Часлаў Сіповіч
Часлаў Сіповіч лац. Časłaŭ Sipovič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 25 лістапада (8 сьнежня) 1914 |
Памёр | 4 кастрычніка 1981 (66 гадоў) |
Пахаваны | Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, пісьменьнік, каталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп |
Часла́ў Сіпо́віч (8 сьнежня 1914, в. Дзедзінцы, Браслаўскі павет — 4 кастрычніка 1981, Лёндан) — беларускі каталіцкі сьвятар бізантыйскага абраду, першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагозьдзі, тытулярны біскуп Марыямэтанскі, генэрал Кангрэгацыі Марыянаў, Апостальскі візытатар беларусаў-католікаў у замежжы, доктар багаслоўскіх навук (1946), адзін зь беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экумэнізму; гісторык, культуроляг, пісьменьнік, публіцыст і перакладчык.
Паходжаньне і адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з шматдзетнае сялянскае сям’і беларусаў-католікаў Вінцэнта Сіповіча й Ядзьвігі Тычкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы (ад 1921 г.), а пасьля ў Друі. Ад 1928 году вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў-марыянаў. Пасьля яе заканчэньня ў 1935 г. вывучаў філязофію й тэалёгію ў Віленскім унівэрсытэце імя Стафана Баторыя.
Рэлігійная фармацыя і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 14 гадоў праходзіў фармацыю ў кляштары беларускіх айцоў-марыянаў у Друі. Яго духоўным настаўнікам быў а. Язэп Германовіч. 1 жніўня 1933 году ўступіў у навіцыят марыянаў; першыя манаскія зарокі склаў 15 жніўня 1934 году. 9 ліпеня 1938 году паводле загаду польскіх уладаў быў, разам зь іншымі марыянскімі студэнтамі, выселены з Друйскага кляштару, і ня змог працягваць навучаньня ўва ўнівэрсытэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады.
Духоўнымі ўладамі быў накіраваны ў Рым, і з 1938 жыў у Русікуме. Працягваў навучаньне на прапанову вышэйшых духоўных уладаў ордэну марыянаў на тэалягічным факультэце Папскага Грыгарыянскага ўнівэрсытэту ў Рыме. Сан сьвятара прыняў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г. ад расейскага каталіцкага біскупа Аляксандра Яўрэінава. У 1942 годзе атрымаў ступень ліцэнцыята, затым вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму, якую абараніў 19 сьнежня 1946 г.
Рэктар Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі (1947). Быў беларускім прадстаўніком у Цэнтральным каардынацыйным камітэце дабрачынных арганізацыяў уцекачоў (1949—1960).
2 ліпеня 1960 г. быў намінаваны тытулярным біскупам Марыямэтанскім. 4 жніўня 1960 г. на Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе ў Мюнхэне ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Іван Бучко ў саслужэньні з украінскім біскупам Платонам Карніляком і расейскім біскупам Андрэем Катковым хіратанізавалі Часлава Сіповіча на біскупа.
Удзельнік 2-га Ватыканскага сабору (1962—1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх цэркваў. Генэрал Ордэну айцоў марыянаў у Рыме (1963—1969).
Ад 1959 г. віцэ-старшыня, а ад 1965 г. ганаровы віцэ-прэзыдэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лёндане — брытанскае арганізацыі, створанай у 1926 г. з мэтай пашырэньня ў ангельскамоўным сьвеце ведаў пра ўсходняе хрысьціянства.
Дзейнасьць сярод беларускае эміграцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сябра Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі й дзейнасьці Ангельска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфэратамі гісторыка-культуралягічнага характару на курсах беларусазнаўства. Сябра рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies».
У складзе ініцыятыўнае групы беларускіх духоўных і сьвецкіх дзеячаў (Пётра Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад папам Піем ХІІ аб назначэньні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы сьв. Кірылы Тураўскага і інтэрнату пры Лёнданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лёндане. У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцьця й заснавальнік Беларускае бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музэю пры ёй (травень 1971). Удзельнічаў у зьездах беларускіх каталіцкіх сьвятароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979).
Актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі эмігранцкімі пэрыядычнымі выданьнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публікаваў артыкулы рэлігійнае й культурна-грамадзкае праблематыкі ў ангельскамоўных выданьнях.
У пэрыядычным друку выступаў пад псэўданімамі Васіль Крывічанін (Vasil Kryvicanin, Wasil Krywiczanin, Krywiczanin, В. К-нін, В. К.); Васіль Друя (В. Друя, Vasil Druja, V. Druja); А. Дзедзінка (A. Dziedzinka, А. Дз-ка, А. Дзе-ка, Дзе-ка, А. Д-ка, Д-ка, Д.). У адзіночных выпадках сустракаюцца псэўданімы: Я. Вучань, Вучань Вінцука Адважнага, Белар. карэспандэнт, A. Drujski, Dziedzinski, Иеромонах Вячеслав[1].
Папярэднік Джордж Рэймэйкерз |
Тытулярны біскуп Марыямэ 1960—1981 |
Наступнік Уладзімер Тарасевіч |
Папярэднік Станіслаўс Шкутанс |
Генэрал марыянаў 1963—1969 |
Наступнік Джозэф Сельскі |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Надсан, Аляксандар Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Менск: Белфранс, 2004. — 300 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 8 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1914 годзе
- Нарадзіліся ў Ковенскай губэрні
- Памерлі 4 кастрычніка
- Памерлі ў 1981 годзе
- Памерлі ў Лёндане
- Беларуская грэка-каталіцкая царква
- Беларускія каталіцкія біскупы
- Беларуская дыяспара
- Беларусы ў Вялікабрытаніі
- Генэралы ордэна марыянаў
- Марыяне
- Біскупы Марыямэ
- Беларускія каталіцкія сьвятары ўсходняга абраду
- Пахаваныя на Лёнданскіх могілках Сьвятога Панкрата