Вялікае Княства Літоўскае: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 264: Радок 264:
* {{Спасылка|аўтар = | прозьвішча = | імя = | аўтарlink = | суаўтары = | дата публікацыі = | url = http://starbel.narod.ru/metr2/metr2.htm| загаловак = Дасьледаваньні мэтрыкаў ВКЛ| фармат = | назва праекту = | выдавец = [http://starbel.narod.ru/ Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы]| дата = 23 кастрычніка 2010 | мова = | камэнтар = }}
* {{Спасылка|аўтар = | прозьвішча = | імя = | аўтарlink = | суаўтары = | дата публікацыі = | url = http://starbel.narod.ru/metr2/metr2.htm| загаловак = Дасьледаваньні мэтрыкаў ВКЛ| фармат = | назва праекту = | выдавец = [http://starbel.narod.ru/ Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы]| дата = 23 кастрычніка 2010 | мова = | камэнтар = }}
* [http://www.belhistory.eu/tag/vyalikae-knyastva-lito%D1%9Eskae/ Артыкулы па гісторыі ВКЛ у пэрыёдыку «Беларускі Гістарычны Агляд»]
* [http://www.belhistory.eu/tag/vyalikae-knyastva-lito%D1%9Eskae/ Артыкулы па гісторыі ВКЛ у пэрыёдыку «Беларускі Гістарычны Агляд»]
* [http://www.lyczkowski.net/be-cyr/maps/vkl.html Вялікае Княства Літоўскае. Адміністрацыйная мапа] (інтэрактыўная)
* [http://www.lyczkowski.net/be/mapa/vialikaje-kniastva-litouskaje.html Вялікае Княства Літоўскае ў сярэдзіне XVIII ст. Адміністрацыйная мапа]


{{Гісторыя Беларусі}}
{{Гісторыя Беларусі}}

Вэрсія ад 13:57, 3 чэрвеня 2017

Вялікае Княства Літоўскае
Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных
XIII стагодзьдзе — 1795
 

 

 

Герб Вялікага Княства Літоўскага
Герб
Месцазнаходжаньне Вялікага Княства Літоўскага
Афіцыйная мова старабеларуская[a], лацінская[b], польская[c],
Сталіца Наваградак (да 1323)
Вільня (ад 1323)
Этнічны склад ліцьвіны, русіны, жмудзіны
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

9 ліпеня 1253
1795

Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае й Жамо́йцкае[а 1] — фэўдальная эўрапейская дзяржава, якая займала тэрыторыю сучасных Беларусі і Летувы, а таксама Ўкраіны (Кіеўшчына, Чарнігаўшчына і Валынь, да 1569 году), Расеі (Смаленшчына і Севершчына, да сярэдзіны XVII стагодзьдзя) і Польшчы (Падляшша, да 1569 году). Першая сталіца — Наваградак, з 1323 году — Вільня.

Узьнікла ў сярэдзіне XIII ст. на беларускіх землях верхняга і сярэдняга Панямоньня (Літва старажытная) і землях у вярхоўі ракі Вяльлі[1][2]. У 1569 годзе ўтварыла саюзную дзяржаву з Каралеўствам Польскім — Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Спыніла сваё існаваньне ў выніку яе трэцяга падзелу ў 1795 годзе[3].

Гісторыя

Назва і тытул

Назва Вялікага Княства і тытул гаспадара зьмяняўся зь цягам часу ў залежнасьці ад ягоных межаў і дзяржаўнай будовы.

У сярэдзіне XIII — пачатку XIV стагодзьдзях дзяржава называлася толькі Літвой. Так, у грамаце вялікага князя Міндоўга (1254) ён значыцца «каралём Літвы». Па далучэньні да Вялікага Княства Літоўскага Кіеўскай і іншых украінскіх зямель гаспадар называўся «кароль ліцьвінаў і многіх русінаў»[4]). Па далучэньня часткі Латвіі вялікі князь Гедымін пачаў называцца «кароль ліцьвінаў і русінаў, валадар і князь Зэмгаліі». Па далучэньні Жамойці (сучаснай цэнтральнай і заходняй Летувы[5]) у сярэдзіне XV ст. вялікі князь тытулюецца як «великий князь… всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель». У Статуце 1529 году значылася «Права писаныя даны панству Великому князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иныя через наяснейшого пана Жикгимонта, з Божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных»[6].

Аднак па складаньні Люблінскай уніі (1569) і далучэньні Ўкраіны да Польшчы краіна пачала звацца толькі Вялікім Княствам Літоўскім, хоць сам гаспадар працягваў тытулявацца вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, жамойцкім, мазавецкім, а па далучэньні ў 1561 годзе Інфлянтаў — і інфлянцкім[7].

У афіцыйных дакумэнтах для пазначэньня дзяржавы выкарыстоўваліся назвы: «Вялікае Княства Літоўскае», «гаспадарства», «панства», «Рэч Паспалітая»; апошняя ўжывалася як пры пазначэньні толькі Княства, так і супольнай з Польшчай канфэдэратыўнай дзяржавы[7].

Да Люблінскай уніі

Утварэньне

Межы старажытнай Літвы паводле М. Ермаловіча
Асноўны артыкул: Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага

Вытокі беларускай дзяржаўнасьці адносяцца ад узьнікненьня Полацкага і Тураўскага, а пазьней Гарадзенскага, Наваградзкага, Смаленскага і іншых княстваў, а створаная ў гэты час матэрыяльная і духоўная культура стала падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў ў XIIIXIV стагодзьдзях[1] Падобныя працэсы былі праявай і арганічнай часткай мірнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня ў біэтнічным рэгіёне верхняга Панямоньня[8].

Пераход балта-славянскага сымбіёзу на новую ступень эвалюцыі адбыўся з прычыны разбурэньня палітычнай сыстэмы Ўсходняй Эўропы (агрэсія Інфлянцкага і Тэўтонскага ордэнаў, мангола-татарская навала)[9]. Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага дало магчымасьць насельніцтву краю абараніць сваю незалежнасьць і стварыць умовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця.

Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку паўстала каля 1240-х гадоў, калі на запрашэньне мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Абарону краю ачоліў наймацнейшы, правераны ў баёх і выправах ваенны правадыр, этнічнае паходжаньне якога ня мела істотнага значэньня, асабліва ў рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку[9]. Да прыходу Міндоўга цэнтар Гарадзенскага княства перасунуўся ў Наваградак, дзе валадарыў князь Ізяслаў, які, хутчэй за ўсё, мірна перадаў уладу й некаторы час браў удзел у выправах Міндоўга на польскія землі.

Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня (паводле прынцыпу «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць»). Упершыню гэты мэханізм быў выкарыстаны ў дачыненьні Полацку ў 1307 годзе па ўваходжаньні Полацкага княства ў склад ВКЛ, хоць да ўваходжаньня княства ў ім і раней кіравалі літоўскія князі (Таўцівіл). У дачыненьні да Панямоньня прынцып падобнай аўтаноміі невядомы.

Неўзабаве да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна[1] далучылася рэшта ўдзельных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацак — у 1307 годзе; Віцебск — у 1320 годзе; Берасьце, Менск, Тураў і Пінск — у 13201330-я[10] гады; Амсьціслаў — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедыміна (1316—1341). Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Масквы Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедымін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.

Далейшае разьвіцьцё

Значныя тэрытарыяльныя набыткі Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў часе княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Чарнігаўска-Северская, Падольская, Валынская і Кіеўская землі, Смаленскае княства, а таксама Жамойць[11]. У выніку, землі сучаснай Беларусі занялі цэнтральнае месца, што забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай (гістарычнай рускай або літоўскай) мовы як афіцыйнай[12][13].

Мапа Вялікага Княства Літоўскага, па 1757

На працягу XIV ст. не спынялася барацьба супраць Тэўтонскага ордэна, аднак яна мела зьменлівы посьпех. Тым часам у выніку разгрому татараў у бітве на Сініх Водах (1362) на доўгі час атрымалася адвесьці пагрозу іхных набегаў ад паўднёвай часткі дзяржавы. Каб ня даць Маскве перашкодзіць аб’яднаньню зямель сучаснай Беларусі, вялікі князь Альгерд учыніў на яе тры выправы — у 1368, 1370 і 1372 гадох.

Па сьмерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж Кейстутам, ягоным сынам Вітаўтам і новым вялікім князем Ягайлам. Гэта значна аслабіла дзяржаву, чым скарысталіся крыжакі, якім у 1382 годзе Ягайла мусіў саступіць землі Жамойці. 3 мэтай процідзеяньня зьнешняй небясьпецы, што таксама пагражала суседняму Каралеўству Польскаму, і ўмацаваньня сваёй улады вялікі князь склаў пэрсанальны хаўрус з Польшчай — Крэўскую унію (1385). Па атрымальні польскага стальца ён мусіў далучыць да Каралеўства Польскага Вялікае Княства Літоўскае. Аднак супраць падпарадкаваньня Польшчы выступіў Вітаўт, які ачоліў унутрыдзяржаўную барацьбу. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненьнем (5.08.1392), паводле якога Вялікаму Княству Літоўскаму гарантавалася самастойнасьць у палітычным зьвязе з Польшчай (незалежны ўрад, скарб, войска), а вялікім князем абвяшчаўся Вітаўт. Пагадненьне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве. Аднак Вітаўт прагнуў поўнай незалежнасьці, з гэтай мэтай ён намагаўса атрымаць каралеўскі тытул і карону.

Для ўмацаваньня сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падольлі). У дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам ён, як і папярэднікі, мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасьці разьменнай манэты (вядома, што Вітаўт чатырохразова — у 1384, 1390, 1398 і 1404 гадох перадаваў яе крыжакам). Толькі па Бітве пад Грунвальдам (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў, адбылося канчатковае далучэньне гэтых зямель да Вялікага Княства[14].

Да 1430 году Вялікае Княства Літоўскае дасягнула сваёй максымальнай магутнасьці і тэрытарыяльных межаў «ад мора да мора»[15]: найбольш усходнім пунктам дзяржавы стала Тула[16], на ўзьбярэжжы Чорнага мора паўстаў шэраг умацаваных замкаў — Дашаў, Кацюбееў, Чорны Горад і інш.

Па сьмерці Вітаўта паміж ягоным братам Жыгімонтам і новым вялікім князем Сьвідрыгайлам распачалася зацятая барацьба за ўладу. У 1432 годзе выбухнула грамадзянская вайна, якая працягвалася да 1439 году і скончылася перамогай Жыгімонта. Гэтая вайна ахапіла толькі вярхі фэўдалаў, мела дынастычны характар і была барацьбой за палітычную ўладу[17].

З 2-й пал. XV ст. узмацнілася пагроза з боку Крымскага ханства, несупынныя набегі якога значна пасунулі на поўнач межы дзяржавы. У 1506 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла татараў пад Клецкам, па чым буйныя татарскія набегі на Беларусь не паўтараліся[18].

У кан. XV ст. абвастрыліся дачыненьні з Маскоўскай дзяржавай, што прывяло да несупынных ваенных канфліктаў (у 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гадох). З аднаго і з другога боку былі перамогі і паразы. Масква таксама інсьпіравала ўнутраныя канфлікты ў дзяржаве[19].

Уся захопніцкая палітыка Маскоўскай дзяржавы ажыцьцяўлялася пад эгідай абароны праваслаўя[19].

Люблінская унія

Асноўны артыкул: Люблінская унія

У выніку Крэўскай уніі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча аб’ядналіся на аснове дынастычна-пэрсанальнай уніі пры захаваньні імі пэўнай самастойнасьці ўва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Неаднаразовае аднаўленьне і пераўкладаньне гэтага зьвязу (у 1401, 1413, 1446, 1501) сьведчыла з аднаго боку пра яго нетрываласьць, а зь іншага — пра наяўнасьць чыньнікаў, што падштурхоўвалі абедзьве дзяржавы да збліжэньня. У XVXVI стагодзьдзях вызначылася наступная тэндэнцыя: чым больш абвастраліся дачыненьні Вялікага Княства з Масквой, тым больш яно схілялася да аб’яднаньня з Польшчай.

Кульмінацыя маскоўска-літоўскага процістаяньня наступіла ў 1558 годзе, калі маскоўскі гаспадар Іван Жахлівы распачаў вайну з Інфлянцкім ордэнам і захапіў шэраг важных фартэцыяў, што стварыла пагрозу беларускаму Падзьвіньню. З гэтай прычыны вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прыняў Інфлянты пад свой пратэктарат, у выніку чаго землі ордэна перайшлі ў супольнае валоданьне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[19]. Аднак папярэднія войны выцягнулі ўсе сродкі зь дзяржаўнага скарбу: вялікалітоўскае войска пацярпела шэраг няўдачаў, і неўзабаве Масква захапіла ўсю паўночна-ўсходнюю частку Беларусі, адкрыўшы сабе шлях на Вільню. Пад пагрозай апынулася само існаваньне дзяржавы, што прымусіла кіроўныя колы Вялікага Княства шукаць хаўрус з Польшчаю ўзамен на вайсковую дапамогу.

10 студзеня 1569 году распачаўся Люблінскі сойм, які працягваўся амаль 6 месяцаў. Польская шляхта настойвала на прыняцьці артыкулаў, што ставілі Вялікае Княства Літоўскае ў залежнае становішча ад Польшчы. Калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу прымусовага складаньня уніі на непрымальных для іх умовах, то 1 сакавіка 1569 году пакінулі сойм. Аднак польскія фэўдалы скарысталі цяжкае вайскова-палітычнае становішча суседа і дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выданьня незаконных[20] загадаў пра далучэньне да Польшчы Брацлаўскага, Валынскага, Кіеўскага і Падляскага ваяводзтваў. У такім умовах прадстаўнікі Вялікага Княства мусілі вярнуцца за стол перамоваў.

1 ліпеня 1569 году зьявіўся акт Люблінскай уніі, паводле якога стваралася новая дзяржава — Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

Па Люблінскай уніі

Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588
Асноўны артыкул: Рэч Паспалітая

Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была фэдэрацыяй суседніх дзяржаваў, у складзе якой Вялікае Княства Літоўскае існавала да канца XVIII ст. — часу падзелу Рэчы Паспалітай Расейскай імпэрыяй, Аўстрыяй і Прусіяй[21]. Абедзьве дзяржавы-ўдзельніцы фэдэрацыі захоўвалі асобныя адміністрацыйны апарат, заканадаўства і судовыя органы, фінансы, мытную сыстэмы, узброеныя сілы, тытул, герб і дзяржаўную пячатку.

Барацьба за самастойнасьць

Нягледзячы на ўмовы уніі, у 1570—1580-х гады ў Вялікім Княстве Літоўскім рэгулярна праводзіліся агульнадзяржаўныя соймы, а з 1582 году пачаў дзейнічаць Галоўны Трыбунал[21].

Аднак найбольшай праявай барацьбы за дзяржаўную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага было прыняцьце Статуту 1588 году, які фактычна скасоўваў шэраг артыкулаў Люблінскай уніі. Згодна з гэтым заканадаўчым актам, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі да 1840 году, Вялікае Княства Літоўскае ўяўляла сабою самастойную дзяржаву са сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Больш таго 1-ы артыкул IV разьдзелу Статуту зацьвярджаў, у адрозьненьне ад Польшчы, дзе мовай праўных дакумэнтаў была лаціна, дзяржаўнасьць беларускай мовы[21].

У далейшым пры спрыяльных абставінах ўплывовыя колы Вялікага Княства Літоўскага неаднойчы спрабавалі аднавіць поўную незалежнасьць: у 1650-я гады — Радзівілы, у кан. XVII ст. — Сапегі. У выніку чаго ўрад Рэчы Паспалітай мусіў пайсьці на пэўныя саступкі: з 1673 году кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай мусіў праводзіцца на тэрыторыі Вялікага Княства ў беларускім месьце Горадня пад старшынствам аднаго зь мясцовых дэпутатаў.

Крыза

У XVIIXVIII стагодзьдзях у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасьці пазначыліся перадкрызавыя тэндэнцыі: адсутнасьць нацыянальнага адзінства, сацыяльныя, этнічныя, рэлігійныя супярэчнасьці, фэўдальныя міжусобіцы прывялі да эканамічнага заняпаду. Шматлікія войны вялі да разбурэньня местаў, мястэчак і вёсак, фізычнага зьнішчэньня насельніцтва.

Дзяржаўны і палітычны лад

Цэнтральную частку дзяржавы ў палітычным эначэньні гэтага паняцьця складала «Літва», якая ўлучала Ашмянскую, Берасьцейскую, Браслаўскую, Ваўкавыскую, Віленскую, Вількамірскую, Гарадзенскую, Капыльскую, Клецкую, Кобрынскую, Лідзкую, Менскую, Наваградзкую, Нясьвіскую, Пінскую, Рэчыцкую, Слонімскую, Слуцкую, Троцкую і Тураўскую землі[4].

Дамінаваньне ў дзяржаве мелі фэўдалы цэнтральных (беларускіх) зямель, бо Вялікае Княства ўтварылася на беларускай тэрытарыяльнай, этнаграфічнай і культурнай аснове, а беларуская мова зьяўлялася дзяржаўнай[4]. Тут канцэнтравалася большасьць велікакняскіх і дзяржаўных маёнткаў, а таксама асноўныя маёнткі буйных фэўдалаў. Адсюль набіралася асноўная частка арміі, зьбіраліся асноўныя даходы ў дзяржаўны скарб. Буйныя фэўдалы зь беларускіх этнаграфічных зямель Алелькавічы, Друцкія, Глябовічы, Гальшанскія, Кішкі, Радзівілы, Сапегі і іншыя займалі кіроўныя пазыцыі ў дзяржаўным апараце[4].

Вялікае Княства Літоўскае ачольваў вялікі князь (гаспадар), які быў носьбітам вярхоўнай улады. Ягоны Гаспадарскі суд зьяўляўся найвышэйшай інстанцыяй. Да 15 стагодзьдзя ўрадавую дзейнасьць ажыцьцяўляў толькі сам князь, які выконваў усе функцыі кіраваньня дзяржавай. З-за патрэбы арганізацыі дваровай гаспадаркі і вырашэньня праблем ўнутранай ды вонкавай палітыкі зьявіліся пастаянныя службовыя асобы — спачатку маршалак, падкаморы, падчашы, чашнік, крайчы, стольнік, мечнік, кухмістр ды ішныя, у сярэдзіне 15 стагодзьдзя — пасады агульнадзяржаўнай адміністрацыі (падскарбі земскі, канцлер ды гетман найвышэйшы)[22].

Заканадаўчую функцыю вялікага князя абмяжоўваў сойм — зьезд дэлегатаў ад рэгіянальных збораў фэўдалаў (сходаў) — і вялікакняская Рада (з XVI ст. яе звалі Паны-Рада).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Вялікага Княства Літоўскага

На раньнім этапе свайго існаваньня Вялікае Княства Літоўскае падзялялася на судова-адміністацыйныя акругі (княствы і намесьніцтвы), межы якіх склаліся гістарычна. На тэрыторыі Беларусі было каля 20 княстваў і намесьніцтваў, якія зьяўляліся асноўнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласьці, якія паступова распадаліся ў працэсе пераходу зямель да фэўдалаў.

У XVXVI стагодзьдзях аформілася 2-узроўневая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сыстэма: найвышэйшы ўзровень складалі ваяводзтвы (ад 1413 году — Віленскае і Троцкае, 1471 — Кіеўскае, 1504 — Полацкае, 1507 — Наваградзкае, 1508 — Смаленскае, 1511 — Віцебскае, 1513 — Падляскае) і землі (Жамойцкая і Валынская), якія ў сваю чаргу падзяляліся на княствы і намесьніцтвы.

У 1565—1566 гадох згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай аформіўся новы падзел тэрыторыі Вялікага Княства[23]:

Паводле ўмоваў Люблінскай уніі 1569 году, Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага павету), Падляскае ваяводзтвы далучыліся да Каралеўства Польскага. У 1611 годзе войскі Рэчы Паспалітай вярнулі ў склад Вялікага Княства Смаленскае ваяводзтва (паветы Смаленскі і Старадубскі).

У 1667 годзе, паводле ўмоваў Андрусаўскага замірэньня, Смаленск і Старадуб перайшлі пад уладу Масквы, з таго часу адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы не зьмяняўся больш за стагодзьдзе (да 1772 году).

Месты

У XIIIXIV стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі было каля 40 местаў[24]. У XV ст. рысы гандлёвых і рамесьніцкіх цэнтраў набылі былыя фартэцыі, фэўдальныя замкі, некаторыя гаспадарскія двары. 3 канца XIV ст. мескія паселішчы пачалі здабываць самакіраваньне паводле Магдэбурскага права.

У XVXVI стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім узьнікла вялікая колькасьць адметных мескіх паселішчаў — мястэчак. У крыніцах XVIXVIII стагодзьдзяў паняцьці «места» і «мястэчка» ўжываліся поруч у дачыненьні да сярэдніх і малых местаў. Існуюць розныя падыходы да іхнага разьмежаваньня.

Згодна з клясыфікацыяй З. Капыскага буйнымі лічыліся месты, якія мелі 10 і больш тыс. жыхароў, сярэднімі — больш за 5 тыс., малымі — 2—5 тыс. жыхароў. У мястэчках было ад некалькіх сотняў да 1,5 тыс. жыхароў[24].

У сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве было 757 местаў і мястэчак, у тым ліку на Беларусі 42 месты і 425 мястэчак[24].

У 2-й пал. XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 39 местаў і каля 250 мястэчак, дзе жыло каля 250 тыс. чал. (каля 11% насельніцтва), аднак мескае насельніцтва так і ня здолела дасягнуць узроўню XVII ст.[25] (да Патопу).

Адукацыя

У Вялікім Княстве Літоўскім асьвета мела пераважна канфэсійны характар. У 2-й пал. XVI ст. існавалі праваслаўныя школы з пашыранай праграмай заняткаў, дзе вывучаліся царкоўнаславянская граматыка, матэматыка, філязофія, тэалёгія. Значны ўнёсак у разьвіцьце, а часткова і ў сэкулярызацыю школьнай асьветы зрабілі праваслаўныя брацтвы (Вільня, Магілёў, Слуцак, Берасьце, Пінск, Полацак і інш.). Каталіцкая сыстэма школьнай і калегіюмнай адукацыі таксама адпавядала тагачасным тэалягічным, царкоўна-рэлігійным і грамадзкім патрэбам. Паводле пастановаў віленскіх сынодаў, каталіцкія школы мусілі стварацца ў кожнай парафіі.

У часе Рэфармацыі адбылося імклівае разьвіцьцё адукацыйнай справы. Кальвінісцкія навучальныя ўстановы адкрыліся ў Вільні, Віцебску, Воршы, Горадне, Заслаўі, Менску, Наваградку, Полацку і Слуцку (існавала да 1868). Яны вызначаліся высокім ўзроўнем пэдагагічнага майстэрства[26]. У 2-й пал. XVI ст. адкрылася арыянская акадэмія ў Іўі.

Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і перамогі Контрарэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства пачалі пашырацца найвышэйшыя гуманітарныя школы эўрапейскага ўзроўню[27] — калегіюмы, якія існавалі ў Берасьці, Горадні, Нясьвіжы, Полацку, Воршы і інш. Большасьць зь іх знаходзілася пад апекай езуіцкіх, піярскіх і інш. каталіцкіх ордэнаў.

Першы езуіцкі калегіюм узьнік у Вільні (1570), у 1579 годзе ён атрымаў статус акадэміі (унівэрсытэту).

У 1773—1792 гадох на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (і Вялікага Княства) дзейнічала Адукацыйная камісія — сьвецкая ўстанова па арганізацыі і кіраваньні сыстэмай школьная асьветы, фактычна першая ў Эўропе афіцыйная структура з функцыямі цэнтральнай школьнай улады[28].

Гаспадарка

Працэсы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага мелі падабенства з заходнеэўрапейскімі галоўным чынам паводле формы, але значна розьніліся паводле зьместу і далёка не супадалі ў часе.

У 2-й пал. XVI — 1-й пал. XVII стагодзьдзяў на тэрыторыі Вялікага Княства была праведзеная аграрная рэформа (устава на валокі, якую падпісаў Жыгімонт II Аўгуст; валока складала 30 моргаў ці 21,37 га; пад фальварак адводзілася 8—15 валок). Усталявалася фальваркавая сыстэма гаспадараньня. Адбываецца канчатковае запрыгоньваньне сялянаў, значна павялічваецца прыгонны ўціск, вырасьлі даходы шляхты. У выніку рэформы ў цэнтральнай і заходняй Беларусі адбылося разбурэньне сялянскай грамады, укаранілася падворнае землекарыстаньне, зьмяніліся катэгорыі сялянаў (цяглыя, асадныя, агароднікі, слугі), іх эканамічнае й прававое становішча. Паступова ішло павелічэньне тэрыторыі землеўладаньняў сьвецкіх магнатаў, адначасна назіралася застава іхных маёнткаў. Гэта нарадзіла ў 2-й пал. XVIII ст. тэндэнцыю да пераўтварэньня фэадальнай формы ўласнасьці на зямлю ў буржуазную. Побач з заставай узьнікаюць такія зьявы, як арэнда зямлі, мануфактуры ды іншыя, што сьведчыць пра зараджэньне капіталістычнай формы гаспадараньня, дыфэрэнцыяцыю вёскі.

Войска

Асноўны артыкул: Войска Вялікага Княства Літоўскага ў 18 стагодзьдзі

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ ст.-бел. Великое Князство Литовъское, Руское, Жомоитъское; лац. Magnus Ducatus Lithuaniae, польск. Wielkie Księstwo Litewskie; іншыя назвы: Вялі́кая Лі́тва, Вялікалі́тва
  1. ^ Дэ-юрэ — афіцыйны статус з 1566 па 29 жніўня 1696 году. Дэ-факта — ад самога часу ўзьнікненьня ВКЛ і ўваходжаньня ў ягоны склад земляў беларускага этнічнага арэалу, на якіх прынамсі не пазьней за XIV ст. ужо была сфармаваная старабеларуская мова, ужываная ў дзелавой пісьмовасьці: такім чынам, фактычны афіцыйны статус мела з самога ўтварэньня ВКЛ. З канца XIV ст. старабеларуская мова ў пэўнай ступені саступае месца (выданьне прывілеяў на лацінскай мове, некаторых дакумэнтаў па-польску). З 1696 г. старабеларуская мова афіцыйна пазбаўленая афіцыйнага статусу, але зрэдчас выкарыстоўвалася ў актах мясцовага значэньня практычна да самой ліквідацыі ВКЛ.
  2. ^ Часткова і дэ-факта (напрыклад, тэксты шэрагу прывілеяў).
  3. ^ Упершыню выкарыстоўваецца без афіцыйнага статусу ў некаторай частцы дакумэнтаў пасьля пэрыяду пачатку збліжэньня з Польшчай, асабліва пашырыла выкарыстаньне з пачатку XVII ст. і ўрэшце набыла статус адзінай афіцыйнай мовы ў 1696 г., хоць старабеларускую і лацінскую мовы канчаткова ня выцесьніла.

Крыніцы

  1. ^ а б в ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 387.
  2. ^ . — Мн.: . С. 7.
  3. ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401.
  4. ^ а б в г Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401.
  5. ^ Грыцкевіч А. Дзяржаўны і палітычны лад // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 40.
  6. ^ Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401—402.
  7. ^ а б Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 402.
  8. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 2.
  9. ^ а б Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 175.
  10. ^ . — Мн.: . С. 8.
  11. ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 389.
  12. ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 223.
  13. ^ Ермаловіч М. Альгерд // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 105.
  14. ^ Грыцкевіч А. Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам // «Радыё Свабода», 14 ліпеня 2009.
  15. ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 390.
  16. ^ Шабанін Г., Шэкаў А. Тула // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 401.
  17. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 90.
  18. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 91.
  19. ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 153.
  20. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 92.
  21. ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 156.
  22. ^ Г. Сагановіч Сістэма ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім // Матэрыялы па гісторыі Беларусі. — 1997. — 500 ас.
  23. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 38—39.
  24. ^ а б в Капыскі З. Вялікае Княства Літоўскае: Гарады // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 406.
  25. ^ Пазднякоў В. Горад // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 544.
  26. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 131.
  27. ^ Цеплякоў А. Дэміталягізацыя езуітаў у Беларусі // ARCHE №4(44), 2006.
  28. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 208.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Партал «Беларусь»
Партал «Украіна»
Партал «Гісторыя»

Вялікае Княства Літоўскаесховішча мультымэдыйных матэрыялаў