Перайсьці да зьместу

Беларуснафта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 52°26′15″ пн. ш. 30°59′58″ у. д. / 52.4375° пн. ш. 30.99944° у. д. / 52.4375; 30.99944

«Беларуснафта»
Тып дзяржаўнае аб'яднаньне
Заснаваная 25 лютага 1966 (58 гадоў таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомель
Адрас Чыгуначны раён, Рагачоўская вул., д. 9[1]
Ключавыя фігуры Аляксандар Ляхаў, Антон Сярэбранікаў[2]
Галіна здабыўная прамысловасьць
Прадукцыя маласярністая і сырая нафта, звадкаваны газ і газавы бэнзін, ізабутан і бутан, ізапэнтан і пэнтан
Паслугі аўтаматызацыя нафтаздабычы, нафтаперавозка, геолягавыведка, сэйсмавыведка, праектаваньне і распрацоўка нафтарадовішча
Лік супрацоўнікаў 24 тысячы
Матчына кампанія Белнафтахім
Даччыныя кампаніі «Беларуснафта-Сыбір», «Сэйсматэхніка»

«Беларусна́фта» — дзяржаўнае нафтагазаздабыўное прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лютым 1966 году.

На 2020 год вырабляла маласярністую і сырую нафту, звадкаваны газ і газавы бэнзін, ізабутан і бутан, ізапэнтан і пэнтан[3]. Прадпрыемства аказвала паслугі аўтаматызацыі нафтаздабычы і нафтаперавозкі, геолягавыведкі і сэйсмавыведкі, праектаваньня і распрацоўкі нафтарадовішчаў[4]. «Беларуснафта» здабывала нафту і газ на 61 радовішчы ў Беларусі, 13 радовішчах у Вэнэсуэле, 6 у Расеі і 1 у Эквадоры[5]. Магутнасьць 5 уласных электрастанцыяў забяпечвала патрэбы прадпрыемства праз камбінаваную вытворчасьць цеплавой і электрычнай энэргіі, а таксама холаду[6].

Мае замежныя прадстаўніцтвы ў Вэнэсуэле (Каракас; з 2006 году[7]), Польшчы (Варшава) ды Ўкраіне (Чарнігаў; з 2010 году[8]).

Дачынныя прадпрыемствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год у склад «Беларуснафты» ўваходзіла звыш 40 нафтаздабыўных, нафтаабслуговых, інжынэрных, праектных, газаперапрацоўчых і збытавых прадпрыемстваў у 2 краінах Паўднёвай Амэрыкі (Вэнэсуэла і Эквадор) і 4 краінах Эўропы — Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіне[9]. Акрамя газаперапрацоўчага завода ў Рэчыцы, навукова-дасьледніцкага інстытуту нафты, 6 абласных і 2 сталічныя дачынныя прадпрыемствы пастаўкі нафтапрадуктаў, «Беларуснафта» мела наступны шэраг падпарадкаваных прадпрыемстваў: «Беларуснафта-Асобіна» (Камунар, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць), «Беларуснафта-Сыбір» (горад Губкінскі, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Уральская фэдэральная акруга, Расея; з 2007 году[10]), «Ліданафтапрадукт» (Гарадзенская вобласьць), «Пухавічынафтапрадукт» (Мар’іна Горка, Менская вобласьць), «Сэйсматэхніка»[11].

Замежная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год «Беларуснафта» ажыцьцяўляла геолягавыведку і сэйсмавыведку ў 5 краінах Азіі (Індыя), Паўднёвай Амэрыкі (Вэнэсуэла і Эквадор) і Эўропы (Расея і Ўкраіна)[12]. Прадпрыемства таксама аднаўляла і бурыла сьвідравіны, у тым ліку праз павышэньне аддачы плястоў і укараненьне бакавога ствала[13]. У Польшчы і Ўкраіне працавалі даччыныя прадпрыемствы, якія прадавалі бэнзін, дызэльнае паліва і звадкаваны газ. Пастаўкі ў Вугоршчыну, Латвію, Летуву і Расею ажыцьцяўлялі праз ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія»[14].

15 лютага 2007 году пачалося бурэньне першай сьвідравіны на падставе вывучэньня нафтазапасаў геолягамі прадпрыемства ў вадазборы ракі Арынока[15] (316 млрд барэляў, большасьць у блёку Хунін-1 з 4 блёкаў[16]). 28 сакавіка пацьвердзілася наяўнасьць нафты ў блёку Хунін-1. Адбылося падпісаньне Статуту сумеснага з урадавай Вэнэсуэльскай нафтавай карпарацыяй (ВНК) сэйсмаразьведачнага прадпрыемства «Сісміка Белавэнэсаляна»[17] (горад Матурын, штат Манагас). Доля беларускага боку склала 40%[18]. У чэрвені пачалася зборка 5[19] вібрацыйных крыніцаў[20] СВ-30/120М. На 14 лістапада прабурылі 2 сьвідравіны[21]. Пры канцы месяца «Сісміка БелаВэнэсаляна» прайшло рэгістрацыю. 9 сьнежня адбылося заснаваньне сумеснага з ВНК нафтаздабыўнога прадпрыемства «Пэтралера БелаВэнэсаляна» (радовішча Гуара, штат Ансаатэгі)[22], у якім доля беларускага боку склала 40%[23]. СП атрымала радовішчы Гуара Эстэ й Лягамэдыя. Да канца году прабурылі 3 сьвідравіны[24].

У студзені 2008 году пачалася нафтаздабыча[25]. На 1 красавіка на 2 СП працавала звыш 50 беларускіх супрацоўнікаў. Да гэтага часу скончылася вывучэньне трох дадатковых радовішчаў[26] на пляцоўцы Баяка ў поясе Арынока, у цэнтральнай частцы Вэнэсуэлы[27]. 27 чэрвеня штодзённая нафтаздабыча дасягнула 5 тыс. барэляў[28]. За 2008 год нафтаздабыча перавысіла 680 тыс. тонаў[29].

За 1-е паўгодзьдзе 2009 г. здабыча склала 240 тыс. т. 2 ліпеня 2009 году СП «Пэтралера БелаВэнэсаляна» перадалі тры новыя нафтарадовішчы. Тады ж адбылося падпісаньне пагадненьня аб супрацы з кампаніяй «Інтэвэп»[30] (Вэнэсўэйлзкі інстытут нафтавых тэхналёгіяў; горад Лёс Тэкес, штат Міранда). 4 жніўня «Беларуснафта» прыпыніла распрацоўку Хунін-1[31]. На 8 верасьня «Пэтралера БелаВэнэсаляна» здабыла першы млн т. нафты[32].

На 12 сакавіка 2010 году «Пэтралера БелаВэнэсаляна» здабыла 1,5 млн т. нафты і больш як 450 млн кубічных мэтраў спадарожнага газу. У валоданьні СП знаходзілся 175 дзейных сьвідравінаў, у тым ліку 4 фантанныя[33]. 16 сакавіка штодзённая нафтаздабыча дасягнула 14 тыс. барэляў[34]. 17 сакавіка СП атрымала ў распрацоўку 6 газарадовішчаў ва Ўсходне-Вэнэсўэйлзкім басэйне[35]. На 22 сакавіка чысты прыбытак «Беларуснафты» за 3 гады працы ў Вэнэсуэле склаў 105 млн $[36]. У 1-ым паўгодзьдзі «Беларуснафта» паставіла 240 тыс. т. вэнэсўэйлзкай нафты на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (Гомельская вобласьць)[37]. 20 верасьня «Сісміка БелаВэнэсаляна» скончыла абсьледаваньне радовішча Мантэкаль і прыступіла да трохвымернай сэйсмаразьведкі Пэтраседэнья[38]. 16 кастрычніка адбылося падпісаньне Статуту сумеснага з ВНК прадпрыемства «Сэрвісіа БелаВэнэсаляна» для бурэньня і рамонту сьвідравінаў [39]. За 2010 г. СП здабыла 750 тыс. т. нафты і 515 млн куб. м. спадарожнага газу[40]. За 2008—2010 гг. здабыча перавысіла 2 млн т. нафты. У 2010 г. 2 беларускія брыгады выканалі 44 падземныя і капітальныя рамонты сьвідравінаў, што забясьпечыла дадатковую здабычу 21,6 тыс. т. нафты.

22 сакавіка 2011 году «Пэтралера БелаВэнэсаляна» атрымала 2 дадатковыя нафтарадовішчы Сентра блёк 8 і Лагунілас блёк 12 на захадзе Вэнэсуэлы ля возера Маракайба[41]. На 5 кастрычніка адрамантавалі 70 сьвідравінаў. 10 кастрычніка «Сісміка БелаВэнэсаляна» скончыла сэйсмаразьведку плошчы Пэтраседэнья і прыступіла да Пэтрамакарэа[42].

5 траўня 2007 году ўлады Ірану ўхвалілі разьлік прадпрыемствам распрацоўкі нафтарадовішча Джафэйр ў сумежнай з Іракам паўднёва-заходняй вобласьці Хузэстан[43]. Радовішча знаходзілася за 30 кілямэтраў на ўсход ад іншага радовішча Азадэган і за 70 км на паўднёвы захад ад места Ахваз. Яно складала 22 км у даўжыню і 10 км у шырыню. Запасы ацэньваліся ў 2,1 млрд барэляў[44] (300 млн тонаў). 5 верасьня ў Іране адбылося падпісаньне з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (НІНК) дамовы на распрацоўку радовішча, што прадугледжвала бурэньне разьведаных нафтаносных слаёў і геолягаразьведку новых[45]. У кастрычніку бакі стварылі сумеснае прадпрыемства (СП) «Белпарс Пэтролеюм»[46], што працавала паводле дамовы выкупу. Тады ж падпісалі трохбаковую дамову аб распрацоўцы радовішча з удзелам «Пэтраіран Дэвэлапмэнт»[47]. 9 сьнежня 2008 году бакі дамовіліся аб перадачы ў распрацоўку СП новага пласта Фахліян у радовішчы Азадэган. Тады ж у Гомелі адбылося падпісаньне пагадненьня з прыватным прадпрыемствам «Сэпанта Інтэрнэшнл» аб суправаджэньні бурэньня нафтасьвідравінаў[48]. 4 траўня 2009 году дадалася дамова з «Пэтра Парс» на трохвымерную сэйсмаразьведку 20 адмыслоўцамі на радовішчы Банд-э-Каркхех з ахопам 874 квадратных км[49]. На 25 жніўня 2010 году на Джафэйры прабурылі 4 сьвідравіны[50]. Прамысловая нафтаздабыча распачалася пасьля кастрычніка[51] і дасягнула 2,8 тыс. барэляў у дзень[52].

29 сакавіка 2011 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўвёў супраць «Беларуснафты» за нафтараспрацоўку ў Іране 4 забароны на:

  1. падтрымку экспарту ад Экспартна-імпартнага банку ЗША,
  2. атрыманьне экспартнай ліцэнзіі ад ураду ЗША,
  3. атрыманьне ад прыватнага амэрыканскага банку пазыкі больш як на 10 млн $ цягам году,
  4. падпісаньне дамоваў з урадам ЗША[53].

16 жніўня прадпрыемства спыніла здабычу ў краіне[54].

У 2013 годзе «Беларуснафта» заснавала ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе даччыннае ААТ «Нафтавая кампанія «Янгпур»». Прадпрыемства пачало пошук, выведку і распрацоўку радовішчаў на Ямале з наступнай здабычай нафты, газу і газавага кандэнсату, а таксама першаснай перапрацоўкай нафты. У 2015 годзе адкрылі Мяцельскае нафтагазакандэнсатнае радовішча, якое ў 2020 годзе дало асноўны абсяг здабычы прыроднага газу. У 2016 годзе «Янгпур» пачаў прадаваць нафту, газакандэнсат, газ і фракцыю дызэльнага паліва на Санкт-Пецярбурскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы ў сэкцыях «Нафтапрадукты» і «Прыродны газ». За 2016—2020 год прадалі 1 млрд кубамэтраў прыроднага газу ўласнай здабычы. У 2019 годзе адкрылі газавы промысел. У 2020 годзе здабылі 215 000 тонаў нафты і звыш 870 млн кубамэтраў прыроднага і спадарожнага газу, што было найбольшым вынікам ад заснаваньня прадпрыемства. За 2020 год здабыча прыроднага газу патроілася, а яго продаж падвоіўся на 1 млн кубамэтраў за содні «Газпраму». Праводзілася выведка на Заходне-Ізьвесьцінскай плошчы і Асеньнім радовішчы. Стварылі інфраструктуру на 3-м кусьце Мяцельскага радовішча, пусьцілі ўстаноўку стабілізацыі газакандэнсату на 2-й лініі падрыхтоўкі прыроднага газу і пабудавалі 3-ю лініі. У 2020 годзе ўпершыню адкрылі нафтавы паклад з выхадам 20 тонаў нафты за содні. «Янгпур» дасягнуў паводле прыбытковасьці і абсягу ўкладаньняў узроўню нафтагазаздабыўнога кіраўніцтва «Рэчыцанафта». У студзені 2021 году на Мяцельскім радовішчы выкарыстоўвалі 11 сьвідравінаў, зь якіх за содні здабывалі 3 млн кубамэтраў прыроднага газу і звыш 240 тонаў газакандэнсату[55].

9 лістапада 2020 году даччынае ТАА «Сэрвіс Ойл» прабурыла 9-ю сьвідравіну на Мачускім газакандэнсатарным радовішчы ў Палтаўскай вобласьці. Глыбіня сьвідравіны склала 5245 мэтраў. Яе прабурылі для Данбаскай паліўна-энэргетычнай кампаніі (ДПЭК) «Нафтагаз» за 141 дзень[56].

25 лютага 1966 году міністар нафтавай прамысловасьці СССР(ru) Валянцін Шашын(ru) падпісаў загад аб стварэньні дзяржаўнага нафтагазаздабывальнага аб’яднаньня «Беларуснафта» на аснове ўправы «Рэчыцанафта» (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР), заснаванай у красавіку 1965 году. У 1967 годзе здабылі першы млн тонаў нафты і 2 млн м³ спадарожнага газу. У пачатку 1969 году ў Прыпяцкай нафтаноснай вобласьці (Палеская нізіна) дадаткова адкрылі 3 нафтарадовішчы: Вішаўскае (Каленкавіцкі раён, Гомельская вобл.), Давыдаўскае (Шацілавіцкі раён, Гомельская вобл.) і Цішкаўскае (Рэчыцкі раён). У 1973—1977 гадах «Беларуснафта» распрацоўвала радовішчы ў Калінінградзкай вобласьці (Расейская СФСР). У 1975 годзе здабыча на радовішчах Беларусі дасягнула найбольшага памеру ў 8 млн тонаў за год. 26 лютага 1976 году ўвялі ў дзеяньне Беларускі газаперапрацоўчы завод (Рэчыца), які 30 сьнежня 1986 году перадалі аб’яднаньню «Беларуснафта». У 1976 г. на заводзе са спадарожнага нафтавага газу атрымалі 11 тыс. тонаў звадкаванага газу. З канца 1978 году па сярэдзіну 1995 году «Беларуснафта» прабурыла сьвідравіны ў Заходняй Сыбіры (Расея; Заходны-Сыбірскі нафтагазаносны басэйн(ru)) з штогадовай магутнасьцю здабычы ў звыш 20 млн тонаў нафты. У 1984 годзе нафтаздабыча ў Беларусі скарацілася да 2 млн тонаў. 1 лютага 1991 году ў складзе «Беларуснафты» ў Гомелі стварылі Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут нафтагазавай прамысловасьці (БелНДІПнафта) на аснове Гомельскага аддзелу праектаваньня будаўніцтва сьвідравінаў. У сьнежні 1997 году ў Рэчыцы пабудавалі першую аўтазаправачную станцыю (АЗС) аб’яднаньня «Беларуснафта». 7 чэрвеня 2001 году пасаду кіраўніка заняў Аляксандар Ляхаў[57].

У 2002 годзе здабыча спадарожнага нафтавага газу вырасла да 10 млрд м³. У 2004 годзе ў склад «Беларуснафты» ўвайшло прадпрыемства «Беларуснафта-Нафтахімпраект», якое праектуе склады захоўваньня нафтапрадуктаў і аўтастаянкі, газанапаўняльныя, аўтазаправачныя і газазаправачныя станцыі[58]. У 2005 годзе ў аб’яднаньне «Беларуснафты» ўвайшлі абласныя прадпрыемствы нафтапрадуктазабесьпячэньня ў складзе 375 АЗС і 44 нафтабазаў. У 1997—2007 гадах штогод здабывала 1,8 млн тонаў нафты[59]. У 2006 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Беларуснафта» пераўтварылі ў дзяржаўнае аб'яднаньне. У 2011 годзе валодала 484 аўтазаправачнымі станцыямі (АЗС; больш як 60% ад агульнай колькасьці ў краіне[60]), празь якія на беларускім рынку збывалася звыш 75% паліва[61]. У 2015 годзе скончылі перабудову Беларускага газапепрацоўчага заводу (БГПЗ), што павялічыла перапрацоўку увазных лёгкіх вуглевадародаў да 380 000 тонаў. Магутнасьць БГПЗ склала 235 млн кубамэтраў спадарожнага нафтавага газу. За 2015 год зь беларускіх радовішчаў паступіла 215 млн кубамэтраў[6]. На пачатак 2018 году прадпрыемства мела звыш 570 АЗС[9], на 235 зь якіх прадавалі аўтамабільны прапан-бутан. Даччыныя прадпрыемствы «Беларуснафты» ў галіне забесьпячэньня нафтапрадуктамі працавалі ва ўсіх 6 абласьцях Беларусі і мелі 28 складоў захоўваньня нафтапрадуктаў і 3 газанапаўняльныя станцыі[14]. 17 жніўня 2020 году «Беларуснафта» ўкараніла гідраразрыў пляста (ГРП) пры дапамозе пробкі і пэрфарацыі на 67-й сьвідравіне Паўночна-Даманавіцкага радовішча. Гэта дазволіла зьнізіць час падрыхтоўкі сьвідравіны да наступнай ступені ГРП з 2—5 дзён да 3—6 гадзінаў, а таксама ствараць некалькі расколін за 1 запампоўку. У мерапрыемстве на заказ нафтагазаздабыўнога кіраўніцтва «Рэчыцанафта» ўдзельнічалі супрацоўнікі 3-х галіновых кіраўніцтваў: тампанажнага, павышэньня нафтааддачы плястоў і рамонце сьвідравінаў, прамыслова-геафізычных працаў. Суправаджэньне ажыцьцявілі адмыслоўцы Беларускага навукова-дасьледчага праектнага інстытуту нафты (БелНДПІнафта)[62].

За 2017—2021 гады геолягі «Беларуснафты» адкрылі ў Гомельскай вобласьці 8 нафтарадовішчаў, што павысіла здабывальныя запасы на 7,5 млн тонаў. Пры гэтым, зь 2018 году прадпрыемства выйшла на поўнае пакрыцьцё здабытай нафты прыростам яе запасаў. За студзень—красавік 2021 году адкрылі 3 радовішчы, у тым ліку ў красавіку Гур’янаўскае радовішча ў Рэчыцкім раёне (у цэнтральнай зоне Прыпяцкага прагіну)[63]. 2 лютага 2021 году «Беларускі газаперапрацоўчы завод» («БГПЗ») у Рэчыцы скончыў перааснашчэньне цепла-тэхналягічнага тракту цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ), што дазволіла 8-кратна зьменшыць патрэбу ў паліўным газе з 4223 да 518 тонаў умоўнага паліва. Печ падагрэву газу дааснасьцілі рэгулятарамі выдатку, тэмпэратуры на выхадзе і ціску падачы на гарэлкі. Затым замянілі газавыя цеплаабменьнікі, а таксама правялі цеплаізаляцыю і супрацьржавейную апрацоўку абсталяваньня і трубаправодаў з вугляродзістай сталі. Гэта дазволіла перайсьці ўлетку на трыгенэрацыю на ЦЭЦ «БГПЗ» шляхам атрыманьня холаду для газаперапрацоўкі зь цеплаэнэргіі ад электрагенэратараў[64]. 16 ліпеня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 275, які вывеў «Беларуснафту» са складу канцэрну «Белнафтахім»[65].

2 сьнежня 2021 году «Беларуснафта» была ўнесена ў чорны сьпіс Эўразьвязу[66]. Таксама кампанію ў свой санкцыйны сьпіс уключыла Швайцарыя[67]. 22 сьнежня да адпаведнага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя[68][69]. У кастрычніку 2022 году да санкцый супраць Беларуснафты далучылася Украіна[70].

  1. ^ Кантакты // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  2. ^ Дырэктарат // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  3. ^ Прадукцыя // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  4. ^ Паслугі // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  5. ^ Здабыча нафты і газу // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  6. ^ а б Газаперапрацоўка і энэргетыка // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  7. ^ Ганна Кот (5 кастрычніка 2011) Беларусь і Венесуэла прадоўжаць супрацоўніцтва ў арганізацыі здабычы нафты на блоку Хунін-1 Эканоміка. БелТА. Праверана 5 красавіка 2012 г.
  8. ^ Ірына Аніскевіч (11 чэрвеня 2010) ТАА «Беларуснафта-Украіна» будзе створана на тэрыторыі Ўкраіны Эканоміка. БелТА. Праверана 5 красавіка 2012 г.
  9. ^ а б Аб прадпрыемстве // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  10. ^ Валер Сідорчык (20 чэрвеня 2011) Беларускі нафтавы сэрвіс у Расеі пачало прадстаўляць ТАА «Беларуснафта-Сыбір» Эканоміка. БелТА. Праверана 5 красавіка 2012 г.
  11. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасьня 2006 г. №576 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 кастрычніка 2008). Праверана 5 красавіка 2012 г.
  12. ^ Геолягаразьведка // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  13. ^ Нафтавы сэрвіс // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  14. ^ а б Збытавая сетка // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  15. ^ Вытворчае аб'яднаньне «Беларуснафта» адкрыла ў Вэнэсуэле сваё прадстаўніцтва. Радыё «Беларусь» (15 лютага 2007). Праверана 10 красавіка 2012 г.
  16. ^ Аліна Грышкевіч (6 сьнежня 2007) У Вэнэсуэле высока ацэньваюць узровень разьведачных работаў беларускіх нафтавікоў Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  17. ^ Геолягі прадпрыемства «Беларуснафта» атрымалі першыя вынікі разьведкі блоку «Хунін 1» у басэйне ракі Арынока ў Вэнэсуэле. Радыё «Беларусь» (28 сакавіка 2007). Праверана 10 красавіка 2012 г.
  18. ^ «Беларуснафта» ўнясе 20 тысячаў даляраў ў беларуска-вэнэсуэльскае СП. Эўрапейскае радыё для Беларусі (13 траўня 2007). Праверана 10 красавіка 2012 г.
  19. ^ Мілена Ануфрыёнак (6 верасьня 2007) Беларускія спэцыялісты пачалі работу ў СП «Сэйсмавэнбел» у Вэнэсуэле Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  20. ^ Спэцыялісты вытворчага аб’яднаньня «Беларуснафта» выехалі ў Вэнэсуэлу для вывучэньня магчымасьцяў здабычы нафты на прапанаваных гэтай краінай радовішчах. Радыё «Беларусь» (20 чэрвеня 2007). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  21. ^ Мілена Ануфрыёнак (14 лістапада 2007) СП «Сэйсмавэнбел» пачало правядзеньне тапаграфічных работаў у басэйне ракі Арынока ў Вэнэсуэле Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  22. ^ Вячаслаў Будкевіч (9 сьнежня 2007) Завяршыўся візыт прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу Эканоміка. БелаПАН. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  23. ^ Лукашэнка адчыніў сумеснае прадпрыемства па здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Эўрапейскае радыё для Беларусі (9 сьнежня 2007). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  24. ^ Гомельскае ААТ «Сэйсматэхніка» плянуе паставіць у Вэнэсуэлу пяць вібракрыніцаў для сэйсмаразьведкі Эканоміка. БелТА (10 студзеня 2008). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  25. ^ Беларуска-вэнэсуэльскае СП па нафтаздабычы ў 2011 годзе можа атрымаць у карыстаньне радовішча газу Эканоміка. БелТА (2 лютага 2011). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  26. ^ «Беларуснафта» накіруе на СП у Вэнэсуэле спэцыялістаў па сэрвіснаму абслугоўваньню нафтавых сьвідравінаў Эканоміка. БелТА (1 красавіка 2008). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  27. ^ Андрэй Сьмірноў (4 сакавіка 2010) Беларускія спэцыялісты прымуць удзел у разьведцы радовішчаў нафты ў Вэнэсуэле Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  28. ^ Аліна Грышкевіч (27 чэрвеня 2008) Беларусь і Вэнэсуэла заключылі кантракты па будаўніцтву газавых сетак у горадзе Барынас Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  29. ^ Першая сьвідравіна прабураная беларусамі ў Вэнэсуэле БелТА. Наша Ніва (22 траўня 2009). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  30. ^ Мілена Ануфрыёнак (2 ліпеня 2009) Беларуска-вэнэсуэльскаму СП перададзены тры новыя нафтавыя актывы Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  31. ^ Беларусь прыпыняе нафтавы праект ў Вэнэсуэле «Хунін-1». Эўрапейскае радыё для Беларусі (4 жніўня 2009). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  32. ^ Уга Чавэс прыбыў у Беларусь. БелТА (8 верасьня 2009). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  33. ^ Валер Сідорчык (12 сакавіка 2010) «Беларуснафта» ў 2010 годзе пачне здабычу газу ў Вэнэсуэле Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  34. ^ Валер Сідорчык (16 сакавіка 2010) Да візыту прэзыдэнта Беларусі ў Вэнэсуэлу. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  35. ^ Тамара Даўгалюк (26 сакавіка 2010) Беларусь і Вэнэсуэла створаць СП па нафтаваму сэрвісу Эканоміка. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  36. ^ Тацяна Паляжай (22 сакавіка 2010) А.Лукашэнка запатрабаваў, каб усе беларуска-вэнэсуэльскія праекты пачалі працаваць да 1 ліпеня 2011 года. БелТА. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  37. ^ Марына Носава (15 ліпеня 2010) Аб'ём вытворчасьці ў нафтаперапрацоўчай прамысловасьці ўпаў на 32,8% Эканоміка. БелаПАН. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  38. ^ Алена Германовіч (20 верасьня 2010) Сэйсмаразьведнікі вэнэсуэльска-беларускага прадпрыемства пачалі работы на новай плошчы па мэтодыцы 3D Эканоміка. БелаПАН. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  39. ^ Тацяна Каравянкова (16 кастрычніка 2010) Паводле вынікаў візыту Уга Чавэса ў Беларусь падпісаны шэраг дакумэнтаў Эканоміка. БелаПАН. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  40. ^ Беларусь павялічыць здабычу нафты ў Вэнэсуэле. Эўрапейскае радыё для Беларусі (16 сакавіка 2011). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  41. ^ Два нафтавыя радовішчы ў Вэнэсуэле далучаны да СП «Пэтралера БелаВэнэсаляна» Эканоміка. БелТА (28 сакавіка 2011). Праверана 11 красавіка 2012 г.
  42. ^ Алена Германовіч (10 кастрычніка 2011) У 2012 годзе вэнэсуэльска-беларускае СП плянуе здабыць 1,5 млн тонаў нафты Эканоміка. БелаПАН. Праверана 11 красавіка 2012 г.
  43. ^ Сяргей Кузьняцоў (17 траўня 2007) Беларусь у пошуках нафты ў Іране і Азэрбайджане У сьвеце. Зьвязда, № 89 (25954). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  44. ^ Аліна Грышкевіч (28 студзеня 2010) Іран зацікаўлены ў пашырэньні беларускай прысутнасьці на іранскім нафтавым рынку Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 6 красавіка 2012 г.
  45. ^ Беларусь падпісала з Іранам кантракт на здабычу нафты на радовішчы Джафэйр Эканоміка. БелТА (5 верасьня 2007). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  46. ^ Мілена Ануфрыёнак (9 студзеня 2008) «Беларуснафта» плянуе ў 2008 годзе пачаць здабычу нафты на іранскім радовішчы Джафэйр Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  47. ^ Людміла Сац (6 траўня 2010) Беларусь і Іран паскораць рэалізацыю сумесных інвэстпраектаў Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  48. ^ Валер Сідорчык (9 сьнежня 2008) «Беларуснафта» і іранская Sepanta International заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  49. ^ Валер Сідорчык (4 траўня 2009) «Беларуснафта» і іранская кампанія PPI падпісалі кантракт на правядзеньне сэйсмаразьведачных работаў Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  50. ^ Ірына Аніскевіч (25 жніўня 2010) Беларусь за 10 гадоў плянуе здабыць у Іране 9,3 млн т нафты Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  51. ^ Уладзімер Васількоў (15 чэрвеня 2010) Беларусь можа пачаць здабычу нафты ў радовішчы Джафэйр у кастрычніку - пасол Ірана Эканоміка. БелТА. Праверана 6 красавіка 2012 г.
  52. ^ Беларусь спыняе здабычу нафты ў Іране Эканоміка. Радыё «Свабода» (16 жніўня 2011). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  53. ^ «Беларуснафта»: санкцыі ЗША абцяжараць рэалізацыю замежных праектаў. Радыё «Свабода» (30 сакавіка 2011). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  54. ^ «Беларуснафта»: Беларусь выходзіць з праекту па здабычы нафты ў Іране Эканоміка. Радыё «Свабода» (17 жніўня 2011). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  55. ^ Паўночны актыў «Беларуснафты» плянуе павялічыць здабычу газу да 1 млрд куб.м за год // БелТА, 18 студзеня 2021 г. Праверана 19 студзеня 2021 г.
  56. ^ Беларускія нафтавікі пабудавалі дзявятую сьвідравіну на Мачускім радовішчы ва Ўкраіне // Газэта «Зьвязда», 9 лістапада 2020 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
  57. ^ Гендырэктар «Беларуснафты» вызвалены ад займаемай пасады. Хартыя’97 (8 чэрвеня 2001). Праверана 6 красавіка 2012 г.
  58. ^ «Беларуснафта-Нафтахімпраект» // ДВА «Беларуснафта», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  59. ^ Натальля Кароткая (19 лістапада 2008) «Беларуснафта» сумесна з амэрыканскай кампаніяй «Радыял Дрылінг» выпрабоўвае новую тэхналёгію ўскрыцьця пласту на беларускіх радовішчах Эканоміка. БелаПАНПраверана 11 красавіка 2012 г.
  60. ^ Правапераемнікам філіяла ВА «Беларуснафта» ў Заходняй Сыбіры стала ТАА «Беларуснафта-Сібір» Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (20 чэрвеня 2011). Праверана 5 красавіка 2012 г.
  61. ^ Ганна Кот (6 чэрвеня 2011) «Беларуснафта» абмежавала водпуск аўтамабільнага паліва за наяўны разьлік на АЗС Эканоміка. БелТА. Праверана 5 красавіка 2012 г.
  62. ^ Беларускія нафтавікі асвоілі тэхналёгію амэрыканскіх «сланцавікоў» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 жніўня 2020 г. Праверана 26 жніўня 2020 г.
  63. ^ Восем новых радовішчаў нафты адкрылі ў Беларусі за апошнія 5 гадоў // БелТА, 9 красавіка 2021 г. Праверана 9 красавіка 2021 г.
  64. ^ Мадэрнізацыя на БГПЗ дала магчымасьць скараціць патрэбнасьць у паліўным газе больш як у 8 разоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 лютага 2021 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
  65. ^ «Беларуснафта» выйшла з канцэрна «Белнафтахiм» // Газэта «Новы час», 17 ліпеня 2021 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
  66. ^ ЕС прыняў пяты пакет санкцый супраць Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам Наша Ніва Праверана 2021-12-23 г.
  67. ^ Searching for subjects of sanctions
  68. ^ Яшчэ некалькі еўрапейскіх краін далучыліся да пятага санкцыйнага пакета Еўразвязу, у тым ліку прарасійская Сербія Наша Ніва Праверана 2021-12-23 г.
  69. ^ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain countries concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу(be) (2021-12-22). Праверана 2021-12-23 г.
  70. ^ Республіканське унітарне підприємство "Виробниче об'єднання "Білоруснафта"

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]