Гомель (хакейны клюб)
Гомель | |
Заснаваны | 2000 |
---|---|
Адкуль | Гомель, Беларусь |
Пляцоўка | Гомельскі лядовы палац спорту Зьмяшчальнасьць: 2726 |
Фарм-клюб | Рысі |
Старшыня клюбу | Яўген Алейнік |
Чэмпіянат | Экстраліга |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
«Гомель» — беларускі хакейны клюб з аднайменнага гораду, які выступае ў беларускай Экстралізе. Чэмпіён Беларусі 2003 году і шматразовы ўладальнік Кубка Беларусі. Двойчы «Гомель» дасягаў фіналаў Кантынэнтальнага кубка, але кожным разам трафэй камандзе не скараўся.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па заканчэньні будаўніцтва лядовага палацу ў Гомлі напрыканцы жніўня 2000 году на загад Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту быў створаны хакейны клюб. Фінансаваньне каманды ўзяло на сябе прадпрыемства Гомельтранснафта Дружба. Першым трэнэрам каманды быў прызначаны Яўген Лебедзеў, а лідэрам і капітанам каманды стаў Андрэй Андрыеўскі.
Першыя посьпехі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дэбютным сэзоне чэмпіянату Беларусі дружына заняла чацьвертае месца. У гэты ж час «рысі» бралі ўдзел у розыгрышы Ўсходне-эўрапейскай хакейнай лізе (УЭХЗ), дзе фінішавалі на 5 месцы ў рэгулярным сэзоне, але прагулялі ў чвэрцьфінале кіеўскаму «Беркуту». Клюб заняў першы радок у сваёй падгрупе, але ў паўфінале плэй-оф саступіў «Хімвалакно». А ў розыгрышы УЭХЗ у гэты ж час «Гомель» здабыў срэбны мэдаль. Пасьля сэзону ў 2002 годзе расейскі трэнэр Уладзімер Сініцын, які ачольваў тое самае «Хімвалакно», перайшоў на працу галоўнага трэнэра «Гомля». Поруч з трэнэрам з Магілёва пераехаў Ягор Летаў. Яшчэ да шэрагаў каманды далучыўся знаны нападнік Аляксей Страхаў.
11 жніўня 2002 году ў фінале Кубка Беларусі «Гомель» саступіў менскаму «Кераміну», зь лікам 3:2. У новым сэзоне 2002—2003 гадоў гомельскі калектыў быў няспынны. Пачаўшы ў верасьні, «Гомель» здабываў перамогу за перамогай ажно да 7 сьнежня, калі на хатняй пляцоўцы прагуляў «Кераміну» зь лікам 1:4. У гэтыя часы матчы паміж камандамі, які бралі ўдзел і ў чэмпіянаце Беларусі і ў УЭХЗ залічваліся адначасова ў абодва турніры. У выніку «Гомель» быў сярод лідэраў як айчыннага першынства, гэтак і міжнароднай лігі. У паўзу паміж рэгулярным сэзонам чэмпіянату Беларусі і раўндам плэй-оф, «рысі» здабылі Кубак Беларусі, дзе ў фінальным двубоі перамаглі «Керамін». У гэты ж час каманда фінішавала другой у УЭХЗ. У плэй-оф беларускага першынства «Гомель» безь перашкодаў перамог гарадзенскі «Нёман», дакрочыўшы да фіналу, дзе дружыну чакаў добра знаёмы сталічны «Керамін». Не зважаючы на зацятасьць абодвух клюбаў, перамогу ў сэрыі зь лікам 3:0 здабыў «Гомель», на трэці год існаваньня прыдбаўшы тытул чэмпіёна краіны[1]. У сэзоне 2003—2004 гадоў гамельчукі былі сярод лідэраў, як беларускага першынства, гэтак і УЭХЗ. У студзені 2004 году «Гомель» прымаў на хатняй арэне фінальны этап Кантынэнтальнага кубка, дзе перагуляў спачатку францускі «Руан», а потым швайцарскае «Люгана». Фінал кубка ладзіўся таксама ў Гомлі, але гаспадары атрымалі паразу ад славацкага «Словану» зь лікам 2:6[2]. Другое месца гомельскія хакеісты занялі ў УЭХЗ. У чэмпіянаце краіны «Гомель» у паўфінале быў выбіты менскім «Юнацтвам», але здабыў па сканчэньні айчыннага першынства кубак краіны.
Пагаршэньне вынікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля ліквідацыі УЭХЗ пашырыўся і чэмпіянат Беларусі, у выніку «Гомель» фінішаваў на 6 месцы, што дазволіла узяць удзел у плэй-оф. У чвэрцьфінале гамельчукі ў зацятай барацьбе прагулялі кіеўскаму «Сокалу». З часам «Гомель» губляў лідэраў, як то Паўла Мікульчыка, Вадзіма Бекбулатава, Аляксея Страхава і Аляксандра Аляксеева. Тым ня менш зьяўляліся і новыя лідэры, як то Аляксандар Макрыцкі і Сяргей Стась. Адзін сэзон у камандзе адгуляў дасьведчаны Максім Слыш, але пасьля далучыўся да сталічнага «Кераміна». Аднак, вынікі пагоршыліся. «Гомель» сканчваў сэзон у сярэдзіне табліцы, але выбываў у чвэрцьфінале. Але ў 2007 годзе «Гомель» здабыў Кубак Беларусі, выгуляўшы «Керамін»[3]. У 2008 годзе каманда нават ня трапіла ў плэй-оф, скончыўшы турнір на 9 месцы.
Андрыеўскі і Скабелка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ратаваць каманду быў запрошаны трэнэр Аляксандар Андрыўскі, які яшчэ нядаўна гуляў у клюбнай кашулі. «Гомель» перарадзіўся, скончыўшы рэгулярны сэзон на другім месцы. У плэй-оф каманда перакрочыла «Нёман» і «Мэталюрг», але ў фінале саступіла «Юнацтву». Той сэзон атрымаўся такім пасьпяховым дзякуючы брамніку Ігару Брыкуну. Таксама вылучаліся абаронцы Ўладзімер Копаць і Іван Вусенка[4]. Была цікавасьць клюбу да ўдзелу ў КХЛ, але перамовы анічым ня скончыліся, і клюб застаўся ў Экстралізе[5].
У міжсэзоньне да шыхтаў клюбу далучыўся Аляксандар Жыдкіх. З клюбу сышоў Андрыеўскі, які далучыўся да менскага «Дынама», а новым галоўным трэнэрам стаў ягоны асыстэнт Андрэй Скабелка. Тым ня менш каманда амаль не пагоршыла вынікаў, дакрочыўшы да паўфіналу. Наступны сэзон стаў горшым за леташні, каманда вылецела яшчэ ў чвэрцьфінале. Брамнік Ігар Брыкун распавядаў, што з Скабелкам пагоршчыўся мікраклімат у дружыне[6]. Ягоныя словы пацьвярджаў абаронца Іван Вусенка[7]. Праз бачны канфлікт у камандзе заўзятары «Гомлю» накіравалі адкрыты ліст дырэктару клюбу з просьбай звольніць галоўнага трэнэра[8]. Яшчэ падчас сэзону Брыкун перабраўся ў «Нёман», а адразу па сэзоне «Гомель» узмацніўся брамнікам Пасі Хякінэнам, абаронцамі Атварсам Трыбунцаўсам і Аляксеем Дзяніскінім. Таксама да клюбу далучыліся нападнікі Арцём Сянькевіч і Міхаіл Стэфановіч. У выніку «Гомель» быў трэцім у рэгулярным сэзоне, а ў плэй-оф быў выбіты «Нёманам» у паўфінале. Па сканчэньні сэзону Хякінэн быў абраны найлепшым хакеістам клюбу[9], але ўлетку ён сышоў у чэмпіянат Нямеччыны[10]. Не зважаючы на тое, што былі чуткі аб пераходзе Скабелкі на працу ў менскае «Дынама», галоўны трэнэр застаўся з «рысямі». Каманда добра правяла Кубак Беларусі, здабыўшы трафэй, у фінальным матчы выгуляўшы дзейнага чэмпіёна жлобінскі «Мэталюрг». У лістападзе 2012 году «Гомель» на хатняй пляцоўцы выгуляў «Віцебск» з рэкордным лікам 16:1[11]. Клюб добра згуляў рэгулярны сэзон 2012—2013 гадоў, але нечакана ў чвэрцьфінале прагуляў менскаму «Юнацтву». У сакавіку 2013 году Скабелка сышоў з пасады галоўнага трэнэра[12].
Новы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб ачоліў Валеры Варонін, а склад каманды часткова зьмяніўся. У жніўні 2013 году да шыхтаў «рысяў» далучыўся Эдыйс Брахманіс, які ў найбліжэйшыя гады стаў лідэрам клюбу[13]. Наступныя чатыры гады гамельчукі сканчвалі сэзон у паўфінале Экстралігі. У канцы 2014 году Варонін сваю пасаду саступіў Аляксандру Палішчуку[14], які некаторы час выконваў абавязкі галоўнага трэнэра. Уже хутка галоўным трэнэрам быў прызначаны Аляксандар Андрыеўскі[15]. Улетку 2015 году галоўным трэнэрам быў прызначаны Андрэй Сідарэнка[16]. У чэрвені 2016 году з клюбу праз шмат гадоў сышоў Аляксандар Жыдкіх[17]. З другой паловы 2016 году трэнаваць каманду пачаў колішні хакеіст «Гомлю» Алег Хмыль. У 2017 годзе каманда здабыла чарговы Кубак Беларусі, але вынікаў у Экстралізе не было.
Сэзон 2018—2019 гадоў «Гомель» правёў з выключна беларусамі ў складзе, у першую чаргу празь фінансавыя чыньнікі[18][19]. Лідэрамі каманды сталі Яўген Саламонаў і Яўген Хузееў. У той сэзон клюб скончыў свае выступы ў чвэрцьфінале, сакрушальна прагуляўшы «Дынама-Маладэчна». У тым жа сэзон «Гомель» як пераможца кубак браў удзел у Кантынэнтальным кубку, дзе прабіўся ў фінальны этап. Аднак, з трыма паразамі заняў апошні чацьверты радок групы.
У летнюю паўзу 2019 году стала вядома, што частка гульцоў зьвярнуліся ў пракуратуру, бо «Гомель» не выконваў свае абавязкі ў сплаце заробкаў[20]. Пасаду галоўнага трэнэра заняў Сяргей Стась. Клюб страціў шмат гульцоў у міжсэзоньне, асабліва былі адчувальныя страты Яўгена Саламонава[21], Паўла Мусіенкі[22]. У кастрычніку да «рысяў» далучыўся нападнік Ігар Равенка[23]. Каманды была пятай у рэугулярным сэзоне і зноў саступіл ў чвэрцьфінале «Дынама-Маладэчна». «Гомель» страціў у паўзу двух расейскіх бамбардзіраў Юрыя Какшарава і Сяргея Топаля, але ўмацаваўся форвардам з маладэчанскай каманды Германам Несьцеравым[24]. Менавіта Несьцераў поруч зь Ігарам Равенка і Аляксандрам Скоранавым былі галоўнымі нападнікамі «рысяў» новага сэзону. «Гомель» скончыў сэзон на трэцім месьце, а ў плэй-оф нарэшце дакрочыў да фіналу, пераадолеўшы супраціў «Нёману» і «Шахцёру». У фінальнай сэрыі гамельчукі трывалі чатыры паразы і засталіся з срэбнымі мэдалямі. У міжсэзоньне каманда страціла Несьцерава[25] і Скоранава[26]. Тым ня менш дружына зноў была трэцяй у рэгулярным сэзоне, але прагуляла ў чвэрцьфінале «Нёману». У сэзоне 2022—2023 гадоў гамельчукі былі чацьвертымі, а ў плэй-оф саступілі ў чвэрцьфінале жлобінскаму «Мэталюргу». У траўні 2023 году Ігар Равенка далучыўся да «Юнацтва»[27], але ўлетку вярнуўся Герман Несьцераў[28].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле стану на 14 верасьня 2024 году
Брамнікі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
20 | Андрэй Карчэўскі | 07.06.2005 | 31 | Данііл Ерафееў | 09.05.2002 | ||
98 | Максім Лубскі | 16.01.2001 | |||||
Абаронцы | |||||||
4 | Андрэй Госьцеў | 16.02.1998 | 5 | Мікіта Стасенка | 13.01.2003 | ||
17 | Мікіта Жыхараў | 19.07.2004 | 23 | Максім Магалецкі | 25.02.1998 | ||
41 | Арсень Архіпцаў | 02.02.2007 | 43 | Мікіта Анохін | 20.09.1999 | ||
59 | Дзьмітры Іванчыкаў | 02.04.1999 | 71 | Міхаіл Кавалёў | 20.01.2000 | ||
Нападнікі | |||||||
7 | Аляксандар Галавач | 05.08.2005 | 8 | Дзяніс Сяргушкін | 29.06.1996 | ||
9 | Ягор Феафанаў | 09.06.1995 | 11 | Кірыл Мяжэйнікаў | 11.04.2000 | ||
13 | Насэр Сабгі | 04.10.2001 | 18 | Мікалай Сусла | 04.03.1991 | ||
19 | Кірыл Бяляеў | 18.07.1997 | 27 | Ільля Жукоўскі | 20.02.1997 | ||
29 | Іван Станкевіч | 27.11.2005 | 46 | Алег Качалоўскі | 24.10.2001 | ||
72 | Яўген Сапельнікаў | 09.01.2002 | 74 | Кірыл Бовін | 05.05.1998 | ||
77 | Арсень Дзярыба | 05.01.2003 | 85 | Андрэй Перагуда | 02.10.1995 | ||
88 | Іван Панамарцаў | 20.10.2005 | 89 | Артур Буйніцкі | 04.10.1995 | ||
97 | Валеры Бачкароў | 19.11.1997 |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ История ХК Гомель — золотой 2003 год. Сайт заўзятараў ХК «Гомель».
- ^ «Gomel - Slovan Bratislava (11 janvier 2004)». Hockey Archives.
- ^ ХК "Гомель" стал первым клубом, который трижды завоевал Кубок Беларуси по хоккею с шайбой. Акцябрскi раённы выканаўчы камітэт.
- ^ «Прессбол» №71 (2455), 15 траўня 2009.
- ^ Гомель хочет играть в КХЛ. iSport.ua.
- ^ Брикун рассказал всю правду о конфликте со Скабелкой. Беларускі хакей.
- ^ Усенко: Такого открытого конфликта между тренером и игроками никогда не видел. Беларускі хакей.
- ^ Болельщики ХК "Гомель" просят уволить тренерский штаб клуба. Беларускі хакей.
- ^ ОЧБ: Лучшим игроком сезона в «Гомеле» признан Паси Хаккинен. Беларускі хакей.
- ^ ОЧБ: Лучший игрок «Гомеля» отправляется в Германию. Беларускі хакей.
- ^ ОЧБ: ХК «Гомель» отправил 16 шайб в ворота «Витебска». Беларускі хакей.
- ^ ОЧБ: Андрей Скабелка подал в оставку с поста главного тренера «Гомеля». Беларускі хакей.
- ^ ЧБ: Латвийский форвард подписал контракт с «Гомелем». Беларускі хакей.
- ^ Александр Полищук: «Гомель» только второй день работает по новой схеме. Беларускі хакей.
- ^ ЧБ: Экс-наставник минского "Динамо" возглавил "Гомель". Беларускі хакей.
- ^ ЧБ: Известный тренер возглавил «Гомель». Беларускі хакей.
- ^ «БХ»: Лидер «Гомеля» официально «прописался» в Гродно. Беларускі хакей.
- ^ Экстралига А: «Гомель» не может заявить легионеров из-за финансовых проблем. Беларускі хакей.
- ^ «БХ»: «Гомель» из-за проблем с финансами по-прежнему не может заявить легионеров. Беларускі хакей.
- ^ «БХ»: Ряд бывших и действующих хоккеистов «Гомеля» написали заявления в инспекцию труда и в прокуратуру. Беларускі хакей.
- ^ Евгений Соломонов: Обидно за «Гомель», распадается такая команда. Долги обещают погасить. Беларускі хакей.
- ^ «БХ». Павел Мусиенко: Весь сезон отработали на честном слове, но «Гомель» хочет, чтобы мы не имели к нему претензий. Беларускі хакей.
- ^ «Гомель» подтвердил возвращение белорусского форварда. Беларускі хакей.
- ^ Российский форвард сменил «Динамо-Молодечно» на «Гомель». Беларускі хакей.
- ^ Один из лучших игроков белорусского чемпионата официально перешёл в «Витязь». Беларускі хакей.
- ^ Белорусский нападающий подписал контракт с питерским СКА. Беларускі хакей.
- ^ Игорь Ревенко продолжит свою карьеру в минской «Юности». ФХБ.
- ^ «Ощущение, что и не уезжал вообще». Герман Нестеров – о возвращении в «Гомель», двух годах в России и сыне-хоккеисте. ФХБ.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|