Холмеч
Холмеч | |
трансьліт. Cholmieč | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Рэчыцкі |
Сельсавет: | Холмецкі |
Вышыня: | 106 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1169 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2340 |
Паштовы індэкс: | 247505 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°9′9″ пн. ш. 30°37′26″ у. д. / 52.1525° пн. ш. 30.62389° у. д.Каардынаты: 52°9′9″ пн. ш. 30°37′26″ у. д. / 52.1525° пн. ш. 30.62389° у. д. |
Холмеч на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Холмеч | |
![]() |
Хо́лмеч[1] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Цэнтар сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1169 чалавек. Знаходзіцца за 29 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Рэчыцы (лінія Гомель — Каленкавічы), за 2 км на ўсход ад шашы Р32 (Лоеў — Рэчыца).
Холмеч — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выяўленыя археолягамі курганы XI стагодзьдзя сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці з даўніх часоў. Упершыню Холмеч упамінаецца ў XVI стагодзьдзі як паселішча Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Паводле попісу войска літоўскага за 1567 году яна знаходзілася ў валоданьні Халецкіх. Пад 1583 годам Холмеч упамінаецца як прыватнае мястэчка на гасьцінцы Бабруйск — Чарнігаў. Паселішча значыцца ў архіўных матэрыялах пад 1598 годам і на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 году.
У XVI—XVII стагодзьдзях Холмеч знаходзілася ў валоданьні Валовічаў. Тут існавалі ўмацаваньні, пра якія згадваецца ў зьвязку з падзеямі 1649 году і бітвай загонаў казакоў Падабайлы і Крычэўскага з войскамі гетмана Януша Радзівіла. 4 ліпеня 1775 году ў мястэчку падпісалі акт разьмежаваньня земляў па першым падзеле Рэчы Паспалітай.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Холмеч апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкім павеце Менскай губэрні. На 1795 год у мястэчку быў 31 двор, 2 цэрквы. На мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[3]. У 1811 годзе Холмеч згарэла, зь вёскі Вятхінь сюды перанесьлі драўляную Пакроўскую царкву. У 1855 годзе граф Ракіцкі валодаў у Холмечы і ваколіцах 6204 дзесяцінамі зямлі, броварам і 2 корчмамі. На 1859 год у мястэчку было 127 двароў[4].
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл на царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1864 годзе адкрылася народная вучэльня. Дзейнічалі прыстань і паромная пераправа праз раку Дняпро. На 1885 год — 95 двароў, 2 крамы. З 1888 году працавала паштова-тэлеграфная кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 284 двары, 2 цэрквы, капліца, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, паштовая станцыя, прыстань, хлебазапасны магазын, 60 крамаў, 3 гандлёвыя рады, 2 заезныя дамы, 3 харчэўні, карчма. Побач існавала сядзіба Холмеч (яна ж Дубровіна); меліся пільня (паравы рухавік, 18 працоўных) і аптэка.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Холмеч занялі войскі Нямецкай імпэрыі[5].
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Холмеч абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Холмеч вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы працавалі пачатковая школа, хата-чытальня, лякарня, аддзел спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын і цагельня. На 1930 год тут было 293 двары.
На 2003 год у Холмечы было 502 двары, на 2004 год — 500.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1858 год — 962 чал.; 1880 год — 700 чал.[6]; 1897 год — 2304 чал.
- XX стагодзьдзе: 1959 год — 641 чал.; 1999 год — 1212 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 1263 чал.[7]; 2004 год — 1232 чал.[8]; 2010 год — 1169 чал.
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Холмечы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плян Холмечы складаецца з 3 простых, паралельных паміж сабой вуліцаў, блізкіх да шыротнай арыентацыі; іх перасякаюць 2 кароткія вуліцы. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу. У 1987—1991 гадох збудавалі 348 цагляных дамоў, катэджнага тыпу, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС.
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Шпіталь (пачатак XX ст.)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Капліца
- Касьцёл
- Царква
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Салямон Міхлін (1908—1990) — савецкі матэматык
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 294
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 162.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 121.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Jelski A. Chołmecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 624.
- ^ БЭ. Т. 17. — Менск, 2003. С. 45.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|