Перайсьці да зьместу

Заслаўе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Заслаўе
лац. Zasłaŭje
Панарама з гарадзішча «Замэчак»
Панарама з гарадзішча «Замэчак»
Герб Заслаўя
Першыя згадкі: 985, 1127—1128
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Менскі
Плошча: 14,2 км²
Вышыня: 211 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 15 661 чал.[1]
шчыльнасьць: 1102,89 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 17
Паштовыя індэксы: 223034, 223036
СААТА: 6236501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°0′0″ пн. ш. 27°17′0″ у. д. / 54° пн. ш. 27.28333° у. д. / 54; 27.28333Каардынаты: 54°0′0″ пн. ш. 27°17′0″ у. д. / 54° пн. ш. 27.28333° у. д. / 54; 27.28333
Заслаўе на мапе Беларусі ±
Заслаўе
Заслаўе
Заслаўе
Заслаўе
Заслаўе
Заслаўе
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Сайт гарвыканкаму (рас.)

Засла́ўе — места ў Беларусі, на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку яе ў Заслаўскае вадасховішча. Уваходзіць у склад Менскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 14,2 км². Насельніцтва на 2018 год — 15 661 чалавек[1]. Знаходзіцца за 27 км ад Менску; чыгуначная станцыя «Беларусь» на лініі Менск — Маладэчна.

Заслаўе — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дзее гістарычна-культурны запаведнік.

Паводле паданьня, кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які зь мячом заступіўся за маці.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Заслаў, Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль[2].

Дзеля адрозьненьня ад Заслаўя на Валыні часам насіў дадатковае азначэньне — Заслаўе Літоўскае[3].

Асноўны артыкул: Гісторыя Заслаўя

Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак»[4].

Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу[a]. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю[5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам[6]. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў яго свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Заслаўе значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе[6] Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.

У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У другой палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзеяла царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцельнай юрыдыкі), 4 вуліцы і Рынак[6].

У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У другой палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзеялі 2 царквы і касьцёл.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[7]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Заслаўе ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[8]. У 1919—1920 гадох мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай ўправы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1985 годзе Заслаўе зноў атрымала статус места. 26 студзеня 1987 году места вывелі з складу Менскага раёну і аднесьлі да афіцыйнай катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня[9]. 1 студзеня 2007 году Заслаўе зноў улучылі ў склад Менскага раёну як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а фінансавы аддзел места далучылі да фінансавага аддзелу Менскага райвыканкаму[10][11]

  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 3 тыс. чал.; 1941 год — каля 3 тыс. чал.[12]; 1977 год — 6,5 тыс. чал.; 1991 год — 10,9 тыс. чал.; 1992 год — 11,1 тыс. чал.; 1997 год — 13,7 тыс. чал.[13]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 13,5 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2009 год — 14 202 чал.[14] (перапіс); 2010 год — 14 294 чал.[15]; 2016 год — 15 151 чал.[16]; 2017 год — 15 419 чал.[17]; 2018 год — 15 661 чал.[1]

У Заслаўі працуюць 3 сярэднія і музычная школы, спартовая школа-інтэрнат, 5 дашкольных установаў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтар вольнага часу «Світанак».

Заслаўе падзяляецца на тры архітэктурна-плянавальныя часткі, або мікрараёны. Адна зь іх — гістарычны цэнтар. Тут знаходзіцца вялікая частка гістарычна-археалягічнага запаведніку, а таксама будынкі індывідуальнай, галоўным чынам старой, забудовы, адміністрацыя места, установы сацыяльна-культурнага і побытавага прызначэньня: дом культуры, бібліятэка, дом сямейных імпрэзаў, агульнаадукацыйная сярэдняя і музычная школы, адмысловая школа-інтэрнат, камбінат побытавага абслугоўваньня, атэлье, крамы, лякарня, аптэка.

Другі мікрараён уяўляе сабой вытворчы, сацыяльна-побытавы і жылы комплекс Беларускай занальнай досьледнай станцыі птушкагадоўлі. Трэці мікрараён месьціцца за чыгуначнай магістральлю і зьяўляецца прамысловым цэнтрам Заслаўя. У гэтай зоне збудавалі вялікую колькасьць шматпавярховых жылых будынкаў, крамаў, дзьве агульнаадукацыйныя сярэднія школы, дом дзіцячай творчасьці, тры дашкольныя ўстановы.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Бялова вуліца Радашкавіцкая вуліца
Савецкая вуліца Віленская вуліца
Ракаўская вуліца (ад Рынку на паўночны захад)[18]
Лагойская вуліца (ад Рынку на паўночны ўсход)

З урбананімічнай спадчыны Заслаўя да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Вялікая (іншая гістарычная назва — Менская), Замкавая, Паштовая і Рынкавая (таксама называлася Замкавай). Гістарычны Рынак цяпер называецца Рынкавым пляцам (афіцыйна — Рынкавай плошчай).

Прадпрыемствы харчовай, паліграфічнай, дрэваапрацоўчай, хімічнай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Заслаўя
  • ААТ «Заслаўскі лакафарбавы завод»
  • ЗАТ «Заслаўскі завод жалезабэтонавых вырабаў»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заслаўе — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[19]. 31 сьнежня 1986 году ўтварыўся Гістарычна-культурны запаведнік «Заслаўе», у 2001 годзе музэй-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы.

У 1993 годзе ў Заслаўі паставілі помнік Рагнедзе і Ізяславу, у 2014 годзе — помнік князю Ізяславу[20].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 131.
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 136.
  3. ^ Jelski A. Zasław // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 441—443.
  4. ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 410.
  5. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Заслаўя. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
  6. ^ а б в Грынявецкі В. Заслаўе // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 648.
  7. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 26.01.1987 г.
  10. ^ Решение Минского областного совета депутатов от 19.10.2006 г.
  11. ^ Государственный архив Минской области: путеводитель (1944—2006). — Минск, 2012. С. 65.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 396.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6.
  14. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 395.
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Гавриленко Т. Генеральный план Заславля: Для жизни настоящего и будущего города // Архитектура и строительство. — №6 (205). — 2009.
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  20. ^ Помнік князю(недаступная спасылка), Белсат

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]