Ёнас Басанавічус
Ёнас Басанавічус | |
Дата нараджэньня | 23 лістапада 1851[1][2] |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 16 лютага 1927[3][4][1][…] (75 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнавец, гісторык, пісьменьнік, журналіст, палітык, лекар, фальклярыст, этнограф |
Навуковая сфэра | гістарыяграфія[5], мэдыцына[5], літоўская літаратура[d][5] і этнаграфія[5] |
Месца працы | |
Сябра ў | Балгарская акадэмія навук[d] |
Навуковая ступень | доктарская ступень[d][6] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Ёнас Басана́вічус (па-летувіску: Jonas Basanavičius; нар. 23 лістапада 1851 г. у Ажкабале(lt), пам. 16 лютага 1927 г. у Вільні, пахаваны на могілках Росы) — летувіскі грамадзкі дзеяч, першы рэдактар газэты «Аўшра», адзін з найвядомейшых змагароў за адраджэньне й незалежнасьць летувіскага народа, навуковец, лекар.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ёнас Басанавічус нарадзіўся ў 1851 годзе ў сям’і заможных сялян. Калі Ёнас падрос, бацькі пачалі клапаціцца пра яго адукацыю, спачатку Ёнас навучаўся ў вясковага настаўніка — дарэктара(lt)[a], пазьней ён быў прыняты ў Лукшаскую пачатковую школу(lt). Правучыўшыся там толькі першы сэмэстар, ён паспрабаваў паступіць у мар’ямпальскую гарадзкую вучэльню. Аднак іспытаў не здаў і заставаўся яшчэ на год вучыцца ў Лукшыцкай пачатковай школе. У 1868 годзе быў прыняты ў чатырохклясную гарадзкую вучэльню ў Мар’ямпалі. У 1873 годзе пасьля заканчэньня чатырох клясаў Мар’ямпальскай вучэльні, Ёнас Басанавічус супраць волі бацькоў, якія настойвалі, каб той працягнуў навучаньне ў Сейнах на ксяндза(lt), паехаў працягваць вучобу ў Маскву.
Маскоўскі ўнівэрсытэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1873 г. паступіў на гістарычна-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта, але ўжо ў 1874 г. восеньню, атрымаўшы навуковую стыпэндыю, перавёўся на мэдычны факультэт. 11 чэрвеня 1879 скончыў унівэрсытэт і атрымаў права на практыку лекара.
Культурна-палітычную дзейнасьць пачаў яшчэ ў час навучаньня ў Маскоўскім унівэрсытэце. Дасьледаваў гісторыю Летувы, летувіскую культуру, мову, зьбіраў фальклёр, клапаціўся пра народную асьвету, агітаваў за скасаваньне забароны на летувіскі друк. У 1874 г. падрыхтаваў лемантар на летувіскай мове, але не атрымаў дазволу на яго друк.
Жыцьцё ў Баўгарыі і Чэхіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па дамоўленасьці з баўгарскім урадам у студзені 1880 выехаў у Баўгарыю. У 1879—1882 быў дырэктарам шпіталя й лекарам у Лом-Паланцы (Мантанская вобласьць). Маючы сталую працу, ён працягваў займацца летувіскай справай: пісаў артыкулы для летувіскіх ґазэт — «Lіetuvіška ceіtunga(lt)» і «Naują Keleivį». Прабыўшы ў Баўгарыі да 1882 г., ён пакінуў Лом-Паланку і ненадоўга вярнуўся ў Летуву, дзе ініцыяваў выданьне ґазэты «Аўшра» (па-беларуску: Золак, сьвітаньне), пасьля чаго пераехаў у Прагу, дзе працягную навучаньне на лекара.
Са сьнежня 1882 г. па люты 1884 г. жыў ў Празе, дзе зь некалькімі супрацоўнікамі падрыхтаваў да друку першы нумар «Аўшра». У Празе ён арганізаваў выданьне першага нумару летувіскай ґазэты, які выйшаў у 1883 г. у Рагніце. У ім ён напісаў і знакамітую прамову да гэтага нумара — Маніфэст адраджэньня летувіскага народа. Аўшра пісала, што народ жыве да таго часу, пакуль жывая ягоная мова. У першым нумары выданьня выкарыстаў лацінскі эпіграф: Homines historiarum ignorari sunt pueri (Людзі, якія ня ведаюць гісторыі, застаюцца дзяцьмі). Пазьней Басанавічус зьмяніў летувіскі правапіс: на старонках рэдагаванай ім ґазэты ён замяніў польскія «sz» і «cz» чэскімі «š» i «č».
Адначасова ў легальным расейскім друку ён даводзіў непатрэбнасьць летувіскай забароны друку да расейскай улады, накіраваў імпэратару пэтыцыю, у якой прасіў легалізаваць часопіс «Аўшра».
Таксама ў Празе ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, чэскай немкай Габрыеляй Элеанорай Мол. Яны пажаніліся 15 красавіка 1884 г. у Вене.
Праз фінансавыя праблемы Басанавічус быў вымушаны вярнуцца ў Баўгарыю. Спачатку ён быў прызначаны ў мястэчка Елена(en), адкуль яго пазьней перавялі назад у Лому. Аднак другі пэрыяд яго жыцьця ў Ломе быў не такім шчасьлівым: на Басанавічуса напалі, у яго двойчы стрэлілі, але раненьні не былі сьмяротнымі. Прычыны гэтага здарэньня засталіся нераскрытымі. Мяркуецца, што матывы замаху былі палітычныя.
У 1889 жонка Ё. Басанавічуса Элеанора памерла ад сухотаў. Гэтая страта яшчэ больш пагоршыла й без таго паслабленае здароўе Басанавічуса. Пасьля сьмерці Элеаноры, Басанавічус у 1892 пераехаў у горад Варна. Там, нягледзячы на хваробу, вывучаў матэрыялы архіваў і бібліятэк, шукаў зьвесткі пра мінулае Летувы.
У 1891 г. прыняў баўгарскае грамадзянства[8], і з 1893 працаваў прыдворным лекарам баўгарскага князя Фэрдынанда(en).
Дзейнасьць у Летуве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак у 1904 годзе расейска-японскай вайны даў магчымасьць Басанавічусу вярнуцца на Радзіму. 31 ліпеня 1905 г. ён па Нёмане прыбыў у Коўна, а на наступны дзень паехаў у Вільню. Знаходзячыся ў Вільні, ён неўзабаве пазнаёміўся са шматлікімі летувіскімі інтэлектуаламі.
Намаганьнямі Ёнаса Басанавічуса былі арганізаваны археалягічныя раскопкі ў розных месцах Літвы, аказваўся супраціў спробе расейскіх чыноўнікаў выкарыстаць замкавую вежу Гедыміна як частку гарадзкога водаправода. Пры падрыхтоўцы ў 1905 Вялікага Віленскага Сойму(lt), Ёнас Басанавічус узначаліў яго арганізацыйны камітэт.
25 верасьня 1907 Ёнас Басанавічус заснаваў Летувіскае навуковае таварыства(lt), якім кіраваў да 1927, рэдагаваў выданьне таварыства часопіс «Lietuvių tauta(lt)» (па-беларуску: Летувіскі народ). У 1911 стаў адным з заснавальнікаў акцыянэрнага таварыства «Vilija». Улетку 1913 году Ёнас Басанавічус і Мартынас Ічас(lt) на некалькі месяцаў выехалі ў Амэрыку, выступаючы там зь лекцыямі, зьбіралі ахвяраваньні на будаўніцтва Народнага дому.
18 верасьня-22 верасьня 1917 году ў Вільні адбывалася канфэрэнцыя прадстаўнікоў летувіскага народу, на якой была абрана Летувіская Тарыба. 16 лютага 1918 зьдзейсьнілася доўгачаканая мара Ёнаса Басанавічуса — 20 сябраў Тарыбы Летувы пад яго старшынствам абвясьцілі незалежнасьць Летувы. Ёнас Басанавічус першым падпісаў Акт аб незалежнасьці.
Пасьля «Бунту Жалігоўскага(pl)» Вільня ў 1922 годзе ўвайшла ў склад міжваеннай Польшчы. Нягледзячы на гэта й на разрыў дыяпляматычны адносінаў Польшчы й Летувы, Ёнас Басанавічус застаўся жыць у Вільні. У 1924 годзе ён стаў ганаровым сябрам Нацыянальнай летувіскай студэнцкай арганізацыі «Neo-Lithuania(lt)». 16 лютага 1927, калі ўся Летува радасна сьвяткавала дзявятую гадавіну незалежнасьці Летувы, а 18-й гадзіне 50 хвілін Ёнас Басанавічус памёр. У Летуве была аб’яўлена 5-дзённая жалоба. Пахаваньне адбылося 21 лютага ў Вільні, на пахаваньне польскімі ўладамі была запрошана дэлегацыя зь Летувы[9]. Ёнас Басанавічус быў пахаваны на могілках Росы.
Навуковая і публітыстычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напісаў каля 40 дасьледаваньняў па гісторыі, археалёгіі, гісторыі культуры, этнаграфіі, фальклярыстыцы, лінгвістыцы, медыцыне, каля 140 разнастайных артыкулаў. Складаў і выдаваў зборнікі фальклёру. Ё. Басанавічус таксама арганізаваў Летувіскае навуковае таварыства.[10]
Друкаваўся з 1885 г. Публікаваў працы й артыкулы, прысьвечаныя гісторыі летувісаў, археалёгіі, этнаграфіі, гісторыі культуры, асобным галінам мовазнаўства, летувіскаму фальклёру. Выдаваў матэрыялы да біяграфій летувіскіх пісьменьнікаў, іх успаміны, эпісталярную спадчыну, а таксама зборнікі летувіскага фальклёра.
Працаваў у шматлікіх летувіскіх пэрыядычных выданьнях (Vіlnіaus žіnіos, «Вільціс» і інш.), таксама ў балгарскіх ґазэтах і летувіскай ґазэце на польскай мове «Lіtwa», у расейскіх і нямецкіх навуковых выданьнях. Карыстаўся псэўданімамі й крыптанімамі A. B., Bassianis, Birsztonas, J. Sapalius і інш.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За заслугі перад Летувай Ё. Басанавічусу пры жыцьці была прызначана дзяржаўная пэнсыя. Ковенскі Унівэрсытэт Вітаўта Вялікага абраў яго сваім ганаровым сябрам і прафэсарам. Пасьля сьмерці Басанавічуса, Ковенскі вайсковы шпіталь, дзе ён лячыўся, быў названы яго імем. Шматлікія гарады ўвекавечылі яго памяць помнікамі й бюстамі, зьявіліся вуліцы, плошчы, паркі й розныя грамадзкія будынкі, названыя імем Ёнаса Басанавічуса. Першы помнік Ё. Басанавічусу быў усталяваны ў 1923 г. у садзе Музэй Вітаўта Вялікага(lt). У адкрыцьці помніка (скульптар Юозас Зікарас(lt)) прымаў удзел сам «Патрыярх нацыі», як яшчэ пры жыцьці ўвекавечылі летувісы Ёнаса Басанавічуса. Пазьней яго выява была намалявана на купюры ў 50 літаў.
Са шматлікіх вуліцаў імя Ё. Басанавічуса найбольш вядомая ў Летуве знаходзіцца ў Паланзе, дзе ў пачатку вуліцы знаходзіцца помнік Ёнасу Басанавічусу (скульптар Ю. Зікарас).
Сядзіба-музэй Ёнаса Басанавічуса(lt) зь вялікім дубовым гаем знаходзіцца на малой радзіме Ёнаса Басанавічуса ў Ажкабале(lt).
-
Летувіская паштовая марка 1927 году
-
Срэбраная манэта Банку Летувы 5 літаў (1936)
-
Манэта 50 літаў Банку Летувы (2001)
-
Бюст Басанавічусу ў Паланзе
-
Бюст Ёнаса Басанавічуса ў Бірштанах, плошча Ё. Басанавічуса.
-
Бюст Ёнаса Басанавічуса ў садзе Вайсковага музэя Вітаўта вялікага ў Коўне
-
Помнік Ёнасу Басанавічусу ў старым горадзе Вільні перад будынкам філярмоніі.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Lietuviškos pasakos, tautosakos rinkinys, 2 d., 1898—1902 m.
- Ožkabalių dainos, 2 t., 1902 m.
- Iš gyvenimo vėlių bei velnių, 1903 m.
- Lietuviškos pasakos įvairios, 4 d., 1903—1905 m.
- Lietuviškai-trakiškos studijos, 1898 m.
- Levas lietuvių pasakose ir dainose, išleista 1919 m.
- Apie trakų prygų tautystę ir jų atsikėlimą Lietuvon, 1921 m.
- Iš lietuvių gyvenimo 1915—1917 m. po vokiečių jungu, 1919 m.
- Rinktiniai raštai, 1970 m.
Перавыданьні твораў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Rinktiniai raštai («Выбраныя творы»). Vilnius: Vaga, 1970.
Ёгас Басанавічус у мастацкай літаратуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У рамане Андрюса Тапінаса(lt) «Гадзіна ваўка(lt)» Ёнас Басанавічус прадстаўлены ў якасьці загадніка катэдры альхіміі Вольнага Віленскага ўнівэрсытэта.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дарэктар (па-летувіску: Daraktorіus) — настаўнік нелегальнай летувіскай школы ў Летуве ў 1864-1904 гг., якая ўтрымлівалася за кошт сялянаў. Дзейнасьць школаў і дырэктараў была забаронена, дарэктары перасьледаваліся расейскімі ўладамі. Дарэктары вучылі чытаць і пісаць на роднай летувіскай мове, асновам рэлігіі, арытмэтыцы, часам таксама геаграфіі й гісторыі. Паводле падліках гісторыкаў дзейнічала каля 4800 дарэктараў[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Jonas Basanavicius // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Jonas Basanavičius // Proleksis enciklopedija, Opća i nacionalna enciklopedija (харв.) — 2009.
- ^ а б Басанавичюс Йонас // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ http://www.britannica.com/EBchecked/topic/54659/Jonas-Basanavicius
- ^ а б в г Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #119344912 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Daraktorіus
- ^ Algirdas Banevičius. 111 Lietuvos valstybės 1918—1940 politikos veikėjų: enciklopedinis žinynas. Vilnius: Knyga, 1991, 40 p. ISBN 5-89942-585-7.
- ^ II Rzeczpospolita i Litwa. Trudne sąsiedztwo
- ^ Žurnalistikos enciklopedija. — Vilnius: Pradai, 1997. — 58-59 psl.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юозас Б. Лаўчка. Біяграфія Басанавічуса на ангельскай мове
- Сядзіба-музэй Ёнаса Басанавічуса
- Ёнас Басанавічус (1851—1927) | lrs.lt
- Прадвесьнікі нацыянальнага адраджэньня(недаступная спасылка)