Фартэцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Слуцкая фартэцыя, Максіміліян фон Фюрстэнгоф

Фартэцыя, цьвердзь (крэпасьць[a]) — гэта комплекс узаемазьвязаных і ўзаемадапаўняльных умацаваньняў бастыённага тыпу, прыстасаваных для ўжываньня вагняпальнай зброі.

Найлепшымі прыкладамі фартэцыяў на Беларусі зьяўляюцца комплексы бастыённых умацаваньняў Нясьвіжу, Слуцка, Быхава ці Менска, увогуле ж у XVII—XVIII стагодзьдзях шмат буйных і сярэдніх гарадоў Беларусі мелі падобныя бастыённыя ўмацаваньні.

Падвідамі ці асобнымі часткамі фартэцыяў можна лічыць бастыённыя замкі і форты.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са зьяўленьнем эфэктыўнай артылерыі, павелічэньнем дыстанцыі паражэньня і ўвядзеньнем пэўных геамэтрычных законаў пабудовы ўмацаваньняў для якаснага вядзеньня вагню з гарматаў увесь абарончы комплекс перарос ў сыстэму ўзаемадапаўняльных элемэнтаў абароны (курцінаў, бастэяў, бастыёнаў). Да ўвядзеньня вагняпальнай зброі шукалі спосабы, як умацаваць абарону на асобных найбольш небясьпечных дзялянках, у новых умовах трэба было вынаходзіць магчымасьць комплекснай абароны з узаемадапаўненьнем элемэнтаў па пэрымэтры. Што цікава, час шпаркай эвалюцыі вагняпальнай зброі супаў з узмацьненьнем абсалютысцкіх тэндэнцыяў у Эўропе, асабліва ў Францыі, што дазволіла канцэнтраваць вялікія матэрыяльныя сродкі для ўзьвядзеньня ўмацаваньняў новага тыпу. На беларускіх землях гэты фэномэн найбольш ярка праявіўся ў дзейнасьці Мікалая Крыштафа Радзівіла і Багуслава Радзівіла і ўзьвядзеньні імі комплексаў бастыённых умацаваньняў у Нясьвіжы і Слуцку.

Азначэньні ў замежных мовах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слова фартэцыя паходзіць зь італьянскай мовы, дзе іх называюць называюць «Fortezza», у нямецкай — «Festung», у польскай — «twierdza» (бел. цьвердзь) ці forteca. У расейскамоўнай традыцыі фартэцыі набылі назоў «крепость», што ў традыцыі абарончых збудаваньняў Расеі выглядае даволі слушна. Найлепшым прыкладам у гэтым выпадку будзе г.зв. Смаленская крэпасьць, збудаваная ў пачатку XVII ст. У далейшым з распаўсюджаньнем бастыённай фартыфікацыі ў Маскоўскай дзяржаве, фартэцыі перанялі назоў крэпасьць, зрэшты па сваіх грамадзка-палітычных функцыях яны былі падобныя: сымбалі цэнтралізаванай дзяржавы. У ХІХ ст. паняцьце «крэпасьць» прыйшло на тэрыторыю былога ВКЛ з узьвядзеньнем г.зв. крэпасьцяў у Берасьці, Бабруйску, Коўне і інш. Па сутнасьці гэта былі тыя ж фартэцыі, толькі значна мадэрнізаваныя. Дзеля карысьці далейшай распрацоўкі праблематыкі фартыфікацыйнага мастацтва Беларусі і ВКЛ сутнасьць гэтых «крэпасьцяў» трэба разглядаць у межах агульнага пытаньня разьвіцьця фартэцыяў ва Ўсходняй Эўропе ўвогуле і ў Беларусі ў прыватнасьці.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле гісторыка М. Ткачова, ужываньне слова «крэпасьць» датычна замкаў і местаў і, адпаведна, слова «крапасны» датычна абарончага дойлідзтва не адпавядаюць беларускай гістарычнай рэчаіснасьці і тэрміналёгіі: у XIV—XVII стагодзьдзях гэтыя словы ў сучасным іх разуменьні не ўжываліся ня толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў Маскоўскай дзяржаве[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. — Менск: Навука і тэхніка, 1978. С. 43.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. — Менск: Навука і тэхніка, 1978.
  • Ткачоў М., Цярохін С. Ляхавіцкая фартэцыя // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. №1

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Фартэцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў