Перайсьці да зьместу

Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ІММС»)

Каардынаты: 52°25′52″ пн. ш. 31°0′15″ у. д. / 52.43111° пн. ш. 31.00417° у. д. / 52.43111; 31.00417

Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў
рас. Институт механики металлополимерных систем
Абрэвіятура ІММС
Папярэднік Аддзел мэханікі палімэраў АН БССР
Дата ўтварэньня 5 чэрвеня 1969 (55 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка кампазыцыйных матэрыялаў на аснове палімэраў
Штаб-кватэра Гомель, Цэнтральны раён, вул. Кірава, д. 32а
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Андрэй Грыгор'еў
Намесьнік па навуковай працы Міхаіл Цалуеў
Намесьнік па інавацыйнай дзейнасьці Васіль Савіцкі
Навуковы сакратар Валер Кончыц
Асноўныя асобы Мікалай Мышкін, Сьцяпан Пясецкі[1]
Кіроўны орган Навуковая рада
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі УП «СКТБ «Мэталапалімэр» (Гомель)
Колькасьць супрацоўнікаў 174 (2018 г.)
Сайт mpri.org.by

Інстыту́т мэха́нікі мэталапалімэ́рных сыстэ́маў імя Ўладзі́мера Бе́лага (наркам. Інстытут механікі металапалімерных сістэм, анг. Metal Polymer Research Institute) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў чэрвені 1969 году на аснове Аддзелу мэханікі палімэраў.

На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру і дактарантуру ажыцьцяўляўся па 3 спэцыяльнасьцях: 1) фізыка кандэнсаванага стану, 2) матэрыялазнаўства (машынабудаваньне), 3) церце і знос у машынах. ІММС распрацоўваў палімэрныя кампазыты канструкцыйнага і трыбатэхнічнага прызначэньня, праводзіў мэханічныя і трыбатэхнічныя выпрабаваньні матэрыялаў паводле стандартаў Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі (Жэнэва, Швайцарыя), ажыцьцяўляў аналіз складу і фізыка-хімічнай будовы палімэрных матэрыялаў[2]. Сярод 174 супрацоўнікаў быў 1 акадэмік, 1 сябар-карэспандэнт, 8 дактароў і 26 кандыдатаў навук. Кожныя 2 гады Інстытут ладзіў міжнародную канфэрэнцыю па палімэрным матэрыялазнаўстве і трыбалёгіі. Выдаваліся 2 часопісы: «Церце і знос» (ISSN: 0202-4977) на ангельскай і расейскай і «Палімэрныя матэрыялы і тэхналёгіі» па-расейску (ISSN: 2415-7260)[3].

На 2018 год Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага ўлучаў:

  • 4 аддзелы — 1) кампазыцыйных матэрыялаў і рэцыклінгу палімэраў, 2) фізыкі і мэханікі кампазыцыйных сыстэмаў, 3) фракцыйнага матэрыялазнаўства, 4) церця, змазкі і ўстойлівасьці матэрыялаў, 5) тэхналёгіі палімэрных кампазытаў;
  • УП "Спэцыяльнае канструктарска-тэхнічнае бюро «Мэталапалімэр» (Гомель, вул. Фядзюнінскага, д. 4);
  • 2 цэнтры калектыўнага карыстаньня — 1) Беларускі рэспубліканскі цэнтар зондавай мікраскапіі, 2) Цэнтар трыбалягічных выпрабаваньняў і сэртыфікацыі кампазыцыйных матэрыялаў і змазачных рэчываў[2].

5 чэрвеня 1969 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 201 аб стварэньні Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў (ІММС) на аснове Аддзелу мэханікі палімэраў, які існаваў з 1963 году. У Інстытуце стварылі палімэрныя матэрыялы, што павялічылі рэсурс і надзейнасьць машынаў, зьменшылі адмоўнае ўзьдзеяньне вытворчасьці на навакольнае асяродзьдзе. Таксама распрацавалі спосабы кіраваньня ўласьцівасьцямі палімэраў пры дапамозе ўзьдзеяньня электрычнага і магнітнага палёў, іянізавальнага выпрамяненьня і фізыка-хімічнага мадыфікаваньня; вырабілі арыгінальнае абсталяваньне для атрыманьня такіх матэрыялаў. У Інстытуце працавалі акадэмікі Ўладзімер Белы і А.І. Сьвірыдзёнак[4]. У 1970 годзе Ўладзімер Белы атрымаў Ганаровы мэдаль Жакара за навуковыя вынікі ў галіне трыбалёгіі ад Францускага таварыства інжынэраў-мэханікаў. У 1972 годзе Дзяржаўную ўзнагароду БССР у галіне навукі і тэхнікі атрымалі 8 навукоўцаў ІММС — У.Белы, Э. Я. Канавалаў, В. Г. Карэцкі, Барыс Купчынаў, Валянцін Саўкін, Анатоль Сьвірыдзёнак, Сяргей Шчарбакоў і Віктар Старжынскі. У 1973 годзе ўзьвялі 9-павярховы лябараторны корпус ІММС. У 1976 годзе У.Белы, А.Сьвірыдзёнак, Марк Петраковец і В.Саўкін выдалі па-расейску манаграфію «Церце і знос матэрыялаў на аснове палімэраў», якую перавыдалі ў 1982 годзе па-ангельску ў Лёндане. У 1978 годзе Дзяржаўную прэмію БССР у галіне тэхнікі атрымаў Павал Сысоеў[5].

У 1980 годзе ІММС пачаў выдаваць па-ангельску і па-расейску часопіс «Церце і знос». У 1986 годзе ў Інстытуце стварылі Раду па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў, у 1992 годзе — доктарскіх. У 1994 годзе ІММС атрымаў імя Ўладзімера Белага. З 1996 году сталі выдаваць па-расейску часопіс «Матэрыялы. Тэхналёгіі. Інструмэнты», які з 2015 году называецца «Палімэрныя матэрыялы і тэхналёгіі». На 1998 год у Інстытуце было 11 аддзелаў, асьпірантура і дактарантура, рада па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: кіраваньне трываласнымі, адгезійнымі, супрацьфрыкцыйнымі і супраць каразійнымі ўласьцівасьцямі кампазытаў на аснове арганічных і неарганічных палімэраў з мэтай стварэньня матэрыялаў для дэталяў і вузлоў машынаў, абсталяваньня і прыладаў; спосабы разьліку дэталяў з палімэрных кампазытаў. На 1998 год у Інстытуце працавалі сябры-карэспандэнты Б.І. Купчынаў і Ю.М. Плескачэўскі[4].

  1. ^ Навуковая рада (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 жніўня 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
  3. ^ Інстытут сёньня (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
  4. ^ а б Юры Плескачэўскі. Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 269-270. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  5. ^ Гісторыя (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Распрацоўкі (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.