Стрэшын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стрэшын
лац. Strešyn
Царква Покрыва Багародзіцы
Царква Покрыва Багародзіцы
Герб Стрэшына Сьцяг Стрэшына


Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жлобінскі
СельсаветПасялковы савет: Стрэшынскі сельсаветСтрэшынскі
Насельніцтва: 1205 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2334
Паштовы індэкс: 247223
СААТА: 3218860906
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°43′40″ пн. ш. 30°6′23″ у. д. / 52.72778° пн. ш. 30.10639° у. д. / 52.72778; 30.10639Каардынаты: 52°43′40″ пн. ш. 30°6′23″ у. д. / 52.72778° пн. ш. 30.10639° у. д. / 52.72778; 30.10639
Стрэшын на мапе Беларусі ±
Стрэшын
Стрэшын
Стрэшын
Стрэшын
Стрэшын
Стрэшын
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Стрэ́шын[2] — мястэчка ў Беларусі, на правым беразе Дняпра пры ўтоку ў яго ракі Стрэшынкі. Цэнтар пассавету Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1205 чалавек[1]. Знаходзіцца за 21 км на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Жлобін (лінія Бабруйск — Гомель), за 105 км ад Гомелю. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Жлобінам, Рэчыцай, Шацілавічамі. Рачная прыстань.

Стрэшын — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захавалася царква Покрыва Багародзіцы ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак, плян XIX ст.

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выяўленае археолягамі гарадзішча (на паўднёва-ўсходняй ускраіне, на мысе правага берага ракі Дняпро) сьведчыць пра засяленьне гэтай мясьцовасьці ў далёкай старажытнасьці.

У ХІІ стагодзьдзі на месцы сучаснага Стрэшына ўзьнік драўляны замак, аточаны валамі і ровам, побач зь якім вырасла неўмацаванае паселішча[4]. Гэтая мясцовасьць уваходзіла ў склад Полацкага княства. 28 лютага 1127 году чарнігаўскі князь Усевалад Ольгавіч ажыцьцявіў паход «на Стрэжаў к Барысаву». У 1159 годзе ў Іпацьеўскім летапісе Стрэшын зноў згадваецца пад назвай Стрэжаў[5]. У сярэдзіне XII стагодзьдзя ў складзе Чарнігаўскага княства.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Стрэшын зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец ХІV стагодзьдзя). У 1391 годзе Стрэшынскую воласьць набыў Віленскі капітул. У 1399 годзе вялікі князь Вітаўт сваёй граматай замацаваў за капітулам зямлю паміж Стрэшынам і Рагачовам. У ХVІ—ХVІІ стагодзьдзях паселішча значна пацярпела ад набегаў татараў і маскоўскіх захопнікаў.

Згодна з адаміністрацыйна-тэарытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Стрэшын увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Пад 1578 і 1579 гадамі ён упамінаецца ў актах Магілёўскага магістрату як места, пад 1592 годам — у Баркулабаўскім летапісе:

« Року 1592, июня по старому 11 дня, в неделю. Была брань великая, велми страшная: почавшы от западних краев замков украинных Чернигов, Гомель, Любеч, Белая Церков, Переясловль, Стрешин, Речица, Рогачов, Кричов и иных многих мест и замков в тых всих по селах и местах и местечках немало збожя попсовала град и буря великая, а на бору, на лесе и по лугом со пчолами дерева бортное, на воде угляды згола, штось троха застала, буря великая поламала… »

Баркулабаўскі летапіс

На 1593 год у Стрэшыне было 99 двароў. У пачатку XVII стагодзьдзя ўладальнікі мястэчка Солтаны заснавалі касьцёл (не захаваўся). Паводле падымнага рэестру Стрэшынскай воласьці (1608), мястэчка падзялялася на 2 часткі: асноўную тэрыторыю каля замка (мела 56 будынкаў) і прадмесьці Слабада (46 будынкаў); існавала дзьве ганчарныя майстэрні, вадзяны млын на рацэ Стрэшынка[4]. Паводле інвэнтару, складзенага ў 1638 годзе, у Стрэшыне было 100 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква; існавалі замак, сядзіба і паромная пераправа на Дняпры каля замка[4]. У ліпені 1654 году Стрэшын захапілі казакі І. Залатарэнкі, якія спалілі замак. У 1700 годзе каля мястэчка заснавалі паташную буду.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стрэшын апынуўся ў Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні графа Остэрмана. У 1807 годзе тут збудавалі Пакроўскую царкву. На 1838 год у Стрэшыне быў 221 двор, на 1860 год — 1 мураваны і 136 драўляных будынкаў, на 1880 год — існавалі хлебазапасны магазын, народная вучэльня (адкрылася ў 1864 годзе), дзе ў 1889 годзе навучаліся 41 хлопчык і 11 дзяўчынак.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Стрэшыне было 300 двароў, 2 малітоўныя дамы, пошта, паравы млын, 10 крамаў, 2 гарбарныя майстэрні, карчма, 2 разы праводзіліся кірмашы. У 1909 годзе дзейнічалі школа зь бібліятэкай. 27 красавіка 1910 году стрэшынцы ўрачыста сустракалі мошчы прападобнай Эўфрасіньні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацак.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Стрэшын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стрэшын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Стрэшын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 1956 году ў Жлобінскім раёне). На 1925 год у мястэчку было 455 двароў, у 1930—1931 гадох працавалі крухмальны завод, 2 нафтавыя млыны, цагельна-ганчарны завод (59 работнікаў), кравецкая, шавецкая і кошыкавая (50 работнікаў) майстэрні, 3 ветракі, кузьня. 27 верасьня 1938 году Стрэшын атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 11 жніўня 1941 да 29 лістапада 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1826 год — 888 чал.; 1860 год — 1188 чал.; 1890 год — 1064 чал. (454 муж. і 610 жан.), у тым ліку 512 праваслаўных і 552 юдэяў[6]; 1897 год — 2106 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 3246 чал.; 2000 год — 1425 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1,3 тыс. чал.[7]; 2004 год — 1,3 тыс. чал.[8]; 2006 год — 1,2 тыс. чал.[9]; 2008 год — 1,2 тыс. чал.; 2009 год — 1263 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 1226 чал.[11]; 2017 год — 1213 чал.[12]; 2018 год — 1205 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Стрэшыне працуюць сярэдняя школа і дашкольная ўстанова.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плянавальная структура Стрэшына ня мае рэгулярнай асновы. Дарога з Жлобіна пераходзіць у галоўную вуліцу, арыентаваную да парку і спусьцістага берага Дняпра.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Камсамольская вуліца ?
Першамайская вуліца ?

З урбананімічнай спадчыны Стрэшына да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Дняпроўская і Прабойная.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цагельня, лесьнікоўства.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апроч гістарычна-археалягічнай зоны, у мястэчку знаходзіцца пэйзажны парк (3,5 га) і помнік землякам, што загінулі ў Другую сусьветную вайну.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак (XII ст.)
  • Касьцёл (ХVII ст.)

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Валеры Логвін (нар. 1945) — заслужаны дзяяч культуры Беларусі
  • Васіль Рагаўцоў (нар. 1952) — беларускі паэт, мовазнавец, доктар філялягічных навук (2003), прафэсар (1993), заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2014)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 157.
  3. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 150.
  4. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 638.
  5. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 28 лютага 2014. — № 38 (27648). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Krzywicki J. Strzeszyn // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 479.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 218.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
  9. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  10. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]