Народная вучэльня
Наро́дная вучэ́льня (народнае вучылішча; рас. народное училище) — тып адукацыйнай установы Расейскай імпэрыі. Існавалі ў 1783—1918 гадох.
Пачатковыя народныя вучэльні, створаныя расейскімі ўладамі ў анэксаваным Вялікім Княстве Літоўскім, адзначаліся нізкім узроўнем адукацыі і яе русіфікатарскай скіраванасьцю[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статутам 1786 году арганізоўваліся галоўныя і малыя народныя вучэльні, у 1804 годзе іх рэарганізавалі адпаведна ў гімназіі і павятовыя вучэльні.
Адкрыцьцё галоўных вучэльняў у местах колішняга Вялікага Княства Літоўскага адбывалася надзвычай урачыста: так, 15 сакавіка 1789 году ў гонар адкрыцьця галоўнай вучэльні ў Магілёве архіяпіскап Георгі Каніскі правёў урачыстую службу і ўзначаліў хрэсны ход з царквы ў вучэльню. На першым часе ў вучэльнях, адкрытых на этнічнай тэрыторыі беларусаў, працавалі толькі прысланыя з цэнтральных расейскіх губэрняў настаўнікі. Знаўца гісторыі адукацыі А. Бялецкі назваў іх «першымі чыста расейскімі вучэльнямі», якія «мелі цалкам такую ж арганізацыю, якую мелі і вучэльні ўнутранай Расеі»[2]. На тэрыторыі сучаснай Беларусі галоўныя народныя вучэльні ліквідавалі ў 1809 годзе, малыя — у 1837 годзеў[3].
У 1863 годзе Аляксандар Шырынскі-Шыхматаў(ru) на сродкі Віленскай навучальнай акругі вялікім накладам надрукаваў «Рассказы на белорусском наречии»[4] (выдавалася за зборнік ананімных «народных» твораў) — кнігу да чытаньня ў народных вучэльнях, дзе гістарычным ліцьвінам навязваўся ідэалягічны штамп расейскага імпэрыялізму дзеля абгрунтаваньня прынцыпаў іх русіфікацыі і асыміляцыі[5]: у першым творы «Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая их була доля до уніи?» аўтар (відаць, Міхаіл Каяловіч[6]) апавядае пра «літоўскую заваёву Беларусі», прытым называючы «літвінамі» летувісаў[7], у другім творы праводзіцца думка, што «нашы дзяды былі рускімі, але сталі над імі панаваць літоўцы-жмудзіны[a] і палякі ды прымусілі прыняць унію, каб ператварыць нас у палякаў і католікаў»[6], трэці твор «Великая помылка наших белорусов» заканчваецца заклікам, што «Русскими, а не Поляками мы повинны называтца»[8], у чацьвертым творы прапагандуецца навучаньне дзяцей у расейскіх школах[5].
У 1864 годзе ўтварыліся пачатковыя народныя вучэльні з статутам прыходзкіх вучэльняў. Існавалі 1-клясныя (3—4 гады навучаньня) і 2-клясныя (5—6 гадоў). Выхаванцамі былі пераважна дзеці сялянаў[3].
У 1918 годзе савецкія ўлады замянілі народныя вучэльні працоўнымі школамі.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Наши отцы и дзяды были Русскиe; тольки не завсегды над ими пановали свои родные Русские князя. Упярод над ими пановали Русские князи, потом стали пановаць над ими князя Литовцев т. е. князя, тых самых Литовцев и Жмудзинов, што живуць з нами»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Жлутка А. Калі быў заснаваны першы ўніверсітэт на Беларусі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 41.
- ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 7.
- ^ а б Самусік А. Народныя вучылішчы // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 182.
- ^ Латышонак А. Гутарка «царкоўнага старасты Янкі» з «Яськам гаспадаром з-пад Вільні» // Дзеяслоў. № 9 (2), 2004. С. 196—212.
- ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 11.
- ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 9.
- ^ Токць С. Абуджэнне заходнерусізму ў інтэграцыйным канструктывізме А. Бендзіна // Беларускі гістарычны агляд. Т. 13, сш. 2 (снежань 2006). С. 388—419.
- ^ Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 10.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў: ВолЯ, 2010. — 72 с.