Гальшанскія
Гальшанскія лац. Halšanskija | |
Герб Гальшанскіх | |
Тытул | князі |
---|---|
Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае |
Першы з роду | Гольша |
Апошні з роду | Сямён Юр'евіч (пам. у 1556 годзе) |
Гальша́нскія, Альша́нскія — літоўскі княскі род гербу Гіпацэнтаўр, назва якога паходзіць ад вотчыннага маёнтку Гальшанаў (цяпер Беларусь).
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Генэалягічныя легенды XVI ст. зьвязвалі паходжаньне Гальшанскіх з старажытнай літоўскай дынастыяй Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад дынастыяй Віценя і Гедыміна. Магчыма, князі Гальшанскія сапраўды паходзілі ад кагосьці з родзічаў вялікага князя Трайдзеня, пазбаўленых улады новай дынастыяй.
Шэраг позьніх летапісаў (напрыклад, Летапіс археалягічнага таварыства) згадвае сярод падданых Гедыміна «Міндоўгава сына Альгімонта, вялікага князя Гальшанскага» (Яўрэінаўскі летапіс называе гэтага ж пэрсанажа «сынам Гольшыным»). У той жа групе летапісаў у зьвестках пра Гольшу, легендарнага заснавальніка Гальшанаў, згадваецца ягоны сын Альгімонт. Хроніка Быхаўца называе Гольшынага сына Міндоўга, Хроніка Літоўская і Жамойцкая — абодвух.
«Хроніка Быхаўца» называе Гольшу родзічам вялікага княза Трайдзеня і чалавекам з найбліжняга атачэньня вялікага княза Віценя.
Уладаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Родавым гняздом Гальшанскіх было заснаванае ў 1280 року пасяленьне на Ашмяншчыне (цяпер вёска Гальшаны Гарадзенскай вобласьці). Гальшанскія валодалі буйнымі землеўладаньнямі на тэрыторыі сучасных Беларусі (Глуск, Раманаў у Ашмянскім павеце), Украіны (на Валыні — Дубровіцкае ды Стэпанскае княствы), Літвы. Займалі высокія дзяржаўныя і царкоўныя пасады ў ВКЛ.
Род згас у 1556 годзе са сьмерцю князя Сямёна Юр’евіча. Пасьля ягонай сьмерці маёмасьць Гальшанскіх перайшла да 6 Сямёнавых сёстраў, а потым зь іхнім пасагам разышліся сярод княскіх родаў Сапегаў, Заслаўскіх, Палубенскіх, Курбскіх, Кірдэеў, Саламярэцкіх, Вішнявецкіх.
Найбольш вядомыя з роду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іван Альгімонтавіч Гальшанскі (?—1401), сын князя Альгімонта з замку Гальшаны. Прыхільнік Вітаўта. Намесьнік вялікага князя ў Кіеве ў 1397 годзе. Езьдзіў з пасольствам у Ноўгарад (1387 год) і Маскву (1390 год). Падпісаў Віленска-Радамскую вунію 1401 году. Меў пяцёх сыноў. Дачка Ульляна выйшла за Вітаўта.
- Сямён Іванавіч Гальшанскі (?—1433), сын Івана Гальшанскага. Намесьнік Вітаўта ў Ноўгарадзе ў 1422 годзе. Браў удзел у падрыхтоўцы замаху на вялікага князя Сьвідрыгайлу ў Ашмянах у верасьні 1432 году. Пасьля раскрыцьця змовы ўтоплены ў Заходняй Дзьвіне ў Віцебску.
- Міхаіл Іванавіч Гальшанскі (?—1448), сын Івана Гальшанскага. Ваявода вялікага князя Сьвідрыгайлы. У 1433 годзе разьбіў пад Маладэчнам войскі Жыгімонта Кейстутавіча.
- Соф’я Гальшанская (1405—1461), каралева польская. Жонка караля Уладзіслава II Ягайлы (з 1422), заснавальніца дынастыі Ягелонаў (Ягайлавічаў). Маці каралёў польскіх Уладыслава III і Казімера IV
- Іван Гальшанскі (?—1481), удзельнік змовы супраць вялікага князя літоўскага Казіміра IV, задумляў аддзяліць усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага да Бярэзіны и перайсьці да вялікага князя маскоўскага Івану III. Пасьля раскрыцьця змовы пакараны
- Сямён Гальшанскі (каля 1445—1505), стараста луцкі з 1490 году, маршалак зямлі Валынскай з 1494 году, гетман вялікі літоўскі (1500—1501). Ягоная дачка Тацьцяна — жонка князя Канстантына Астроскага
- Павал Гальшанскі (?—1555), сын Аляксандра Юр’евіча, кашталяна віленскага і Соф’і з Хожава. Вучыўся ў Ягелонскім унівэрсытэце (1504—1507). З 1507 году каталіцкі біскуп у Луцку, з 1536 году біскуп віленскі, з 1527 году стараста пінскі. Заможны землеўладальнік. Перасьледваў прыхільнікаў Рэфармацыі
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Альжбета Гальшанская (з Радзівілаў)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Насевіч В. Гальшанскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 491—493.
- Славянская энциклопедия. Автор-составитель В. В. Богуславский. т.2. — М., 2002.
- Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. — Poznań, 1972.
- Tegowski J. Przodkowie Zofii Holszańskiej, czwartej żony Władysława Jagiełły // Genealogia. Studia i materiały historyczne. 8, 1996.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 94-115.
- Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975.
- Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980.
- Pułaski K. Ks. Holszańscy. Kraków, 1887.