Генрык Валезы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генрык Валезы
лац. Hienryk Valezy
франц. Henri III
Anjou 1570louvre.jpg
 Кароль Польшы
24 студзеня 1574 — 18 чэрвеня 1574
Каранацыя 21 лютага 1574, Кракаў
Папярэднік Жыгімонт II Аўгуст
Наступнік Стэфан Баторы
Вялікі князь Літоўскі
24 студзеня 1574 — 18 чэрвеня 1574
Папярэднік Жыгімонт II Аўгуст
Наступнік Стэфан Баторы
28-ы Кароль Францыі
30 траўня 1574 — 2 жніўня 1589
Каранацыя 13 лютага 1575, Рэймскі сабор, Рэймс, Францыя
Папярэднік Карл IX Валуа
Наступнік Генрых IV Бурбон
3-і Герцаг Ангулемскі
19 верасьня 1551 — 30 траўня 1574
Папярэднік Карл II Арлеанскі
Наступнік Генрых Ангулемскі
9-ы Герцаг Арлеанскі
5 сьнежня 1560 — 30 траўня 1574
Папярэднік Карл IX Валуа
Наступнік Гастон Арлеанскі
7-ы Герцаг Анжуйскі
8 лютага 1566 — 30 траўня 1574
(пад імем Генрых III)
Папярэднік Люіза Савойская
Наступнік Франсуа Алансонскі
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Alexandre-Édouard de Valois-Angoulême
Нарадзіўся 19 верасьня 1551, Фантэнблё
Памёр 2 жніўня 1589 (37 гадоў), Сэн-Клю
Пахаваны Абацтва Сэн-Дэні, Францыя
Жонка Луіза Лятарынгская
Бацька Генрых II Валуа
Маці Кацярына Мэдычы
Узнагароды
ордэн Падвязкі Order of the Holy Spirit
Подпіс Signature of Henry III Valois as King of Poland.PNG

Генрык Валезы, Генрых III Валюа (19 верасьня 1551, Фантэнблё, Францыя — 2 жніўня 1589) — герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі з 1575 году, апошні прадстаўнік дынастыі Валюа (Ангулемская галіна) на стальцы Францыі.

Біяграфія =[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці сын Генрыха II Валюа і Кацярыны Мэдычы. Вайсковая і палітычная кар’ера Генрыка пачалася вельмі рана. У лістападзе 1567 году ён прызначаны генэрал-лейтэнантам і атрымаў камандаваньне каралеўскім войскам Францыі. Генрыку прыпісваюць дзьве перамогі над гугенотамі пры Ярнаку ў сакавіку 1569 году і пры Манкантры ў верасьні 1569 году. Хоць на самой справе кіраўніцтва войскам ажыцьцяўлялі больш дасьведчаныя вайскаводцы, у Парыж ён вярнуўся авеяны славай гэтых перамог.

Генрык быў любімым сынам Кацярыны Мэдычы і існуе меркаваньне, што яна жадала каб менавіта ён атрымаў каралеўскую карону. Баючыся палітычнага ўзмацненьня Генрыка ў Францыі, яго брат Карл IX Валюа падтрымаў прапанову ажаніць яго з Ганнай Ягелонкай, каб пасьля сьмерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам Рэчы Паспалітай і такім чынам пазбавіцца ад Генрыка ў Францыі і адначасова не дапусьціць на трон Рэчы Паспалітай Габсбургаў. Але зьвесткі пра Барталамееўскую ноч 24 жніўня 1572 году, у падрыхтоўцы якой удзельнічаў Генрык, выклікалі выступленьні супраць яго кандыдатуры пратэстантаў Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнік Францыі біскуп дэ Манлюк усё ж такі здолеў атрымаць падтрымку большасьці сэнатараў і шляхты, што сабраліся на выбары. Ён даў пісьмовае пацьвярджэньне ўмоваў, на якіх Генрык будзе абраны каралём, так званых Генрыкавых артыкулаў. Генрык абавязваўся таксама пабрацца шлюбам з Ганнай Ягелонкай адразу па прыезьдзе ў Рэч Паспалітую. Таксама была падпісаная дамоўленасьць пра ваенныя і фінансавыя адносіны паміж Рэччу Паспалітай і Францыяй, умовы пакараньня францускім урадам удзельнікаў Барталамееўскай разьні і ўстанаўленьне міру з гугенотамі. На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 траўня 1573 году гнезьненскі арцыбіскуп Уханскі абвясьціў выбраньне Генрыка каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

16 траўня 1573 году пасьля атрыманьня канчатковай згоды часткі паслоў-пратэстантаў надворныя маршалкі, каронны і літоўскі, афіцыйна абвясьцілі абраньне на трон Генрыка. 18 лютага 1574 году Генрык прыехаў у Кракаў, 24 лютага 1574 году адбыліся каранацыя і прысяга ў адпаведнасьці з Генрыкавымі артыкуламі.

Большасьць паслоў сойма, бачачы няздольнасьць Генрыка выканаць фінансавыя і ваенныя абавязкі, патрабавала паўторнай прысягі па кожным пункце артыкулаў асобна. У шмат якіх ваяводзтвах пачаўся рух за пазбаўленьне Генрыка кароны. Не ўдалося, як гэта прадугледжвалі Генрыкавы артыкулы, стварыць пры каралі дарадчы орган з 16 сэнатараў і паслоў. Незадавальненьне выклікала нежаданьне Генрыка ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.

30 траўня 1574 году ў Францыі памёр Карл IX. Сэнат Рэчы Паспалітай пастанавіў, што рашэньне аб ад’езьдзе караля можа прыняць толькі вальны сойм. У ноч на 19 чэрвеня 1574 году Генрык тайна выехаў з Кракава. Падкаморы каронны Ян Тэнчынскі дагнаў яго, але дамогся толькі абяцаньня вярнуцца ў Рэч Паспалітую, як толькі ўладкуе справы ў Францыі. У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III, у Рэч Паспалітую ён не вярнуўся.

Падчас рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі, якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бязьдзетнасьцю Генрыка. У траўні 1588 г. у час народнага паўстаньня ў Парыжы ўцёк у Шартр. Пасьля забойства па загадзе Генрыка герцага Генрыха дэ Гіза і яго брата кардынала Лятарынгскага дэмакратычнае крыло Парыскай лігі скінула яго. У 1589 годзе Генрык разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. Пад час аблогі быў забіты манахам ордэна якабітаў Якавам Клеманам па загадзе лігі. Да канца жыцьця Генрык карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Henry III // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Lundy D. R. Henri III, Roi de France // The Peerage (анг.)
  3. ^ а б Heinrich III. (Frankreich) // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118773720 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 160.