Перайсьці да зьместу

Сьвідрыгайла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвідрыгайла
лац. Śvidrygajła
Сьвідрыгайла (уяўны партрэт)
Вялікі князь літоўскі
1430 — 1432
Папярэднік Вітаўт Вялікі
Наступнік Жыгімонт Кейстутавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1370[1][2] або 1356
Памёр 10 лютага 1452,
Пахаваны
Дынастыя Гедзімінавічы
Сужэнец Ганна Іванаўна Цвярская[d]
Бацька Альгерд
Маці Ульляна

Сьвідрыга́йла Альге́рдавіч (у каталіцтве Балясла́ў; каля 1370[3] — 10 лютага 1452) — вялікі князь літоўскі (1430—1432).

Асноўныя артыкулы: Сьвідрыгайла (імя) і Імёны ліцьвінаў

Сьведрык (Suedrik[4]) і Гайла (Gailo) — імёны германскага паходжаньня[5]. Іменная аснова -сьвінд- (-сьвент-, -сьвіт-) (імёны ліцьвінаў Швендэр, Сьвентальд, Сьвентагал; германскія імёны Schwender, Switald, Galsuintha) паходзіць ад гоцкага swinþs 'моцны, магутны'[6], аснова -рых- (-рык-) (імёны ліцьвінаў Дзітрык, Індрых, Эрык; германскія імёны Ditricus, Hindrich, Erik) — ад гоцкага reiks 'магутны'[7], германскага rikja 'магутны, каралеўскі'[8], а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаў Відзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[9]. Такім парадкам, імя Сьвідрыгайла азначае «гаспадар, магутны свавольствам»[10].

Адпаведнасьць імя Сьвідрыгайла германскаму імю Suedrikilo сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[4].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Свидригайло (1382 год)[11]; Swetregal (31 кастрычніка 1382 году[12])[13]; herczog Swittrigail[14], Swittergal[15] (Паведамленьні аб літоўскіх дарогах); Boleslao alias Swytrygalone (Boleslaus alias Swytrygal[16]; 25 траўня 1391 году)[17]; Мы, князь Швитригаило (20 сакавіка 1401 году)[18]; Nos Boleslaus alias Swyttirgail dei gratia princeps et heres Litwanie et Russie et dominus Podolie (2 траўня 1402 году)[19]; herczog Swittergeil (13 кастрычніка 1406 году)[20]; Boleslao alias Switrigaylo (13 студзеня 1407 году)[21]; Шватрегайло Олгердовичь (Цьвярскі летапіс пад 1408 годам)[22]; Quomodo cupientes cum Iuclito principe domnino Boleslao Alias Swidrigal magno Duce lithwanie et cet fratre nostro carissimo (1409 год)[23]; dominus Boleslaus alias Switergal dux Littuanie (2 і 4 кастрычніка 1409 году)[24]; ; Swiedergal (травень 1419 году)[25]; Nos Boleslaus alias Swidrigaill dei gracia dux Olgorthowicz (10 верасьня 1420 году)[26]; herczug Swidirgal (ліпень 1422 году)[27]; Boleslaus alias Swidrigail die gracia dux Littwanie et terrerum Czirneow (27 ліпеня 1422 году)[28]; Boleslaus alias Switrigall dux Czirnihouiensis (27 верасьня 1422 году)[29]; Boleslaus alias Switrigall (7 лістапада 1430 году)[30]; Nos, Switrigal (29 лістапада 1430 году)[31]; Swydrigall, von Gotis gnaden grosfurste zur Lithawen und zur Rewssin etc (29 красавіка 1431 году)[32]; Nos Boleslaus alias Swythergal (1 верасьня 1431 году)[33]; Boleslaus, anders Switrigal, von Gots gnaden grosfurste zu Lithawen und Rewssen etc. (22 чэрвеня 1432 году)[34]; herczog Swidirgal (4 верасьня 1432 году[35], 16 кастрычніка 1436 году[36]); Schwitrigall (13 лістапада 1432 году)[37]; herczog Swydirgal (12 сьнежня 1432 году)[38]; Swittergal (красавік 1433 году)[39]; hern Boleslao, anders Swidrigal (25 траўня 1433 году)[40]; herczog Swydergal (4 лістапада 1434 году)[41]; мы, великии князь Швитрикгаилъ (13 чэрвеня 1437 году)[42]; herczogk Schwidrigal (1 лістапада 1442 году)[43]; Швитригайло (14 сакавіка 1445 году)[44]; Швитригайл Олкгирдович (15 траўня 1446 году)[45]; мы великий князь Александро, инако Швитрикгайло Олькгирдовичь (29 сьнежня 1446 году, 29 сьнежня 1451 году)[46]; Швитрикгайл[ъ] Олькгирдовичь (31 сьнежня 1450 году, 1451 год[47]); Швитригайло Оликгирдович (24 верасьня 1451 году)[48]; Швитрикаила Олкердови(ч) (1452 год)[49]; Свитригайло[50], Светригайло[51] (Наўгародзкі чацьверты летапіс); Швитригайло Олгердовичь (Сафійскі першы летапіс)[52].

Крыжакі пад камандаю князя Вугоршчыны і Літвы Сьвідрыгайлы перамагаюць туркаў у морскай бітве. Мініятура 1443 г.

Сын Альгерда і яго другой жонкі цьвярской князёўны Ўльляны, малодшы брат Ягайлы. У лютым 1386 году перад каранацыяй Ягайлы польскай каронай у Кракаве быў у складзе дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва[53]. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. Калі гаспадаром зрабіўся Вітаўт, той у 1392 годзе пазбавіў Сьвідрыгайлу віцебскага пасаду. З таго часу быў у апазыцыі да Вітаўта, але ў выніку прыміраўся зь ім.

У 1396 годзе зьехаў у Інфлянты да крыжакаў, з вайсковай сілай якіх завалодаў Віцебскам. Вітаўт з сваім войскам адбіў места, паланіў Сьвідрыгайлу-Баляслава і адправіў яго да Ягайлы ў Польшчу. 12 жніўня 1399 году ў складзе войска Вялікага княства Літоўскага ўдзельнічаў у бітве на рацэ Ворскле. У 1400 годзе прысягнуў Вітаўту за княжацкі пасад у Падольлі. Праз 2 гады ўцёк у Прусію, адкуль з крыжакамі зьдзейсьніў некалькі паходаў на ВКЛ. У 1407 годзе па замірэньні атрымаў ад Вітаўта княжацкі пасад у Северску. Праз 2 гады вялікакняская варта пасадзіла яго на 9 гадоў у цьвердзь Камянец (Берасьцейскі павет) па выяўленьні перамоваў з крыжакамі аб зрынаньні Вітаўта[54].

Па сьмерці Вітаўта ў 1430 годзе згодна з умовамі Гарадзельскай уніі вялікі князь літоўскі мусіў абірацца з згоды Ягайлы і польскіх паноў. Але князі і баяры, якія сабраліся на сойм ў Вільні, без узгадненьня абвясьцілі вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлу. Не жадаючы канфлікту з ВКЛ Ягайла пагадзіўся з гэтым выбарам.

Сьвідрыгайла хоць і быў ахрышчаны ў каталіцтва, але быў вядомы як супраціўнік уніі з Польшчай і даўні супраціўнік Вітаўта і Ягайлы. Відаць, менавіта гэтым кіравалася незалежніцкая партыя, якая складалася ў большасьці з праваслаўных пры яго абраньні на пасаду. Польскі храніст Ян Длугаш кажа, што Сьвідрыгайла меў павагу ў праваслаўных, бо хоць сам быў каталіком, але меў вялікую прыхільнасьць да іх веры.

Стаўшы вялікім князем, Сьвідрыгайла пачаў раздаваць важныя дзяржаўныя пасады амаль выняткова праваслаўным, якія складалі большасьць ягонага атачэньня. Гэтым была незадаволена прапольская партыя, якая складалася ў большасьці з каталікоў. Ранейшы Гарадзельскі прывілей, хоць ён і абмежавана дзейнічаў у ВКЛ, даваў новаахрышчаным каталікам перавагі перад праваслаўнымі, але Сьвідрыгайла ўвогуле не зважаў на гэта. Незадаволенасьць каталікоў добра адлюстроўваюць словы кракаўскага біскупа Зьбігнева Алясьніцкага, які ў 1432 годзе пісаў, што праваслаўныя пры Сьвідрыгайле трымаюць у сваіх руках амаль усе найважнейшыя гарады і пасады, чаго не было пры Вітаўце.

Пячаць Сьвідрыгайлы з Пагоняй, 1402 г.

У замежнай палітыцы валадараньне Сьвідрыгайлы пачалося з канфлікту з Польшчай. Спрэчкі за Падольле былі яшчэ пры Альгердзе і Вітаўце, а пры Сьвідрыгайле зноў абвастрыліся, а ў канцы 1430 году перарасьлі ва ўзброенае змаганьне. Адбыўся канчатковы разрыў паміж Сьвідрыгайлам і Ягайлам. Па безвыніковых перамовах польскі кароль у чэрвені 1431 году пачаў вайну і накіраваў сваё войска на Валынь. Сьвідрыгайла шукаў хаўрусьнікаў — яго падтрымліваў імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт Люксэмбурскі, які абяцаў вялікаму князю каралеўскую карону, а таксама Тэўтонскі ордэн, які жадаў рэваншу па паразе 1410 году. У чэрвені 1431 году Сьвідрыгайла падпісаў абаронча-наступальную дамову зь вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Паўлам Русдорфам, таксама дапамогу абяцалі татары і малдаўскі гаспадар.

Уяўны партрэт Сьвідрыгайлы, XVIII ст.

Страта палітычных пераваг, гарантаваных Гарадзельскім прывілеем, а таксама разрыў з Польшчай, выклікалі натуральную незадаволенасьць каталіцкай часткі князёў і баяраў, а таксама і тых праваслаўных якія лічылі за лепшае прапольскую арыентацыю ВКЛ. Былі незадаволеныя і тыя каталікі і праваслаўныя, хто меў уладу пры Вітаўце і быў адхілены ад яе Сьвідрыгайлам. Не абышлося без падбухторваньня з боку Польшчы, якая падтрымлівала прапольскую (ці супрацьсьвідрыгайлаўскую) апазыцыю ў ВКЛ і дапамагала ў падрыхтоўцы замаху на Сьвідрыгайлу. Спробу замаху ўначы 1 верасьня 1432 году ўчынілі ў Ашмяне Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Іванавіч Гальшанскі (праваслаўны), але Сьвідрыгайле пашчасьціла ўратавацца і ўцячы ў Полацак.

Уяўны партрэт Сьвідрыгайлы. М. Барвіцкі, 1908 г.

Адразу па гэтым прапольская партыя абвясьціла вялікім князем аднаго з змоўнікаў, малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта Кейстутавіча[55]. Яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўня, Жамойць і Горадня, ўзброенай сілай было падпарадкавана Берасьце. Па гэтым, імаверна бачачы свае цяжкае становішча на бок Жыгімонта перайшла Наваградчына. Аднак Полацкая, Віцебская і Смаленская землі, Севершчына, Кіеўшчына, Валынь не прызналі Жыгімонта, а лічылі вялікім князем Сьвідрыгайлу.

Жыгімонт адразу аднавіў зьвяз з Польшчай, падпісаўшы унію ў Горадні, ў якой пацьвердзіў вярхоўную ўладу Ягайлы на ўмовах Віленска-Радамскай уніі 1401 году, такім чынам абмежаваўшы самастойнасьць ВКЛ часам свайго жыцьця. Каб змагацца зь Сьвідрыгайлам Ягайла прыслаў Жыгімонту польскае войска. Так у ВКЛ пачалася грамадзянская вайна 1432—1437 гадоў. Трэба адзначыць, што гэтая вайна ня мела нацыянальна-рэлігійнага характару, бо ў абодвух супрацьлеглых лягерах былі як праваслаўныя, так і каталікі. Напраўду яна была змаганьнем княска-баярскіх партыяў паміж сабою. Напрыклад, Сьвідрыгайла лічыў сябе заўзятым каталіком і прытым ачольваў у асноўным праваслаўную партыю, але гэтая партыя змагалася не за веру, а за сваё дамінантнае становішча ў дзяржаве і ў ёй таксама былі князі і баяры каталіцкага веравызнаньня, якія выступалі супраць уніі з Польшчай і за хаўрус з Тэўтонскім ордэнам.

Сьвідрыгайла абапіраючыся на Полацак з восені 1432 году пачаў рабіць вайсковыя выправы землі, што прызналі Жыгімонта. Узімку і ўлетку 1433 году войска Сьвідрыгайлы хадзіла да Вільні і Наваградку, заняло шэраг невялікіх гарадоў, але ўвогуле вайсковыя дзеяньні былі для іх няўдалыя. Не надалі абяцанай дапамогі татары і малдаўскі гаспадар. Толькі Лівонскі ордэн пасылаў свае войскі супраць Жыгімонта. У сваю чаргу Жыгімонт Кейстутавіч пры падтрымцы польскіх войскаў ваюючы землі, што захавалі адданасьць Сьвідрыгайлу, у 1433 годзе дахадзіў да Амсьціслава.

Маючы колькасную перавагу, Сьвідрыгайла ня здолеў плённа яе выкарыстаць, да таго ж хутка страціў галоўнага хаўрусьніка. Польска-чэскае войска напала на Новую Марку і падышло да Гданьску, вялікі магістар Тэўтонскага ордэна мусіў скласьці з Польшчай замірэньне. У выніку дамовы, складзенай у канцы 1433 году ў Ленчыцах, Ордэн выракся хаўрусу зь Сьвідрыгайлам. Вызначальнымі для зыходу вайны былі прывілей 1432 году, выдадзены Ягайлам для Луцкай зямлі і агульназемскі прывілей, выдадзены Жыгімонтам у Троках 6 траўня 1434 году. Гэтыя прывілеі абвяшчалі роўнасьць правоў праваслаўных і каталікоў у межах ВКЛ — правы, што гарантаваліся каталікам Гарадзельскім прывілеем, пашыраліся на ўсіх падданых незалежна ад веравызнаньня. У прывілеі Жыгімонта адзначалася, што такая роўнасьць была заўжды, але гэтым актам яна афіцыйна пацьвярджаецца. Хоць у Троцкім прывілеі дэкляравалася, што пасады ваяводаў і кашталянаў віленскага і троцкага могуць займаць толькі каталікі, але ж праваслаўнае баярства атрымала гарантыі недатыкальнасьці сваіх зямельных уладаньняў, свабоду распараджэньня зямлёй, ільготы ад дзяржаўных павіннасьцяў. Гэтым зьняліся асноўныя супярэчнасьці ў грамадзтве і Сьвідрыгайла пачаў страчваць падтрымку.

Сьвідрыгайла спадзяваўся на дапамогу каталіцкага Захаду, зьвярнуўся да Базэльскага сабору. У 1433 годзе ў Базэль прыйшоў ліст нібыта ад праваслаўных баяраў зь Віцебску, якія выказалі жаданьне падпарадкавацца Рыму, а ў наступным годзе на царкоўным саборы зьявілася дэлегацыя Сьвідрыгайлы, якая пацьвердзіла яго пляны уніі і папрасіла дапамогі ў змаганьні з Жыгімонтам і Ягайлам. Але гэта была памылкаю, бо праваслаўныя па Троцкім прывілеі і так пакідалі лягер Сьвідрыгайлы, а яго намер увесьці царкоўную унію яшчэ больш адштурхнуў іх. Паспрыяла гэтаму і тое, што князь улетку 1435 году загадаў спаліць у Віцебску мітрапаліта Герасіма, бо падазраваў апошняга ў пераходзе на бок Жыгімонта.

У такім становішчы Сьвідрыгайла, пакуль яшчэ меў даволі шмат прыхільнікаў, надумаў даць прапольскай партыі генэральную бітву. У ліпені 1435 году разам з войскамі Лівонскага ордэна ён рушыў на Жыгімонта. Войска Сьвідрыгайлы ўзначальваў дасьведчаны войскаводзец Жыгімонт Карыбутавіч. На дапамогу ж Жыгімонту Кейстутавічу прыйшлі польскія харугвы. У бітве пад Вількамірам на рацэ Сьвятой 1 верасьня 1435 году, прыняўшы бой у надзвычай неспрыяльных умовах, войскі Сьвідрыгайлы пацярпелі цяжкую паразу. З 50 князёў-удзельнікаў бітвы на баку Сьвідрыгайлы загінула 13, а 34 трапілі ў палон. Вялікія страты панесла і лівонскае рыцарства: загінуў магістар Франц фон Кірскорф і некалькі камтураў. Сьвідрыгайла з 30 баярамі ўцёк у Полацак. Але па гэтай бітве, у якой незалежніцкая партыя панесла цяжкія страты, падтрымка Сьвідрыгайлы стала маламагчымай, і ў гэтым жа годзе ўладу Жыгімонта прызнаў Смаленск; Полацак і Віцебск жа адбілі аблогі войскаў Жыгімонта.

Тэўтонскі ордэн падпісаў у Брэсьце Куяўскім «вечны мір» з Жыгімонтам Кейстутавічам і Ягайлам, зноў адмовіўся ад хаўрусу зь Сьвідрыгайлам і прызнаў уладаром ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, абавязваючыся і ў будучым прызнаваць толькі таго вялікага князя літоўскага, які будзе абраны з згоды Польскага каралеўства, ды не падтрымліваць вялікіх князёў літоўскіх у іх антыпольскіх захадах. Наступным летам Полацак і Віцебск прызналі ўладу Жыгімонта. Нейкі час Сьвідрыгайла яшчэ знаходзіў падтрымку на Кіеўшчыне, Севершчыне і Валыні, але потым пакінуў і гэтыя землі, атрымаўшы прытулак у Валахіі. Там Сьвідрыгайла знаходзіўся да забойства Жыгімонта Кейстутавіча, арганізаванага незалежніцкай партыяй. Па гэтым ён зьявіўся на Валыні і называў сябе вярхоўным князем літоўскім. Але рада князёў і паноў, узначаленая Янам Гаштольдам 29 чэрвеня 1440 году, абвясьціла вялікім князем трынаццацігадовага Казімера, зрабіўшы гэта ізноў жа без узгадненьня з польскімі панамі.

У тым жа годзе вялікі князь Казімер перадаў Сьвідрыгайлу Валынскае княства, дзе той панаваў да самой сьмерці[56].

Папярэднік
Вітаўт
Вялікі князь літоўскі
1430—1432
Наступнік
Жыгімонт
  1. ^ а б Grand Duke of Lithuania Švitrigaila // Faceted Application of Subject Terminology
  2. ^ а б Švitrigaila // opac.vatlib.it (анг.)
  3. ^ Śvidryhajła // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 201.
  4. ^ а б Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 102.
  5. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 567.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  7. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 188.
  8. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 206.
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  10. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 25.
  11. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 61.
  12. ^ Договор между ВКЛ и Тевтонским орденом о передаче части Жемайтии за рекой Дубисой (1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  13. ^ Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. P. 57.
  14. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 704.
  15. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 708.
  16. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 197—198.
  17. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 35.
  18. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 512.
  19. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 82.
  20. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 136.
  21. ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza // Ateneum Wileńskie. Nr. 1, 1923. S. 258.
  22. ^ ПСРЛ. Т. 15. — М., 2000. С. 474.
  23. ^ Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. S. 103.
  24. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 203.
  25. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 447—448.
  26. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 489.
  27. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 567.
  28. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 569.
  29. ^ Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku. — Poznań, 2004. S. 11.
  30. ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 130.
  31. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 513.
  32. ^ Полехов С. В., Наумов Н. Н. Татарская тематика в переписке сановников Тевтонского ордена. 1431—1432 гг. // Золотоордынское обозрение. 2020. Т. 8. № 4. С. 787.
  33. ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 131.
  34. ^ Полехов С. В., Наумов Н. Н. Татарская тематика в переписке сановников Тевтонского ордена. 1431—1432 гг. // Золотоордынское обозрение. 2020. Т. 8. № 4. С. 792.
  35. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 518.
  36. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 534.
  37. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 526.
  38. ^ Rowell S. Bears and Traitors, or: Political Tensions in the Grand Duchy, ca. 1440—1481 // Lithuanian Historical Studies. Vol. 2, 1997. P. 54.
  39. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 288.
  40. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 288.
  41. ^ Rowell S. Bears and Traitors, or: Political Tensions in the Grand Duchy, ca. 1440—1481 // Lithuanian Historical Studies. Vol. 2, 1997. P. 55.
  42. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 536.
  43. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 538.
  44. ^ Українські грамоти XV ст. — Київ, 1965. С. 37.
  45. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 3, 1432—1534. — Lwów, 1890. S. 4.
  46. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 3, 1432—1534. — Lwów, 1890. S. 5, 6.
  47. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 45, 46.
  48. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 44.
  49. ^ Українські грамоти XV ст. — Київ, 1965. С. 38.
  50. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 72, 206, 209—210.
  51. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 106, 117, 119.
  52. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 257, 264.
  53. ^ Грыцкевіч А. Свідрыгайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 556.
  54. ^ Анатоль Мясьнікоў. Самы мяцежны ўладар // Зьвязда : Газэта. — 30 ліпеня 2004. — № 182-183. — ISSN 1990-763x.
  55. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 76.
  56. ^ Грыцкевіч А. Свідрыгайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 557.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]