Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка
Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка рум. Republica Democratică Moldovenească | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | румынская | ||||
Сталіца | Кішынёў | ||||
Форма кіраваньня Прэзыдэнт
|
Рэспубліка Іён Інкулец | ||||
Незалежнасьць — абвяшчэньне як аўтаноміі ў складзе Расеі — абвяшчэньне незалежнасьці — аб'яднаньне з Румыніяй |
15 сьнежня 1917 24 студзеня 1918 27 сакавіка 1918 |
Малдо́ўская Дэмакраты́чная Рэспу́бліка (па-румынску: Republica Democratică Moldovenească) — рэспубліка, абвешчаная па Лютаўскай рэвалюцыі на тэрыторыі Бэсарабскай губэрні Расейскай імпэрыі. Пасьлядоўна абвешчаная спачатку як аўтаномія ў складзе фэдэратыўнай Расеі (15 сьнежня 1917 году), потым — як незалежная рэспубліка (24 студзеня 1918 году). Увайшла ў склад Румыніі 27 сакавіка гэтага ж году і канчаткова ліквідаваная ўказам румынскага караля Фэрдынанда І 10 сьнежня 1918 году.
Утварэньне ў першыя гады свайго існаваньня кантралявала толькі частку сваёй тэрыторыі. Акерманскі павет на поўдні кантраляваўся бальшавікамі і Адэскай Савецкай Рэспублікай, на тэрыторыі МДР вяліся баі між сіламі іншых дзяржаваў: румынскай арміяй, бальшавікамі і войскамі Ўкраіны. У выніку гэтага Сфатул Цэры, вярхоўны орган у кіраваньні краінай, прагаласаваў за ўвод румынскіх войскаў у краіну, праз што МДР поўнасьцю апынулася пад кантролем Румыніі. Пасьля гэтых падзеяў Сфатул Цэры сваёй большасьцю прагаласаваў за ўваходжаньне ў склад Румыніі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля кастрычніцкага перавароту па ўсёй Бэсарабіі актывізавалася дзейнасьць Саветаў, значную колькасьць месцаў у якіх займалі бальшавікі. Разам з гэтым, губэрнатар Бэсарабіі сышоў у адстаўку й перадаў свае паўнамоцтвы Канстантыну Мімі, які заняў пасаду камісара Часовага ўраду Бэсарабіі. Ягоным намесьнікам стаў Уладзімер Крыстэ.
З узьнікненьнем Саветаў рэзалюцыя пра прызнаньне савецкае ўлады спачатку была прынятая ў Бэндэрах на сумежным паседжаньні эсэраў, сацыял-дэмакратаў і прафхаўрусаў гораду, якое адбылося 28 кастрычніка 1917 году, 22 лістапада савецкую ўладу прызнаў Кішынёўскі савет. У Тыраспалі былі прадпрынятыя спробы пераўтварэньня саветаў у органы ўлады[1]. Побач з гэтымі падзеямі мясцовы сялянскі кангрэс, які адбыўся ў кастрычніку 1917 году, прагаласаваў за зацьвярджэньне на пасадзе камісара Іёна Інкулеца, якога з мэтай авалоданьня сытуацыяй паслаў Аляксандар Керанскі. Аднак Інкулец сутыкнуўся з апазыцыяй у асобе арыстакратыі, таму ён быў вымушаны стаць намесьнікам Уладзімера Крыстэ. Аднак прызнаньне Саветаў у рэгіёне, а таксама беспарадкі ў вясковай мясцовасьці і курс Цэнтральнае Рады Ўкраіны на атрыманьне незалежнасьці прымусілі Сфатул Цэры 15 сьнежня 1917 году прыняць дэклярацыю, у якой абвяшчалася ўтварэньне Малдоўскае Дэмакратычнае Рэспублікі[2] як аўтаномнае часткі фэдэратыўнай Расеі[3].
Па абвяшчэньні рэспублікі Крыстэ сышоў у адстаўку і перадаў свае паўнамоцтвы Інкулецу[4]. Тым часам у Сфатул Цэры ішлі дэбаты з прычын назвы рэспублікі, у прыватнасьці, адным з варыянтаў была назва «Бэсарабская рэспубліка». Тым ня менш, на думку Ерхана назва рэспублікі мусіла засноўвацца на назьве колькасна пераважнага народу, праз што галоўным пунктам гледжаньня стала назва на аснове этноніму[2].
Дэклярацыя пра ўтварэньне МДР прадугледжвала ахову дэмакратычных правоў і свабодаў, перадачу зямлі сялянам бяз выкупу, васьмігадзінны працоўны дзень, кантроль над вытворчасьцю й спажываньнем, забесьпячэньне насельніцтва таварамі першае неабходнасьці і харчаваньнем, павелічэньне заробнае платы, утварэньне нацыянальнай арміі, роўныя правы для ўсіх нацыянальнасьцяў і г.д. У сваёй сутнасьці гэтая дэклярацыя паўтарала дэклярацыю пра стварэньне самога Сфатул Цэры[1].
Дэпутаты Сфатул Цэры праінфармавалі афіцыйнай тэлеграмай урад у Петраградзе. Рэспубліка была прызнаная Петраградзкім Саветам і Саветам Народных Камісараў. Кішынёўскі савет эсэраў і сацыял-дэмакратаў гарантаваў падтрымку ў ажыцьцяўленьні дэкрэтаў пра мір, зямлю і працоўны кантроль[1].
Малдаване левабярэжжа Днястра (Прыднястроўе) таксама бралі актыўны палітычны ўдзел у стварэньні рэспублікі. У гэтым рэгіёне іх дзеля ў пачатку ХХ ст. складала каля 50% ад насельніцтва, і гэтая тэрыторыя мела намер далучэньня да МДР. Па абвяшчэньні МДР адбыўся зьезд салдатаў левага берагу Днястра, на якім абмяркоўвалася мажлівае далучэньне рэгіёну да МДР. У наступным часе ў Грыгарыёпалі й Тыраспалі адбыліся яшчэ некалькі малдоўскіх зьездаў, на якіх прысутнічалі прадстаўнікі Сфатул Цэры. На зьездах былі прынятыя рашэньні пра культурнае ды палітычнае адзінства Бэсарабіі і Прыднястроўя і, адпаведна, пашырэньне МДР за кошт тэрыторыі гэтага рэгіёну, аднак гэта так і не было рэалізавана ў сувязі зь цяжкай палітычнай сытуацыяй[5].
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]7 сьнежня 1917 году быў арганізаваны ўрад рэспублікі, вядомы як Рада Генэральных Дырэктараў (то бок, міністраў). Ён складаўся зь дзевяці чальцоў на чале зь Ерханам, які займаў яшчэ й пасаду міністра селськае гаспадаркі. Былі прызначаныя камісары ў паветах, ставіліся спробы стварэньня арміі, ствараліся камітэты па выпрацоўцы законаў. Тым ня менш, Сфатул Цэры ня меў дастатковых адміністрацыйных і фінансавых магчымасьцяў для падтрымкі грамадзкага ладу ў рэспубліцы.
Тым часам адбывалася павелічэньне ўплыву Саветаў. Ствараліся атрады Чырвонай гвардыі, вызваляліся палітычныя вязьні, зьдзяйсьняўся кантроль на коштамі, канфіскоўваліся тавары ў спэкулянтаў. Сытуацыю ў вёсках кантралявалі сялянскія камітэты, якія не дапускалі прадстаўнікоў Рады Генэральных Дырэктараў і захаплялі абшарніцкія землі; асабліва ўскладнялі абстаноўку прысутнасьць частак расейскай арміі, якая на той момант у большасьці сваёй распалася. Салдаты малдоўскай арміі адмаўляліся прыціскаць аграрны рух[1].
Пасьля стварэньня МДР у Бэсарабіі ўсталявалася шматуладзьдзе. Розныя рэгіёны арыентаваліся на розныя ўрады ды арганізацыі, прызнаваючы Расейскую Рэспубліку, Савецкую Расею, МДР, УНР, Адэскую Савецкую Рэспубліку, Бэсарабскую ССР; у асобных рэгіёнах Бэсарабіі й Буджаку ўлада адсутнічала.
На кіраваньне паўднёвым усходам прэтэндаваў г.зв. Румчарад — Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў Румынскага фронту, Чарнаморскага флёту і Адэсы. У выканаўчым камітэце арганізацыі прысутнічалі бальшавікі й левыя эсэры. Румчарад таксама кантраляваў усе рэвалюцыйна накіраваныя войскі рэгіёну, што ўскладняла становішча ў Малдове. Расейскія войскі Румынскага фронту перайшлі на бок УНР, камандаваньне гэтых войскаў спрабавала выкараніць усе праявы бальшавізму ў сваіх шэрагах. Румчарад спрабаваў супрацьдзейнічаць гэтым сілам, у выніку чаго на тэрыторыі рэспублікі склалася супрацьстаяньне дзьвюх сілаў, не зацікаўленых у існаваньні МДР.
Гэтыя ўмовы падштурхнулі Сфатул Цэры пачаць перамовы з Румыніяй пра ўвод войскаў гэтае краіны ў Малдову. Зьвесткі пра факт гэтых перамоваў трапілі ў прэсу, што выклікала масавыя пратэсты насельніцтва. Не чакаючы заканчэньня перамоваў, два палкі румынскай арміі 7 сьнежня 1917 году, з нагоды закупкі харчу, перайшлі Прут, занялі мястэчка Леова і некалькі памежных сёлаў. Бальшавікі кішынёўскага гарнізону здолелі выставіць заслон румынскім войскам, салдаты рэвалюцыйных поглядаў узялі пад кантроль памежную станцыю Ўнгены[1].
Пасьля гэтых падзеяў 20 сьнежня ў Кішынёве ды іншых гарадох былі распаўсюджаныя праклямацыі супраць Сфатул Цэры, у якіх ён абвінавачваўся ў перадачы Бэсарабіі Румыніі. Урад МДР адрынаў гэтыя заявы. 21 сьнежня ў газэце «Бессарабская жизнь» была апублікаваная інфармацыя, што сёлы Пагэнэшць, Сарат Рэзэшць і Вайнэшць быццам бы аточаныя румынскай арміяй, якая страляе па насельніцтве. Рэзалюцыі супраць уводу румынскіх войскаў таксама апублікавалі сялянскія зьезды Хацінскага ды Бельцкага паветаў, другі зьезд Руічараду і г.д.[1]
28 сьнежня 1917 году на паседжаньні Сфатул Цэры ў Сялянскай фракцыі Панцеляймон Ерхан выставіў на галасаваньне пытаньне пра неабходнасьць уводу войскаў у мэтах барацьбы з анархіяй, аховы харчовых складаў, чыгунак і заключэньня замежнага крэдыту. Гэтая прапанова была прынятая 38 галасамі — большасьцю галасоў Сфатул Цэрыю. Вайсковы міністар МДР Герман Пынця заявіў, што малдоўскае насельніцтва, асабліва салдаты, раззлаваныя прыходам румынаў, мяркуючы, што румынскія сілы канфіскуюць у іх зямлю, здабытую ў выніку рэвалюцыі[1].
У той жа дзень у Кішынёве пачаў працу фронтавы аддзел Румчараду, дзейнасьць якога была накіраваная на супрацьдзеяньне румынскім войскам.
Абвастрэньне сытуацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку студзеня румынскія войскі перайшлі мяжу МДР і занялі гарады Балград, Кагул, Леова, Унгены ды некалькі сёлаў. 6 студзеня 1918 году атрадам трансыльванцаў была прадпрынятая спроба ўвайсьці ў Кішынёў з боку Разьдзельнай. Супраць іх выступілі частку фронтавага аддзелу Румчараду і малдоўскія атрады, якія былі адпраўленыя на падтрымку румынскім вйоскам Радай Генэральных Дырэктараў, але перайшлі на бок бальшавікоў. Яны раззброілі трансыльванцаў і адправілі іх у Адэсу[1].
8 студзеня румынскія войскі пачалі наступ на паўночныя й паўднёвыя раёны МДР. У адказ на гэта Бельцкі павятовы камітэт сялянскіх дэпутатаў стварыў рэвалюцыйны штаб па абароне Бэсарабіі і чырвонагвардзейскі атрад. Таксама быў створаны рэвалюцыйны камітэт выратаваньня Малдоўскае рэспублікі, які складаўся з Саветаў Кішынёву, Бэндэраў, Тыраспалю і Малдоўскага салдацкага камітэту Крыму. Тым ня менш, гэты камітэт ня здолеў аказаць супраціў і быў вымушаны пакінуць Кішынёў, які 13 студзеня занялі румынскія войскі. 10 студзеня ў Акермане адбыўся зьезд прыдунайскіх земстваў і самакіраваньняў, на якім была асуджаная палітыка Румыніі датычна Бэсарабіі. У той жа дзень у Балградзе праходзіў зьезд шостай арміі. Падыход румынскай арміі стаў для яе раптоўным, таму ёй супрацьстаяла толькі 800 чалавек. Увечары горад быў заняты румынскімі войскамі. Тым ня менш, часткі шостай арміі схаваліся ў навакольных вёсках і вялі лякальныя баі супраць румынскай арміі. У прыватнасьці, адступленьне было праведзена ў кірунку падкантрольнага бальшавікам Акерману і Маякоў[6].
На гэты момант у суседняй Украіне адбываліся ўзброеныя канфлікты між Украінай і савецкай уладай, на вызначанай частцы яе тэрыторыі ўжо існавала Савецкая Ўкраіна. Яе ўлады і ўлады РСФСР адрэагавалі на ўвод румынскіх войскаў разрывам зносінаў з Румыніяй. Такім чынам, Румынія ўступіла ў вайну з Савецкай Украінай і РСФСР. Украінская Народная Рэспубліка таксама выразіла незадавальненьне сытуацыяй, накіраваўшы ў Румынію ноту зпатрабаваньнем спыненьня наступу на Хацін, які лічыўся УНР часткай тэрыторыі Ўкраіны[6].
15 студзеня Сфатул Цэры з ініцыятывы Інкулеца правёў урачыстае паседжаньне з нагоды прыёму румынскага генэрала Е. Брашцяну. У сваіх заявах Сфатул Цэры запэўніваў насельніцтва, што румынскія войскі прыйшлі з мэтай пераадольваньня анархіі і аховы чыгунак ды складоў. той жа час румынскія войскі пачалі канфіскаваць маёмасьць, за кошт якога плянавалася палепшыць эканамічнае становішча ў пасьляваеннай Румыніі. Апрача маёмасьці, канфіскацыі таксама падлягалі прадукты харчаваньня са складоў.
Поўнач МДР трапіў пад кантроль войскаў Аўстра-Вугоршчыны, чатыры румынскія дывізіі, што занялі астатнюю частку Малдовы, прадаставілі калідор для перадысьлякацыі нямецкіх войскаў у Адэсу. У Кішынёве пачаў працу губэрнскі сялянскі зьезд, але ён быў разагнаны, а ягоныя чальцы былі абвінавачаныя ў антыдзяржаўнай палітыцы і расстраляныя паводле загаду камэнданта Кішынёву Мавілэ[1].
Сутыкненьні зь мясцовым насельніцтвам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 студзеня 1918 году румынскія войскі прадпрынялі спробу заняцьця Ізмаілу. Матросы мясцовай флятыліі аказалі супраціў румынскім войскам, супраціву аказалі падтрымку мясцовыя працоўныя. Тым ня менш, 22 студзеня горад трапіў пад кантроль румынскіх сілаў з прычыны палітычнае нявызначанасьці мясцвых уладаў, адна частка якіх падпарадкоўвалася МДР, іншая — Румчараду.
23 студзеня Румчарад аб’явіў Румыніі вайну. Румынскія войскі працягвалі наступ углыб рэгіёну, і 25 студзеня была занятая Кілія — стратэгічны порт мясцовасьці. Па ўзяцьці Кіліі на Дунаі пачаліся баі між румынскім флётам і мясцовай флятыліі. Дунайская флятылія прадпрыняла спробу прарвацца да Ізмаілу, але атака была адбітая, у адказ на гэта румынскія сілы пачалі наступ па вадзе. З 30 студзеня ўсе баі на Дунаі засяродзіліся каля Вілкава. Наступ на сушы стаў немажлівым, бо горад быў абкружаны плаўнямі. З гэтае прычыны цэнтральнае месца адводзілася флёту. Вілкава было ўзятае ў пачатку лютага, што дазволіла румынскім войскам пачаць наступ на Татарбунары[6].
Тым часам 22 студзеня 1918 году міністар Панцеляймон Ерхан праінфармаваў Сфатул Цэры, што Ўкраінская Народная Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць. На паседжаньні ў ноч з 23 на 24 студзеня ва ўмовах дысьлякацыі ў Малдове румынскіх войскаў Сфатул Цэры таксама абвясьціў пра незалежнасьць. У выдадзенай дэклярацыі пра незалежнасьць абвяшчаліся дэмакратычныя правы й вольнасьці, роўнасьць нацыяў, перадача зямлі сялянам. Тым часам буйныя баі вяліся каля Белгараду-Днястроўскага. З 28 па 30 студзеня ў горадзе ішлі вулічныя баі між прыхільнікамі Цэнтральнае рады УНР, якая, апрача Малдовы, таксама прэтэндавала на горад, і бальшавікамі. У выніку баёў горад трапіў пад кароткатэрміновы кантроль бальшавікоў. Тым часам, вызначаная частка насельніцтва Малдовы працягвала супраціў румынскім сілам[2].
Так, абаронаю Бэндэраў кіраваў мясцовы штаб на чале з Г. Барысавым, сумесна з аддзелам Румчараду. Першая спроба ўзяцьця гораду была прадпрынятая 29 студзеня, аднак салдаты 5-га ды 6-га Заамурскіх палкоў, працоўныя атрады і апалчэнцы здолелі адстаяць горад. 2 лютага румынскія сілы здолелі ўвайсьці ў Бэндэры, але іх дапамаглі адбіць расейскія войскі, якія прыбылі з-за Днястра, аднак 7 лютага горад быў узяты.
Тым часам, румынская армія, заняўшы іншыя рэгіёны Бэсарабіі, паспрабавала фарсаваць Днестар. На гэта адрэагаваў камандзір групай войскаў Чырвонай арміі ва Ўкраіне Міхаіл Мураўёў, які паслаў на Днестар 3000 салдатаў. Гэтая групоўка засяродзілася вакол Тыраспалю й Бэндэраў, ёй таксама дапамагалі сілы Адэскай рэспублікі. Румынскія сілы прадпрынялі яшчэ адну спробу фарсаваньня ракі, але яна правалілася. У выніку гэтага было падпісана замірэньне, уся Бэсарабія апынулася пад кантролем Румыніі[6].
Тым ня менш, бальшавікі стварылі калегію румынска-расейскіх справаў, якая справакавала аднаўленьне вайны сваімі патрабаваньнямі пакінуць Бэсарабію. Бальшавікі асьцерагаліся ўзяцьця румынамі Адэсы, праз што Мураўёў патрабаваў ад Адэсы вылучэньня 10 млн рублёў на працяг ваенных дзеяньняў. Румыны тым часам працягвалі наступ, нанесшы ўдар па бальшавіках пры Рыбніцы. Нягледзячы на гэта, Мураўёў прапанаваў наступ на Малдову й Румынію, пачаўшы з гэтай экспансіі г.зв. сусьветную рэвалюцыю. Аднак бальшавікі ня мелі дастатковых рэсурсаў для гэтага, а Антанта пачала ціск на румынскі бок. У выніку гэтага 8 сакавіка 1918 году быў падпісаны пратакол ліквідацыі расейска-румынскага канфлікту[6].
Пад кантролем бальшавікоў заставалася частка паўднёвай Бэсарабіі й буйны горад Белгарад-Днястроўскі. Па ўзяцьці Татарбунараў румынскія войскі змаглі пачаць наступ на гэты горад і падкантрольныя бальшавікам тэрыторыі.
У другой частцы лютага бальшавікі разьбілі румынскія часткі на лініі Рэзіна—Шалданешты і нанесьці ўдар у раёне мястэчка Кіцканы. Румынскія ўлады былі вымушаныя пайсьці на перамовы з Саветамі. 5 сакавіка румынскі бок падпісаў пратакол пра спыненьне румынска-савецкага канфлікту, 9 сакавіка яго падпісалі бальшавікі. Пагадненьне складалася зь дзевяці пунктаў і прадугледжвала пакіданьне Бэсарабіі Румыніяй цягам двух месяцаў, пераход мясцовага кантролю ў рукі міліцыі адразу па падпісаньні дамовы, абмен арыштаванымі й палоннымі, адмова румынаў ад ваенных дзеяньняў датычна мясцовага насельніцтва й Чырвонай арміі, наданьне Румыніі лішкаў ежы пасьля задавальненьня патрэбаў бальшавіцкіх сілаў, права на прытулак румынскай арміі на тэрыторыі пад кантролем бальшавікоў у выпадку неперадбачнае сытуацыі, атрэба ўстанаўленьня кантакту між камандаваньнямі абедзьвюх арміяў у выпадку сумеснага дзеяньня супраць трэціх дзяржаваў, абавязак весьці перамовы пры пасярэдніцтве ЗША, Вялікабрытаніі й Францыі ў разе ўзьнікненьня новых супярэчнасьцяў[7].
З савецкага боку пагадненьне падпісалі Х. Ракоўскі, М. Брашаван, У. Юдаўскі і М. Мураўёў, з румынскага — міністар замежных справаў і прадстаўнік рады міністраў Аляксандар Авэрэску, але гэтае пагадненьне не пасьпела набыць моц. У выніку баёў з антыбальшавіцкімі сіламі Чырвоная армія была вымушаная адступіць за Днестар, а Румынія, ня выканаўшы сваіх абавязкаў, пачала далучэньне Бэсарабіі да Румыніі, абапіраючыся на землеўласьнікаў і Сфатул Цэры[1].
На наступны дзень па спыненьні агню Румынія скасавала пагадненьне і заняла Белгарад-Днястроўскі, праз што Румынія стала поўнасьцю кантраляваць Бэсарабію. На канец сакавіка баявыя дзеяньні паступова спыніліся[6].
Дзяржаўная сымболіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка мела герб і некалькі сьцягоў. Першы сьцяг рэспублікі ня быў зацьверджаны афіцыйна. Ён прадстаўляў зь сябе чырвона-сіні прастакутнік, парадак колераў у якім ня быў упарадкаваны, праз што ён мог вешацца як сінім, так і чырвоным колерамі дагары. Такая расфарбоўка сьцягу атрымлівалася з-за выпарваньня белае стужкі на расейскім сьцягу[8].
Наступным сьцягом МДР стаў сіне-жоўта-чырвоны трыкалёр, які складаўся з гарызантальных стужак. Сьцяг меў дугавідна-прамы надпіс Republica Democratică Moldovenească şi Independentă (бел. «дэмакратычная й незалежная Рэспубліка Малдова») і герб краіны.
Герб МДР стылістычна быў падобны да гербу Малдоўскага княства, зьмяшчаючы выяву галавы тура, зоркі, ружы й маладзіка.
Сфатул Цэры, як вышэйшы орган кіраваньня краінай, таксама меў уласны сьцяг. Ён быў аналягічны дзяржаўнаму, але зьмяшчаў надпіс Sfatul Ţării (бел. «рада краіны»), пад якім таксама знаходзіўся герб. Адзначаўся й іншы сьцяг МДР, які быў падобны да сьцягу Сфатул Цэры, але адрозьніваўся ад апошняга надпісам R.M. (скарачэньне ад Republica Moldova — «Рэспубліка Малдова»). Гэты сьцяг выкарыстоўваўся радзей.
Улада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фактычна МДР паводле формы дзяржаўнага кіраваньня зьяўлялася парлямэнцкай рэспублікай. Яе парлямэнт, вядомы ў гістарыяграфіі паводле трансьлітарацыі румынскае назвы — Сфатул Цэры, узьнікнуў раней за саму рэспубліку 4 сьнежня 1917 году. Ягоным старшынём стаў эсэр Іён Інкулец, віцэ-старшынём — Панцеляймон Халіпа.
Выканаўчы органам Сфатул Цэрыю стаў г.зв. Дырэктарат — Рада генэральных дырэктараў. У яго склад уваходзілі дзевяць міністраў на чале з Панцеляймонам Ерханам. Гэты орган улады абіраўся народым галасаваньнем. У 1917 годзе адбыліся першыя й адзіныя выбары ў Сфатул Цэры[1]. У ім было 150 месцаў, зь іх 105 мандатаў мелі малдаване, 15 — украінцы, 13 — габрэі, 6 — расейцы, 3 — баўгары, па 2 — немцы й гагавузы, па адным мандаце — паляк, грэк і армянін; нацыянальнасьць уладальніка апошняга мандату невядомая[9].
У паўнамоцтвы Сфатул Цэрыю ўваходзілі найважнейшыя галіны дзейнасьці дзяржавы. Прыкладам, менавіта ягонымі рашэньнямі спачатку была зацьверджанае стварэньне МДР і наступнае ўваходжаньне ў склад Румыніі. 10 сьнежня 1918 году, пасьля ўваходжаньня Малдовы ў склад Румыніі, Дырэктарат і Сфатул Цэры былі скасаваныя ўказам караля Румыніі.
Прадпрымаліся спробы прыняцьця Канстытуцыі. У сакавіку 1918 году група малдоўскіх юрыстаў распрацавала Канстытуцыю дзяржавы[1], якая, тым ня менш, ня стала асноўным законам краіны. Дырэктаратам ставіліся спробы арганізацыі арміі, распрацоўкі законаў і ўпарадкаваньня мясцовае ўлады, аднак падобныя захады не былі ажыцьцяўленыя, а пасьля ўваходжаньня ў склад Румыніі страцілі сэнс.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дакладных граніцаў у МДР не існавала. Незважаючы на гэта, заходняя мяжа рэспублікі праходзіла былой румынска-расейскай мяжой (у цэлым супадаючы з сучаснай румынска-малдоўскай), разьмяшчаючыся па рэчышчах рэк Прут і Дунай. На поўдні мяжа выходзіла да Чорнага мора, а на поўначы нічым не абмяжоўвалася. Вузкая прастора на паўночным захадзе паміж Днястром і Прутам межавала з Букавінай, якая належала тагачаснай Аўстра-Вугоршчыне, гэты ўчастак таксама ня меў вызначанае мяжы. Паводле ІІІ Унівэрсалу, ракою Днестар праходзіў участак мяжы Ўкраіны. Адначасова гэтая рака служыла ў якасьці мяжы Малдовы, аднак доўгі час пытаньне ўсходняе мяжы Малдовы было адкрытым. На ўсходзе межы рэспублікі таксама абмяжоўваліся Чорным морам[6].
На захадзе МДР праходзіла мяжа з Румыніяй, на паўночным захадзе — з Аўстра-Вугоршчынай. На ўсходзе рэспубліка мела межы з УНР, Адэскай Савецкай Рэспублікай і Бэсарабскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Усе гэтыя дзяржаўныя ўтварэньні ў той ці іншай ступені мелі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Малдовы.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сталіцай рэспублікі стаў горад Кішынёў, які знаходзіцца ў цэнтральнай частцы сучаснае Малдовы.
Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка, паўтараючы тэрыторыю былой Бэсарабскай губэрні, падзялялася на восем паветаў: Акерманскі, Бельцкі, Бэндэрскі, Ізмаільскі, Кішынёўскі, Аргееўскі, Сароцкі ды Хацінскі. Адміністрацыйныя цэнтры трох паветаў — Акерманскага, Ізмаільскага й Хацінскага (месты Белгарад-Днястроўскі, Ізмаіл, Хацін адпаведна), на цяперашні момант знаходзяцца ў складзе Ўкраіны. Акерманскі павет падчас існаваньня рэспублікі знаходзіўся пад кантролем Адэскае Савецкае Рэспублікі, але ўжо ў сакавіку 1918 году ягоную тэрыторыю ўзялі пад кантроль румынскія войскі.
З мэтаю забесьпячэньня кіраваньня на павятовым узроўні Сфатул Цэры прызначыў у кожны павет па камэнданце[1].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Малдоўскай Дэмакратычнай Рэспубліцы пражывала прыкладна 2 700 тыс чал.[10]. Аснову насельніцтва ў дзяржаве складалі малдаване, якія найбольшую дзелю ад насельніцтва складалі ў цэнтральных рэгіёнах краіны. Найменшай адсоткавая дзеля малдаванаў была ў Буджаку — поўдні былой Бэсарабскай губэрні. Серад нацыянальных меншасьцяў адзначаліся расейцы, украінцы, гагавузы, немцы, баўгары, габрэі, цыгане, альбанцы і г.д. Украінцы напачатку ХХ ст. складалі 20% ад насельніцтва, габрэі — 11%, расейцы — каля 8%, баўгары — 5%, гагавузы й цыгане — 4 ды 0,6% адпаведна[11].
На поўдні Буджаку раманамоўныя народы складалі 27%, у навакольлях места Белгарад-Днястроўскі — 23%[6].
Аб'яднаньне з Румыніяй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 1918 году быў апублікаваны праект Канстытуцыі МДР, распрацаваны групай малдоўскіх юрыстаў. Паводле Канстытуцыі прадугледжвалася, у прыватнасьці, што Малдоўская рэспубліка складае незалежную й непадзельную дзяржаву, тэрыторыя якой ня можа быць адчужанай. Нягледзячы на гэта, рэальная ўлада МДР распаўсюджвалася толькі на частку яе тэрыторыі.
Кіраўнікі Сфатул Цэры Іён Інкулец і Думітру Чугурану некалькі разоў ладзілі паездкі ў Ясы з мэтаю кансультацыяў па пытаньні аб’яднаньня МДР і Румыніі з румынскім урадам, які знаходзіўся ў гэтым горадзе з прычыны акупацыі Нямеччынай Бухарэсту. У выніку перамоваў было вырашана, што рашэньне пра аб’яднаньне прыме Сфатул Цэры, пасьля аб’яднаньня Бэсарабія захавае аўтаномны статус, а Сфатул Цэры засанецца органам вышэйшае ўлады і будзе абірацца ўсенародным галасаваньнем.
27 сакавіка 1918 году адбылося наступнае паседжаньне Сфатул Цэры, на якім было пастаўлена пытаньне пра аб’яднаньне Румыніі й Бэсарабіі. Падчас галасаваньня будынак, дзе адбывалася паседажньне, быў абкружаны румынскімі вайскоўцамі, на галасаваньні прысутнічалі румынскія вайсковыя ўлады. Зьбянтэжыўшыся прысутнасьцю румынскіх войскаў у Кішынёве, прадстаўнікі баўгарскай, нямецкай, гагавускай меншасьцяў у сваю чаргу заявілі пра сваё ўстрыманьне ад галасаваньня[12] і палічылі яго незаконным[9]. Прадстаўнікі сялянскае фракцыі В. Цвганко і прадстаўнік расейскае культурнае лігі В. Гракулаў заявілі пра мажлівасьць вырашэньня пытаньня далучэньня або самастойнасьці толькі шляхам рэфэрэндуму. Тым ня менш, гэтыя аргумэнты ня ўзялі ва ўлік і адбылося пайменнае галасаваньне. За далучэньне прагаласавала 86 дэпутатаў, супраць — 3, устрымаліся — 36, адсутнічалі пры паседжаньні — 13[1].
У рэгіёне пачалі адзначацца забастоўкі і паўстаньні. У красавіку баставалі кішынёўскія чыгуначнікі, да якіх у траўні і чэрвені далучыліся чыгуначнікі ўсёй Бэсарабіі. У Бэндэрах, Унгенах і Окніцы сталі падпальвацца і выбухоўвацца румынскія склады, у Каменцы і шматлікіх сёлах адзначаліся сялянскія хваляваньні. На левым беразе Днястра пачаўся партызанскі рух.
У лістападзе пачалася парыхтоўка да мірнае канфэрэнцыі ў Парыжы, на якой Румынія жадала дабіцца міжнароднага прызнаньня аб’яднаньня. Румынскі ўрад арганізаваў скліканьне Сфатул Цэрыю з мэтаю прыняцьця рашэньня пра аб’яднаньне, але ўжо без аўтаноміі. Так, генэральны камісар Бэсарабіі пераконваў дэпутатаў Сфатул Цэрыю ў адмове ад аўтаноміі.
На паседжаньні з 25 па 26 лістапада 1918 году ў прысутнасьці кворуму з 45 галасоў з 125 было прынята рашэньне пра далучэньне Бэсарабіі да Румыніі, паводле якога ліквідаваліся ўмовы акту ад 27 сакавіка 1918 году. Пасьля прыняцьця рашэньня Сфатул Цэры спыніў існаваньне. Значная частка дэпутатаў патрабавала ад румынскаг ўраду аднаўленьня аўтаноміі, аднак рэакцыі на гэта не пасьледавала.
Наступны гістарычны пэрыяд акрэсьліваўся існаваньнем Бэсарабіі ў складзе Румыніі ў якасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі з той жа назвай і захаванымі межамі паветаў. Наступныя 22 гады Бэсарабія знаходзілася ў складзе Румыніі, тады як малдоўская частка левага берагу Днястра атрымала статус аўтаноміі ў складзе УССР (спачатку ў якасьці аўтаномнай вобласьці, а потым — аўтаномнай ССР). Па атрыманьні СССР кантролю над Бэсарабіяй (што нярэдка вызначаецца ў гістарыяграфіі як акупацыя) яе тэрыторыя была аб’яднаная з Малдоўскай АССР з утварэньнем новае саюзнае рэспублікі — Малдоўскай ССР.
«Бэсарабскае пытаньне»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Далучэньне рэгіёну да Румыніі спрычынілася да ўзьнікненьня г. зв. Бэсарабскага пытаньня — савецка-румынскага дыспуту наконт прыналежнасьці Бэсарабіі. Савецкі бок аргумэнтаваў сваю пазыцыю тым, што Бэсарабія да 1918 году не ўваходзіла ў склад Румыніі, і трапіла ў склад Расеі ў 1812 годзе паводле вынікаў вайны з Асманскай імпэрыяй. Частка мясцовага насельніцтва ідэнтыфікавала сябе як малдаване[1] і жадала стварэньня або незалежнае малдоўскае дзяржавы альбо аўтаноміі[1]. Румынскі бок настойваў на волевыяўленьні народу ў асобе Сфатул Цэрыю.
Эканамічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эканоміка МДР зазнала значныя страты праз вынікі Першае сусьветнае вайны і грамадзянскае вайны ў Расеі, пры гэтым эканоміка рэгіёну была ў кепскім стане яшчэ да рэвалюцыі. Аднак у параўнаньні з 1913 годам колькасьць прадпрыемстваў скарацілася з 14 500 да 10 000, кошты на тавары ўзрасьлі ў сярэднім у 7-12 разоў, колькасьць пасеўных плошчаў скарацілася на 19%[13]. Значны ўплыў на тагачасную малдоўскую эканоміку аказаў адток працоўных рук. Працаздольных мужчынаў прызывалі ў армію і адпраўлялі на фронт, у сувязі з чым не хапала працоўных рук у сельскай гаспадарцы і прамысловай вытворчасьці[13]. У сувязі з крызісам у краіне, павялічылася колькасьць спэкулянтаў, але зь імі змагаўся ўрад МДР.
Малдова была пераважна аграрнай краінай. У сёлах пасьля кастрычніцкага перавароту адбывалася пераразьмеркаваньне зямель, у прыватнасьці падзел былых абшарніцкіх уладаньняў. Для ажыцьцяўленьня гэтага на мясцовым узроўні ствараліся сялянскія камітэты.
На тэрыторыі МДР знаходзіліся ваенныя склады з харчом, якімі карысталіся ў гарадох краіны. Румынія, якая таксама панесла страты ў выніку вайны, вырашыла ўзнавіць яе з дапамогаю бэсарабскай. Для гэтага румынскія войскі атрымоўвалі загад па канфіскацыі ўсёй маёмасьці былой Расейскай імпэрыі[6]. Дамовай ад 9 сакавіка 1918 году гэты працэс быў фактычна ўзаконены[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Асацыяцыя навукоўцаў Малдовы імя Н. Мілеску-Спэтару. Istoria Republicii Moldova: din cele mai vechi timpuri pină în zilele noastre. — 2-е, перапрацаванае й дапоўненае. — Кішынёў: Elan Poligraf, 2002. — С. 182-190. — 360 с. — ISBN 9975-9719-5-4
- ^ а б в Стати В. История Молдовы. — Кишинёв: Tipografia Centrală, 2002. — С. 272-308. — 480 с. — ISBN 9975-9504-1-8
- ^ Michael Bruchis. The Republic of Moldavia: from the collapse of the Soviet empire to the restoration of the Russian empire. — East European Monographs, 1996. — 205 с.
- ^ Ion Nistor, ст. 279
- ^ Жаркуцкий И. И. Из истории левобережья Днестра (XIX - начало XX века). — Dacoromania. The history of Bessarabia, Moldova and Romania.
- ^ а б в г д е ё ж з Савченко В. А. Военный конфликт в Бессарабии. Война советских войск против армии Румынии (январь — март 1918) // Двенадцать войн за Украину. — Харьков: Фолио, 2006. — 415 с.
- ^ а б Богатуров А. Д. Системная история международных отношений. — М.: Московский рабочий, 2000.
- ^ Молдавская народная республика, 1917 (рас.) Russian Centre of Vexillologyu and Heraldry Праверана 17 студзеня 2014 г.
- ^ а б Gh. Cojocaru, Ioan Scurtu. Itinerarul Basarabiei spre realizarea unităţii româneşti (1917-1918). — Marea Unire din 1918 în context european. — Bucureşti: Enciclopedică, Academiei Române, 2003. — С. 110-111.
- ^ Population of Eastern Europe (анг.) Tacitus Historical Atlas Праверана 17 студзеня 2014 г.
- ^ Берг Л. С. Население Бессарабии. Этнографический состав и численность. — Петроград: 1923.
- ^ King, C. The Moldovans: Romania, Russia and the Politics of Culture. — Hoover Institution Press, 2000. — С. 35.
- ^ а б И. А. Ожог, И. М. Шаров. Краткий курс лекций по истории румын. Новая история. — 1992.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дыков И. Г. Румчерод и борьба за установление Советской власти на Румынском фронте // Исторические записки. — М., 1956. — Т. 57.
- И. Э. Левит. Год судьбоносный. От провозглашения Молдавской Республики до ликвидации автономии Бессарабии. Ноябрь 1917 — ноябрь 1918. — Кишинёв: Центральная типография, 2000.
- Худяков В. В. В цветущих акациях город… Бендеры: люди, события, факты. — Бендеры: Полиграфист, 1999. — С. 108—112. — ISBN 5-88568-090-6
- Молдавская Советская Социалистическая Республика. — Кишинёв: Главная редакция Молдавской Советской Энциклопедии, 1979. — С. 108—110.
- История Молдавской ССР. С древнейших времён до наших дней. — Кишинёв: Штиинца, 1982.
- Alexandru V. Boldur. Istoria Basarabiei. — Bucureşti: Editura Victor Frunză, 1992.
- Alexandru Bobeica. Sfatul Ţării: stindard al renaşterii naţionale. — Chişinău: Universitas, 1993. — ISBN 5-362-01039-5
- Ion Calafeteanu, Viorica-Pompilia Moisuc. Unirea Basarabiei şi a Bucovinei cu România 1917—1918: documente. — Chişinău: Hyperion, 1995.
- Ştefan Ciobanu. Unirea Basarabiei : studiu şi documente cu privire la mişarea naţională din Basarabia în anii 1917—1918, Universitas, Chişinău, 1993 ISBN 5-362-01025-5 // Alfa, Iaşi, 2001
- Gheorghe E. Cojocaru. Sfatul ţării: itinerar, Civitas, Chişinău, 1998 , ISBN 9975-936-20-2
- Dinu Postarencu. O Istorie a Basarabiei în date si documente (1812—1940), Editura Cartier, Chişinău, 1998
- Marin C. Stănescu. Armata româna si unirea Basarabiei şi Bucovinei cu România : 1917—1919, Ex Ponto, Constanţa, 1999, ISBN 973-9385-75-3
- Mihai Taşcă. Sfatul Ţării şi actualele autorităţi locale, Timpul, no. 114 (849), June 27, 2008 (ст. 16)
- Ion Ţurcanu. Unirea Basarabiei cu România : 1918 : preludii, premise, realizari, Tipografia Centrală, Chişinău, 1998, ISBN 9975-923-71-2