Андрэй Мельнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Андрэй Мельнікаў
Andrej Mielnikau.jpg
Дата нараджэньня 24 лістапада 1965(1965-11-24) (53 гады)
Месца нараджэньня Доўск, Доўскі сельсавет, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць, БССР, СССР
Альма-матэр Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак паэт
Інструмэнты гітара

Андрэ́й Міха́йлавіч Ме́льнікаў (нар. 24 лістапада 1965 году, г. Гомель, БССР) — выканаўца аўтарскай песьні (гітара), літаратар, заснавальнік фэстаў беларускай аўтарскай песьні «Аршанская бітва», Талькаўскі фэст(be), аўтар больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцьця ў постсавецкіх рэаліях.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў горадзе Гомлі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Воршы. У гэтым горадзе жыў з 1969 па 2002 гг.

Служыў у войску, працаваў рабочым, загадчыкам фоталябараторыі, настаўнікам і кіраўніком дзіцячых гурткоў.

У 1999 годзе скончыў завочны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны па спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура».

Жыве ў г. Гомлі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваю беларускую творчую дзейнасьць пачаў у другой палове 1980-ых зь песень «Песьня зь мінуўшчыны», «Казка», якія адразу сталі вядомымі ў беларускіх нацыянальна арыентаваных колах.

Альбом «За сьцягі, за волю!» быў запісаны ў 1989 годзе самапалам, але шырокая папулярнасьць спрыяла таму, што з аднаўленьнем музычна-выдавецкай дзейнасьці ў краіне альбом быў перавыдадзены. Амаль усе песьні першага альбома былі прысьвечаны тэме нацыянальнага адраджэньня і адразу знайшлі свайго слухача.

У 1991 годзе выйшаў альбом «Успамін». Адзін зь нешматлікіх альбомаў барда, у якім пераважае лірычная тэма. У альбом увайшло больш за 20 песень. Празь некалькі гадоў альбом быў перавыдадзены.

У 1991 годзе выйшаў у масавы наклад альбом «Да апошняга камісара». У песьнях альбома, як і ў ранейшых, пераважае гістарычная тэма, вялікая заклапочанасьць лёсам нацыі.

Цалкам з эмігранцкай беларускай паэзіі склаўся альбом Андрэй Мельнікава «Песьні выгнаньня» (1994). Песьні з альбома адкрылі для беларусаў многіх таленавітых паэтаў эміграцыі.

13 кастрычніка 1996 году выйшаў альбом «Гэта МЫ». Песьні альбома — гэта адлюстраваньне падзей першых гадоў незалежнасьці Беларусі. Песьня «Гэта Мы» з аднайменнага альбома стала гімнам патрыятычнай моладзі тых часоў. Празь некалькі гадоў песьня выйшла ў рокавай аранжыроўцы ў выканьні гурта «Новае Неба» з Касяй Камоцкай. У канцы 90-ых песьні з альбома можна была пачуць амаль на кожнай беларускай вечарыне[1]. У 2007 годзе альбом быў перавыдадзены і таксама даволі хутка раскуплены.

У 1996 годзе ў Польшчы быў выдадзены альбом «Шлях». У склад альбома ўвайшло больш за 2 дзясяткі песень як на словы самога Андрэя Мельнікава, так і на словы А.Сыса, А. Змагара , А. Тананы, К. Атраховіча, а таксама народная песьня «Продразьвёрстка».

У 2008 годзе ў Польшчы быў выдадзены альбом «Пад знакамі Арла і Пагоні». На ім, як і на ранейшых, пераважае тэма нацыянальнага адраджэньня.

У 2012 годзе быў выдадзены ў Польшчы альбом «Як з-за выспы на фарвацер» пры падтрымцы «Радыё Рацыя». У тым жа годзе ў Беларусі выйшаў альбом Андрэя Мельнікава «Зубы на далоні». Альбом зьяўляецца пэўнай рэакцыяй барда на падзеі Плошчы 2010.

Асноўная тэма песень барда — Бог, Радзіма, каханьне. Андрэй Мельнікаў першым сярод музыкаў зьвярнуўся да постаці С.Булак-Балаховіча і падзей Слуцкага збройнага чына. У ягонай творчай скарбонцы — больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцьця ў постсавецкіх рэаліях. Песьні А. Мельнікава сталі клясыкай беларускай бардаўскай песьні[1].

У рэпэртуары барда песьні на вершы М. Багдановіча, А. Гаруна, У. Караткевіча, Т. Лебяды, Н. Арсеньневай, Я. Купалы, К. Крапівы, А. Змагара, Р. Барадуліна, І. Паўлоўскага, Л. Галубовіч, Л. Сом, А. Тананы, А. Сьпіцына, А. Сыса, А. Мізулы, Л. Дранько-Майсюка, Л. Баршчэўскага, Зьніча (А. Бембеля), Я. Качмарскага, С. Яновіча, Ю. Славацкага, І. Малковіча. Асобнае месца ў творчай біяграфіі барда займаюць песьні на вершы Анатоля Сыса і Зьніча (Алега Бембеля), да жыцьця і творчасьці якіх Мельнікаў неаднойчы зьвяртаўся ў сваіх творах.

Заснавальнік фэстываляў беларускай аўтарскай песьні і паэзіі «Аршанская бітва», "Талькаўскі фэст(be), «Гэта МЫ».

Трыб’ют на песьні А. Мельнікава рабілі Зьміцер Бартосік, Чырвоным па Белым, Вальжына Цярэшчанка, Зьміцер Вінаградаў.

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдадзенае на CD[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • За сьцягі, за волю! (1997)
  • Камяні майго вогнішча (1997)
  • Песьні выгнаньня (1997)
  • Шлях (1998)
  • Гэта мы! (1999)
  • Пад знакамі Арла і Пагоні (2008)
  • Паміж сьветам і мурам (2008)
  • Як з-за выспы на фарвацер
  • Зубы на далоні (2012)[2]

Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар кнігі «Анатоль Сыс — псальмяр дэфармаванай Беларусі» (2017), шэрагу кніг сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Друкаваўся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы, калектыўных зборніках, творчы партрэт разам з цыклем вершаў зьмешчаны ў часопісе «Роднае слова» (1994, № 10).

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераможца фэстываляў «Залатая горка-1994», «Бардаўская восень» (1996 год), 30-га гіт-параду радыё «Свабода» (1994). Ляўрэат прэміі імя Вацлава Ластоўскага (2017)[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]