Перайсьці да зьместу

Чорнае мора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа Чорнага мора
Выгляд Чорнага мора з космасу

Чо́рнае мо́ра (у старажытнасьці: Πόντος Ἄξενος) — мора, якое знаходзіцца паміж паўвыспай Малая Азія на поўдні, Каўказам на ўсходзе, Усходнеэўрапейскай нізінай на поўначы і Балканскім паўвостравам на захадзе. Адносіцца да Атлянтычнага акіяна.

Па адной з вэрсіяў, назва паходзіць ад таго, што з-за наяўнасьці ў вадзе серавадароду на якары, які знаходзіўся на глыбіні больш за 150 мэтраў, адкладаліся хімічныя элемэнты чорнага колеру. Маракі, бачачы гэтую зьяву, назвалі мора «Чорным».

Мора зьяўляецца найвялікшым рэзэрвуарам бескіслароднай вады ў сьвеце.

Чорнае мора злучана пратокамі Басфор і Дарданэлы зь Міжземным морам. Паўночная частка, аддзеленая Крымскім паўвостравам, мае назву: Азоўскае мора, злучанае з Чорным морам Керчанскай пратокай. Плошча паверхні складае 422 000 км² (разам з Азоўскім морам), аб’ём 555 000 км³, сярэдняя глыбіня 1315 мэтраў, максымальная глыбіня 2258 мэтраў, даўжыня з захаду на ўсход 1150 км, з поўдня на поўнач 580 км. Берагавая лінія мае невялікую колькасьць заток: Ягарлыцкая, Тэндароўская, Каркініцкая, Еўпатарыйская, Севастопальская, Балаклаўская, Тэадарыйская. Існуюць утвораныя рэкамі ліманы. Асноўныя рэкі, якія ўпадаюць у Чорнае мора: Дунай, Днестр, Паўднёвы Буг і Дняпро. Да найважнейшых партоў адносяцца: Канстанца (Румынія), Бургас і Варна (Баўгарыя), Новарасейск (Расея), Адэса (Украіна), Поці (Грузія), Трабзон і Самсун (Турэччына).

Чорнае мора зьяўляецца геалягічна маладым (існуе гіпотэза, што яно ўтварылася каля 5600 году да н. э.) і зьяўляецца рэшткамі вялікага Сармацкага мора. Салёнасьць на паверхні складае 18,3 ‰, на дне дасягае 22,5 ‰. Розьніцу салёнасьці на паверхні і ў глыбіні падтрымлівае абмен вадой з морам Міжземным. З-за розьніцы салёнасьці, адсутнасьці абмену вады з глыбіні і паверхні вядзе да зьнікненьня кіслароду і ўзьнікненьня серавадароду. Гэта зьяўляецца прычынай адсутнасьці арганічнага жыцьця ў глыбіні. У паўднёва-заходняй частцы існуюць радовішчы нафты.

Тэмпэратура вады ад 27° летам да 5° зімой. Клімат кантынэнтальны. Марскія цячэньні двух відаў: першыя выкліканыя абменам вады з Мармуровым морам, другія ўтвараюцца цыклянарным укладам вятроў.

Існуе гіпотэза, што легенды аб вялікім патопе, якія сустракаюцца ў розных культурах сьвету (таксама і ў Бібліі), зьвязаны са зьнікненьнем скал, якія блакавалі праход паміж Міжземным морам і Чорным, пералівам вялізных масаў вады і затапленьнем вялікай тэрыторыі.

У Чорным моры жыве каля 185 відаў рыб, але рыбалоўства слаба разьвіта, гадавая лоўля рыб складае 100 000 тон рыбы, у асноўным: анчоўсы і скумбрыі.

У наш час Чорнае мора ня грае вялікай ролі ў камунікацыях, але ў старажытнасьці тут ішлі вялікія купецкія шляхі (нават з Балтыйскага мора, які меў назву «З варагаў у грэкі» і праходзіў праз тэрыторыю Беларусі). Знайшло гэта адлюстраваньне ў мітах і легендах, зь якіх найбольш вядомыя «Вандроўка за залатым руном» і міт пра амазонак, якія павінны былі жыць у гэтых мясьцінах.

У наш час на берагах Чорнага мора вельмі разьвіты турыстычны бізнэс. На берагах Румыніі, Баўгарыі і Крыму (Украіна), знаходзяцца курорты міжнароднага значэньня.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чорнае морасховішча мультымэдыйных матэрыялаў