Шварн
Шварн | |
![]() | |
Шварн (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г. | |
4-ы вялікі князь літоўскі | |
1267 — 1270 | |
Князь холмскі і галіцкі | |
1264 — 1270 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1230, |
Памёр | каля 1270[1], |
Дынастыя | Раманавічы |
Бацька | Данііл Галіцкі |
Маці | Ганна Наўгародзкая (пам. да 1252), дачка Мсьціслава Ўдатнага |
Шварн (1230-я — 1270) — вялікі князь літоўскі (1267—1270), князь галіцкі (1264—1270). Малодшы сын галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Каля 1253[1] ажаніўся з дачкой Міндоўга, а ўжо ў 1255 годзе ўдзельнічаў у яго выправе на Люблін.
У 1256 разам з бацькам, братамі Раманам і Львом, ваўкавыскім князем Глебам і сьвіслацкім князям Ізяславам хадзіў на яцьвягаў. Удзельнічаў у выправах Данілы супраць гарадоў, што прызналі татарскую ўладу.
Позна ўвесну 1262 году браў удзел у выправе Міндоўга на Мазовію. Па захопе Плоцку яны аблажылі ў Яздаве пад Варшавай мазавецкага князя Земавіта з сынам Конрадам. У выніку здрады Яздаў захапілі войскі Міндоўга і Шварна, у час штурму загінуў Земавіт, а Конрад трапіў у палон. Паводле адной з вэрсіяў, Шварн уласнаруч адсек галаву Земавіту, свайму швагру, які трапіў да яго ў палон, але гэта вельмі малаімаверна. Мазавецкае рыцарства наладзіла пагоню, але пацярпела паразу ад войскаў Міндоўга і Шварна пад Длугасёдламі 5 жніўня 1262 году.
У 1264 годзе па сьмерці бацькі атрымаў Усходнюю Галічыну з Галічам, Забужжам з Белзам, Чэрвенам, Холмам, Мельнікам і Дарагічынам. У тым жа годзе разам зь дзядзькам Васількам дапамог Войшалку вярнуць уладу ў Літве, заваяваць Нальшаны і Дзяволтву, адпомсьціць ворагам. Па гэтым на чале ўласных войскаў і войскаў ВКЛ учыніў напад на Малую Польшчу, але Баляслаў Сарамлівы ў адказ парабаваў уладаньні Шварн і нанёс паразу яго пагоне пад Бранскам, гэта пахіснула пазыцыі Шварна ў Галіцка-Валынскім княстве на карысьць яго брата і канкурэнта Льва.
У 1266 годзе войска Шварна з падмацаваньнем з аддзелаў ВКЛ і татараў напала на Сандаміршчыну, але яго разьбіў Баляслаў Срамлівы 18 ліпеня 1266 году ў бітве пад Завіхостам, бо не дачакаўся валынскіх падмацаваньняў ад свайго дзядзькі Васількі і напаў на палякаў першым, за гэта Васілька і наракаў яму.
У 1267 атрымаў ад Войшалка велікакняскую ўладу ў ВКЛ[2].
У 1270 годзе памёр не пакінуўшы нашчадкаў. Паводле іншых зьвестак, загінуў у бітве з войскамі брата Льва на раце Ясельдзе. Спачыў у Холме.
Папярэднік Войшалк |
Вялікі князь літоўскі 1267—1270 |
Наступнік Трайдзень |
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 755.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 38.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
|