Перайсьці да зьместу

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Статут ВКЛ 1529 году»)
Старонка з I Статуту. Альшэўскі сьпіс

Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1529 го́ду, Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэўдальнага права Вялікага Княства Літоўскага, помнік беларускае пісьменнасьці, мовы й праўнай думкі. Юрыдычна замацоўваў асновы грамадзкага й дзяржаўнага ладу, парадак утварэньня, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых установаў.

Набыў сілу 29 верасьня 1529 году. Складаўся з 13 разьдзелаў і 244 артыкулаў. У выніку пазьнейшых дапаўненьняў колькасьць артыкулаў павялічылася да 283[1].

Падрыхтоўка праводзілася ў першай палоле XVI стагодзьдзя. Першы праект зьявіўся яшчэ ў 1522 годзе. Камісіяй складальнікаў (сярод якіх, імаверна, быў першадрукар і доктар права Францішак Скарына[2]) кіраваў канцлер Альбэрт Гаштольд. Асноўныя палажэньні абмяркоўваліся зь вялікім князем Жыгімонтам Старым, які зацьвердзіў звод. Камісія адступіла ад сыстэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавала сваю. Яна ґрунтавалася на новых прынцыпах: сувэрэннасьці дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінстве права, на прыярытэт пісанага права.

Пагоня, Ляўрэнцьеўскі сьпіс Статуту

Аснову Першага Статуту складае кадыфікацыя й сыстэматызацыя нормаў мясцовага звычаёвага права, пастановаў судовых і дзяржаўных установаў, Судзебніка Казімера (1468 год), прывілеяў. Сярод адметнасьцяў — выпрацоўка сыстэмы й структуры разьмяшчэньня праўных нормаў у залежнасьці ад іхнага зьместу, улучэньне тыповых і абагульненых нормаў, дакладная рэдакцыя кожнага артыкулу, увядзеньне новых праўных нормаў (з адлюстраваньнем тагачасных таварна-грашовых дачыненьняў), улучэньне нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага й іншых галінаў права.

Выданьне Першага Статуту вывела Вялікае Княства Літоўскае на адно зь першых месцаў у сьвеце ў разьвіцьці права й праўнае культуры. Разам з тым гэты звод стаў праўнай асновай для далейшага разьвіцьця заканадаўства.

Напісаны старабеларускай мовай, перакладаўся на лацінскую й польскую.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 631.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 630.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]