Алесь Белы
Алесь Белы лац. Aleś Bieły | |
Дата нараджэньня | 17 лютага 1968 (56 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | Беларускі політэхнічны інстытут (1989) |
Занятак | публіцыст, гісторык |
Навуковая сфэра | Гісторыя |
Вядомы як | Аўтар кнігі «Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» |
Навуковая ступень | доктар філязофіі |
Узнагароды | Прэмія імя Францішка Багушэвіча (2001) |
Але́сь Бе́лы (Аляксандар Валерыянавіч Белы; псэўданімы: Кухмістр Верашчака, Gorliwy Litwin; нар. 17 лютага 1968, Менск) — беларускі гісторык, публіцыст, культуроляг і блогер. Доктар гуманітарных навук (PhD), гісторыя (2008)[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Менску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1989), Кінгзтанскую школу бізнэсу ў Вялікабрытаніі (1996). У 2008 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па гісторыі ў Клайпедзкім унівэрсытэце (Летува) па тэме: «Лякалізацыя хароніма Белая Русь паводле заходнеэўрапейскіх тэкставых і картаграфічных крыніц XIII — сярэдзіны XVIII стагодзьдзяў».
Аўтар кнігі «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» (Менск, 2000) — дэталёвае рэканструкцыі эвалюцыі зьместу назвы «Белая Русь» у сыстэмах геаграфічных ведаў розных народаў і эпох на падставе заходнеэўрапейскіх тэкставых і картаграфічных крыніц VI—XVIII стагодзьдзяў.
Ляўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча 2001 году. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі Беларусі ў часопісе «Спадчына» і Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, у ангельскіх часопісах, радыёпраграмаў сэрыі «Беларуская Атлянтыда» на Радыё Свабода. Суаўтар дакумэнтальнага тэлевізійнага цыклю БТ «Маем рэчы». Аўтар і ўкладальнік кніг «Наша Страва», «Энциклопедия белорусской кухни», «Belarusian Cookbook».
З 2022 году жыве ў Ізраілі.
Асноўныя інтарэсы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- гісторыя картаграфіі;
- іканаграфія ВКЛ і Беларусі Сярэднявечча і Новага часу;
- гісторыя дыпляматыі і замежных сувязяў ВКЛ;
- уплыў заходнеэўрапейскіх культурных, тэхналягічных і эканамічных рэаліяў на фармаваньне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі;
- гісторыя кулінарыі і гастранаміі.
Бізнэс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2005 годзе набыў шляхецкі дом у вёсцы Малой Люцінцы Валожынскага раёну, які зьбіраўся рэканструяваць і дзе прапаноўваў турыстычныя паслугі[2]. Пазьней выступаў кансультантам рэстарана нацыянальнай кухні ў цэнтры Менску[3].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крытыкуецца за сваё агрэсіўнае стаўленьне да Беларускага нацыянальнага адраджэньня. У сваіх публічных выказваньнях выступаў актыўным апалягетам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, агульна абвінавачваў гістарычных дзеячоў Беларускага адраджэньня і сучасных беларускіх культурніцкіх актывістаў у нацызьме, антыхрысьціянстве ды іншым. Вядомы як складальнік сьпісу «нацыстаў-беларутэнаў», у які ён улучыў у тым ліку гісторыка Ўладзімера Арлова[4][5][6][7][8][9].
Нягледзячы на агрэсіўнае непрыняцьце беларускіх адраджэнцаў, актыўна цытуе[10] калядную песьню, вядомую выняткова з адной крыніцы — публікацыі аднаго з пачынальнікаў Беларускага нацыянальнага адраджэньня Вацлава Ластоўскага (хоць аўтэнтычнасьць шэрагу песьняў, апублікаваных Ластоўскім, неаднаразова ставілася пад сумнеў[11], а сам Белы ў сваёй кнізе «Наша Страва» азначае Ластоўскага як «вялікага містыфікатара»[12]). Адметнасьцю гэтай песьні, знойдзенай Ластоўскім у аправе кнігі, падараванай яму ў 1923 годзе начальнікам Дэпартамэнту рэлігіі Летувы Казімерасам Прапалянісам(lt), ёсьць называньне «ліцьвінамі» асобаў зь летувіскімі імёнамі: «Енас з Юргасам з пушчаў літвіны нясьлі Хрыстові з салам бацьвіны» (тым часам паводле беларускай народнай песьні, добра вядомай з парыскай лекцыі пра Беларусь Аляксандра Рыпінскага[13], апісаньня Барысаўскага павету Яўстаха Тышкевіча[14], слоўніка Насовіча і зборніка беларускіх песень Пятра Бяссонава — «Кузьма и Дземьянъ два Лицвины, принешли горшочекъ боцвиння»[15], а паводле варыяцыі гэтай жа песьні на Піншчыне — «два літвіны із Дывін прынесьлі гаршчык батвін»[16]). Сам Белы азначае апублікаваную Ластоўскім песьню як «традыцыйную калядку пачатку XVIII стагодзьдзя», а таксама прыводзіў непраўдзівыя зьвесткі, што «арыгінал быў надрукаваны ў выд.: Служебник. Супрасль, 1726»[17][a].
У верасьні 2023 году летувіскі гісторык, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Альфрэдас Бумблаўскас заявіў, што «што ёсьць і канструктыўныя „літвіністы“, як, напрыклад, Аляксандар Белы, які прызнае гістарычныя межы Летувы шырэй, чым межы 1920 году»[18][b].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ На красавік 2024 году выпраўлена на: «Арыгінал, паводле В. Ластоўскага, быў знойдзены на аркушыку, укладзеным у выданне: Служебник. Супрасль, 1726. (В. Ластоўскі. Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі. Коўна. 1926. С. 631-632). Улічваючы метадалогію Ластоўскага, цалкам можа быць фальсіфікатам»
- ^
- 2 жніўня 2024 году ў тэлеграм-канале «Gorliwy Litwin» (@gorliwy_litwin) зьявіўся допіс, дзе сьцьвярджаецца неіснаваньне беларускай нацыі: «<…> І дарэчы якія дасягненні ў беларусаў у калектыўных відах спорту? Дзе поспехі белых рускіх камандаў? Іх няма таму што немагчыма набраць дзясятак чалавек якія вераць усур’ёз у гонар такой нацыі Якой насамрэч не існуе. Ну не былі ж вандалы і лангабарды нацыямі!.і не былі іх варварскія каралеўствы нацыянальнымі дзяржавамі. А Абламейка ўвесь час крадзе ў Літвы кавалкі спадчыны і аб’яўляе іх „беларускімі“. Злодзей і фальсіфікатар.»[19];
- 24 лістапада 2024 году ва ўліковым запісу Facebook «Алесь Белы» зьявіўся допіс з наступным тэкстам: «Белыя рускія жартуюць. Раскажыце мне які жарт там самы смешны? Для мяне гэта калі яны кажуць што ў іх „нацыя“»[20]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алесь Белы. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка. Праверана 21 чэрвеня 2009 г.
- ^ Сядзіба Белых «Марцінова Гусь» | Малая Люцінка, Radzima.org
- ^ Рэстаран беларускай і літвінскай кухні «Кухмістр» ВІДЭА // Наша Ніва, 12 сакавіка 2014 г.
- ^ Пётра Рудкоўскі, Дасканалы дуэт: КГБ і Алесь Белы, Наша Ніва, 28 сьнежня 2008 г.
- ^ «Дзве грані нацыяналістычнае свядомасці — нацызм і паганства», Наша Ніва, 28 сьнежня 2008 г.
- ^ Янка Базыль, «Доктор истории» Simpson(недаступная спасылка), Народная перамога, 17 ліпеня 2013 г.
- ^ Алесь Белый: «Белорусскую идентичность создала советская власть», «Евразия Эксперт», 6 верасьня 2016 г.
- ^ Алесь Белый: Существует ли в Беларуси литвинский проект?, Regnum, 21 жніўня 2012 г.
- ^ Зьбігнеў Канарскі, Літвін, доктар Алесь Белы і яго дыягназ для Беларусі, nationalinterestby.net
- ^ Кухмістр Верашчака. Літвінская кухня. — Litres, 2022.
- ^ Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. № 3, 2009. С. 92-99.
- ^ Белы А. Наша Страва. — Менск, 2010. С. 12.
- ^ Rypiński A. Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji i o jego śpiewie, tańcach, etc. — Paryż, 1840. S. 42.
- ^ Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu borysowskiego pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospodarczym, przemysłowo-handlowym i lekarskim, z dodaniem wiadomości: o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiorach ludu, gusłach, zabobonach itd. — Wilno, 1847. S. 384.
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 31.
- ^ Zienkiewicz R. Piosenki gminne ludu pińskiego. — Kowno, 1851. S. 8.
- ^ Бацвінне — гастранамічны сімвал Літвы XVII—XVIII ст., Patreon, 8 сьнежня 2021 г.
- ^ Вільня, ВКЛ і беларусы. Адкуль бярэцца «літвінізм» і чаму ён пужае літоўцаў?, Новы час, 4 верасьня 2023 г.
- ^ Gorliwy Litwin ад 2 жніўня 2024 г. (архіўная копія)
- ^ Допіс Алесь Белы, 24 Лiстапад 2024 г. а 00:14
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Праект «Беларускія аўтары» — Алесь Белы Архіўная копія
- Жыцьцяпіс Алеся Белага
- Севярын Квяткоўскі, Шоў «Лiцвiнiзм». Цяпер і ў Летуве, «Наше Мнение», 28 сакавіка 2024 г.