Дамэн верхняга ўзроўню
Дамэн верхняга ўзроўню (ДВУ; анг. top-level domain, скарочана — TLD) — апошняя частка назвы дамэну, пасьлядоўнасьць літар пасьля апошняй кропкі ў назьве любога дамэну. Так, у назьве дамэна www.website.com, дамэнам верхняга ўзроўню зьяўляецца com (альбо COM, таму што падзелу на вялікія і малыя літары ў назвах дамэнаў няма).
Сеціўная ўправа наданьня нумароў (СУНН; Лос-Анджэлес, ЗША) на сёньняшні дзень падзяляе дамэны верхняга ўзроўню на тры тыпы:
- Нацыянальныя дамэны верхняга ўзроўню (country code top-level domains, ccTLD): ужываюцца ў краінах альбо ў залежных тэрыторыях. Даўжыня — дзьве літары, напрыклад by для Беларусі.
- Агульныя дамэны верхняга ўзроўню (generic top-level domain, gTLD): ужываюцца (па меншай меры тэарытычна) у клясах арганізацыяў (напрыклад, com для камэрцыйных арганізацыяў). Большасьць агульных дамэнаў верхняга ўзроўню дазваляецца выкарыстоўваць на любых тэрыторыях сьвету, але па гістарычных прычынах mil (ваенны) і gov (урадавы) могуць ужывацца толькі Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Агульныя дамэны верхняга ўзроўню падзяляюцца на субклясавыя спансаваныя дамэны верхняга ўзроўню (sponsored top-level domains, sTLD), напрыклад, .aero, .coop, .museum і неспансаваныя дамэны верхняга ўзроўню (unsponsored top-level domains, uTLD), напрыклад .biz, .info, .name і .pro.
- Інфраструктурныя дамэны верхняга ўзроўню (infrastructure top-level domain).
На кастрычнік 2018 году налічвалася 1578 дамэнаў верхняга ўзроўню 5 відаў:
- 1 інфраструктурны — .arpa, які належаў Архітэктурнай радзе Сеціва (Фрэмант, штат Каліфорнія, ЗША);
- 1240 агульных (78,6 %);
- 312 нацыянальных (19,8 %);
- 14 спансаваных;
- 11 выпрабавальных[1].
Гістарычныя дамэны верхняга ўзроўню
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дамэн .nato быў утвораны напрыканцы 1980-х арганізацыяй NIC для НАТО, але празь некаторы час высьветлілася, што ні адзін з такіх дамэнаў не дазваляў адэкватна вызначыць статус міжнародных арганізацыяў. Таму неўзабаве NIC быў утвораны яшчэ адзін дамэн з назвай .int для ўжываньня міжнароднымі арганізацыямі, прапанаваўшы НАТО выкарыстоўваць замест існуючага варыянта nato.int. Такім чынам, дамэн верхняга ўзроўню nato перастаў выкарыстоўвацца, але канчаткавае яго выдаленьне адбылося толькі ў ліпені 1996 году.
Іншымі гістарычнымі дамэнамі верхняга ўзроўню былі .cs для Чэхаславаччыны, .su для Савецкага Саюзу і .zr для Заіру.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ База зьвестак каранёвай прасторы (анг.) // Сеціўная ўправа наданьня нумароў (Лос-Анджэлес, ЗША), 2018 г. Праверана 11 кастрычніка 2018 г.