Радамля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Радамля
трансьліт. Radamlia
Гарадзішча
Гарадзішча
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Чавускі
Сельсавет: Радамльскі
Насельніцтва: 303 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2242
Паштовы індэкс: 213203
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°57′40″ пн. ш. 31°2′2″ у. д. / 53.96111° пн. ш. 31.03389° у. д. / 53.96111; 31.03389Каардынаты: 53°57′40″ пн. ш. 31°2′2″ у. д. / 53.96111° пн. ш. 31.03389° у. д. / 53.96111; 31.03389
Радамля на мапе Беларусі ±
Радамля
Радамля
Радамля
Радамля
Радамля
Радамля
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ра́дамля[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Радучы. Цэнтар сельсавету Чавускага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 303 чалавекі. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Чавусаў, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Чавусы (лінія Магілёў — Крычаў).

Радамля — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя рэзыдэнцыя ордэна кармэлітаў, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся рэшткі сядзібы Чахоўскіх, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня, Радамля была старажытным горадам радзімічаў, якія сяліліся на берагах Сажа і яго прытокаў. Першы пісьмовы ўпамін пра Радамлю датуецца 1527 годам, калі тут месьціўся замак, перададзены князю Заслаўскаму. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Радамля ўвайшла ў склад Амсьціслаўскага ваяводзтва, з 1580 году — у дзяржаўным скарбе (паводле іншых зьвестак, знаходзілася ў валоданьні князёў Мсьціслаўскіх).

У 1539—1770 гадох Радамля была цэнтрам староства. У 1619 годзе тут заснавалі рэзыдэнцыю кармэлітаў, з 1743 году дзейнічаў кляштар[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Радамля апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губэрні. На 1797 год у мястэчку разьмяшчалася рэзыдэнцыя Амсьціслаўскага кармэліцкага кляштару.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар кармэлітаў. Статус паселішча панізілі да сяла. На 1849 год у Радамлі было 10 двароў, працавалі карчма і млын. На 1880 год у сяле было 25 двароў, дзейнічалі 2 царквы і касьцёл, працаваў заезны дом. Частка жыхароў займалася шавецкім промыслам. З 1883 году ў Радамлі працавала школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у сяле было 29 двароў, дзейнічала царква, працавалі школа, у якой навучаліся 85 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, і багадзельня. У пасёлку, што знаходзіўся побач, было 11 двароў, працавалі крама і шынок; у царкоўнай сядзібе было 4 двары і царкоўна-прыходзкая школа, у якой навучался 13 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак; у касьцельнай сядзібе было 3 двары. На 1909 год у Радамлі было 37 двароў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл, інтэр’ер

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Радамля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала сяло разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Радамлю вярнулі БССР, дзе яна 20 жніўня стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 16 ліпеня 1954 году). У 1930-я гады бальшавікі зруйнавалі мясцовы касьцёл. У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 23 чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

На 1990 год у Радамлі было 80 двароў, на 2001 год — 102, на 2007 год — 108. У 2000-я гады яна атрымала афіцыйны статус аграгарадку. 23 сьнежня 2009 году сельсавет, у які ўваходзіць вёска, перайменавалі з Жаліўскага ў Радамльскі, а цэнтар сельсавету перанесьлі зь вёскі Жаліўя ў Радамлю[3].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1849 год — 73 чал.; 1880 год — 162 чал.; 1897 год — 157 чал. у сяле Радамлі, 67 чал. у пасёлку Радамлі, 6 чал. у царкоўнай сядзібе і 6 чал. у касьцельнай сядзібе
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 230 чал.; 1990 год — 272 чал.[4]; 1999 год — 349 чал.[5]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 334 чал.[6]; 2007 год — 311 чал.[7]; 2010 год — 303 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Радамлі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект плянаваньня і забудовы Радамлі распрацавалі ў 1982 годзе. Плян вёскі складаецца з плыўна выгнутай з завулкам вуліцы, арыентаванай мэрыдыянальна. Забудова традыцыйная, сядзібнага тыпу, драўляная, двухбаковая. Паралельнай да асноўнай на ўсход праходзіць новая вуліца, забудаваная адна- і двухпавярховымі тыповымі жылымі дамамі — індывідуальнымі і шматкватэрнымі. Грамадзкія будынкі разьмяшчаюцца ўздоўж асноўнай вуліцы сярод жылой забудовы. Вытворчы сэктар — на поўначы і паўднёвым усходзе.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На левым беразе ракі Радучы захавалася гарадзішча раньняга жалезнага веку і Раньняга Сярэднявечча (XIII ст.). На поўдзень ад гарадзішча, за ярам — старажытнае паселішча.

  • Сядзіба Чахоўскіх (XIX ст.)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1835[8])
  • Кляштар кармэлітаў (XVII ст.)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu) С. 307
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 450.
  3. ^ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16(рас.)
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 304.
  5. ^ ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 49.
  6. ^ БЭ. Т. 13. — Менск, 2001 С. 205.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 303.
  8. ^ Krzywicki J. Radoml // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 423.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Радамлясховішча мультымэдыйных матэрыялаў