Іўе
| Іўе лац. Iŭje | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | Беларусь | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Гарадзенская | ||||
| Раён | Івейскі | ||||
| Першыя згадкі | 1444 | ||||
| Дата заснаваньня | 1444 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 45,97 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 145 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 53°55′50″ пн. ш. 25°46′20″ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 7702 чал. (2018)[1] | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | |||||
| Паштовы індэкс | 231330 | ||||
| СААТА | 4229501000 | ||||
| Нумарны знак | 4 | ||||
| Іўе на мапе Беларусі ± Іўе | |||||
Іўе — места ў Беларусі, на рацэ Іўянцы. Адміністрацыйны цэнтар Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7702 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 158 км на ўсход ад Горадні, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя (лінія Ліда — Маладэчна), вузел аўтамабільных дарог на Менск, Ліду, Наваградак.
Іўе — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, драўляны татарскі мячэт, мураваныя сынагогі і традыцыйная местачковая забудова, помнікі архітэктуры XVI — пачатку XX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кальвінскі збор, помнік архітэктуры XVI ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, і барокавая памятная каплічка на Віленскім гасьцінцы, помнік архітэктуры XVIII ст, зьнішчаны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Існуе некалькі меркаваньняў пра этымалёгію тапоніму Іўе. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэтая назва мае славянскае паходжаньне (ад найменьня драўніннай пароды івы — вярбы)[2]. Такога ж пункту гледжаньня прытрымліваецца акадэмік Польскай акадэміі навук Генрык Лаўмянскі[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае фінска-вугорскае паходжаньне і перакладаецца на беларускую мову, як 'выток ракі'[4]. Між тым Іўе перакладаецца з татарскай мовы як 'гняздо' альбо 'хата', а само мястэчка здаўна лічыцца сталіцай беларускіх татараў.
У 3-м томе «Жывапіснай Расеі» П. Сямёнаў сьцьвярджае, што сьпярша Іўе называлася Еўе, а заснавальніцай паселішча была жонка вялікага князя Гедзіміна Ева. Але ў гістарычных дакумэнтах XVII ст. мястэчка значыцца як Іўе, у некаторых крыніцах сустракаецца пад назвай Івь[2].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Iwye (3 ліпеня 1510 году)[5]; Иве (1553 год)[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Упершыню Іўе ўпамінаецца ў XV стагодзьдзі як вялікакняскі двор. У 1444 годзе вялікі князь Казімер перадаў паселішча маршалку земскаму П. Мантыгердавічу, які заснаваў тут касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. З 1-й паловы XVІ стагодзьдзя паселішча знаходзілася ў валоданьні Забярэзінскіх, у 1558—1654 гадох — Кішкаў.
У сярэдзіне XVІ стагодзьдзя ў Іўі было 4 вуліцы — Віленская, Наваградзкая, Крывая і Новая[7]. Паводле інвэнтару 1563 году, тут было 123 уладальнікі дамоў, 23 чалавекі займаліся рамяством[7]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павету.
У 2-й палове XVІ стагодзьдзя Іўе стала адным з цэнтраў арыянства ў Вялікім Княстве Літоўскім, тут існавала арыянская школа. У 1585—1593 гадох рэктарам школы быў мысьляр-гуманіст і пэдагог Ян Ліцыні Намыслоўскі. На 1598 год у паселішчы працавалі 2 карчмы; было 129 сядзібных пляцаў, а таксама 19 пляцаў, адведзеных татарам за межамі паселішча.
З 1610 году ў Іўі працавала выдавецтва Троцкага брацтва. У 1631 годзе кашталян троцкі і ваявода амсьціслаўскі Мікалай Кішка заснаваў кляштар ордэна бэрнардынаў, якому перадаў Петрапаўлаўскі касьцёл. Пры кляштары дзеялі школа, шпіталь і бібліятэка. У гэты ж час у Іўі збудавалі драўляны фарны касьцёл. На 1634 год у паселішчы было 180 двароў, 3 вуліцы і Рынак. На 1685 год у Іўі было 79 уласьнікаў дамоў і сядзібаў, зь якіх 49 чалавек валодалі ворнымі землямі[7]. У 2-й палове XVІІ — 1-й палове XІХ стагодзьдзяў паселішча знаходзілася ў валоданьні Слушкаў, Глябовічаў, Жыжэмскіх, Агінскіх, Сапегаў, Тызэнгаўзаў. У 1742 годзе Іўе атрымала статус мястэчка[7].
- Старая графіка Іўя, 1898 год
- Вуліца Касьцельная
- Памятная капліца
- Рэшткі кальвінскага збору[8]
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Іўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ашмянскага павету. Зь сярэдзіны XІХ стагодзьдзя мястэчка знаходзілася ў валоданьні графаў Замойскіх.
У 1861 годзе ў Іўі адбылося сялянскае паўстаньне, якое жорстка здушылі расейскія войскі. У 1882 годзе коштам графіні Замойскай у мястэчку збудавалі мячэт, які дзее дагэтуль. Паводле перапісу 1897 году, у Іўі было 387 двароў, касьцёл, капліца, сынагога, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, мячэт, расейская народная вучэльня, аптэка, млын, 17 крамаў, 4 карчмы; штогод праводзілася 5 кірмашоў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Іўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[9]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Іўе ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
12 студзеня 2000 году Іўе атрымала статус места[10].
- Места на старых здымках
- Касьцёл, каля 1900 г.
- Вуліца Касьцельная, 1916 г.
- Рынак, 1917 г.
- Камяніца на Рынку, 1915—1918 гг.
- Вуліца Наваградзкая. Мячэт, 1916 г.
- Сынагога, 1910 г.
- Млын на Іўянцы, 1916 г.
- Вуліца Конская,
1915—1918 гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XIX стагодзьдзе: 1869 год — 2123 чал. (1054 муж. і 1070 жан.)[11]; 1897 год — 3,7 тыс. чал.[3]
- XX стагодзьдзе: 1971 год — 5 тыс. чал.[12]; 1995 год — 8,6 тыс. чал.; 1998 год — 8,8 тыс. чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 8,6 тыс. чал.; 2009 год — 8174 чал.[14] (перапіс); 2016 год — 7712 чал.[15]; 2017 год — 7630 чал.[16]; 2018 год — 7702 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Іўі працуюць сярэдняя школа, гімназія,школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 4 дашкольныя ўстановы.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Іўі ёсьць футбольная каманда «Надзея», якая бярэ ўдзел у рэгіянальных спаборніцтвах Гарадзенскай вобласьці.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Плянавальная структура Іўя складалася гістарычна, яе абумовіла разьмяшчэньне на перакрыжаваньні шляхоў на Менск, Ліду і Наваградак. Цяпер гэта галоўныя вуліцы мястэчка, якія зьяўляюцца ядром забудовы. На скрыжаваньні галоўных вуліцаў знаходзіцца пляц (былы Рынак). У цэнтральнай частцы забудова канца XIX — пач. ХХ стагодзьдзяў, пераважна цагляная, 2-павярховая, гэтак званыя «жыдоўскія» дамкі.
На ўскраінах мястэчка — аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу. На паўночным захадзе ўтварыўся мікрараён, забудаваны 3-х і 5-павярховымі жылымі дамамі, разьмяшчаецца гасьцініца. Будаваньне новага жыльля вядзецца ўва ўсходняй частцы.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
| 1 Мая вуліца | Віленская вуліца | |
| Камсамольская плошча | Рынак пляц | |
| Карла Маркса вуліца | Касьцельная вуліца Бэрнардынская вуліца | |
| Савецкая вуліца | Наваградзкая вуліца | Адама Міцкевіча вуліца |
| Чкалава вуліца | Крывая вуліца | |
| Энгельса вуліца | Конская вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Гандлёвая і Надрэчная вуліцы[17].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці і сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
- Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці Іўеўскага раённага спажывецкага таварыства
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Інфрастуктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Спыніцца можна ў гатэлі «Іўе»[18].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.)
- Капліца Сьвятой Барбары (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бэрнардынаў. Знаходзіцца на гістарычнай Касьцельнай вуліцы. Помнік архітэктуры готыкі і барока, адбудаваны ў 1787 годзе з будынка канца XVІ стагодзьдзя. Побач з касьцёлам магіла кс. Ільдэфонса Бобіча — беларускага сьвятара і пісьменьніка
- Млын (XIX—XX стагодзьдзі)
- Могілкі: татарскія (Мізар), юдэйскія
- Мячэт (1884)
- Парк (XIX ст.)
- Сынагогі (пач. ХХ ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кальвінскі збор («Сынодзік»)
- Каплічка
- Сынагога
- Сядзіба Агінскіх
- Фарны касьцёл
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды места
- Інтэр’ер касьцёла
- Капліца Сьвятой Барбары
- Сынагога
- Млын
- Татарскі мізар
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Валеры Карашкоў (нар. 1953) — дзяржаўны дзяяч Беларусі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- 1 2 Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 144.
- 1 2 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
- ↑ Баршчэўская Н. Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі 1—4, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 17 кастрычніка 2007 г.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 127.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168.
- 1 2 3 4 Грынявецкі В. Іўе // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 680.
- ↑ Jankowski Cz. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 3. — Petersburg, 1898. S. 59.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
- ↑ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 12 января 2000 года «Об отнесении городского посёлка Ивье Гродненской области к категории городов районного подчинения»
- ↑ Wejssenhof J. Iwje // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
- ↑ Шаблюк В. Іўе // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 510.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 366.
- ↑ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 28.
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл. ISBN 985-6302-45-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 324.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Іўе , Radzima.org
- Беларускае Рыо-дэ-Жанэйра — Іўе, Generation.BY
- Віртуальная Іўеўшчына
- Старонка мясцовага тэлеканала «Ивье ТВ»
| ||||||||