Януш Радзівіл
Януш Радзівіл | |
![]() Януш Радзівіл. Даніель Шульц, 1652 |
|
![]() Герб «Трубы» |
|
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: | 2 сьнежня 1612 Палелі |
Памёр: | 31 сьнежня 1655 Тыкоцін |
Род: | Радзівілы |
Бацькі: | Крыштап Радзівіл Ганна з Кішкаў |
Жонка: | Кацярына з Патоцкіх Марыя Лупу |
Дзеці: | ад 1-га шлюбу: Ганна Марыя |
Януш Радзівіл (2 сьнежня 1612, мястэчка Палелі Вількамірскага павету — 31 сьнежня 1655 , места Тыкоцін) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).
Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Летувы, Любчу ў Наваградзкім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Амсьціслаўскае і іншыя староствы[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузэн Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.
Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, працягваў адукацыю ў Ляйпцыскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім ўнівэрсытэтах, наведаў Францыю і Ангельшчыну.
У 1633, наняўшы ў Нідэрляндах 1 тыс. пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[2]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 пасаду палявога гетмана літоўскага, надзвычай пасьпяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 разьбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і бязь бітвы здабыў Кіеў.
Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасьцямі, фінансаваў атрыманьне адукацыі ў эўрапейскіх унівэрсытэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.
У палітычных адносінах быў прыхільнікам ідэі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосьці ў Вільні ў прысутнасьці манарха кінуў польскім сэнатарам: «Прыйдзе час, — паны-палякі да дзьвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем»[3]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 спрабаваў наладзіць кантакты са Швэцыяй.
У часе Трынаццацігадовай вайны атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у Бітве пад Шкловам (12 жніўня 1654) і паразу ў Бітве пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654). Паранены, ледзь пазьбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей Я. Радзівіл скіраўся на Менск зьбіраць войска. У студзені 1655 спрабаваў адбіць Магілёў.
Па заняцьці маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складаньне уніі з швэдзкім каралём Карлам Густавам (Кейданы, 17 жніўня 1655). Паводле гэтай дамовы Вялікае Княства Літоўскае выходзіла з складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў фэдэрацыйны зьвяз з Швэцыяй.
Аднак акт Кейданскай уніі не ажыцьцявіўся. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай адданых сілаў ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, дзе неўзабаве і памёр (паводле некаторых зьвестак, быў атручаны).
Першы раз ажаніўся ў 1638 з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Б. Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладаньні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[1].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія Януша Радзівіла
-
Давід Байі, 1632
-
«Выявы роду Радзівілаў». Нясьвіж, 1758
-
Войцех Герсан, каля 1860—1862
Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.
Я. Радзівіл — адзін з пэрсанажаў гістарычнага раману польскага пісьменьніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).
Папярэднік Януш Кішка |
Гетман вялікі літоўскі 1654—1655 |
Наступнік Павал Ян Сапега |
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 501.
- ^ Біяграфічныя звесткі // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Чым вызначыўся Януш Радзівіл? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т.34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654-1667). — Вильна, 1909. — С.98-100.
- Барэвіч А. Староста барысаўскі Януш Радзівіл // «Гоман Барысаўшчыны» № 3 (108), 2008.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Януш Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|
- Нарадзіліся 2 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1612 годзе
- Памерлі 31 сьнежня
- Памерлі ў 1655 годзе
- Гетманы вялікія літоўскія
- Гетманы польныя літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Падкаморыя вялікія літоўскія
- Радзівілы
- Удзельнікі вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
- Старосты амсьціслаўскія
- Сьвецкія сэнатары Рэчы Паспалітай
- Князі Сьвятой Рымскай імпэрыі (Рэч Паспалітая)