2006 году разам са сваёй жонкай Ёнадай патрапіў у аўтамабільную катастрофу на вуліцы Прагі. З таго часу знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 траўня 2007, амаль праз год пасьля катастрофы, так і не прыйшоўшы ў прытомнасьць. Пахаваны на могілках «Пятроўшчына» ў Менску.

Дзейнасьць у інтэрнэце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уладзімер Каткоўскі быў адным з пачынальнікаў беларускамоўнага інтэрнэту і яго актыўным і вядомым дзеячом. У канцы 1990-х разам зь Ёнадай у Баўгарыі стварыў сайт «Літванія, зямля ліцьвінаў». Быў адным зь першых беларускамоўных блогераў у LiveJournal (карыстальнік rydel23[1]), у далейшым таксама стаў адным з найболей папулярных. За свой блог br23.net[2] атрымаў гран-пры 4-га конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў, які праводзіўся кампаніяй TUT.BY.

Стварыў і падтрымліваў сайт Pravapis.org, прысьвечаны беларускай мове, сайт «Мартыралёґ Беларусі», які распавядаў пра беларускія ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Пераклаў на беларускую мову інтэрфэйс вядомага пашукавіка Google, заснаваў Вікіпэдыю на беларускай мове (Удзельнік:Rydel).

Стварыў і адміністраваў апошнюю вэрсію сайту беларускай службы «Радыё Свабода».

Уладзімер Каткоўскі заўсёды актыўна змагаўся за распаўсюд беларускай мовы і аб’ектыўнай інфармацыі пра Беларусь у інтэрнэце.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]