Гедзімін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Гедымін»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Гедзімін Вялікі
Giedzimin. Гедзімін (1709).jpg
Гедзімін Вялікі (уяўны партрэт)
З Коданскай галерэі, 1709 год
10-ы вялікі князь літоўскі
1316 — 1341
Папярэднік Віцень
Наступнік Яўнут
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 23 лютага 1275,
Памёр 1341(1341),
Нашчадкі

сыны: Манівід, Нарымонт-Глеб, Альгерд, Кейстут, Любарт-Фёдар, Карыят-Міхал, Яўнут-Іван


дачкі: Альдона-Ганна, Данміла-Лізавета, Бірута (умоўнае імя), Марыя Старэйшую, Аўгустп-Анастасія, Марыя Малодшая і Яўхімія
Дынастыя Гедзімінавічы
Жонка 1-я: Віда
2-я: Вольга Ўсеваладаўна
3-я: Леанідыя

Ґедзімін, Ґедымін[2] (23 лютага[3] 1275—1341) — вялікі князь літоўскі (1316—1341).

У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі зьявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Узмацнілася запазычаньне элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі ВКЛ, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[4].

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульнапрынятага тлумачэньня імя Гедзімін няма[5]. Існуе некалькі гіпотэзаў, якія ўмоўна можна вызначыць як «хрысьціянскую», «летувіскую», «скандынаўскую» і «заходнебалцкую» («германскую»).

Адна зь першых спробаў растлумачыць імя Гедзімін належыць расейскаму лінгвісту Ўладзіславу Юргевічу. У сваёй працы, апублікаванай у 1883 годзе, ён прыводзіў формы Гедзіман, Едзіман і Едзімей і выводзіў Гедзіміна зь Віндзем'яна. Пры гэтым ён абгрунтоўваў рускі характар імя наяўнасьцю старажытнага сяла Едзімонава каля Цьверы[6].

У летувіскай гістарычнай навуцы імёны вялікіх князёў літоўскіх называць «старажытнымі летувіскімі імёнамі», хоць пры гэтым прызнаюць, што іх цяжка патлумачыць з пункту гледжаньня летувіскай мовы[7]. Прычыну такой супярэчнасьці летувіскія дасьледнікі тлумачаць тым, што г.зв. «летувіскія» двухасноўныя імёны (у адрозьненьне ад аналягічных славянскіх) гістарычна страцілі сваю сэмантыку[7], тым часам летувіская мова (якую параўноўваюць з санскрытам і старажытнагрэцкай мовай) лічыцца адной з найбольш архаічных моваў, бо яна ў найбольшай ступені захавала асаблівасьці праіндаэўрапейскай мовы[8]. Сучасны летувіскі гісторык Томас Баранаўскас тлумачыць імя Гедзімін (лет. Gediminas) празь летувіскую мову як «Той, хто імкнецца думаць» (лет. gedauti — «тужыць» і лет. mintis — «думка»)[9]. Тым часам у сярэдзіне XIX ст. высоўваліся іншыя тлумачэньні: летувіс Даўгдарыс у газэце «Tygodnik petersburski» (ад 17 ліпеня 1850) перакладаў імя «Гедзімін» як «Выдатны сьпявак», у тым жа выданьні іншы летувіскі аўтар Даніла прапаноўваў пераклад «Той, хто топча сорам». Гэтыя тлумачэньні Ў. Юргевіч вызначыў як «кур’ёзныя»[10].

У беларускай гістарычнай навуцы існуе вэрсія (аўтар Лявон Галяк), паводле якой другая частка імя Гедзімін — «-Гедзі» выводзіцца з скандынаўскіх моваў, у якіх ёсьць слова gedigen — «праўдзівы». Другая частка «мін-» тлумачыцца як min — «мой»[11]. Сучасны беларускі гісторык В. Чаропка паказвае на паралелі імя Гедзімін з кельцкім анамастыконам[12]. Беларускі гісторык П. Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» выказвае меркаваньне, што германскі корань gede- (god-, gode-) паходзіў ад тэрміна god (gud) — «бог» — і ўжываўся ў значэньні «добры», «прыязны», тым часам германскае magin (megin) азначае «сіла», «улада», «энэргія». Адсюль, імя Гедзімін значыла, відаць, «Добры валадар»[13]. Таксама дасьледнік прыводзіць іншае тлумачэньня другой часткі ад minne — «любоў», «каханьне». У такім разе імя Гедзімін магло азначаць «Дабралюб»[13]. Аналягічныя тлумачэньні прыводзіць і гісторык беларускай літаратуры Алесь Бразгуноў[14].

Формы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры ўжываюцца формы Гедзімін[5][12][13][15][16][17] і Гедымін. Беларускі мовазнаўца Ігар Капылоў прыводзіць наступныя варыянты імя: Гедиминъ, Гедименъ, Гедиманъ, Едеминъ, Кедмин, Скиндимин, Гердимин, Gеdіmіnnе, Ghоdеmіnnе, Gоdеmіnnus[5]. У пісьмовых крыніцах сустракаюцца варыянты Кгидимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Giedimont[16]. У Хроніцы Быхаўца ўжываецца форма Giedymin, дзе аднак «y» чытаецца як «і». Гісторык Мікола Ермаловіч паказвае на тое, што ўва ўсіх крыніцах гук «д» вымаўляецца як мяккі, таму ў сучаснай беларускай мове гэтае імя павінна пісацца ў форме «Гедзімін»[18].

На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, форма Гедымін (польск. Giedymin) узьнікла пад уплывам польскай мовы. Сваё меркаваньне ён абгрунтоўвае напісаньнем імя ў гістарычных крыніцах, а таксама тым, што балцкія мяккія [d’, t’] па-беларуску перадаюцца празь дзь, ць. Гэта даводзяць агульныя словы (дзірван) і мноства беларускіх назваў балцкага паходжаньня (Гедзевічы, Дзітва, Дзірмуны, Жодзішкі, Гадуцішкі, Гудзішкі, Відзішкі, Юрацішкі і іншыя) і сучаснае беларускае прозьвішча Гедзімін. Тым часам польскія напісаньні беларускіх імёнаў часта не перадаюць дзеканьня-цеканьня (Witebsk, Derewno) і ўтварыліся праз тое, што польскі пісар перадаваў кірылічныя напісаньні палітарна. Апроч таго з імёнамі вялікіх князёў існуе беларуска-польская заканамернасьць: Трайдзень — Trojden, Будзівід і Будзікід — Butywid і Butygejd, Віцень — Witenes, Таўцівіл — Towtywił (апроч таго, імёны Радзівіл, Эрдзівіл перш мелі ў польскай напісаньне Radywił, Erdywił). Цьвёрдасьць у антрапоніме «Гедымін» выразна пярэчыць гэтай сыстэмнай рысе[19].

Тым часам гісторык Аляксандар Краўцэвіч падтрымлівае форму «Гедымін». Ён прызнае, што з пункту гледжаньня мовазнаўства Вінцук Вячорка мае рацыю. Аднак паводле А. Краўцэвіча, у Беларусі склалася практыка ўжываньня формы «Гедымін». У якасьці прыкладу ён прыводзіць «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Менск, 1994), шасьцітомная «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Менск, 2008), тэксты гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча[19]. У жніўні 2018 году Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве (відаць, па запыце ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі) рэкамэндавала для помніка вялікаму князю ў Лідзе подпіс «Гедымін»[19].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне і радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Позьняя традыцыя, зафіксаваная ў літоўскіх (беларускіх) летапісах, лічыла Гедзіміна сынам Віценя, аднак у дыпляматычным ліставаньні Гедзіміна з рыскім магістратам ён завецца братам Віценя[15]. Некаторыя сучасныя дасьледнікі лічаць, што Гедзімін быў сынам ці зяцем яцьвяга Скаламенда, а іншыя — што ягоным бацькам быў Лютавер.

Гедзімін браў шлюб тройчы. Зь першай жонкай, жамойткай Відай, ён меў сыноў Вітаўта (іншым разам лічыцца мітычнай асобай), Манівіда, Нарымонта-Глеба. З другой, з полацкай князёўнай Вольгай Усеваладаўнай — Альгерда і Кейстута. З трэцяй, смаленскай ці тураўскай князёўнай Леанідыяй (яе на падставе зьвестак Тэадора Нарбута часам завуць Еўнай) — Любарта-Фёдара, Карыята-Міхала, Яўнута-Івана. Іхныя шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў. Апроч таго, меў 7 дачок — Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўхімію.

Воін-Васіль Полацкі і Фёдар Кіеўскі часам лічацца братамі Гедзіміна і, адпаведна, сынамі Віценя, але хутчэй за ўсё ня мелі дачыненьня да роду Гедзіміна, хоць і дзейнічалі ў хаўрусе зь ім.

Валадараньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Княжаньне Гедзіміна распачалося паміж кастрычнікам 1315 году (апошні ўпамін пра Віценя) і чэрвенем 1317 году. Пачатак ягонага валадараньня вызначыўся ўтварэньнем у Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай беспасярэдне канстантынопальскаму патрыярху (існавала ў 1317—1330 гадох, цэнтар — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам.

Не пазьней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзыдэнцыяй. Таксама ў гэтым жа годзе ён заснаваў Беласток. Каля 1321 году Гедзімін збудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францішканаў і аднавіў іх касьцёл у Наваградку, збудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.

У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі зь вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус зь Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе другі зяць Гедзіміна і яго намесьнік у Горадні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгараду. Каля 1322 году пад уладу Вялікага Княства Літоўскага перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, пра што паведамляюць позьнія літоўскія (беларускія) летапісы (ускосна пацьвярджаецца пералікам ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335 году, у якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад беспасярэднюю ўладу Гедзіміна адыйшлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі.

Дуб каля Баэрбургу, пры якім, паводле паданьня, загінуў Гедзімін

У траўні 1323 году Гедзімін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да Рымскай Курыі, Ганзейскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцыяў францішканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытуляваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Жамойці», запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцяў, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 году Гедзімін склаў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (гэтак званая Дамова 1323 году). Межы Вялікага Княства Літоўскага і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Дачыненьні з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі Вялікага Княства Літоўскага ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 году рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, бо задаволіўся мірам з Тэўтонскім ордэнам, складзеным у лістападзе 1324 году з дапамогай легатаў. Адначасна вялікі князь наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казімера, сына караля Ўладзіслава Лакетка.

Полацкі князь Воін-Васіль і менскі князь Фёдар Сьвятаслававіч зваліся «братней» Гедзіміна, гэта значыць былі ў васальнай залежнасьці ад яго, хоць і мелі высокі статус, бо зваліся «братамі» (відаць, малодшымі), а не «сынамі». З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Полацкай зямлёй не перапыняліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе былі пасламі Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін-Васіль узначальваў яго), вынікам якога было складаньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру зь Інфлянтамі. Сфэра ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. У 1327—1329 гадох у Пскове па Давыдзе княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.

Дынастыя Гедзімінавічаў-Ягелонаў. Л. Дыцэюс, 1521 г.

У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбурскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Увосень 1329 году ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладаньні ордэна, а ўвесну 1330 году — уладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак закалот скончыўся паразай месьцічаў і дакананьнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 году), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Супольны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 году. У адказ у верасьні таго ж году Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацку), 1334 (да Полацку), 1339, 1340 гадох.

Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх справаў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедзіміна цьвярскі князь Аляксандар у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 году. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду пскоўскага япіскапа свайго вылучэнца Арсенція. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар.

Хаўрусьнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч (называў Гедзіміна «братъ мой стареиший Кедименъ»[a]), казельскі князь Аляксандар Мсьціслававіч — зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага зьвязу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага валадара Івана Каліты. Аднак Гедзімін пазьбягаў наўпростага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 году Нарымонт зьехаў з Ноўгараду і пачаў княжыць у Полацку і, магчыма, таксама ў Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у некалькіх воласьцяў, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).

Літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледнікаў лічыць мітычным. Тым часам у Кіеве ў 1322—1363 гадох княжыў Фёдар — хутчэй за ўсё брат Гедзіміна (роднае імя Фёдара было, імаверна, Міндоўг). Запісы канцылярыі маскоўскага мітрапаліта Феагноста называюць князя Фёдара «братам Гедзіміна»[20]. Існуюць зьвесткі, што князь Фёдар падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юры, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо па сьмерці Гедзіміна. Ён загінуў узімку 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручваньне Гедзіміна[21].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уяўныя партрэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Віцень
Вялікі князь літоўскі
1316—1341
Наступнік
Яўнут

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Liv-, Est-, und Kurlandisches Urkundenbuch. T. 2, №746. P. 332.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118746545 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
  2. ^ Ґедымін = Giedymin // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  3. ^ Дзьве даты: 23 лютага // Чырвоная зьмена. — 23 лютага 2011. — № 7 (15658). — С. 2.
  4. ^ Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 520.
  5. ^ а б в Капылоў І. Гедзіміны // «Звязда». №85, 8 мая 2012. С. 4.
  6. ^ Юргевич В. Опыт объяснения имён литовских князей // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. — М., 1883. Кн. 3. С. 27.
  7. ^ а б Литва. Краткая энциклопедия / ред. Микаллаюнас. — Вильнюс: Главная редакция энциклопедий, 1989. С. 121.
  8. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 208.
  9. ^ Баранаўскас Т. Древние литовские имена(рас.). Пэрсанальны сайт Томаса БаранаўскасаПраверана 17 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ Юргевич В. Опыт объяснения имён литовских князей // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. — М., 1883. Кн. 3. С. 28.
  11. ^ Галяк Л. Аб паходжаньні вялікіх князёў літоўскіх // «Спадчына». № 6, 1993. С. 54—62.
  12. ^ а б Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // «Беларускі гістарычны часопіс» №6 (?), 2001. С. 42—53.
  13. ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2003. С. 143.
  14. ^ Бразгуноў А. Генезіс імёнаў вялікіх князёў літоўскіх // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Менск, 20 красавіка 2010 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; рэдкал.: І. Капылоў і інш.]. — Менск: Права і эканоміка, 2010. С. 209—213.
  15. ^ а б Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 519.
  16. ^ а б Ермаловіч М. Гедзімін // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 501.
  17. ^ Ермаловіч М. Гедзімін // БЭ. Т. 5. — Менск, 1997. С. 131.
  18. ^ Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Менск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1994. С. 10.
  19. ^ а б в «Гедымін» перамог «Гедзіміна». Навукоўцы паспрачаліся праз помнік князю ў Лідзе // Радыё Свабода, 24 жніўня 2018 г.
  20. ^ Шабульдо Ф. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: «Наукова Думка», 1987. [1]
  21. ^ Ермаловіч М. Гедзімін // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 502.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гедзімінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў