Нямеччына
Нямеччына лац. Niamieččyna Bundesrepublik Deutschland | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Einigkeit und Recht und Freiheit | |||||
Дзяржаўны гімн: «Das Lied der Deutschen» | |||||
Афіцыйная мова | Нямецкая | ||||
Сталіца | Бэрлін | ||||
Найбуйнейшы горад | Бэрлін | ||||
Форма кіраваньня | Фэдэратыўная рэспубліка Франк Вальтэр-Штайнмаер Оляф Шольц | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
63-е месца ў сьвеце 357 021 км² 2,416 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2016) • шчыльнасьць |
17-е месца ў сьвеце 81 459 000[1] 229/км² | ||||
СУП • агульны (2020) • на душу насельніцтва |
6 месца ў сьвеце $2,806 трлн $34 212 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) CEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць — аб’яднаньне |
3 кастрычніка 1990 | ||||
Аўтамабільны знак | D | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .de | ||||
Тэлефонны код | +49 |
Фэдэраты́ўная Рэспу́бліка Няме́ччына ці Герма́нія (па-нямецку: Bundesrepublik Deutschland ці Deutschland) — краіна ў цэнтральнай Эўропе з выхадам да Балтыйскага і Паўночнага мораў, мяжуе з Польшчай і Чэхіяй на ўсходзе, Аўстрыяй і Швайцарыяй на поўдні, Францыяй, Люксэмбургам, Бэльгіяй і Нідэрляндамі на захадзе, Даніяй на поўначы. Нямеччына зьяўляецца фэдэральнай парлямэнцкай рэспублікай і складаецца з 16 адміністрацыйных адзінак, вядомых як «зямля». Кожная зь земляў захоўвае абмежаваны сувэрэнітэт. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца Бэрлін. Улічваючы 80,6 млн чалавек насельніцтва Нямеччыны, краіна зьяўляецца самым густанаселеным чальцом Эўрапейскага Зьвязу. Нямеччына ёсьць адной з асноўных эканамічных і палітычных сілаў на эўрапейскім кантынэнце і гістарычным лідэрам у шматлікіх культурных і тэхнічных абласьцёх.
Нямеччына мае чацьвёртую паводле велічыні эканоміку ў сьвеце паводле намінальнага СУП і пятую паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасьці. Як сусьветны лідэр у некалькіх вытворчых і тэхналягічных сэктарах, яна зьяўляецца трэцім паводле велічыні ў сьвеце экспартэрам і трэцім паводле велічыні імпартэрам тавараў. Гэта разьвітая краіна зь вельмі высокім узроўнем жыцьця, якая мае ўсебаковую сацыяльную ахову чалавека і ўключае ў сабе найстарэйшую ўнівэрсальную сыстэму аховы здароўя ў сьвеце. Вядомая сваёй багатай культурнай і палітычнай гісторыяй Нямеччына — радзіма шматлікіх уплывовых філёзафаў, пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў, навукоўцаў і вынаходнікаў. Нямеччына была адным з заснавальнікаў Эўрапейскай супольнасьці ў 1957 годзе і зьяўляецца часткай Шэнгенскай зоны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя згадкі пра германцаў і кельтаў зьявіліся ў працах старажытных грэкаў і рымлянаў. Як вядома, германцы жылі ў паўднёвай Скандынавіі і Паўночнай Нямеччыне, адкуль пачалі пашырацца на поўдзень, усход і захад, пачынаючы з I стагодзьдзя да н. э. Паступова германцы асымілявалі кельцкае насельніцтва сучаснага поўдня Нямеччыны. У прыватнасьці, з кельтамі зьвязваецца назва Баварыі. Акрамя таго, па пашырэньні германцаў апошнія асымілявалі рэшткі даіндаэўрапейскага насельніцтва.
Падчас кіраваньня Аўгуста Рымская імпэрыя пачала экспансію на тэрыторыю Германіі. У 9 годзе нашай эры тры рымскія легіёны пад правадырствам Публіюса Квінктыліюса Вара былі разьбітыя лідэрам хэрускаў Армініюсам. Да 100 году, калі Тацыт напісаў твор «Германія», германскія плямёны жылі ўздоўж Райну і Дуная, займаючы большую частку плошчы сучаснай Нямеччыны і Аўстрыі. Паўднёвая Баварыя і заходні Райнлянд, аднак, уваходзілі ў склад рымскай дзяржавы. У часы позьняй Рымскай імпэрыі Нямеччыну закранаюць уварваньні гунаў і спрычыненае ім Вялікае перасяленьне народаў. Усход Нямеччыны займаюць славяне, пазьней вядомыя ў немцаў як вэнды.
Уладары Сьвятой Рымскай імпэрыі, якая ўзьнікла ў X стагодзьдзі, менаваліся нямецкімі імпэратарамі, яны кіравалі канглямэратам незалежных дзяржаваў, вольных гарадоў і незалежных фэўдальных уладаньняў, як то княстваў, герцагстваў, графстваў. Палітычнае аб’яднаньне нямецкамоўнага насельніцтва было паэтапна ажыцьцёўлена на працягу XIX стагодзьдзя. Аўстрыя стварыла Нямецкі зьвяз, які праіснаваў з 1815 да 1866 гады як дэцэнтралізаваная канфэдэрацыя дзяржаваў. У 1871 годзе Прусія аб’яднала дзяржавы зьвязу пад сваёй эгідай у Нямецкую імпэрыю. Амаль 75 гадоў (1871—1945) гэтая дзяржава была адной зь вядучых сусьветных дзяржаваў, аб’ядноўвала ў сваіх межах усе асноўныя нямецкамоўныя народнасьці Паўночнай і Цэнтральнай Эўропы, за выключэньнем нямецкамоўнага насельніцтва Аўстрыі і Швайцарыі. На тэрыторыі Нямецкай імпэрыі, калі не лічыць невялікіх зьменаў, у 1918 годзе паўстала Ваймарская рэспубліка. У 1933 годзе гэтая ж тэрыторыя ператварылася ў нацысцкі Трэці Райх. Пасьля паразы нацысцкай дзяржавы ў Другой сусьветнай вайне Нямеччына была занятая хаўрусьніцкімі войскамі і падзеленая на чатыры зоны акупацыі. Пасьляваенны падзел быў афіцыйна замацаваны стварэньнем дзьвюх нямецкіх дзяржаваў: Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына (ФРН, Заходняй Нямеччыны), якая ўключала фактычна (але не юрыдычна) Заходні Бэрлін, і Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі (НДР, Усходняй Нямеччыны). Ланцуг драматычных падзеяў, кульмінацыя якіх прыпала на 1990 год, прывёў да аб’яднаньня Нямеччыны, то бок Усходняя Нямеччына стала часткай ФРН.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэльеф мясцовасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя Нямеччыны падразьдзяляецца на тры буйныя шыротна арыентаваныя вобласьці, шмат у чым абумоўленыя характарам рэльефу: Паўночна-Нямецкая нізіна — на поўначы, горы Сярэдняй Нямеччыны — у цэнтры і Альпы — на поўдні[2].
Рэкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самая вялікая рака Нямеччыны — Райн, які жывіцца ад велізарнага веера прытокаў у перадгор’ях Альпаў. Паміж Бінгенам і Бонам гэтая рака праразае глыбокую цясьніну ў Райнскіх Сланцавых горах, далей выходзіць на Паўночна-Нямецкую нізіну і ўпадае ў Паўночнае мора. Амаль палову сьцёку Райн атрымлівае з Альпійскай вобласьці. У пачатку лета адбываецца бурная паводка, абумоўленае раставаньнем сьнега ў гарах. Горы Сярэдняй Нямеччыны, адкуль паступае другая палова сьцёку, маюць цалкам іншы рэжым з максымумам сьцёку ўзімку, калі выпарэньне мінімальнае. Спалучэньне гэтых дзьвюх крыніцаў забясьпечвае Райну ня толькі багаты, але і рэгулярны сьцёк, што вельмі спрыяльна для суднаходзтва. Большасьць іншых рэк краіны пачынаецца ў гарах Сярэдняй Нямеччыны. У асноўным гэта прытокі Райна, але ёсьць і самастойныя рэкі, напрыклад Вэзэр і Эльба, якія нясуць свае воды ў Паўночнае мора. Паколькі жыўленьне ад сьнягоў Альпійскай вобласьці адсутнічае, на гэтых рэках у канцы лета і ўвосень назіраецца межань. Одэр і яго асноўны прыток Нейсэ таксама бяруць пачатак у горах Сярэдняй Нямеччыны. На поўдні краіны ў Шварцвальду пачынаецца Дунай, які цячэ на ўсход. Яго водны рэжым фармуецца ў асноўным пад уплывам правых прытокаў, якія бяруць пачатак у Альпах. Летнія паводкі і зімовая межань ствараюць неспрыяльныя ўмовы для навігацыі[2].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нямеччына, як і ўся Заходняя Эўропа, адрозьніваецца ўмераным марскім кліматам. Выразная агульная заходняя цыркуляцыя атмасфэры, прычым халоднае палярнае паветра, пранікаючы да поўдня, прыціскаецца да паверхні, а цёплае паветра рухаецца на поўнач і зацягваецца ў вільготныя катлавіны. Паколькі ўзімку воды Паўночнай Атлянтыкі цяплейшыя за сушу, цёплае паветра распаўсюджваецца ў Эўропе, забясьпечваючы тэмпэратуры нашмат вышэйшыя сярэдніх для дадзеных шыротаў.
Нізкія тэмпэратуры назіраюцца пры распаўсюджваньні над Эўропай антыцыклёна, які прыносіць масы халоднага паветра з Сыбіры. У такіх сытуацыях тэмпэратуры на Паўночна-Нямецкай нізіне могуць панізіцца да −12 °C. У цэлым узімку тэмпэратуры памяншаюцца да ўсходу: сярэдняя ізатэрма студзеня 0 °C праходзіць па лініі Любек — Бон. На поўдні краіны тэмпэратуры паніжаюцца за кошт большых вышыняў. Сьнежны полаг звычайна трымаецца 20-25 дзён на поўначы, больш за 40 дзён у паўднёвай Баварыі і звыш 100 дзён у Альпах і на вяршынях Шварцвальда.
Улетку сытуацыя процілеглая. Тэмпэратуры падвышаюцца ў паўднёвым кірунку, і самыя высокія паказчыкі адзначаюцца на Верхнярэйнскай нізіне. Сярэдняя тэмпэратура ліпеня там 19 °C. Летнія тэмпэратуры на Паўночна-Нямецкай нізіне падвышаюцца на ўсходу і паўднёвы ўсходу. Сярэдняя тэмпэратура ліпеня ў Бэрліне 18,5 °C.
Сярэднія гадавыя сумы ападкаў на Паўночна-Нямецкай нізіне дасягаюць максымуму парадку 750 мм на ўзьбярэжжы Паўночнага мора і паступова памяншаюцца да ўсходу. На поўдзень ад нізіны ва ўмовах расьсечанага рэльефу разьмеркаваньне ападкаў ускладняецца: у гарах выпадае звыш 1000 мм, а часам да 2000 мм ападкаў, тады як у некаторых ізаляваных катлавінах за год выпадае ня больш за 500 мм. Гэтак жа малыя сумы ападкаў выпадаюць у паласе, зьмешчанай да поўначы ад Сярэдненямецкіх гор, у іх дажджавым ценю. Паўсюдна максымум ападкаў прыходзіцца на лета, хоць паўночна-заходнія прыморскія раёны атрымліваюць большую частка ападкаў узімку ва ўмовах мяккага надвор’я.
Глебы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разнастайнасьць глебаў залежыць пераважна ад мясцовых матчыных пародаў і характару карэннага расьліннага полага. Пясчаныя субстраты Паўночнанямецкай нізіны моцна вышчалачаны, асабліва пад верасоўнікамі і хваёвымі лясамі. Гэтыя бедныя кіслыя падзолістыя глебы не спрыяльныя для вырошчваньня сельскагаспадарчых культураў. Маюцца буйныя арэалы кіслых балотных глебаў. Глебы прыбярэжных маршаў пасьля правядзеньня мэліярацыі становяцца ўрадлівымі.
Глебы гор Сярэдняй Нямеччыны вельмі разнастайныя. Трывалыя карэнныя пароды горных масіваў доўгі час падвяргаліся выветрываньню ва ўмовах прахалоднага вільготнага клімату, і там сфармаваліся вышчалачаныя кіслыя бурыя лясныя глебы, якія часам утрымоўваюць шмат камянёў. Яны выкарыстоўваюцца пад пашы або лясы. Самыя ўрадлівыя глебы распаўсюджаныя на нізінах і рачных тэрасах, асабліва пры наяўнасьці полага лёсаў, — гэта чарназёмы, якія сустракаюцца на ўсход ад Гарца і ў Цюрынгіі і пераходзяць ў бурыя лясныя глебы. У мінулым гэтыя раёны былі пакрытыя шырокалісьцевымі лясамі, якія ў значнай ступені зьведзеныя. Тут разьмешчаныя лепшыя ворныя землі. Глебы групы буразёмаў распаўсюджаныя на марэнных раўнінах усходняга Шлезьвіг-Гальштайну і прадгорных раўнінах Баварыі. Глебы Альп адрозьніваюцца ў залежнасьці ад вышыннага становішча мясцовасьці і крутасьці схілаў. Гэта маламагутныя камяністыя глебы, вышчалачанасьць якіх узрастае з вышынёй.
Расьліннасьць і жывёльны сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У густанаселенай Нямеччыне, дзе карэнныя лясы былі альбо зьведзеныя, альбо замененыя лесапасадкамі, натуральная расьліннасьць амаль не захавалася. Зыходныя лясы з дуба і бярозы на поўначы краіны на працягу стагодзьдзяў былі замешчаныя арэаламі апрацаваных земляў у асяродзьдзі шырокіх верасоўнікаў, якія выкарыстоўваліся пад пашы. У цяперашні час верасоўнікі прадстаўленыя толькі ў запаведніках. Бяднейшыя землі адводзяцца пад лесапасадкі, асабліва хвоі.
Нізкагор’і Сярэдняй Нямеччыны пакрытыя пышнымі букавымі лясамі, якія чаргуюцца з буйнымі масівамі пасадак яловых лясоў. На пясчаніках зьяўляецца хвоя.
У больш высокіх гарах Сярэдняй Нямеччыны і ў Альпах букавыя лясы з вышынёй зьмяняюцца букава-піхтавымі, а затым яловымі. У самых высокіх масівах, а таксама ў Альпах вышэй 2200—2800 м растуць травы, лішайнікі і імхі. Дзівіць багацьце кветкавых расьлінаў.
Сярод самых характэрных жывёлаў у лясах Нямеччыны вылучаюцца вавёрка, дзік і лісіца. Звычайныя высакародны алень, эўрапейская казуля і лань. На высечках прыжыліся зайцы, трусы і іншыя грызуны, замест лясных відаў птушак там распаўсюджваюцца тыповыя для адкрытых прастораў і жывых загарадзяў. На альпійскіх лугах жыве сурок. Забруджваньне рэк пагражае існаваньню выдры. Вільготныя раёны па берагах Балтыйскага і Паўночнага мораў маюць важнае значэньне для пералётных птушак Эўропы, асабліва качак, гусакоў і балотных птушак. На дахах у гэтым раёне часам можна ўбачыць гнёзды буслоў[3].
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нямеччына — фэдэратыўная парлямэнцкая рэспубліка. Дзяржаўны лад рэглямэнтуецца Канстытуцыяй Нямеччыны. Кіраўніком дзяржавы лічыцца прэзыдэнт, які выбіраецца на 5 гадоў, але на практыцы ён выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з канцлерам. Канцлер абіраецца парлямэнтам па прапанове прэзыдэнта. Заканадаўчая ўлада падзеленая паміж урадам і двухпалатным парлямэнтам (Бундэстаг і Бундэсрат).
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Насельніцтва Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына ацэньвалася ў 2019 годзе 83 мільёны жыхароў[4]. Нямеччына — самая населеная краіна Эўразьвязу. Нараджальнасьць у Нямеччыне ніжэй за ўзровень узнаўленьня насельніцтва. Ужо з 1972 году нараджальнасьць у Нямеччыне ніжэй за сьмяротнасьць. У 2015 годзе на 1000 жыхароў нарадзіліся 9,0, а памерлі 11,3[5]. Натуральнае памяншэньне насельніцтва за 2015 год — 2,3 %.
Колькасьць сельскага насельніцтва меней за 10 %, амаль 90 % насельніцтва Нямеччыны пражывае ў гарадах і прылеглых да іх урбанізаваных раёнах. Колькасьць насельніцтва буйных гарадоў (паводле ацэнкі 2018 году): Бэрлін — 3644,8 тыс. чал; Гамбург — 1841,2 тыс. чал; Мюнхэн — 1471,5 тыс. чал; Кёльн — 1085,7 тыс. чал; Франкфурт-на-Майне — 753,1 тыс. чал.[6].
Этнічны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераважная большасьць — немцы (92%). У землях Брандэнбург і Саксонія пражываюць лужычане (100 тыс.), у паўночных раёнах зямлі Шлезьвіг-Гальштайн — датчане (50 тыс.). У краіне налічваецца 7,4 млн замежных грамадзян, зь якіх больш за 2 млн — туркі, 1,5 мільёна выхадцаў з эўрапейскіх краінаў, якія не зьяўляюцца чальцамі ЭЗ, 1,3 млн — выхадцы з рэспублік былой Югаславіі, 0,6 млн — італьянцы.
Мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйнай літаратурнай мовай і мовай справаводзтва зьяўляецца нямецкая мова. Нароўні з гэтым насельніцтва выкарыстоўвае ніжне-, сярэдне- і верхнянемецкія дыялекты (10 асноўных), на якіх кажуць таксама жыхары прымежных раёнаў суседніх дзяржаваў; самі дыялекты часьцей за ўсё настолькі адрозьніваюцца ад літаратурнай мовы, што акрамя іх носьбітаў іх разумеюць толькі адмыслоўцы. Да прызнаных моваў нацыянальных меншасьцяў адносяцца дацкая, фрыская й лужыцкія, а таксама ў якасьці рэгіянальнай мовы — ніжнесаксонская (ніжненямецкая) мова, якая з 1994 году прызнана ЭЗ.
Веравызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Воля сумленьня й воля веравызнаньня гарантавана нямецкай канстытуцыяй. Большасьць немцаў — хрысьціяне, пры гэтым каталікі складаюць 32,4 %, лютэране — 32,0 %, праваслаўныя — 1,14 %. Невялікая частка вернікаў прыналежыць да хрысьціянскіх дэнамінацыяў — баптысты, мэтадысты, частку вернікаў складаюць мусульмане (каля 3,2 млн ці 3,8 %), сьведкі Іеговы (каля 164 000 ці 0,2 %).
Мартын Лютэр — заснавальнік нямецкага пратэстантызму (лютэранства).
Адміністратыўны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нямеччына — фэдэратыўная дзяржава, якая ўключае 16 раўнапраўных земляў:
- Бадэн-Вюртэмбэрг
- Свабодная дзяржава Баварыя
- Бэрлін
- Брандэнбург
- Свабодны ганзейскі горад Брэмэн
- Свабодны ганзейскі горад Гамбург
- Гэсэн
- Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія
- Ніжняя Саксонія
- Паўночны Райн — Вэстфалія
- Райнлянд-Пфальц
- Заарлянд
- Свабодная дзяржава Саксонія
- Саксонія-Ангальт
- Шлезьвіг-Гальштайн
- Свабодная дзяржава Турынгія
Землі ў сваю чаргу падзяляюцца на 438 акругаў (ням.: Kreise).
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эканоміку Нямеччыны можна ахарактэрызаваць як звышіндустрыяльную, пра што сьведчыць вялікая роля прамысловасьці ў эканоміцы краіны. Каля 1/3 часткі прамысловай прадукцыі складае аўтамабілебудаваньне (Даймлер-Бэнц, БМВ, МАН). Сельская гаспадарка забясьпечвае каля 80 % патрэбаў краіны. Асноўная роля адводзіцца жывёлагадоўлі. Валюта Нямеччыны — эўра.
Сельская гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вінаробчая прамысловасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хоць Нямеччына вядомая як «піўная краіна», з 2001 году яе жыхары набываюць віна больш, чым піва. У 2005 годзе, паводле дадзеных «Нямецкага інстытута віна», аб’ём віна, які спажываецца ў абсалютных лічбах склаў каля 16 млн гекалітраў, а ў структуры спажываемых вінаў асноўную частку (каля 40 %) займаюць напоі вытворчасьці самой Нямеччыны, каля 13% займаюць віна Францыі, нямногім меней — віна Гішпаніі.
На вінаградніках краіны штогадова вырабляецца ня менш за 8 млн гекалітраў вінных напояў, прычым вытворцы імкнуцца павысіць іх якасьць. У 2005 годзе 57% вінаў было рэалізавана празь сеткі адносна танных супэрмаркетаў, але сярэдні кошт прададзенага склала 2,8 эўра за літар, што, напрыклад, удвая даражэй за Вялікарбрытанію, Нідэрлянды і Швэцыю.
Бум на спажываньне віна, якія цягнецца з пачатку гэтага стагодзьдзя, прывёў да таго, што інвэстыцыі ў вінаробчае адгалінаваньне, у яе якасны рост, склалі большую частку затратаў вытворцаў, якія імкнуцца задаволіць і каолькасны, і якасны рост попыту на віно ў краіне. У прыватнасьці, неперарыўна пашыраюцца пасадкі пад вытворчасьць чырвонага віна: у пачатку 1980-х гэта было каля 10% ад усёй плошчы, то ў 2005 годзе дзель вінаграднікаў для вытворчасьці чырвонага віна склала ўжо ня менш за 35%.
У 2005 годзе пасадкі вінаграду сорта «рысьлінг», які зьяўлецца асновай віннага экспарту Нямеччыны, займаюць каля 20% з 100 000 га нямецкіх вінаграднікаў. Першым паводле аб’ёму нямецкага імпарту зьяўляецца брытанскі рынак, на другім месцы — рынок ЗША, які ў 2006 годзе спажыў нямецкага віна на суму 100 млн даляраў. Дзель Японіі пачала скрачацца, у сувязі з чым нямецкія вінаградары прыкладваюць намаганьні для аднаўленьня сваіх пазыцыяў у гэтай краіне. Напрыклад, адна з формаў прыняла рашэньне вырошчваць у Нямеччыне традыцыйную японскую лазу косю, каб пазьней экспартаваць зробленае віно ў Японію.
Інфарструктурныя галіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аснову транспартнай сыстэмы складае чыгунка, якая перавозіць у год каля 2 млрд пасажыраў. Яе працягласьць — больш за 39 тыс. км. Некаторыя дарогі прыстасаваныя для руху высокахуткасных цягнікоў Intercity-Express. На пачатак 2018 г. у Нямеччыне былі зарэгістраваныя 47 млн пасажырскіх аўтамабіляў (у тым ліку легкавых)[7]. Аўтадарогі ўсіх клясаў складаюць больш за 230 тым. км., аўтабаны — каля 12 тыс. км. Гандлёвы флёт ФРГ налічвае 2200 сучасных марскіх суднаў.
Энэргетыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нямеччына зьяўялецца пятым па велічыні ў сьвеце спажыўцом энэргіі. У 2019 годзе Нямеччына была буйнейшым у Эўропе спажыўцом электрычнасьці 612,4 тэрват-гадзінаў[8]. Урадавая палітыка мае пад сабой захаваньне неаднаўляльных крыніцаў і выкарыстаньне энэргіі з аднаўляльных крыніцаў, такіх як сонечная энэргія, энэргія ветру, біямаса, гідраэнэргетыка і геатэрмальная энэргія. Таксама разьвіваюцца энэргазьберагальныя тэхналёгіі. Урад Нямеччыны плянуе, што да 2050 году палова патрэбы ў электраэнэргіі будзе пакрывацца аз кошт энэргіі з аднаўляльных крыніцаў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Культура Нямеччыны ўключае ў сябе культуру як сучаснай Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына, так і народаў, якія складаюць сучасную Нямеччыну, да яе аб’яднаньня: прусія, Баварыя, Саксонія і інш. Больш шырокая трактоўка нямецкая культура ўключае ў сябе таксама культуру Аўстрыі, якая зьяўляецца палітычна незалежнай ад Нямеччыны, але населеная немцамі і належаць да той жа культуры. Нямецкая (германская) культура вядомая з V стагодзьдзя да н. э.
Для сучаснай Нямеччыны характэрна разнастайнасьць культуры. тут няма цэнтралізацыі культурнага жыцьця і культурных каштоўнасьцяў у адным ці некалькіх гарадах — яны раззасяроджаныя літаральна па ўсё краіне: у шэрагу зь вядомым Бэрлінам, Мюнхэнам, Ваймарам, Дрэзданам ці Кёльнам маецца мноства невялікіх, ня так шырока вядомых, але культурна значных месцаў. У 1999 годзе налічвалася 4570 музэяў, прычым іх колькасьць расьце. У год на іх прыходзіцца амаль 100 млн наведаньняў. Найбольш вядомыя ў музэі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Старая і Новая пінакатэкі ў Мюнхэне, Нямецкі музэй у Мюнхэне, Гістарычны музэй у Бэрліне і шматлікія іншыя. Нямала таксама музэяў-палацаў (найбольш вядомы — Сан-Сусі ў Пастдаме) і музэеў-замкаў.
Нямеччына — радзіма мноства выбітных вынаходнікаў (Ёган Гутэнбэрг, Карл Бэнц, Фэрдынанд Цэпэлін).
Дачыненьні зь Беларусьсю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дыпляматычныя дачыненьні ўрады ўсталявалі 13 сакавіка 1992 году. У 1992 і 1995 гадох міністры замежных справаў Нямеччыны прыяжджалі ў Беларусь[9].
У красавіку 2002 году старшыня ўраду Беларусі Генадзь Навіцкі наведаў Нямеччыну. У 2003 годзе нямецкія прадстаўнікі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ падтрымалі прапанову аб наданьні правамоцнага статусу ў ім Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь[9].
У кастрычніку 2007 году ў Менску пабываў прэм’ер-міністар нямецкай зямлі Брандэнбург Матыяс Плятцэк, у лістападзе таго ж году — намесьнік міністра замежных справаў Нямеччыны Гернат Эрлер. У лютым 2008 году ў Бэрліне адбылася нефармальная сустрэча міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава з прадстаўнікамі нямецкага МЗС. Нямецкі ўрад станоўча ўспрыняў нежаданьне беларускага кіраўніцтва прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі пасьля расейска-грузінскай вайны. 10—12 лютага 2009 году Сяргей Мартынаў ажыцьцявіў афіцыйны візыт у Нямеччыну, дзе сустрэўся зь нямецкім міністрам замежных справаў Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, прэм’ер-міністрам зямлі Брандэнбург Матыясам Плятцэкам і кіраўніцтвам Усходняга камітэту нямецкай эканомікі. У выніку сустрэчы аднавіліся паездкі беларускіх дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, на аздараўленьне ў Нямеччыну[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ацэнка (анг.). Эўрастату.
- ^ а б География и природа Германии (рас.). evropa.org.ua. Архіўная копія ад 6 сакавіка 2008 г.
- ^ Флора и фауна Германии (рас.). evropa.org.ua. Архіўная копія ад 6 сакавіка 2008 г.
- ^ Population on 1 January (анг.). Eurostat.
- ^ Bevölkerung (ням.). Statistisches Bundesamt (Destatis). Архіўная копія ад 21 сьнежня 2016 г.
- ^ Städte (Alle Gemeinden mit Stadtrecht) nach Fläche, Bevölkerung und Bevölkerungsdichte am 31.12.2018.
- ^ Passenger cars in the EU (анг.) Statistics Explained. Eurostat (красавік 2020).
- ^ Statistical Review of World Energy 2020 (анг.). British Petroleum (17 чэрвеня 2020).
- ^ а б в Аляксандр Ціхаміраў Беларусь можа ўвайсці ў Еўропу праз нямецкія вароты // Пагоня. — 2009.