Каралеўства Польскае (1916—1918)
Каралеўства Польскае польск. Królestwo Polskie ням. Regentschaftskonigreich Polen | |||||
| |||||
| |||||
Акупацыя Каралеўства Польскага падчас Першае сусьветнае вайны Акупавана Нямеччынай Акупавана Аўстра-Вугоршчынай | |||||
Афіцыйная мова | польская, нямецкая | ||||
Сталіца | Варшава | ||||
Форма кіраваньня | манархія | ||||
Валюта | польская марка расейскі рубель аўстра-вугорская крона |
Карале́ўства По́льскае ці неафіцыйна Рэге́нцкае карале́ўства По́льшча (па-польску: Regencyjne Krolestwo Polskie, па-нямецку: Regentschaftskonigreich Polen) — марыянэткавая дзяржава, заснаваная Актам 5 лістапада 1916 году пры падтрымцы Польскае сацыялістычнае партыі й шэрагу іншых польскіх партыяў[1] і прызнаная Нямецкай імпэрыяй і Аўстра-Вугоршчынай. Была ўтвораная ў межах акупаванай Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай расейскай тэрыторыі Царства Польскага (аднак бяз вызначаных межаў) і існавала як дзяржава — сатэліт Нямеччыны. Ідэя дзяржаўнасьці Польшчы ніколі ня мела падтрымкі ў Нямеччыне й фактычна была накіраваная толькі на ўцягваньне польскіх сілаў у ваенныя дзеяньні, якія прадпрымаліся Цэнтральнымі дзяржавамі.
Утварэньне каралеўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэклярацыя абодвух імпэратараў аб стварэньні Рады Рэгенцтва (па-польску: Rada Regencyjna), абмежавала ўладу Нямеччыны на акупаваных тэрыторыях і дазволіла абраць новага манарха. Асобай, якая мела найбольшую магчымасьць стаць польскім каралём, быў аўстрыец — Карл Стэфан (эрцгерцаг Аўстрыйскі) (Karol Stephan), чые дзьве дачкі былі замужам за польскімі арыстакратамі: князем Альгердам Чартарыйскім і Геранімам Радзівілам. Эрцгерцаг быў гатовы прыняць карону, але як чальцу Імпэрскага Дому Аўстрыі яму патрабаваўся дазвол ад главы сям’і імпэратара Карла I, які сам жадаў атрымаць польскую карону.
Выкарыстаньне польскае мовы ў адукацыйных і палітычных установах (забароненае Расеяй пасьля паўстаньняў 1830 і 1863 гадоў) было адноўленае па ўсёй тэрыторыі Царства Польскага. Цэнтральныя дзяржавы падтрымалі стварэньне польскага войска (па-нямецку: Polnische Wehrmacht), якое было створанае для дапамогі Нямеччыны ў вайне, але мабілізацыя, якая праводзілася палкоўнікам Уладзіславам Сікорскім, не знайшла падтрымкі сярод палякаў і дала слабыя вынікі: да канца існаваньня Рэгенцтва войска мела ў сваім складзе толькі каля 5000 чалавек. Каралеўства мела сваю ўласную валюту, польскую марку, і Канстытуцыю, прынятую 12 верасьня 1917 году (манархія, двухпалатны парлямэнт, зьнешнепалітычныя міністры).
Нямецкія мэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтай нямецкае палітыкі была эксплюатацыя багацьцяў Польшчы з наступнай яе германізацыяй. Меркавалася памяншэньне польскага насельніцтва праз голад і цяжкія працы, з наступным стварэньнем з Польшчы нямецкае правінцыі. Падчас нямецкае акупацыі палякі падлягалі прымусовай працы й канфіскацыям харчу й маёмасьці. Хоць пры ўтварэньні каралеўства Польшча павінная была ўвайсьці ў унію з Аўстрыяй, рост залежнасьці Аўстра-Вугоршчыны ад Нямеччыны перакрэсьліла гэтыя пляны. Кантроль над польскай эканомікай і сыравінай быў у руках Нямеччыны. Немцы таксама мелі поўны кантроль над польскім войскам. Межы Польшчы павінныя былі быць зьмененыя ў карысьць Нямеччыны. У канцы 1916 году Нямеччына зьбіралася анэксаваць заходнюю частку Польшчы, амаль 30000 км² польскае тэрыторыі, так званую «польскую прымежную паласу». Гэтыя землі павінныя былі быць заселеныя этнічнымі немцамі, а палякі павінныя былі быць перамешчаныя. Такія пляны прапанавалі прадстаўнікі нямецкай меншасьці ў Польшчы, якія пражывалі ў раёне Лодзі, таксама яны пратэставалі супраць Акту 5 лістапада.
Рэгенты Каралеўства Польскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фармальна да абраньня манарха Польскім каралеўствам кіравала рэгенцкая рада, якая складалася з трох чальцоў:
- Аляксандра Какоўскага, Варшаўскага архіепіскапа, прымаса Польшчы;
- Зьдзіслава Любамірскага, землеўладальніка, мэра Варшавы з 1915 году;
- Юзэфа Астроўскага, землеўладальніка, які быў главой польскага прадстаўніцтва ў Дзяржаўнай думе.
Рэгенцкая рада нічым не кіравала й ня мела магчымасьці абраць манарха; рэальная ўлада ў Польшчы належала нямецкаму генэрал-губэрнатару Гансу Гартвігу фон Бэзэлеру. 11 лістапада 1918 году, у дзень капітуляцыі Нямеччыны рэгенцкая рада перадала ўсе паўнамоцтвы Юзэфу Пілсудзкаму й праз тры дні была распушчаная.
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пчёлов Е. В., Чумаков В. Т. Правители России от Юрия Долгорукого до наших дней. — 3-е изд. — М.: «Грантъ», 1999. — С. 171. — ISBN 5-89135-090-4 (рас.)