Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Утварэньне Вялікага княства Літоўскага — значная падзея ў гісторыі, якая прывяла да ўзьнікненьня вялікай эўрапейскай дзяржавы й значна паўплывала на разьвіцьцё іншых эўрапейскіх краінаў.

Перадумовы й нагоды аб’яднаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьбіраньне раздробленых зямель у адну дзяржаву адбывалася доўга й пакутліва. Аднак розныя нагоды паскаралі гэты працэс.

Адной з такіх прычын была зьнешняя небясьпека. Зыходзіла яна ад нямецкіх фэадалаў-рыцараў і мангола-татарскіх стэпавікоў. У 1201 годзе нямецкія фэадалы заснавалі горад Рыгу й у наступным годзе стварылі рыцарска-манаскі ордэн мечаносцаў, які паставіў сабе задачу пакарыць прыдзьвінскія землі. У выніку крыжацкай агрэсіі былі захоплены землі ў нізоўях Дзьвіны. Нямецкая навала навісла над заходнімі межамі Літвы. З паўднёвага ўсходу ў першыя дзесяцігодзьдзі XIII стагодзьдзя рушылі на заваёву абшараў орды мангола-татараў. Такім чынам, літоўскія (сучасныя беларускія) землі апынуліся паміж рыцарскім мячом і татарскай шабляй.

Акрамя зьнешняй пагрозы працэс дзяржаўнай кансалідацыі раздробленых літоўскіх земляў паскорыла трэцяя сіла — літоўскія князі. Важная роля ва ўзьвядзеньні новай дзяржавы выпала Панямоньню й асабліва Наваградчыне. Супадзеньне зьнешніх і ўнутраных інтарэсаў славянскага й балцкага этнасаў спрыяла ўмацаваньню дзяржавы.

У XIII стагодзьдзі, калі ў верхнім і сярэднім Панямоньні актыўна ішоў працэс дзяржаваўтварэньня, паўночна-заходняя Кіеўская Русь была раздроблена й цярпела татарскую няволю, Ноўгарад змагаўся зь нямецкімі рыцарамі, Польская дзяржава знаходзілася ў стане ўсеагульнага раздрабленьня. Працэсам кансалідацыі ў Літве актыўна процідзейнічалі толькі суседнія моцныя дзяржавы — Галіцка-Валынскае княства й крыжаносцы Прыбалтыкі.

Утварэньне новай дзяржавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XIII стагодзьдзя на паўночным захадзе сучаснай Беларусі з асяродку літоўскіх князёў вылучыўся Міндоўг: пад 1235 годам летапіс паведамляе пра «Літву Міндоўга». Гэты князь пачаў аб’яднаньне літоўскіх (сучасных заходнебеларускіх) зямель, зрабіў Наваградак, зручны па геаграфічным палажэньні й некрануты ворагамі, сталіцай сваёй дзяржавы. Тутака ў 1246 годзе вялікі князь прымае праваслаўе. З 1246 году ён са згоды мясцовых жыхароў становіцца князем.

Міндоўг выконвае волю й памкненьні баяр, якія, між іншым, супадалі зь яго асабістымі інтарэсамі. Ён стаў пасьпяхова далучаць да Наваградка суседнія землі верхняга Панямоньня. Міндоўг, ведаючы пра небясьпеку ад крыжакоў і іншых ворагаў, жадае нэўтралізаваць пагрозу з захаду ў сваёй барацьбе з Галіцка-Валынскай заямлёй. У 1253 годзе ён прымае каталіцтва й карануецца з благаславеньня папы рымскага.

ВКЛ у першае стагодзьдзе свайго існаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Князь-вераадступнік ня мог больш разьлічваць на падтрымку наваградчан. Супраць Міндоўга быў арганізаваны загавор, і ў 1263 годзе ён быў забіты разам са сваімі двума сынамі. Адзін зь яго сыноў, Войшалк, уцёк у Пінск, і з дапамогай галіцкага князя Шварна Данілавіча, які ажаніўся зь яго сястрой, вярнуў сабе прастол. Новы князь спрабаваў праводзіць палітыку свайго бацькі, наладзіць адносіны з Тэўтонскім Ордэнам. Але Войшалк ня быў католікам і заходнія дзяржавы не прызналі яго каралём Літвы. У 1267 годзе Войшалк пакінуў княжацкі прастол на карысьць Шварна, свайго суправіцеля, і пайшоў у манастыр, дзе быў забіты на наступны год. У 1269 годзе нечакана памёр Шварн.

Пасьля непрацяглай барацьбы каралём стаў Трайдзень. Ён кіраваў дзяржавай 12 гадоў, вёў барацьбу з крыжакамі й галіцка-валынскімі князямі. Пасьля яго сьмерці на прастоле зьмяніліся некалькі князёў, найбольш значнымі зь якіх былі браты Віцень (1293—1316) і Гедымін (1316—1341). Віцень стаў вядомы тым, што ў склад княства ў час яго ўлады ўвайшло Полацкае княства і ўведзены герб «Пагоня».

Пры Гедыміне ВКЛ значна павялічыла сваю тэрыторыю за кошт Віцебскай, Берасьцейскай, Менскай, Тураўскай зямель. Працэс уключэньня сучасных беларускіх зямель у склад княства заняў амаль сто гадоў і праходзіў па-рознаму. У адных выпадках — пры дапамозе ваеннай сілы, у другіх — шляхам дынастычных шлюбаў, у трэціх — на дабравольна-дагаворнай аснове. У 1323 годзе Гедымін перанёс сталіцу княства ў Вільню. Князь змагаўся з Масковіяй за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад, нанёс шэраг паражэньняў нямецкім рыцарам. Загінуў пры асадзе нямецкай крэпасьці Баербург.

Узросшая роля кіраўніка дзяржавы яскрава бачна ў зьмене яго тытула. Гедымін называў сябе «каралём Літвы й Русі», «каралём літоўцаў і многіх рускіх», таму дзяржава стала называцца «Вялікае княства Літоўскае й Рускае». Пазьней, калі да яго была канчаткова далучана Жамойць, яно стала называцца «Вялікае княства Літоўскае, Рускае й Жаймоцкае».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]