Упіцкі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Упіцкі павет
лац. Upicki paviet
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет[d]
Адміністрацыйны цэнтар Упіта
Час існаваньня 1565/1566—1795
Месцазнаходжаньне Упіцкага павету
Упіцкі павет на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Упіцкі павет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Троцкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца — места Упіта. Не ўваходзіў у склад Жамойцкага староства, але належаў да Жамойцкага біскупства[1].

Месты і мястэчкі: Біржы, Лінкава, Пампяны, Пасваль, Рамігаль, Шадаў[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа 1659 г., на якой Упіцкі павет значыцца як частка Жамойці

Яшчэ да ўтварэньня павету Ўпіцкая воласьць часам азначалася як частка Жамойці («Інвэнтар Упіцкай воласьці ў Жамойцкай зямлі», складзены каля 1554 году)[3].

Утварыўся згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў. У склад павету ўваходзіла тэрыторыя Гульбінскага, Сангвейскага, Шыманскага, Шадаўскага, Вабальніцкага, Жыдайчанскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі[4].

У гаспадарчым дакумэнце ВКЛ, складзеным каля 1566—1567 гадоў, Упіцкі павет далучаўся да Жамойцкай зямлі[5]. Паводле адпіскі ваяводы Нашчокіна маскоўскаму гаспадару (Друя, 1655 год), «а в Жмоиде Свейской обоз есть близко Бирж»[6]. Паводле попісу палонных ад 1662 году, «Упитцкого повету изо Жмойди шляхтич писарь Василей Артышевский»[7].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ахопліваў землі ў нізкай плыні рэчак Нявежы, Левуа, сярэдняй плыні ракі Муша.

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад ВКЛ намінавалі кашталяна упіцкага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Міхал Страшэвіч. 24 студзеня 1793 году ён прысягнуў у Горадні, атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала ўпіцкую кашталянію. У выніку, кашталян упіцкі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзярновіч А. Літва і Жамойць // Наша Ніва. 22 чэрвеня 2013 г.
  2. ^ Упіцкі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 692.
  3. ^ Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-западной Руси. Т. 8. — Вильна, 1870. С. IV.
  4. ^ Powiat upitski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 339
  5. ^ Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. — Киев, 1901. С. 348.
  6. ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 45.
  7. ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 149.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]