Перайсьці да зьместу

Падляшша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Падляшша, 1586 г.

Падля́шша, Падля́сьсе — гістарычны рэгіён на захадзе Вялікага Княства Літоўскага, а потым у складзе Кароны Каралеўства Польскага, які ахопліваў Дарагічынскую, Мельніцкую і Бельскую землі.

Назву рэгіёну (вядомая з XV ст.) выводзяць ад слова «палексяне» (polexiane) — назвы аднаго зь яцьвяскіх плямёнаў, ад выразу «зямля пад ляхамі» (то бок на мяжы з Польшчаю) або «зямля пад лесам» (адсюль лацінская назва Падляшша — Subsilvania).[1]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Падляшша, 1720 г.

Абшар Падляшша ў раньнім сярэднявеччы быў вельмі сьціпла заселены. Ад X ст. пачаўся працэс паступовага засяленьня гэтых зямель усходнаславянскімі плямёнамі, галоўным чынам уздоўж рэк Буга, Нурца і Нарава. Заходняславянскія пасяленьні сталі зьяўляцца тут ўпершыню ад XI ст., калі мазавецкія князі празь нейкі час займалі Дарагічын.

Праз усё XIII і пачатак XIV стагодзьдзяў Падляшша было месцам тэрытарыяльнага спору паміж Каралеўствам Польскім, Вялікім Княства Літоўскім і Галіцка-Валынскім княствам. У выніку шматлікіх збройных паходаў ранейшыя пасяленьні былі зьнішчаныя. Толькі ў XIV ст. пачаліся новыя хвалі асадніцтва. Ад захаду паміж Нарвай і Бугам пасяляліся тут прадстаўнікі дробнай мазавецкай шляхты, даходзячы да лініі Самулкі — Боцькі — Дарагічын. На ўсход ад гэтае лініі разьмяшчаліся буйныя маёнткі значнай шляхты, якія былі заселеныя пераважна русінамі, што паходзілі з ваколіцаў Дарагічына і Берасьця. Такі працэс засяляньня земляў над Бугам і Нарвай працягваўся да XVII—XVIII стагодзьдзяў. На поўначы Падляшша калянізацыя адбылася значна пазьней — ваколіцы Райгараду і Гонядзя сталі засяляцца толькі на пачатку XVI ст., калі гэтыя маёмасьці былі адданыя вялікім князям Міхалу Глінскаму, а ў 1509 годзе Мікалаю Радзівілу[2].

У 20—30 гады XIV ст. Падляшша разам зь Берасьцейшчынай было канчаткова ўлучанае ў склад Вялікага Княства Літоўскага Гедымінам[3]. У 1413 годзе ўсё Падляшша ўвайшло ў склад навастворанага Троцкага ваяводзтва і знаходзілася ў яго складзе да 1513 году, калі ўтварылася асобнае Падляска-Берасьцейскае ваяводзтва з сталіцай у Дарагічыне. Па адмністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 1565—1566 гадоў ад ваяводзтва адлучылося Берасьцейскае ваяводзтва і Падляшша стала абхопліваць тры паветы з цэнтрамі ў Дарагічыне, Мельніку і Бельску. Згодна зь Люблінскай вуніяй Падляшша адлучалася ад Вялікага Княства Літоўскага і пераходзіла ў склад Каралеўства Польскага[4].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народжаныя на Падляшшы беларускія гісторык Ігнат Даніловіч і мовазнаўца Міхал Баброўскі, дзеці ўніяцкіх сьвятароў, вызначалі сябе як ліцьвінаў[5]. У 1856 годзе Стэфан Куклінскі засьведчыў, што жыхары Падляшша ў сваёй мове (што, паводле гэтага жа аўтара, межавала з «мовай уласна беларускай, якая ў мясцовых жыхароў называецца „літоўскай“[6]») у тыя часы называлі «ліцьвінамі» носьбітаў гэтай амаль літаратурнай беларускай мовы: «…одзіонъ Панъ споткауши якоһось Лицьвина, што добрэ лhау, бы һэто ты кажэ јому: „а ну Михалку, Ондрей (чи якъ тамъ joho звали) золжи мнјѣ што-лѣнь“. — „А калиба һэта, Паночку, — кажэ Лицьвинъ, — нямаю цяпѣрь часу лhаци, ба пришла рыба да hаци, людзи нясуць, вьязуць, а я пабѣhу хучѣй хаць тарбинку набьяру“»[7]. У 1889 годзе адзначалася, што «і за Бугам, напрыклад у Седлецкай губэрні, беларуса іначай не назавуць, як ліцьвінам»[8]. Польскі этнограф Оскар Кольбэрг пры апісаньні Падляшша (1890 год) зазначаў, што жыхары яго паўночнай часткі «размаўляюць на дыялекце руска-літоўскім, набліжаным да беларускага, які тут проста называюць літоўскім»[9]. Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[10]. Таксама ў ваколіцах Беластоку яшчэ ў канцы XX ст. казалі пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцьвін — не чалавек!» або «Ліцьвін — то чортаў сын!»[11]. Увогуле, традыцыйнае называньне ва ўсходняй частцы Польшчы ліцьвінамі (польск. «Lićwini») мясцовых беларусаў адзначаецца і да нашага часу[12][13].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пазднякоў В. Падляшша // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 385
  2. ^ Laszuk A. Zaścianki i królewszczyzny. Struktura własności ziemskiej w województwie podlaskim w drugiej połowie XVII wieku. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1998. S. 181.
  3. ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 387.
  4. ^ E. S. S. Podlasie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 411—418.
  5. ^ Котлярчук А. С. Самосознание белорусов в литературных памятниках ХVІ—ХVІІІ вв. // Русь — Литва — Беларусь: Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. — Москва, 1997. С. 88.
  6. ^ Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Вестник Императорского русского географического общества. Ч. 16. — СПб., 1856. С. 151.
  7. ^ Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Вестник Императорского русского географического общества. Ч. 16. — СПб., 1856. С. 133.
  8. ^ Янчук Н. По Минской губернии (заметки из поездки в 1886 году). — Москва, 1889. С. 26.
  9. ^ Kolberg O. Mazowsze: obraz etnograficzny. Mazowsze stare. Mazury. Podlasie. Tom V. — Kraków, 1890. S. 359.
  10. ^ Czarkowski L. Powiat Bielski w gub. Grodzieńskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 1, 1907. S. 97—98.
  11. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 232—233.
  12. ^ Kowalski M. The Belarusian minority in the region of Białystok // Geopolitical Studies. Vol. 14, 2006. P. 478.
  13. ^ Проблемы национального сознания польского населения на Беларуси: материалы III международной научной конференции, Гродно, 22—24 октября 2004 года. — Гродно, 2004. С. 194.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]