Уладзіслаў Гарбацкі
Уладзіслаў Гарбацкі | |
Уладзіслаў Іваноў | |
Дата нараджэньня | 1978 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Навуковая сфэра | сацыялінгвістыка, стараверы ў Беларусі[d] і ЛГБТ |
Месца працы | |
Навуковая ступень | PhD у сацыялінгвістыцы, мовазнаўстве |
Навуковы кіраўнік | Ніна Баршчэўская |
Сайт | harbacki.eu |
Уладзісла́ў Гарба́цкі (трансьліт. Uładzisłaŭ Harbacki; сапр. Уладзіслаў Іваноў, трансьліт. Uładzisłaŭ Ivanoŭ; 1978, Віцебск) — беларускі сацыялінгвіст, палітоляг, пісьменьнік, перакладнік, адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына». Адзін зь першых у Беларусі дасьледнікаў і публіцыстаў на тэмы, зьвязаныя з жыцьцём і гісторыяй ЛГБТК-супольнасьці. Адмысловец у галіне гендэрных і ЛГБТК+ дасьледваньняў, гендэрнай сацыялінгвістыкі, палітычнага фэмінізму і гісторыі культуры стараверства Беларусі.
Выдаў зборнік апавяданьняў «Песьні тралейбусных рагуляў» (2016), шэраг дасьледаваньняў па фэмінізацыі беларускай мовы і кнігу твораў Палуты Бадуновай (2018).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Віцебску, дзесяць гадоў пражыў з бацькамі ў месьце Радужным Ханты-Мансійскай акругі, Расея. Вярнуўся ў Беларусь у 1995 годзе, дзе да 2000 году вучыўся на франка-беларускім факультэце палітычных і адміністрацыйных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску.
У 2001 годзе атрымаў магістарскую ступень у паліталёгіі ў Інстытуце палітычных навук ў Страсбургу. У 2002 годзе навучаўся ў Рэймскім унівэрсытэце на адной зь першых у Францыі гендэрных магістратураў па спэцыяльнасьці дарадца/мэдыятар у пытаньнях плоці і сэксуальнасьці.
Ад 2007 г. выкладае ў Эўрапэйскім гуманітарным ўнівэрсытэце (ЭГУ) у Вільні, зьяўлецца лектарам паліталёгіі Дэпартамэнту сацыяльных навук. З 2014 жыве і працуе ў Вільні.
У 2017 годзе пад кіраўніцтвам прафэсаркі Ніны Баршчэўскай абараніў доктарскую дысэртацыю «Фэмінізацыя беларускай мовы (сацыялінгвістычны аналіз жаночых Nomina agentis у старабеларускай і сучаснай беларускай мове)» на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту[1].
Ад 2019 году адказны за дзейнасьць Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў пры ЭГУ.
У сакавіку — жніўні 2020 — стыпэндыянт праграмы «Пісьменьнікі ў выгнаньні» Літаратурнай рэзыдэнцыі Грацу, Аўстрыя.[2] У лістападзе 2020 стажаваўся ў пісьменьніцкай рэзыдэнцыі ў Малятах (Летува).[3]
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сацыялінгвістыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мовазнаўстве працуе ў сацыялінгвістычным кірунку: дасьледуе і аналізуе сацыяльнае і палітычнае вымярэньне мовы і ўплыву на яе экстралінгвістычных, перадусім сацыяльна-палітычных, чыньнікаў. Асаблівы інтарэс дасьледніка праяўляецца да пытаньняў:
- сацыяльнай гісторыі мовы: «Пра моўны сорам беларусаў» (2020)[4], «Як мова рэагуе на расейска-ўкраінскую вайну» (2018)[5], «Пра геній старабеларускай мовы» (2014)[6];
- гендарнай сацыялінгвістыкі: «Аб інклюзыўнай беларускай мове» (2019)[7], «Stereotyping vulnerable groups» (2017)[8], «Аб гэтак званых „эпіцэнах“» (2012)[9];
- моўнай палітыкі і дыяспарнай мовы: «Складаючы слоўнік беларускай дыяспарнай мовы: напрацоўкі, адкрыцьці, кур’ёзы (сацыялінгвістычны аналіз дыяспарнай мовы)» (2017)[10], «Мова жыцця Зоры Кіпель» (2016)[11], «Малавядомая Зоська Верас: на мовазнаўчай ніве» (2016)[12], «Білінгвізм, інтэрфэрэнцыя, канвэргенцыя і запазычаньне: Беларуская мова ў Летуве» (2013)[13], «Тарашкевіца — ня толькі ідэалёгія, але перадусім эстэтыка» (2013), «Беларуская дыяспарная мова і ейны досьвед супрацьстаяньня англіцызмам, русізмам ды іншым барбарызмам» (2012);
- сацыялектаў і арго: «Размаўляем пра беларускую лаянку і кляцьбоны» (2019)[14].
- фэмінізацыі беларускай мовы: гл. Кнігі
Культура старавераў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2002—2005 гадох разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы пры Акадэміі навук Беларусі, а потым — з польскім праектам OBTA дасьледваў стараверскую культуру Беларусі, найперш Віцебшчыны. У 2002—2016 гадох ажыцьцявіў шэраг этналягічных экспэдыцый па Віцебшчыне: Віцебск, Полацак, Лёзеншчына, Аршаншчына, Шуміліншчына, Браслаўшчына, Пастаўшчына, Мёршчына, — з мэтай дасьледваньня культуры беларускіх старавераў. Вынікі экспэдыцый часткова прадстаўлены ў артыкулах у пэрыядычных выданьнях і зборніках: «Мясцовыя назвы віцебскіх старавераў» (2006)[15], «Пра беларускі ўплыў на віцебскіх старавераў» (2008)[16], «Эвалюцыя тоеснасьці і культуры старавераў паўночнай Беларусі, канец XІX — пачатак XXІ стагодзьдзя» (2010)[17], «Аб кабетах, якія „папуюць“: аб ролі і месцы жанчынаў у рэлігійным жыцьці стараверства Віцебшчыны» (2013)[18], «Двухсэнсоўныя вобраз і роля стараверства Беларусі ў паўстаньні 1863-64 гг. і ў беларускім нацыятворчым працэсе другой паловы 19-га ст. (спроба гістарычнай і этналягічнай рэканструкцыі)» (2014)[19], «Стараверы і зьлябы» (2018)[20].
Гісторыя франкамоўнай беларусістыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інтарэс да тэмы франкамоўнай беларусікі праявіўся падчас навучаньня ў Францыі. Штуршком да дасьледчай дзейнасьці ў дадзенай сфэры стала праца ў Скарынаўскай бібліятэцы[21], дзе захаваліся рэдкія франкамоўныя матэрыялы па беларусіцы пачатку 20 ст.[22][23][24][25] і друкапіс першага беларускага рамана, напісанага па-француску невядомым аўтарам[26]. У. Гарбацкі апісаў таксама ўнёсак раньніх францускіх і франкамоўных дасьледнікаў, якія цікавіліся беларускімі тэмамі: Рэнэ Мартэль,[27][28] Антуан Мартэль, Амбруаз Жабэр,[29] — і беларускай дыяспары ў Францыі, Бэльгіі й Ангельшчыне[30][31][32].
Фэмінісцкія і ЛГБТК+ дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да гендэрных, фэмінісцкіх і ЛГБТК+ дасьледаваньняў далучыўся падчас навучаньня ў гендэрнай магістратуры ў Францыі. Першыя артыкулы на тэму гей- і лесьбі-дасьледваньняў апублікаваў у ARCHE на пачатку 2000-ых гадоў: «Развагі аб гейскім пытаньні»[33] і «Пераадоленьне гамафобіі»[34]. Рэгулярна публікуе артыкулы і агляды на фэмінісцкую і гендэрную тэмы ў іншых беларускіх СМІ: Радыё Свабода, «Новы час», Makeout(недаступная спасылка).
Літаратурная творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя літратурныя творы публікаваліся ў «Нашай Ніве» і ARCHE. Пазьней — у газэце «Новы час» і інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет».
Асобныя апавяданьні перакладзеныя на славенскую, летувіскую і ангельскую мовы.
Пісьменьнік збольшага працуе ў стылі аўтабіяграфічнай сацыяльнай ці сацыялягічнай прозы: робіць акцэнт на прыватнай, інтымнай гісторыі, якая дапамагае выкрываць калектыўную гісторыю і памяць.
Першы зборнік прозы выдаў у 2016 годзе — «Песьні тралейбусных рагуляў». Ён быў названы першым у беларускай літаратуры творам гей-прозы[35]. Брытанскі дасьледнік беларускай літаратуры Арнольд Макмілін так ахарактарызаваў зборнік:
«Гэты сьмелы і вельмі чытэльны дэбютны зборнік прозы пераказвае ў розных формах і інтымных дэталях досьведы Адрознага ў варожым яму асяродзьдзі. Пра тры плыні, што ахопліваюць дарослае жыцьцё аўтара, ён апавядае мовай казачных гісторый: глыбокую веру ў беларускую мову, усьведамленьне і гонар за сваю гейскасьць, і перакананасьць у тым, што рэлігія — толькі міт. Элегантна напісаная сучаснай беларускай мовай і шчодра запраўленая дыялектызмамі, гэтая кніга паўстае як песьня і сьвята роднаму Віцебску. Кранальныя, захапляльныя і, часта, брутальна-рэалістычныя тэксты атрымаліся цудоўным, глыбока асабістым дэбютам».
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У. Гарбацкі перакладае навуковыя і мастацкія тэксты з францускай, украінскай, летувіскай, расейскай і славенскай моваў. Спэцыялізуецца на перакладах франкамоўных аўтараў і аўтарак: Жорж Экгаўт, Сымона дэ Бавуар[36], Ані Эрно,[37] Рэймон Арон[38], Эрык Нёвё[39], Франк Варжак, Маргарыта Юрсэнар, Вілье дэ ліль-Адан. Таксама перакладае паэзію і прозу з летувіскай (Гедрэ Казлаўскайце,[40] Нэрынга Дангвідзе, Жэмайце, Марыя Ластоўская (Ластаўскене)), славенскай (Ураш Прах)[41] і ўкраінскай (Агатангел Крымскі,[42] Аляксандар Ірванец) моваў.
Намінаваны на прэмію Drahomán Prize-2022 за пераклад «Бэйруцкіх апавяданьняў» Агатангела Крымскага.[43]
Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарбацкі, Уладзіслаў Аб фэмінізацыі беларускай мовы: Фэмінізацыя nomina agentis і пэўных іншых катэгорыяў у сучаснай беларускай мове. Эсэ. — Leicester: belarusians.co.uk, 2012. — 99 с. — ISBN 978-0-9567951-0-6
- Гарбацкі, Уладзь Песьні тралейбусных рагуляў: Казкі і проза жыцьця / Уладзь Гарбацкі. —: belarusians.co.uk. — Leicester: belarusians.co.uk. — 110 с. — ISBN 978-0-9567951-4-4
- Гід па фэмінізацыі беларускай мовы (Nomina agentis і некаторых іншых асабовых намінацыяў) / Уладзіслаў Гарбацкі. — London: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-6-8 (друк) і 978-0-9567951-7-5 (электронная).
- Творы / Палута Бадунова. [Прадмова і ўкладаньне: Уладзіслаў Гарбацкі]. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2018. — ISBN 978-9955-578-19-2 (друк) і 978-9955-578-18-5 (электронная).
- Фэмінізацыя беларускай мовы. Сацыялінгвістычнае дасьледваньне. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2019. — ISBN 978-9955-578-21-5.
- Mercks Graz!. — London: Skaryna Press, 2022. — P. 108. — ISBN 978-1-915601-04-9
- Уладзіслаў Гарбацкі (уклад.) Мальцы выходзяць з-пад кантролю: Анталёгія беларускага гей-пісьменства. Фрагмэнты. — Лёндан: Skaryna Press, 2023. — 239 с. — ISBN 978-1-915601-25-4
- Уладзіслаў Гарбацкі (уклад.) Вацлаў Ластоўскі, Мовазнаўчыя працы. — London: Skaryna Press, 2023. — 238 c. — ISBN 978-1-915601-31-5
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лектар ЕГУ Уладзіслаў Іваноў атрымаў ступень доктара навук. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (10-11-2017).
- ^ Uladzislaŭ Ivanoŭ The Kulturvermittlung Steiermark - Kunstpädagogisches Institut Graz
- ^ Д-р Уладзіслаў Іваноў прыняў удзел у міжнароднай літаратурнай рэзыдэнцыі ў Малятах. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (05-12-2020).
- ^ Уладзіслаў Іваноў (2020) Моўны сорам беларусаў (сацыялінгвістычны аналіз) (бел.) Acta Albaruthenica, 20, стар. 169-183. Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego.
- ^ Уладзіслаў Іваноў (2018) Як мова рэагуе на расейска-ўкраінскую вайну (паліталягічныя і сацыялінгвістычныя заўвагі) (бел.) The Ideology and Politics Journal, 3(11). Foundation for Good Politics.
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (08.01.2014) Пра геній старабеларускай мовы (бел.). ARCHE.
- ^ Уладзіслаў іваноў (2019) Аб інклюзыўнай беларускай мове (бел.) Acta Albaruthenica, 19, стар. 231-240. Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego.
- ^ Uladzislau Ivanou (2017) Stereotyping Vulnerable Groups (анг.) Stavros Assimakopoulos, Fabienne H. Baider, Sharon Millar. Online Hate Speech in the European Union: A Discourse-Analytic Perspective. Cтар. 29-32. Springer. Архіўная копія
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (17.07.2012) Аб гэтак званых “эпіцэнах” (бел.) ARCHE
- ^ У. Іваноў Складаючы слоўнік беларускай дыяспарнай мовы: напрацоўкі, адкрыцьці, кур'ёзы (сацыялінгвістычны аналіз дыяспарнай мовы) // Запісы БІНіМ. — Нью-Ёрк-Менск: 2017 Т. 39. — С. 428-433.
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (23-04-2016) Мова жыцця Зоры Кіпель (бел.). Новы час.
- ^ • У. Гарбацкі Малавядомая Зоська Верас: на мовазнаўчай ніве // Да гісторыі беларускай дыяспары. — Менск: 2016 Т. 2. — С. 30-36.
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (19.04.2013) Білінгвізм, інтэрфэрэнцыя, канвэргенцыя і запазычаньне: Беларуская мова ў Летуве (бел.). ARCHE.
- ^ Размаўляем пра беларускую лаянку і кляцьбоны. Onliner (2019-03-17).
- ^ Іваноў, У. Мясцовыя назвы Віцебскіх старавераў // Роднае слова. — 2006. — № 12 (228). — С. 31.
- ^ Іваноў, У. Пра беларускі ўплыў на віцебскіх старавераў // Палітычная сфера. — 2008. — № 10. — С. 102–107.
- ^ Іваноў, У. Эвалюцыя тоеснасці і культуры старавераў паўночнай Беларусі, канец XІX – пачатак XXІ стагоддзя // Палітычная сфера. — 2010. — № 14. — С. 195–210.
- ^ Іваноў, У. Аб кабетах, якія «папуюць»: аб ролі і месцы жанчынаў у рэлігійным жыцьці стараверства Віцебшчыны // Женщины в политике: новые подходы к политическому. Феминистский образовательный альманах.. — 2013. — В. 2. Личное как политическое. — С. 31–37.
- ^ Іваноў, У. Двухсэнсоўныя вобраз і роля стараверства Беларусі ў паўстаньні 1863–64 гг. і ў беларускім нацыятворчым працэсе другой паловы 19-га ст. (спроба гістарычнай і этналягічнай рэканструкцыі) / Смалянчук Алесь, Дынглі Джым // Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі, Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Лондан, 27–29 сакавіка 2014 г.. — Мінск: Зміцер Колас, 2015. — P. 58–72. — ISBN 978-985-6992-67-7.
- ^ Іваноў, У. Стараверы і злябы // Наша гісторыя. — 2018. — № 1. — С. 64–67. — ISSN 2617-2305.
- ^ Ігар Іваноў (10/07/2015) “Беларуская бібліятэка ў Лёндане яшчэ дапаможа адкрыць невядомыя пласты берусазнаўства” (бел.) Блёг. Беларуская бібліятэка і музэй імя Франьцішка Скарыны.
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (30-01-2018) Франкамоўная беларусіка лонданскай Скарынаўкі (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (24-03-2018) Што пісала французская прэса пра БНР і «беларутэнскае пытанне»? (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (05-06-2019) «Крык народаў» (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (26-01-2019) Федэрацыйны пакт паміж Мінскам і Масквой (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (06-09-2015) Таямніцы лонданскай Скарынаўкі: «Жан і Жак, альбо Падроблены рай» (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (30/03/2016) На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль (бел.) Блёг. Беларуская бібліятэка і музэй імя Франьцішка Скарыны.
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (27-03-2016) На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (03-07-2016) https://novychas.online/asoba/belaruski-ruh-i-polszcza-scislaja-historyja-bel (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (28-07-2017) Забыты змагар франкамоўнай беларусікі (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (17-05-2018) Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык (бел.) Новы час
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (23-01-2022) «Маці-беларуска» Ніны Абрамчык. Новы час. Архіўная копія
- ^ Уладзь Гарбацкі Развагі аб гейскім пытаньні (бел.) // ARCHE. — 2002. — № 3(23).
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі Пераадоленьне гамафобіі // ARCHE. — 2003. — № 2(25).
- ^ Уладзь Гарбацкі (24 мая 2016) Першая кніга гей-прозы па-беларуску (слова ад аўтара) (бел.) Makeout
- ^ Сімона дэ Бавуар (2020) Другі пол (Le deuxième sexe). Фрагмент з кнігі ПрайдзіСвет №21
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі (2021-11-22) Першы тэкст французскай жывой класікі па-беларуску: выйшаў раман «Падзея» Ані Эрно (бел.). Новы час. Архіўная копія
- ^ Рэймон Арон Дэмакратыя і Таталітарызм (урыўкі з эсэ) // А. Казакевіч (нав. рэд.) Палітычная навука. Анталогія класічных тэкстаў: Пераклад з англійскай, французскай, нямецкай. — Мінск–Вільня: Палітычная сфера, 2012. — ISBN 978-609-95427-0-6.
- ^ Эрык Нёвё Сацыялогія сацыяльных рухаў = Érik Neveu, Sociologie des mouvements sociaux / У. Іваноў (пер. з французскай). — Мінск: Прапілеі, 2010. — 150 с. — ISBN 978-985-6329-85-5
- ^ Гедрэ Казлаўскайтэ (2020) Размаўляць на забытых мовах (бел.) ПрайдзіСвет №21
- ^ Уладзь Гарбацкі (23 снежня 2020) Сьціпласьць мяншыняў (знаёмства з паэзіяй Ураша Праха). Makeout.
- ^ Крымскі, Агатангел Бэйруцкія апавяданьні. — Лёндан: Skaryna Press, 2022. — 133 p.. — ISBN 978-1-915601-02-5
- ^ Беларускі пісьменьнік трапіў у доўгі сьпіс кандыдатаў на ўкраінскую прэмію Drahomán Prize-2022 для перакладчыкаў Радыё Свабода Архіўная копія
- Нарадзіліся ў 1978 годзе
- Нарадзіліся ў Віцебску
- Выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту
- Беларускія навукоўцы
- Беларускамоўныя пісьменьнікі
- Беларускія літаратары
- Мовазнаўчыя дасьледаваньні
- Беларускія перакладчыкі
- Выпускнікі францускіх ВНУ
- ЛГБТ у Беларусі
- Беларускія палітолягі
- Выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту
- Фэмінізм
- Гей-актывізм
- Беларускія мовазнаўцы
- Гендарныя дасьледаваньні
- Атэісты
- Вікіпэдыйцы
- Беларусісты
- Стараверства ў Беларусі
- Сацыялінгвістыка
- Беларускія сацыялінгвісты