Перайсьці да зьместу

Устава на валокі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Уста́ва на вало́кі» — інструкцыя, распрацаваная ў Вялікім Княстве Літоўскім, паводле ўмоваў якой праводзілася аграрная рэформа («валочная памера») і перагляд (рэвізія) пераўтварэньняў, зробленых па пачатковым этапе рэформы ў адпаведнасьці з ранейшымі Ўставамі, выдадзенымі для асобных уладаньняў.

Да сярэдзіны XVI стагодзьдзя ў ВКЛ захоўваліся даўнейшыя архаічныя, традыцыйныя сыстэмы сялянскага землекарыстаньня і абкладаньня сялянаў павіннасьцямі. Старыя сыстэмы ня ўлічвалі ўсе актуальныя для XVI ст. гаспадарчыя рэсурсы і магчымасьці зямельных угодзьдзяў, што памяншала магчымыя даходы ўласьнікаў гэтых угодзьдзяў — дзяржавы і фэўдалаў. Гэта абумовіла рэарганізацыю старых сыстэмаў шляхам вымярэньня зямлі на валокі (30 моргаў, або 21,36 га), вызначэньня якасьці глебы і ўвядзеньня валокі ў якасьці асноўнай адзінкі абкладаньня ў дзяржаве.

Упершыню аграрную рэформу ў сваіх уладаньнях (Давыд-Гарадок, Пінск, Клецак і некаторыя інш.) у 1540 — пач. 1550-ых правяла Бона Сфорца, жонка караля польскага і вялікага князя Жыгімонта Старога. У кожным уладаньні рэформа праводзілася на аснове спэцыяльных інструкцый (Уставаў). Амаль адначасова паводле асобнай Уставы пачала праводзіцца рэформа ў гаспадарскіх уладаньнях ейнага сына Жыгімонта Аўгуста. Да 1557 рэформа была завершана ў многіх гаспадарскіх уладаньнях заходняй часткі ВКЛ. Але яе прынцыпы і іх рэалізацыя былі прызнаны незадавальняючымі.

У 1557 была распрацавана новая інструкцыя — «Устава на валокі», на аснове якой пачалася суцэльная рэвізія, г. зн. перагляд папярэдняй памеры. «Устава на валокі», па сутнасьці, стала новай памерай. Гэтая другая памера была скончана ў 1568 і ахапіла ўсе гаспадарскія ўладаньні заходняй часткі ВКЛ.

У 1560 г. была праведзена аграрная рэформа ў гаспадарскіх падняпроўскіх («рускіх») валасьцях. Тут яна праводзілася на аснове спэцыяльнай уставы, якая ўлічвала сацыяльна-эканамічныя асаблівасьці гэтага рэгіёну.

У гаспадарскіх уладаньнях Падзьвіньня аграрная рэформа не праводзілася, таму што яна ў ходзе Лівонскай вайны (1558—1583) стала арэнай актыўных ваенных дзеяньняў.

Валочная памера ў гаспадарскіх уладаньнях Усходняй Беларусі пачалася ў канцы XVI стагодзьдзя. У гаспадарскіх уладаньнях зямля вымяралася на валокі не па 30 моргаў, а па 33 (23,5 га), а іншы раз і больш. Нягледзячы на тое, што сяляне маглі атрымаць па валоцы, яны звычайна бралі толькі па паўвалокі зямлі на гаспадарку.

Усе валокі вёскі ў залежнасьці ад канкрэтных умоваў па характары галоўных павіннасьцей разьмяркоўваліся на «цяглыя», «асадныя» і «вольныя» (для сялянаў-слуг, якія вызваляліся ад спэцыфічных павіннасьцей, сялянаў іншых катэгорыяў). Мяркуючы па зьвестках рэестраў валочнай памеры, у гаспадарскіх маёнтках пераважалі асадныя, або чыншавыя, валокі, што сьведчыць пра выключна шырокае распаўсюджваньне ў гэтых уладаньнях грашовай рэнты.

З кожнай валокі зямлі былі ўстаноўлены дакладна вызначаныя віды і нормы павіннасьцей. Віды галоўных і іншых павіннасьцей залежалі ад павіннаснага характару валок, а нормы — ад якасьці зямлі. Яна дыфэрэнцыравалася на чатыры катэгорыі: «добрая», «сярэдняя», «дрэнная» і «вельмі дрэнная».

Гэта значыць, што ўпершыню ўлічвалася розная эфэктыўнасьць працы на землях рознай якасьці. Такім чынам, агульны памер павіннасьцей таксама ўпершыню быў абумоўлены як памерам надзелу, так і якасьцю зямлі.

Галоўнай павіннасьцю з асаднай валокі была «асада» — плацяжы грашамі — па 30 грошаў. Разам з галоўнай асадныя сяляне абавязаны былі выконваць і іншыя асноўныя павіннасьці: плаціць па 12 грошаў за талокі і па 10 грошаў за «гвалты», г. зн. тэрміновыя работы ў надзвычайных выпадках (пажары, паводкі і да т. п.). Вартасьць гэтых асноўных павіннасьцей у грашовым выражэньні складала 52 грошы. Галоўнай павіннасьцю зь цяглай валокі была паншчына па два дні на тыдзень на працягу 49 тыдняў. Замест шасьці дзён паншчыны на працягу трох тыдняў зімовых і вясновых рэлігійных сьвятаў цяглыя сяляне абавязаны былі выконваць чатыры дні талок улетку. Значыць, яны хадзілі на працу ў фальварак 102 дні на год.

Агульная вартасьць асноўных павіннасьцей у грашовым выражэньні складала, напрыклад, з асаднай валокі добрай зямлі 106 грошаў, сярэдняй — 97, дрэннай — 83 і вельмі дрэннай — 66.

Апроч асноўных, сяляне абавязаны былі выконваць і шэраг дадатковых павіннасьцей: скошваць фальварачныя сенажаці, перавозіць грузы, будаваць, рамантаваць і вартаваць панскія двары і да т. п.

Рэарганізацыя ў 1560 г. сыстэмы землекарыстаньня і абкладаньня сялянства павіннасьцямі ў гаспадарскіх падняпроўскіх валасьцях заключалася ў вымярэньні ворыва на «службы» — участкі на 30 салянак (бочак) высеву зерневых, што адпавядае 30 моргам, або валоцы зямлі. Служба была ўведзена замест дыма ў якасьці новай адзінкі абкладаньня. Пры гэтым вызначалася і якасьць зямлі кожнай службы: «добрая», «сярэдняя» і «дрэнная». Адну службу зямлі бралі, як правіла, дзьве сялянскія гаспадаркі. Адначасова таксама высьвятлялася наяўнасьць сенажацяў (у вазах сена), рыбалоўных і паляўнічых угодзьдзяў. Удакладняліся і апісваліся зьнешнія межы ўсіх зямель вёсак.

За карыстаньне службамі і іншымі ўгодзьдзямі былі ўстаноўлены дакладна вызначаныя віды і нормы павіннасьцей. Нормы іх былі дыфэрэнцыяваныя ў залежнасьці ад якасьці зямлі, плошчы сенажацяў і наяўнасьці прамысловых угодзьдзяў і велічыні прыбыткаў з апошніх. Нормы галоўнай павіннасьці — плацяжу грашамі са службы — былі наступнымі: 60 грошаў — з добрай зямлі, 50 — зь сярэдняй і 40 — з дрэннай. Іншыя асноўныя павіннасьці складалі бочку збожжа і бочку аўса, 4 пенязі (0,4 гроша) за воз сена, 20 або 25 грошаў за пуд (медніцу) мёду (у залежнасьці ад велічыні мясцовых мер). У якасьці дадатковых сяляне выконвалі шэраг павіннасьцей натурай і грашамі на карысьць розных прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі (ураднікаў). Па вышэйвыказаных прычынах агульныя памеры плацяжоў сялянаў са служб у розных вёсках не былі аднолькавымі.

Такім чынам, адным з важных вынікаў аграрнай рэформы ў гаспадарскіх падняпроўскіх валасьцях было канчатковае пераўтварэньне сялянаў-даньнікаў у сялянаў-чыншавікоў. Гэта таксама ўскосна сьведчыць аб значнай ролі сувязей гаспадарак такіх сялянаў з унутраным рынкам. Істотныя зьмены ў сыстэме землекарыстаньня і абкладаньня сялянаў адбыліся ў тых маёнтках сьвецкіх і духоўных фэўдалаў, у якіх была праведзена валочная памера. Пры значным у цэлым падабенстве відаў і нормаў асноўных павіннасьцей з валокі зямлі ў розных уладаньнях яны ўсё ж многімі дэталямі прыкметна адрозьніваліся ад адпаведных устанаўленьняў Уставы на валокі 1557 г. Так, напрыклад, нормы паншчыны вызначаліся ад 2 да 5 дзён на тыдзень, чыншу — ад 20 да 50 грошаў, асады — ад 60 да 120 грошаў, талок — ад адсутнасьці да 12 дзён на год.

Аграрная рэформа галоўным чынам у выніку ўвядзеньня больш поўнага і дакладнага ўліку і абкладаньня асноўных рэсурсаў сялянскай гаспадаркі прывяла да значнага павелічэньня даходаў фэўдалаў за кошт далейшага ўзмацненьня эксплюатацыі сялянства.

Асноўныя прынцыпы землекарыстаньня і абкладаньня сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых двухсот гадоў яго разьвіцьця. Тым самым яна паклала пачатак новаму этапу эвалюцыі сыстэмы фэўдальнай эксплюатацыі беларускага сялянства.

  • Пичета, В. И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2-е изд. — 2. — Москва: Академия наук СССР, 1958. — 548 с. — 1600 ас.
  • Пичета, В. И. Белоруссия и Литва XV–XVI вв.: исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития. — Москва: Академия наук СССР, 1961. — 816 с. — 1738 ас.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]