Гомельскі раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гомельскі раён
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус раён Беларусі
Уваходзіць у Гомельская вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Гомель
Дата ўтварэньня 27 ліпеня 1937
Кіраўнік Зьміцер Козел[d]
Насельніцтва (2018) 68 306[1]
Шчыльнасьць 34,8 чал./км²
Плошча 1963,11[2] км²
Месцазнаходжаньне Гомельскага раёну
Гомельскі раён на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Го́мельскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласьці Беларусі. Гомельскі раён мяжуе з Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Добрускім, Лоеўскім, Рэчыцкім раёнамі Гомельскай вобласьці і Ўкраінай на поўдні.

Гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 кастрычніка 2020 году «Гомельтранснафта Дружба» пачала ўзводзіць магістральны нафтаправод «Гомель — Горкі» каля Бабовічаў на паўднёвы захад ад Гомля[3].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паверхня тэрыторыі пераважна нізінная, большая частка знаходзіцца ў межах Гомельскага Палесься, паўночна-заходняя частка — у межах Чачорскай раўніны (паводле фізыка-геаграфічнага раянаваньня Беларусі). Агульны ўклон з поўначы на поўдзень. 93% тэрыторыі знаходзіцца на вышыні 120—140 мэтраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — 160 м над узроўнем мора (на ўсходзе ад вёскі Зябраўкі), ніжэйшы — 111 метраў (урэз ракі Сож). Карысныя выкапні: 52 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 9,52 млн т, буйнейшыя зь якіх Вадапой, Кабылянскае, Жэрабна-Конскае балота; 2 радовішчы глін: Будышчанскае і Яромінскае 1-е; 4 радовішчы пяску: Будышчанскае, Асаўцоўскае, Гадычаўскае і Яромінскае.

Сярэдняя тэмпэратура ў студзені −6,9 градусаў, у ліпені +18,8 градусаў. Ападкаў 590 мм за год. Вэгетацыяны пэрыяд 193 сутак.

Асноўная рака — Сож (цячэ з паўночнага ўсходу на поўдзень) зь левымі прытокамі Іпуць з Харопуцем, Церуха з Грабаўкай, Уць, Нямыльня з Быкаўкай і правымі Узой зь Івалькай. Гушчыня рачной сеткі 0,35 км/км². Даўжыня мэліярацыйнай сеткі 6,5 тыс. км, у тым ліку адрэгуляваных водапрыёмнікаў 82 км, магістральных і падводных каналаў 679 км, рэгулюючых 601 км, закрытай сеткі (дрэнаж) 3,24 тыс. км² (1991 год). Глебы сельгасугодзьдзяў (%) дзярнова-падзолістыя 33,1, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 27,5, пойменныя (алювіяльныя) 14,8, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 13,4, тарфяна-балотныя 11,2; па грануламэтрычным складзе (%): пясчаныя 40,8, сугліністыя 24,8, супясчаныя 23,2, тарфяныя 11,2. Сярэдні бал банітэту 34, на асобных участках ад 22 да 57. Пад лесам 35% тэрыторыі раёну. Сасновыя лясы займаюць 70%, бярозавыя 10%, дубовыя 10%, чорнаальховыя 6,4%, асінавыя 2,3%.

У Гомельскім раёне знаходзіцца курорт рэспубліканскага значэньня — Чонкі.

У ляндшафтным дачыненьні большая частка раёну знаходзіцца ў межах Палескай ляндшафтнай правінцыі (Дняпроўска-Сожаўскі ляндшафтны раён), паўночная частка — у межах Перадпалескай правінцыі (Бесядзка-Сожаўскі ляндшафтны раён). Асноўныя тыпы ляндшафтаў: алювіяльна-тэрасіраваныя, марэнна-зандравыя і другасна-марэнныя.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 1 студзеня 2005 году налічвалася 188 сельскіх населеных пунктаў з агульнай колькасьцю сельскага насельніцтва 71 445 чалавек (бяз Гомля), у тым ліку 12 106 — да 15 гадоў, 42 902 — ад 16 гадоў да пэнсійнага ўзросту, 16 437 — старэйшага за працаздольны ўзросту. Колькасьць гаспадарак — 26 759. У межах раёну Бальшавіцкі пасялковы савет (316[4]) і 25 сельскіх саветаў: Азьдзелінскі (1286), Бабовіцкі (1545), Воўкавіцкі (3652), Глыбоцкі (701), Грабаўскі (1821), Давыдаўскі (1796), Даўгалескі (1881), Дзятлавіцкі (969), Зябраўскі (2266), Красьненскі (7525), Маркавіцкі (1187), Пакалюбіцкі (5900), Прыбарскі (1877), Прыбыткаўскі (5831), Руднямарымонаўскі (900), Старабеліцкі (664), Целяшоўскі (1445), Цярускі (3746), Цярэніцкі (882), Цярэшкавіцкі (2690), Улукаўскі (9388), Чарацянскі (1304), Чонкаўскі (3634), Шарпілаўскі (724) і Яромінскі (7515).

2 пасёлкі гарадзкога тыпу — Касьцюкоўка і Бальшавік.

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты раёну (больш за 3 тысячы чалавек): Яроміна, Краснае, Прыбыткі, Пакалюбічы.

  • XX стагодзьдзе: 1999 год — 75 000 чалавек
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 71 445 чалавек; 2006 год — 70 800 чалавек; 2009 год — 69 930 чалавек[5] (перапіс); 2016 год — 67 817 чалавек[6]; 2017 год — 68 210 чалавек[7]; 2018 год — 68 306 чал.[1]

Зьмены ў тэрытарыяльным складзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Рашэньнем Гомельскага абласнога Савету дэпутатаў ад 26 верасьня 2006 году №295 «Аб зьмяненьні адміністрацыйна-тэрэтарыяльнага складу раёнаў Гомельскай вобласьці», былі ліквідаваныя Дзятлавіцкі і Старабеліцкі сельсаветы.
  • Рашэньнем Гомельскага абласнога Савету дэпутатаў ад 21 ліпеня 2007 г. №51 «Аб ліквідацыі Давыдаўскага сельсавету і зьмяненьні межаў Бабовіцкага сельсавету Гомельскага раёну» быў ліквідаваны Давыдаўскі сельсавет
  • 1 сакавіка 2010 году — пасёлак Чырвоны Маяк увайшоў у гарадзкую рысу гораду Гомля, і суадносна была выключана са складу Ўлукаўскага сельсавету[8]

Помнікі гісторыі і архітэктуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі раёну брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан у пасёлках Будзілка, Калініна, у вёсках Краснае, Пакалюбічы, Целяшы, Церуха, Чонкі, Шарпілаўка. Помнікі ў гонар падпольшчыкаў, закатаваных акупантамі ў 1943 годзе (в. Міхалькі), у гонар абаронцаў Гомля, загінуўшых у жніўні 1941 году (в. Пакалюбічы), на месцы разьмяшчэньня партызанскага атраду «Бальшэвік» і Гомельскага падпольнага абкому КП(б)Б (5 км на паўднёвы захад ад Навабеліцкага раёну г. Гомля, «Партызанская крыніца»), землякам, якія загінулі ў час нямецка-савецкай вайны ў в. Бабовічы, Яроміна, Клімаўка, Пакалюбічы і інш.

Помнікі архітэктуры: царква у в. Гадзічава (1-я пал. ХІХ ст.), царква Ражджаства Багародзіцы ў в. Глыбоцкае, сядзібны дом у в. Каранёўка (2-я пал. ХІХ ст.), Нікалаеўская царква і сядзіба ў в. Старая Беліца (кан. XVIII — 1-я пал. ХІХ ст.), Усьпенская царква ў в. Чарацянка (1865—1868).

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(недаступная спасылка) (рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
  3. ^ «Гомельтранснафта Дружба» пачала будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 кастрычніка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  4. ^ У дужках падаецца колькасьць сельскіх жыхароў, чал.
  5. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  6. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Указ Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 123(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]