Бельскі павет (па-польску: Powiat bielski) — павет у Падляскім ваяводзтвеПольшчы. Створаны ў 1998 року ў выніку тэрытарыяльна-адміністрацыйнай рэформы. Адміністрацыйны цэнтар — горад Бельск-Падляскі. Акрамя яго, у складзе павету знаходзіцца яшчэ адно места — Бранск.
Бельск зьяўляўся цэнтральным пунктам для станаўленьня будучага Бельскага павету. Першыя згадкі пра бельскае гарадзішча адносяцца да XIII ст., калі гэтыя землі падлягалі Галіцка-Валынскаму княству. Першапачаткова адміністрацыйным цэнтрам было Берасьце, але ў XIII ст. больш значны ўплыў на будучыя землі Бельскага павету аказваў Дарагічын. Праўдападобна каля 1320 году бельская земля ўпершыню трапляе ў склад ВКЛ, але на працягу XIV ст. неаднаразова апынялася ў руках мазавецкіх князёў. Фінальна бельская земля адыйшла да князя Вітаўта каля 1405 г. і з 1413 г. у складзе дарагічынскай зямлі ўваходзіла ў Троцкае ваяводзтва. Яшчэ з канца XIV ст. абшар сёньняшняга Бельскага павету (асабліва ягоная заходняя частка) засяляўся дробнай шляхтай мазавецкай, а абшар у навакольлі Бельску ды на ўсход ад яго з канца XV ст. і асабліва ў XVI ст. засяляўся мужыкамі з раёну Дарагічына і Берасьця, а таксама баярамі зь Літвы. Прыватная ўласнасьць земляў на захадзе сёньняшняга павету і вялікакняская (а з 1569 г. каралеўская) утрымалася да канца XIX ст. Бельская земля ўвайшла ў 1513 г. у склад Падляскага ваяводзтва і зь ім у выніку Люблінскай уніі была ўключаная ў 1569 г. у склад Кароны Каралеўства Польскага. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай абшар сёньняшняга павету апынуўся пад уладаньнем Каралеўства Прусіі, а пасьля Тыльзыцкага пагадненьня 1807 г. адышоў у склад Беластоцкай вобласьціРасейскай імпэрыі. З 1842 г. у складзе Гарадзенскай губэрні. Пасьля Першай сусьветнай вайны па рашэньні польскай Рады міністраў быў створаны Бельскі павет у складзе Беластоцкага ваяводзтва. Ахопліваў ён сабою таксама абшары сёньняшніх Гайнаўскага і Сямяціцкага паветаў. Быў зьліквідаваны 14 студзеня 1940 г. і падзелены на Бельскі, Бранскі, Цеханавецкі, Кляшчэляўскі і Сямяціцкі раёны. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1952 г. з даваеннага Бельскага павету быў адлучаны новаствораны Сямяціцкі павет, а ў 1953 г. Гайнаўскі. Бельскі павет быў ліквідаваны на аснове адміністрацыйнай рэформы ў 1973 г. і адноўлены ў 1998 г.[2].