Унівэрсальны каардынаваны час
Унівэрса́льны каардынава́ны час (па-ангельску: Coordinated Universal Time, UTC), Сусьветны час — аснова цывільнага часу, які адрозьніваецца на цэлую колькасьць сэкундаў ад атамнага часу і на дробавую колькасьць сэкундаў ад UT1.
UTC — спадчыньнік GMT (Грынвіцкі час). Новае імя было ўведзена, каб пазбавіцца ад назову вызначанага месца на Зямлі ў міжнародным стандарце. UTC грунтуецца на атамным адліку часу, а не на часе ў Грынвічы. Варта зьвярнуць увагу на тое, што UTC аднолькавы ўзімку і ўлетку. Таму для тых месцаў, дзе прыняты пераход на пэўны тэрмін да летняга часу, зрушэньне адносна UTC на гэты тэрмін зьмяняецца.
Мэтад выліку UTC
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]UT — сярэдні сонечны час на мэрыдыяне Грынвіча. З-за нераўнамернасьці кручэньня Зямлі грынвіцкі мэрыдыян круціцца таксама нераўнамерна. Акрамя таго, у выніку бесьперапыннага перамяшчэньня восі кручэньня ў целе самой Зямлі геаграфічныя палюсы соваюцца па паверхні Зямлі, а разам зь імі зьмяняюць сваё месцазнаходжаньне і плоскасьці праўдзівых мэрыдыянаў. З-за гэтых фактараў адрозьніваюць наступныя сыстэмы вымярэньня часу:
UT0 — час на імгненным грынвіцкім мэрыдыяне, вызначаны па імгненным месцазнаходжаньні палюсоў Зямлі. Гэты час, непасрэдна атрымоўваемы ў выніку астранамічных назіраньняў сутачных рухаў зорак;
UT1 — час на сярэднім грынвіцкім мэрыдыяне, выпраўлены з улікам руху зямных палюсоў:
UT1 = UT0 + Δλ,
дзе Δλ — папраўка, якая залежыць ад каардынат імгненнага полюсу, адлічваемых адносна агульнапрынятага сярэдняга полюсу;
UT2 — час, выпраўлены з улікам сэзоннай нераўнамернасьць кручэньня Зямлі ΔTs:
UT2 = UT1 + ΔTs.
Для ўзгадненьня назіраемага сусьветнага часу UT1 і строга раўнамернага Міжнароднага атамнага часу (TAI) з 1964 году ўвялі раўнамерна-пераменную шкалу часу UTC — унівэрсальны каардынаваны час. Маштабы UTC і TAI роўныя, а нульпункт зьмяняецца скокам. Паміж UTC і UT1 назапашваецца разыходжаньне, абумоўленае, па-першае, нераўнамернасьцю шкалы UT1, а, па-другое, няроўнасьцю маштабаў UT1 і TAI (1 сэкунда UT1 у дакладнасьці ня роўная 1 атамнай сэкундзе). Пры нарастаньні разыходжаньня паміж UTC і UT1 да 0,7 сэкунды робіцца карэктыроўка скокам на 1 сэкунду.
Дадатковая высакосная сэкунда дадаецца (або, тэарэтычна, адымаецца) 30 чэрвеня або 31 сьнежня пры неабходнасьці. Першая зьмена была ў 1972 годзе, дадана дадатная сэкунда ў 23:59:60. Даданьне сэкунды вызначаецца International Earth Rotation and Reference Systems Service, паводле іх назіраньняў за кручэньнем Зямлі.
Сыгналы дакладнага часу перадаюцца па радыё, тэлебачаньні і інтэрнэт у сыстэме UTC.