Любяшоў
| Любяшоў лац. Lubiašoŭ | |
| Населены пункт | |
Брама сядзібы Чарнецкіх | |
| Краіна | Украіна |
|---|---|
| Вобласьць | Валынская |
| Раён | Любяшоўскі |
| Першыя згадкі | 1484 |
| Дата заснаваньня | 1484 |
| Магдэбурскае права | 1693 |
| Геаграфія | |
| Плошча |
|
| Вышыня НУМ | 151 м |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°45′47″ пн. ш. 25°29′57″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 5702[1] чал. (2022) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | 3362 |
| Паштовы індэкс | 44200 |
| КОАТУУ | 0723155100 |
| Любяшоў на мапе Ўкраіны Любяшоў | |
Любяшоў (укр. Любешів) — мястэчка ва Ўкраіне, на рацэ Стаходзе. Адміністрацыйны цэнтар Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці. Насельніцтва — 5627 чалавек.[2] Знаходзіцца за 138 км ад Луцку, за 50—60 км ад чыгуначных станцыяў Маневічы і Камень-Кашырскі. Празь мястэчка праходзіць аўтамабільны шлях Р14, якім можна дабрацца да міжнароднага пункту пропуску Дольску на беларуска-ўкраінскай граніцы.
Любяшоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока брама сядзібы Чарнецкіх, комплекс касьцёла Сьвятога Францішка з кляштарам капуцынаў і калегіюм піяраў, у якім навучаўся Тадэвуш Касьцюшка, помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл піяраў (барока, XVIII ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Любіш (Lubisch) — імя германскага паходжаньня[3].
Паводле народнага паданьня, заснавальнікам першага паселішча на тэрыторыі цяперашняга мястэчка быў паляўнічы Любаш, які жыў у XV ст. Любаш служыў пры двары тураўскага шляхціча Верлі. Верля меў дачку Ядвігу, якую хацеў выдаць за сына князя Сапегі. Але Ядвіга, незважаючы на волю бацькоў, закахалася ў паляўнічага Любаша, таму ім давялося ўцякаць далёка ад дому і пасяліцца на беразе невялікай рэчкі, аточанай лясамі і балотамі[4].
У часы валоданьня Дольскіх мястэчка часьцей звалі Новым Дольскам (Стары Дольск знаходзіцца цяпер каля граніцы зь Беларусяй).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра маёнтак Любяшоў зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 18 верасьня 1484 году. Пад 1516 годам паселішча значыцца ў судовым дакумэнце «Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, судзьдзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці». Гэта хіба што першы ўпамін пра род Глінскіх, які ўвайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу й ягонаму гумарыстычнаму твору «Пінская шляхта»[4]. У 1547 годзе Любяшоў перайшоў у валоданьне Льва Абразцова. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва[4]. У 1653 годзе мястэчка спалілі татары.
У 1686 годзе Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіюм айцоў піяраў, які стаў значным адукацыйным цэнтрам у эпоху асьветніцва (у 1788 годзе тут навучаліся 75 юнакоў[5]), здабываючы славу важнай эўрапейскай вучэльні. Калегіюм прымаў у свае лавы ня толькі шляхецкіх дзяцей, але й звычайных сялянаў, навучаліся тут каталікі побач з праваслаўнымі, пратэстантамі і юдэямі, у сьценах вучэльні ня мела месца дыскрымінацыя ані паводле рэлігійнай, ані паводле нацыянальнай прыналежнасьці. У 1693 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку Магдэбурскае права[4][6].
У 1753—1758 гадох у Любяшоўскім піярскім калегіюме навучаўся Тадэвуш Касьцюшка. У 1756 годзе ўладальнікам мястэчка стаў Ян Антоні Чарнецкі, які разам з сваёй жонкай Фэліцыянай заснаваў тут кляштар капуцынаў. 5 траўня таго ж году ў мястэчка прыбылі першыя манахі.
- Старая графіка Любяшова
- Касьцёл піяраў, абмеры
- Інтэр'ер касьцёла піяраў, 1873 г.
- Касьцёл і кляштар капуцынаў, абмеры
- Брама сядзібы Чарнецкіх, 1873 г.
- Панарама, люты 1916 г.
- Рака Стаход, люты 1916 г.
- Касьцёл і кляштар капуцынаў, 25.11.1915 г.
- Касьцёл і кляштар капуцынаў, 1927 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Любяшоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні. У 1817 годзе кляштар капуцынаў моцна пацярпеў ад пажару. У 1826 годзе расейскія ўлады ператварылі піярскі калегіюм у павятовую вучэльню[7]. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня яны гвалтоўна зачынілі кляштар капуцынаў. У XIX ст. Любяшове штогод праводзілася 3 кірмашы, пазьней — 4[8]. На 1859 год у мястэчку быў 531 двор[9].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Любяшоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]20 лістапада 1917 году абвяшчалася Ўкраінская Народная Рэспубліка з прэтэнзіяй на Пінскі павет, у тым ліку на Любяшоў. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтая тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары ваколіцаў мястэчка (Марочанская воласьць) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Любяшоў увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павету Палескага ваяводзтва. У 1935 годзе ў мястэчку пачаў дзеяць кляштар капуцынаў усходняга (славянскага) абраду, які разьмясьціўся ў колішніх піярскіх мурах.
У 1939 годзе ўлады СССР перадалі Любяшоў у склад УССР, дзе з 1940 году ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 5 сакавіка 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
- Мястэчка на старых здымках
- Рынак. І. Сербаў, 1912 г.
- Касьцёл і калегіюм піяраў, 1915—18 гг.
- Галоўны алтар, 1917 г.
- Замкавая вуліца, 1917 г.
- Кляштарная вуліца, 1915—18 гг.
- Сынагога (направа), 1916 г.
- Брама сядзібы Чарнецкіх, 1917 г.
- Царква, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1884 год — 2 тыс. чал., зь іх 332 каталікі[12]; 1898 год — 2739 чал.[6]
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 978 чал. у мястэчку Любяшове, 822 чал. у сяле Любяшове і 6 чал. у маёнтку Любяшове[13]; 1990 год — 5,1 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 5,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2011 году — 5627 чал.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Любяшове працуе Навучальна-выхаваўчы комплекс, музычная школа, тэхнічны каледж Луцкага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзее Любяшоўская раённая друкарня.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
| Бандарэнкі вуліца | Кляштарная вуліца |
| Незалежнасьці вуліца | Замкавая вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Любяшова да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Берасьцейская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Калегіюм піяраў (1753—1758)
- Касьцёл Сьвятога Францішка і кляштар капуцынаў (1756—1758)
- Сядзіба Чарнецкіх, брама (XVIII ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Касьцёл Сьвятога Яна Эвангеліста (XVIII ст.)
- Царква Сьвятога Спаса (XIX ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Любяшова
- Сядзіба Чарнецкіх
- Касьцёл і кляштар капуцынаў
- Кляштар піяраў. Шыльда ў памяць Т. Касьцюшкі
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Ураджэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Тарас Міхалік (нар. 1983) — футбаліст
- Вячаслаў Наўроцкі (нар. 1956) — праўнік
Жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Уладзіслаў Борзабагаты (1831—1886) — рэвалюцыянэр-дэмакрат, мэмуарыст
- Тадэвуш Касьцюшка (1746—1817) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня (1794) і ўдзельнік вайны за незалежнасьць ЗША; нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША
- Нікан Наўмовіч (1903—1983) — беларускі сьвятар, рэпрэсаваны
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Мэтрычныя кнігі тутэйшай царквы Сьвятога Спаса за 1840—1859 гады захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ http://db.ukrcensus.gov.ua/PXWEB2007/ukr/publ_new1/2022/zb_Сhuselnist.pdf
- ↑ https://lubeshivska-gromada.gov.ua/socialnoekonomichnij-analiz-14-25-28-18-10-2018/
- ↑ Eule R. Germanische und fremde Personennamen als heutige deutsche Familiennamen // Festschrift zu dem fünfzigjährigen jubiläum des Friedrichs-realgymnasiums in Berlin. — Berlin, 1900. S. 46.
- 1 2 3 4 Міхневіч У. На паўднёвых рубяжах Княства — Любяшоўшчына, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 верасьня 2009 г.
- ↑ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 230.
- 1 2 Бірюліна О. 525 років від часу першої писемної згадки про смт. Любешів (1484) Волинської області // Календар знаменних і пам’ятних дат Волині на 2009 рік. — Луцьк, 2008. С. 140—143.
- ↑ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 231.
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 122.
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Jelski A. Lubieszów // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 412.
- ↑ Список населенных мест Минской губернии. — Минск, 1909. С. 114.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
- Бущик П. Любешівщина. Історично-краєзнавчий нарис. — Луцьк, ВОРВП «Надстир’я», 1996. ISBN 966—517-075-9.
- Кравчук П. Книга рекордів Волині. — Любешів: «Ерудит», 2005. ISBN 966—361-079-4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||