Перайсьці да зьместу

Сьвянцянскія грады

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сьвянцянскія грады (Сьвянцянскае ўзвышша) — грады на паўночным захадзе Беларусі. Займаюць паўднёвы захад Віцебскай і паўночы захад Менскай абласьцей. Мяжуюць з Вушацка-Лепельскім узвышшам, Полацкай, Верхнебярэзінская і Нарачанска-Вялейскай нізінамі, заходзяць на тэрыторыю Летувы. Працягласьць з захаду на ўсход 120—130 км, з поўначы на поўдзень 35—45 км, плошча 2,7 тыс. км². Максымальная вышыня 228 м над узроўнем мора.

Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнава-азёрны, сфармаваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зьледзяненьня. Перавышэньні адносных вышыняў да 50—60 м, найвышэйшы пункт — 228 м над узроўнем мора (каля вёскі Камаі Пастаўскага раёну). У паніжэньнях і лагчынах шмат невялікіх, але глыбокіх азёраў, зьвязаных паміж сабой малымі рэчкамі, пратокамі і разьмешчаных групамі (Лучайская, Мядзёльская, Доўгаўская, Глыбоцкая групы). Тут знаходзіцца найглыбейшае ў Беларусі Доўгае возера (53,6 м). Найбуйнейшыя азёры: Мядзел, Шо і іншыя.

Сьвянцянскія грады — водападзел паміж рэкамі басэйнаў Заходняй Дзьвіны і Нёману. На паўночных схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута, на паўднёвых — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пяскова-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, торф, бузы.

Пад ральлёй больш за 40% тэрыторыі, пад лесам каля 25%. Распаўсюджаныя мяшаныя драбналістыя лясы і хвойнікі.

У межах Сьвянцянскіх градаў частка нацыянальнага парку Нарачанскі, гідралягічныя заказьнікі Доўгае і Белае.

  • Свянцянскія грады // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.— 382 с. — С. 72—73.
  • Свентянские гряды // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.