Войшалк
Войшалк | |
![]() | |
3-і вялікі князь літоўскі | |
1264 — 1266 | |
Папярэднік | Транята |
Наступнік | Шварн Данілавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1223 |
Памёр | 1268 |
Бацька | Міндоўг |
Маці | 1-я жонка Міндоўга |
Войшалк (1223[1]—1268) — вялікі князь літоўскі (1264—1266[2] або 1267[3]), князь наваградзкі (1254, 1258—1263)[4]. Сын Міндоўга.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1223 годзе. Каля 1245 году ў Новагародку разам з бацькам і яго баярамі ахрысьціўся ў праваслаўе. Быў, відаць, новагародзкім намесьнікам Міндоўга. Магчыма, маецца на ўвазе пад ананімным «сынам Міндаўга», які ў 1251—1252 гадох ваяваў у ваколіцах Турыйску на Валыні, але гэта мог быць і Даўмонт (калі вернае меркаваньне некаторых крыніцаў, што апошні таксама быў сынам Міндаўга).
Першы пісьмовы ўспамін пра Войшалка знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1254 годам, калі ён зрабіўся новагародзкім князем. У тым жа годзе заключыў мір з галіцка-валынскімі князямі, выдаў замуж за Шварна Данілавіча сваю сястру і перадаў Новагародзкае княства Раману Данілавічу. Сам жа пайшоў у Палонінскі кляштар на Валыні, дзе прыняў пострыг пад імем Лаўрыш.
Пасьля трох гадоў жыцьця ў Палонінскім кляштары, недзе ў 1256 або 1257 годзе выправіўся ў паломніцтва на гару Атон, але мусіў вярнуцца з Баўгарыі з прычыны вайны, якая ішла там. Каля 1260 году разам з 10—12 манахамі заснаваў кляштар «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[5]. Гэты кляштар пазьней будзе названы Лаўрышаўскім (Лаўрышава, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Першым ігуменам кляштара быў прападобны Елісей.
Войшалк пражыў у кляштары каля году, да нападу Бурундая з галіцка-валынскімі князямі ў 1258 годзе на Літву. У гэты час ён выйшаў з кляштару і, зьяднаўшыся са сваім стрыечным братам Таўцівілам, захапіў Рамана Данілавіча і забіў яго, зноў стаўшы новагародзкім князем.
У 1263 годзе пасьля забойства Транятам Міндаўга і Таўцівіла на кароткі час зьбег у Пінск. Але ўжо ў 1264 годзе разам зь пінскім войскам вярнуўся ў Новагародак, дзе злучыўся з дружынамі новагародзкіх баяраў і пайшоў ўсталёўваць сваю ўладу ў Літве, зьнішчыўшы шмат сваіх ворагаў.
Прызнаў уладу Васількі Раманавіча і князяваў разам з Шварнам Данілавічам, з дапамогай якіх заваяваў Нальшаны і Дзяволтву. У 1267 годзе перадаў уладу Шварну і пайшоў у кляштар на Валыні.
Прыблізна ў красавіку 1268 году старэйшы брат Шварна Леў Данілавіч паклікаў Войшалка да сябе ва Ўладзімер-Валынскі, дзе забіў яго ў час гутаркі. Летапіс тлумачыць забойства тым, што Леў меў крыўду на Войшалка, які перадаў уладу над Літвой не яму, а Шварну[2].
Папярэднік Транята |
Вялікі князь літоўскі 1264—1267 |
Наступнік Шварн |
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Vojšałk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 219.
- ^ а б Вячаслаў Насевіч. Войшалк // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 463
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 231.
- ^ М. І. Ермаловіч. Войшалк // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 349.
- ^ Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 20.12.2015.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Vojšałk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-X.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краўцэвіч А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне. Pawet.net. Праверана 27 сакавіка 2011 г.
|