Гомельская ратуша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Гомельская ратуша
Праект перабудовы Гомельскай ратушы пад гаўпвахту, 1839 г.
Праект перабудовы Гомельскай ратушы пад гаўпвахту, 1839 г.
Краіна Беларусь
Места Гомель
Архітэктурны стыль клясыцызм

Го́мельская ра́туша — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Гомлі, адзін з сымбаляў места. Знаходзілася на галоўным пляцы[a] пры пачатку галоўнай вуліцы. Твор архітэктуры клясыцызму. У другой палове XIX стагодзьдзя ратушу зруйнавалі або перабудавалі, а па Другой сусьветнай вайнезьнішчылі прыбытковыя дамы на яе месцы дзеля пабудовы новага будынка Абласной ўправы КГБ.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першую ратушу ў Гомлі збудавалі па атрыманьні местам Магдэбурскага права ў 1560 годзе.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт пляну Гомля 1830 году (ратуша пад № 121)

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскі граф Мікалай Румянцаў загадаў зьнішчыць старое драўлянае места зь сярэднявечным плянам вуліцаў. На яго месцы зрабілі вялікі пляц, побач зь якім збудавалі палац Румянцавых і разьбілі парк. Паводле праектаў архітэктара ангельскага паходжаньня Джона Кларка перад палацам ўзводзіліся ключавыя грамадзкія і сакральныя будынкі: саборная царква, касьцёл, гасьціны двор, прыбытковая вучэльня, корчмы. Апошняй паводле часу пабудовай стаў будынак ратушы, узьведзены ў 1825 годзе[1].

Ратуша мела сымбалічнае значэньне. Там не было органаў мескага самакіравання. У ратушы ладзілі тэатральныя спэктаклі, па перадачы ратушы вайсковаму ведамству тут размясьцілася гаўпвахта[1].

Паштоўка пачатку XX ст., на якой відаць прыбытковыя дамы на месцы ратушы

Будынак ратушы зьнішчылі або рэканструявалі прыкладна ў другой палове XIX стагодзьдзя. На паштоўцы пачатку XX стагодзьдзя на месцы ратушы відаць прыбытковы дом.

У 1889 годзе побач зь месцам, дзе знаходзілася ратуша, паводле праекту архітэктара Яўгена Торліна збудавалі будынак «Гарадзкой думы» (рас. Городская дума, які часам блытаюць з колішняй ратушай. На першым паверсе разьмяшчаліся крамы, на другім — уласна «Гарадзкая дума», а таксама меская ўправа і лямбард.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі прыбытковыя дамы, на месцы якіх знаходзілася ратуша, дзеля пабудовы новага будынка Абласной ўправы КГБ.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта быў прастакутны ў пляне будынак з 10-калённым портыкам (іншых зьвестак пра пачатковы выгляд ратушы не захавалася).

Адзіная вядомая выява ратушы датуецца 1839 годам. Гэта праект яе перабудовы пад гаўпвахту. На рысунку фіксуецца кампактавы будынак з мансардай і паўцыркульным акном зь невялікім 4-калённым дарычным портыкам.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Традыцыйна галоўныя пляцы ў местах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай называліся Рынкамі

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гомель классический. Эпоха, меценаты, архитектура. — Мн., 1997. С. 205.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]