Салігорск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Салігорск
трансьліт. Salihorsk
Салігорск
Coat of Arms of Salihorsk, Belarus.svg Flag of Soligorsk Belarus.svg
Герб Салігорску Сьцяг Салігорску
Гімн Салігорску: «Салігорск малады»[1]
Дата заснаваньня: 1958
Места з: 1963
Былая назва: Новастаробінск
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Салігорскі
Старшыня райвыканкаму: Алег Паскробка
Плошча: 15 км² [2]
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 106 839 чал.[3]
шчыльнасьць: 7122,6 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 174
Паштовы індэкс: 223700 — 223709[4]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 52°46′46″ пн. ш. 27°31′38″ у. д. / 52.77944° пн. ш. 27.52722° у. д. / 52.77944; 27.52722Каардынаты: 52°46′46″ пн. ш. 27°31′38″ у. д. / 52.77944° пн. ш. 27.52722° у. д. / 52.77944; 27.52722
Салігорск на мапе Беларусі ±
Салігорск
Салігорск
Салігорск
Салігорск
Салігорск
Салігорск
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://soligorsk.by

Саліго́рск — места ў Беларусі, на правым беразе ракі Случы. Адміністрацыйны цэнтар Салігорскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 рок — 106 839 чалавек[3]. Знаходзіцца за 136 км на поўдзень ад Менску. Канцавая чыгуначная станцыя на адгалінаваньні Слуцак — Салігорск ад лініі Баранавічы — Асіповічы, побач зь местам праходзяць аўтамабільныя дарогі Менск — Мікашэвічы й Бабруйск — Вызна.

Салігорск — адно з найбольш маладых местаў Беларусі. Ягонае будаваньне пачалося ў 1958 року каля старажытнага мястэчка Старобіна ў зьвязку з прамысловай распрацоўкай Старобінскага радовішча калійнай солі. Першапачатковую назву — Новастаробінск — у 1959 року зьмянілі на Салігорск разам з наданьнем статусу мястэчка. У 1963 року атрымаў статус места, з 1965 року — цэнтар раёну. У наш час тут працуе вытворчае аб’яднаньне ААТ «Беларуськалій», адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў калійных мінэральных угнаеньняў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік заснаваньню Новастаробінску

Назву «Салігорск» афіцыйна зацьвердзілі ў 1959 року. Раней у некаторых дакумэнтах Старобінскага райвыканкаму места звалася Новастаробінскам (Нова-Старобінскам), аднак дэ-факта ня мела такой назвы[5]. Адмову ад першай назвы тлумачаць нягучнасьцю зьліцьця ў ёй словаў «Новы» і «Стары»[6].

Назва «Новастаробінск» прысутнічала на памятным камяні, пастаўленым на месцы заснаваньня Салігорску:

« 10-VIII-1958 тут заснавалі места Нова-Старобінск. »

Аднак пазьней камень быў перанесены на іншае месца, і яму надалі новую таблічку, на якой замест старой назвы ўжо напісана «Салігорск».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Салігорску

Зьяўленьне першых паселішчаў ў ваколіцах сучаснага Салігорску датуецца 9—5 тыс. да н. э. У час плямённых аб’яднаньняў тут сяліліся дрыгавічы. У эпоху Раньняга Сярэднявечча тэрыторыя места ўваходзіла ў склад Тураўскага, Кіеўскага і Тураўска-Пінскага княстваў. Пазьней гэтыя землі далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўваходзілі ў склад Слуцкага княства. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснага Салігорску апынулася пад уладай Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце Менскай губэрні. У Першую сусьветную вайну з 18 лютага да сярэдзіны сьнежня 1918 року раён Случы займалі войскі Кайзэраўскай Нямеччыны. 25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтыя землі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У Другую Сусьветную вайну тэрыторыя места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Помнік першаму камяню места

У 1949 року каля вёскі Чыжэвічаў Старобінскага раёну Менскай вобласьці правялі геалягічную экспэдыцыю, якая выявіла значныя паклады калійнай солі. На глыбіні 349,5 м сьвідраваная шчыліна раскрыла тоўшчу, у прарэзе якой былі знойдзеныя прамысловыя паземы калійных соляў. У 1949―1952 роках на радовішчы зьдзяйсьняліся геолягавыведніцкія працы з мэтаю выяўленьня формы й абсягу прамысловай часткі радовішча, выяўленьня якасьці калійных рудаў і атрыманьня зыходных зьвестак для геоляга-экалягічнай ацэнкі радовішча. Паводле вынікаў гэтай працы былі выяўленыя буйныя столкі сырых калійных соляў. У 1952 року шэраг навукоўцаў, якія працавалі ў галіне адкрыцьця й распрацоўкі Старобінскага радовішча калійных соляў, былі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй СССР[8].

9 чэрвеня 1958 року Ўрад СССР прыняў пастанову аб пабудове I Старобінскага (потым — Салігорскага) калійнага камбінату (цяпер 1 Рудаўпраўленьне ААТ «Беларуськалій»). А 10 жніўня таго ж року на месцы вёскі Вішнёўкі Старобінскага раёну пачалося будаваньне паселішча для будучых шахцёраў[9]. Пазьней у склад места ўвайшлі вёскі Кавалёва Лаза, Пяшчанка, Пакроўка, Круты Бераг, Сяльцо і Цэсьліны. 8 жніўня 1959 року Салігорск атрымаў цяперашнюю назву і афіцыйны статус рабочага пасёлку.

1 верасьня 1959 року ў Салігорску адкрылася пачатковая школа з расейскай мовай навучаньня, пераўтвораная ў 1960 року ў сярэднюю школу. У лістападзе 1961 року пачаліся заняткі ў Салігорскім горнахімічным тэхнікуме. У канцы 1959 року пачалося будаваньне мескай паліклінікі, у 1962 року — лякарні (адкрылася ў 1965 року). 4 лістапада 1959 року пачаў працаваць Дом культуры будаўнікоў. У траўні 1961 року адкрылася першая ў месьце бібліятэка. 28 красавіка 1961 року адбыўся ўвод ў эксплюатацыю кінатэатру.

У 1962 року Салігорск злучылі чыгункай з Слуцкам. У 1963—1979 роках у месьце ўвялі ў эксплюатацыю 4 калійныя камбінаты. У 1964—1967 роках вялося будаваньне Салігорскага вадасховішча. 1 жніўня 1984 року адкрыўся новы будынак чыгуначнай станцыі.

25 сьнежня 1962 року Салігорск увайшоў у склад Любанскага раёну. 7 сакавіка 1963 року Загадам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета БССР рабочаму пасёлку Салігорску надалі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. 6 студзеня 1965 року места стала цэнтрам Салігорскага раёну.

«Паход на Менск» 1992 року

У 1989 року салігорскія шахцёры зладзілі акцыю пратэсту, якая паводле некаторых крыніцаў запачаткавала пратэстны рух у Беларусі[10]. Мітынгоўцы вылучылі патрабаваньні палітычнага й эканамічнага кшталту: падвышэньне заработнай платы (у той час шахцёры атрымлівалі менш за іншых працаўнікоў), паляпшэньне ўмоваў працы, ліквідацыя палітычнай манаполіі КПССКПБ. У сакавіку-красавіку 1992 прайшла найбуйнейшая акцыя пратэсту, якая працягвалася 44 дні. Пасьля беспасьпяховых перамоваў з уладамі пачаўся бестэрміновы страйк. Страйкоўцы перакрылі чыгуначныя пуці, каб на вытворчасьць ня трапіла гатовая прадукцыя. Аднак гэтыя захады таксама ня далі патрэбнага эфэкту, тады на 4 РУ распачалася галадоўка, якая пазьней перайшла й на «Беларуськалій»[11]. Аднак і па галадоўцы ўлады не задаволілі патрабаваньні страйкоўцаў. У красавіку на 12-тысячным мітынгу Беларускага незалежнага прафсаюзу пастанавілі ісьці з патрабаваньнямі ў Менск, і 10 красавіка калёна з плякатамі й нацыянальнымі сьцягамі Беларусі выйшла зь места й рушыла ў сталіцу[11]. 14 красавіка адбыўся супольны зь менчукамі мітынг, на якім было больш за 50 тысячаў чалавек. У выніку ўладам давялося пайсьці на саступкі і выканаць патрабаваньні пратэстоўцаў[11]. Таксама ў выніку гэтага пратэсту ў Беларусі ўпершыню была падпісаная тарыфная згода, у якой адзначалася, што мінімальны заробак павінен адпавядаць мінімальнаму спажывецкаму бюджэту[10][12]. У 1996 і 1998 роках зьдзяйсьняліся яшчэ дзьве спробы падобных акцыяў, але ў абодвух выпадках прафсаюзных лідэраў і актывістаў затрымлівала міліцыя, а гарнякоў, што дасягалі мэты, на падыходзе да Менску затрымліваў АМАП[11].

28 траўня 1998 року Салігорску надалі мескі герб. У 2009 року афіцыйны статус Салігорску панізілі да гораду раённага падпарадкаваньня.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салігорск знаходзіцца за 136 км на поўдзень ад Менску. Празь места цячэ рака Случ, на якой месьціцца Салігорскае вадасховішча. У вадасховішча ўпадае невялікая рэчка Рутка.

Адлегласьць ад Салігорску да розных местаў (аўтамабільнымі шляхамі)[13]
Сьцяг ЛатвііРыга ~ 607 км
Сьцяг Летувы Вільня ~ 311 км
Сьцяг Беларусі Горадня ~ 320 км
Сьцяг Расеі Санкт-Пецярбург ~ 934 км
Сьцяг Эстоніі Талін ~ 915 км
Сьцяг Беларусі Менск ~ 136 км
Сьцяг Расеі Масква ~ 838 км
Сьцяг Расеі Смаленск ~ 451 км
Сьцяг Беларусі Віцебск ~ 414 км
Сьцяг Беларусі Магілёў ~ 259 км
Сьцяг Польшчы Беласток ~ 328 км
Сьцяг Польшчы Варшава ~ 513 км
Сьцяг Нямеччыны Бэрлін ~ 1089 км
Ружа вятроў
Сьцяг Беларусі Гомель ~ 287 км
Сьцяг Расеі Бранск ~ 548 км
Сьцяг Беларусі Берасьце ~ 307 км
Сьцяг Польшчы Кракаў ~ 781 км
Сьцяг Чэхіі Брно ~ 1063 км
Сьцяг Украіны Хмяльніцкі ~ 491 км
Сьцяг Малдовы Кішынёў ~ 842 км
Сьцяг Румыніі Бухарэст ~ 1192 км
Сьцяг Украіны Кіеў ~ 473 км
Сьцяг Украіны Севастопаль ~ 1374 км
Сьцяг Грузіі Тбілісі ~ 2467 км

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kweather.svg Кліматычныя зьвесткі для Салігорску Weather-rain-thunderstorm.svg
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −3,3 −1,8 3 12,1 19,1 22,5 23,4 22,6 17,6 11 3,9 −0,6 23,4
Сярэдняя t, °C −6,3 −5,1 −0,7 7,3 13,5 17,1 18,2 17,3 12,8 7,3 1,5 −3,1 6,7
Сярэдні мінімум t, °C −9,3 −8,4 −4,3 2,5 8 11,8 13 12,1 8,1 3,6 −0,8 −5,6 −9,3
Крыніца: Клімат Салігорску(рас.) Праверана 17 красавіка 2014 г.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XX стагодзьдзе: 1959 рок — 0,5 тыс. чал.; 1963 рок — 17 тыс. чал.; 1965 рок — 25 тыс. чал.[14]; 1970 рок — 38,3 тыс. чал.; 1975 рок — 52 тыс. чал.[15]; 1976 рок — 54 тыс. чал.[14]; 1978 рок — 60 тыс. чал.; 1980 рок — 68 тыс. чал.; 1991 рок — 96 тыс. чал.; 1996 рок — 101 тыс. чал.; 2000 рок — 101 тыс. чал.[16]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 рок — 101,9 тыс. чал.[17]; 2006 рок — 100,8 тыс. чал.; 2007 рок — 100,8 тыс. чал.; 2009 рок — 102 297 чалавек[18] (перапіс); 2012 рок — 104 тыс. чал.[19]; 2016 рок — 106 503 чал.[20]; 2017 рок — 106 839 чал.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Раства Багародзіцы

У Салігорску дзейнічаюць царква Раства Багародзіцы (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) і касьцёл Сьвятога Францішка, а таксама супольнасьці Адвэнтыстаў Сёмага Дню, эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, Слова веры, сьведкаў Еговы.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Салігорску працуюць 32 дашкольныя ўстановы, 3 гімназіі, 10 сярэдніх школаў, музычная й мастацкая школы[21], 2 коледжы, горна-хімічны тэхнікум, ёсьць філія «БНТУ» з завочным навучаньнем[22].

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ДК «Будаўнікоў»

Лекавальна-прафіляктычную працу ажыцьцяўляе Салігорскае тэрытарыяльна-мэдычнае аб’яднаньне. Яно ўлучае раённую лякарню на 875 ложкаў, дзіцячую мескую лякарню на 150 і 3 участковыя лякарні на 75 ложкаў. Абслугоўваньне працаўнікоў ПА «Беларуськалій» ажыцьцяўляе спэцыялізаваная паліклініка. У шахтах Першага рудакіраваньня абсталяваная ўнікальная спалеалячэбніца, дзе атрымліваюць эфэктыўнае лекаваньне хворыя бранхіяльнай астмай і алергічнымі захворваньнямі. Таксама існуюць 2 санаторыі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лядовы палац спорту

Дзеля баўленьня часу да паслугаў жыхароў мескія ДК ПА «Беларуськалій», ДК «Будаўнікоў», дыскатэкі, Цэнтар культуры і вольнага часу, сетка бібліятэк, шырокафарматны кінатэатар «Зорка Вэнэра» на 806 месцаў. Дзейнічаюць некалькі аматарскіх аб’яднаньняў — клюбы маладых паэтаў і аўтарскай песьні.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Салігорску ёсьць 2 стадыёны на 8 тысячаў месцаў, 2 лёгкаатлетычныя манэжы, 3 басэйны й 6 міні-басэйнаў, 26 спартовых заляў, 4 ДЮСШ на 2,5 тысячы чалавек, лядовы палац на 1800 месцаў. Шырокую вядомасьць маюць салігорскія футбольная й хакейная каманды «Шахцёр Салігорск».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян першапачатковай забудовы

Першасна Салігорск плянаваўся як невялічкае паселішча на 18—20 тысячаў чалавек з трыма мікрараёнамі. У 1960-я рокі места забудоўвалася пераважна адна- і двухпавярхоўнымі «хрушчоўкамі». Першы мікрараён (Паўночны) быў гатовы праз 2-3 рокі[7]. Аднак праз тое, што радовішчы соляў былі значна большымі, чым здавалася раней, у Салігорск ехала ўсё больш працоўных з усяго СССР. Такім чынам перад уладамі паўстала задача скласьці новы плян места, разьлічаны ўжо прынамсі на 50 тысячаў жыхароў. Гэта прывяло да зьяўленьня вялікай колькасьці пяціпавярховак, што псавала вонкавы выгляд места. Адначасна з жытлом будаваўся другі калійны камбінат.

Тыповыя жылыя дамы

У канцы 1960-х — пачатку 1970-х рокаў забудову Салігорску перадалі іншаму прадпрыемству — «Менскцывілпраэкт». Пачалі ўзводзіцца высокія дзевяціпавярхоўкі, якія патрабаваліся на той момант з прычынаў высокай хуткасьці росту насельніцтва й вельмі абмежаванай тэрыторыі места (трохі больш за 1000 га). На канец 1970-х рокаў завяршылася будаваньне ўсіх трох заплянаваных мікрараёнаў (Паўночны, Паўднёвы, Заходні). Далейшае будаваньне ўскладнялася (і на дадзены момант таксама) рознымі перашкодамі (напрыклад, будынкам «Белкалію», Салігорскім вадасховішчам і аўтамагістральлю)[7].

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салігорск — буйны цэнтар горназдабыўной прамысловасьці Беларусі. Тут месьціцца адзін з найбольшых у сьвеце вытворцаў і пастаўнікоў калійных мінэральных угнаеньняў — вытворчае аб’яднаньне ААТ «Беларуськалій». Прадукцыя прадпрыемства экспартуецца ў Эўропу, Усходнюю Азію, краіны Міжземнамор’я, Паўднёвую Афрыку, Індыю, Кітай, Паўднёвую й Паўночную Амэрыку — разам больш чым у 50 краінаў сьвету[23].

Агулам у Салігорску працуюць 62 дзяржаўныя і акцыянэрныя прадпрыемствы машынабудаваньня, мэталаапрацоўкі, лёгкай, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасьці. Сярод найбольшых — заводы горна-шахтавага абсталяваньня, рамонтна-мэханічны, зборнага жалезабэтону, жалезабэтонных канструкцыяў, досьледна-экспэрымэнтальны, клееных драўляных канструкцыяў, ліцейна-мэханічны, АП «Купалінка» і ЗАТ «Калінка». У месьце ёсьць добра разьвіты будаўнічы комплекс, які ўлучае ААТ «Будтрэст № 3», народнае прадпрыемства «Шахтаспэцбуд» і Домабудаўнічы камбінат.

Абслугоўваньнем грамадзянаў займаюцца 105 гандлёвых прадпрыемстваў (63 — зь дзяржаўнай формай уласнасьці, 42 — зь недзяржаўнай) і 11 фірмовых крамаў. У месьце — 72 прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня на 7026 пасадачных месцаў. Служба побыту прадстаўленая камбінатам побытавага абслугоўваньня на 206 працоўных месцаў, 3 атэлье, 13 цырульнямі. Таксама працуе 6 банкаў і 155 прыватных камэрцыйных структураў.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя

Дзейнічае канцавая чыгуначная станцыя на адгалінаваньні Слуцак — Салігорск ад лініі БаранавічыАсіповічы, побач зь местам праходзяць аўтамабільныя дарогі МенскМікашэвічы й БабруйскВызна.

Галоўнае прадпрыемства, якое ажыцьцяўляе пасажырскія перавозкі аўтобуснымі маршрутамі, — філія «Аўтобусны парк №1» дзяржаўнага прадпрыемства «Менскаблаўтатранс» (пачала працу ў 1967 року для дастаўкі працоўчых на тры калійныя камбінаты). У 1971 року парк быў ініцыятарам увядзеньня ў БССР талённай бяскасавай сыстэмы аплаты за праезд. У наш час штодзень зьдзяйсьняецца больш за 1200 рэйсаў[24]. Грузавыя перавозкі ажыцьцяўляе Аўтапарк № 3.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гатэль «Алеся»

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Салігорскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлях «Алеся» і «Новае Палесьсе».

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пакроўская царква

Каля Салігорску ў вёсцы Чыжэвічах захавалася царква Покрыва Багародзіцы, збудаваная ў 1795—1808 гадох. У самім месьце ёсьць некалькі помнікаў, пастаўленых у найноўшы час:

  • Помнік першапраходцам Салігорскіх нетраў, пастаўлены ў 1977 року на вуліцы В. Казлова ў гонар салігорскіх шахцёраў гарнаруднай прамысловасьці (разьбяр Г. Буралкін, архітэктары С. Ткачэнка і У. Блахін)[25]
  • Помнік у гонар заснаваньня места Салігорску, адкрыты ў 1958 року каля вёскі Чыжэвічаў, цяпер месьціцца ў сквэры на вуліцы Ленінскага Камсамола, насупраць ДК Будаўнікоў
  • Помнік Уладзімеру Леніну, пастаўлены ў 1979 року ў форме бюста побач з цэнтральным пляцам, паміж скрыжаваньняў вуліцаў Леніна і Казлова, а таксама вуліцаў Леніна й Каржа (савецкі разьбяр Андрэй Бембель, архітэктары У. Блахін, А. Сідзельнікаў) — аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі
  • Манумэнтальна-дэкаратыўнае мазаічнае пано «Дрэва жыцьця», створанае ў 1993 року на муры 12-павярховага жылога дому на вуліцы Заслонава (мастак-манумэнталіст У. Крываблоцкі)
  • Помнік ваярам-інтэрнацыяналістам «Чорны цюльпан», пастаўлены ў 2003 року ў парку адпачынку «Кавалёва Лаза» (разьбяр В. Ламейка, архітэктар І. Далматовіч[25])

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Салігорску

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сухамлін С. Гімн Салігорску Салігорскі раённы выканаўчы камітэт Праверана 18 жніўня 2017 г.
  2. ^ Population of capital cities and cities of 100 000 or more inhabitants: latest available year, 1994 - 2013(анг.) unstats.un.org Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  3. ^ а б Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. ^ Индексы Солигорска(рас.)
  5. ^ Историческая справка Солигорска(рас.). Солигорск-Инфо. Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  6. ^ Солигорск сегодня(рас.) Электронный Солигорск Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  7. ^ а б в Солигорск: как создавался город, заработавший стране миллиарды долларов(рас.) Onliner.by Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  8. ^ Высоцкий Э. А., Кутырло В. Э. Старобинское месторождение калийных солей: история открытия, изучение и перспективы дальнейшего освоения // [1]. — Мн.: Географический факультет БГУ, 2009. — С. 3. — 94 с.
  9. ^ Галерея истории(рас.) Беларуськалий Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  10. ^ а б Стуков И. (8.06.2011) Как умеют протестовать белорусы(рас.) Праверана 18 жніўня 2017 г.
  11. ^ а б в г Походы солигорских шахтёров на Минск(рас.) Беларускі партызан Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  12. ^ Забастовки солигорских шахтеров: 1991-2007 (фото)(рас.) Электронный Солигорск Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  13. ^ Адлегласьці ад Салігорску да розных местаў транспартнымі шляхамі(укр.) Автоперевезення. DELLA. Праверана 17 красавіка 2014 г.
  14. ^ а б Историческая справка о городе Солигорске по материалам Солигорского краеведческого музея, Солигорский районный исполнительный комитет
  15. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  16. ^ ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 212.
  17. ^ БЭ. Т. 14. — Менск, 2002. С. 108.
  18. ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 5. — Менск, 2014. С. 207.
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Адукацыя ў Салігорскім раёне(рас.)
  22. ^ Філіял(рас.) БНТУ
  23. ^ Промышленность(рас.) Солигорский районный исполнительный комитет Праверана 18 жніўня 2017 г.
  24. ^ Филиал «Автобусный парк №1»(рас.) Миноблавтотранс Праверана 18 жніўня 2017 г.
  25. ^ а б Решение Солигорского районного исполнительного комитета от 09.04.2013 № 1015(рас.) Шахцёр: грамадска-палітычнае выданне Праверана 18 жніўня 2017 г.
  26. ^ Сколько у Солигорска побратимов?(рас.) Газета «Лидер-Пресс» Праверана 18 жніўня 2017 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Салігорсксховішча мультымэдыйных матэрыялаў