Лельчыцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лельчыцы
лац. Lelčycy
Новая царква
Новая царква
Герб Лельчыцаў Сьцяг Лельчыцаў
Першыя згадкі: 1569
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Лельчыцкі
Насельніцтва: 11 498 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2356
Паштовы індэкс: 247841
СААТА: 3228551000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′9″ пн. ш. 28°19′29″ у. д. / 51.78583° пн. ш. 28.32472° у. д. / 51.78583; 28.32472Каардынаты: 51°47′9″ пн. ш. 28°19′29″ у. д. / 51.78583° пн. ш. 28.32472° у. д. / 51.78583; 28.32472
Лельчыцы на мапе Беларусі ±
Лельчыцы
Лельчыцы
Лельчыцы
Лельчыцы
Лельчыцы
Лельчыцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ле́льчыцы — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Убарці. Адміністрацыйны цэнтар Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 498 чалавек[1]. Знаходзяцца за 215 км на паўднёвы захад ад Гомелю, за 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч). Аўтамабільныя дарогі на Мазыр, Тураў, Глушкавічы.

Лельчыцы — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі тлумачэньняў тапоніму Лельчыцы. Паводле першага зь іх паходжаньне айконіму суадносяць зь міграцыйнымі працэсамі і этнічнымі зьвязкамі, якія існавалі паміж рознымі родамі і плямёнамі (напрыклад, ад этноніму ленчычане). Згодна з слоўнікам Уладзімера Даля, Лель або Лялько — назва паганскага старажытнаславянскага боства шлюбу, падобнага да Купідона; у паданьнях іншы раз ён падаецца ў выглядзе белага бусла. З гэтым імем зьвязваюць і дзеяслоў лялеяць — песьціць, ашчаджаць, як немаўля[2]. А. Рогалеў лічыць: буслы (лелі), адлятаючы ў вырай, зьбіраліся купна ў гэтай мясьціне, таму і назва паселішча — Лельчыцы.

Згодна з народнымі паданьнямі назва мястэчка ўтварылася ад імя дачкі Алены мясцовага зямяніна, якая не жадаючы выходзіць за нялюбага ёю ваяводу, утапілася ў рэчцы; або паводле іншага паданьня, зноў жа ад імя дачкі мясцовага пана, якая патанула ў рэчцы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Можна меркаваць, што Лельчыцы ўзьніклі ў XV стагодзьдзі: 31 траўня 1412 году вялікі князь Вітаўт надаў сваё ўладаньне Убарць з усімі сёламі (бязь іх пераліку) біскупу віленскаму Мікалаю і яго пераемнікам. У 1581 годзе, паводле падымнага рэестру, маёнтак Убарць улучаў 10 сёлаў, пералічаных толькі ў пазьнейшым інвэнтары 1763 году, сярод іх — сяло Лейчыцы. 8 жніўня 1567 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст сваім прывілеем дазволіў біскупу віленскаму Валяр’яну, на ягоную просьбу, заснаваць у маёнтку Убарці мястэчка, пасяліць там людзей, зладзіць штотыднёвыя таргі ў чацьвер і вольныя кірмашы адзін раз на год у дзень Трох Каралёў, а таксама мець корчмы. Прывілей не зьмяшчае назвы мястэчка, але, відаць, яно ў той час ужо існавала каля панскага двара Лельчыцы (Lelczyce).

Першы дакладны пісьмовы ўпамін[3] пра двор і сяло Лельчыцы Убарцкай воласьці Мазырскага павету Менскага ваяводзтва, уладаньне Віленскага біскупства, датуецца 19 студзеня 1622 годам. Пад 25 красавіка 1650 году ўпамінаецца тутэйшая царква[3] (сяло было цэнтрам парафіі), а таксама царкоўныя млын і фолюш на рацэ Убарці. 20 сакавіка 1651 году біскуп віленскі Юры Тышкевіч выдаў Лельчыцкай царкве тры фундушы. Пад 23 траўня 1663 году Казімер Белазор, упіцкі маршалак і наракміцкі староста, упамінаецца як убарцкі адміністратар. Паводле мапы Д. Н. Тралажэ дэ Тылемонт «Каралеўства Польскае» (1692) Лельча (Lelcza) — не лякалізаванае дакладна паселішча на Валыні. У крыніцах XVIII стагодзьдзя паселішча часам значыцца як Убарць[3]. Паводле мапы Ё. Хомана «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае» (1720) Лельча (Lelcza) знаходзілася на Валыні; паводле мапы І. М. Пробста «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае» (1753) — на Берасьцейскай зямлі ў меркаваным рэчышчы Убарці побач з Олеўскам. У 1756 годзе паселішча ўпамінацца як мястэчка Убарць[3]. 3 студзеня 1763 году Лейчыцы (Leyczyce) значацца як двор і сяло сталовага маёнтку Убарці Мазырскага павету; у сяле было 59 дымоў. 22 чэрвеня 1776 году біскуп віленскі Ігнаці Масальскі пацьвердзіў правы тутэйшай плябаніі на карыстаньне зямлёй. 28 студзеня 1777 году Лельчыцы (Lelczyce) значацца як сяло парафіі Лельчыцкай царквы Тураўскай дыяцэзіі Убарцкага дэканату, 40 будынкаў; Траецкая царква пад патранажам віленскага біскупа Ігнація Масальскага; убарцкі дэкан, каплан і парох ксёндз Стэфан Загароўскі. На 14 лютага 1787 году — 50 будынкаў; новазбудаваная коштам грамады царква замест зьнішчанай агнём. На 1789 год — 59 дымоў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лельчыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласьці Мазырскага павету. У чэрвені 1795 году расейскія ўлады гвалтоўна адабралі тутэйшую царкву ад Сьвятога Пасаду і перадалі Маскоўскаму патрыярхату. На 1866 год у Лельчыцах было было 64 двары[4], дзейнічала царква, працавалі 6 вадзяных млыноў, карчма. З 1874 году маёнтак знаходзіўся ў валоданьні графа І. Тышкевіча.

У пачатку ХХ стагодзьдзя ў Лельчыцах было 170 дамоў. У 1909 годзе ўладальнік мястэчка Фэлікс Тышкевіч фундаваў тут драўляны касьцёл (асьвечаны ў 1913 годзе).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лельчыцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лельчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, дзе ў ліпені 1924 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 10 ліпеня 1941 да 23 студзеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

З 1954 году Лельчыцы ўваходзілі ў склад Гомельскай вобласьці (у 1962—1965 гадох у Мазырскім раёне). У 1998 годзе ў мястэчку адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла пад тытулам Найсьвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Фацімскай[5].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 3 студзеня 1763 году — 187 муж.; 1789 год — 393 чал. (ад 1 да 16 гадоў — 84 муж. і 95 жан., ад 16 да 30 гадоў — 40 муж. і 34 жан., ад 30 да 45 гадоў — 35 муж. і 29 жан., ад 45 да 60 гадоў — 21 муж. і 23 жан., старэйшых за 60 гадоў — 14 муж. і 10 жан.); 1800 год — 60 двароў хрысьціянаў (208 муж. і 190 жан.); 1 дв. юдэяў (14 муж. і 22 жан.); 11 муж. і 8 жан. чыншавай шляхты.
  • XIX стагодзьдзе: 1844 год — 250 чал. (130 муж. і 120 жан.); 1863 год — 361 чал.; 1866 год — 366 чал.; 1867 год — у мястэчку Лельчыцах 321 праваслаўны, 4 каталікі; у фальварку Лельчыцах 4 праваслаўныя, 4 каталікі; 1886 год — 425 чал.; 1897 год — 897 чал. (449 муж. і 448 жан.).
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1216 чал.; 21 лютага 1916 году — 1494 чал. (673 муж. і 821 жан.); 1920 год — 1065 чал.; 1925 год — 1659 чал.; 1959 год — 4079 чал.; 1972 год — 5,4 тыс. чал.; 1989 год — 8,6 тыс. чал.; 1997 год — 9,5 тыс. чал.[6]; 1998 год — 9,4 тыс. чал.[7] 1999 год — 9691 чал. (4601 муж. і 5090 жан.).
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2006 году — 8,9 тыс. чал.; 1 студзеня 2007 году — 8,9 тыс. чал.; 1 студзеня 2008 году — 8,9 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 10 606 чал.[8] (перапіс); 2016 год — 11 310 чал.[9]; 2017 год — 11 393 чал.[10]; 2018 год — 11 498 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лельчыцах працуюць ПТВ, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 2 спартовыя школы, у тым ліку алімпійскага рэзэрву.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць бібліятэкі, дом культуры, дом рамёстваў, цэнтар творчасьці. У 1989 годзе ўтварыўся краязнаўчы музэй.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца газэта «Сьветлае жыцьцё».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жылой забудове Лельчыцаў пераважаюць 1-павярховыя хаты, аднак у мікрараёнах узводзяцца 3—5-павярховыя. У заходняй частцы мястэчка знаходзіцца прамысловая зона.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасьці.

  • ААТ «Лельчыцкі аграсэрвіс»
  • Лельчыцкая філія ПУП «Калінкавіцкі малочны камбінат»

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Лельчыцкі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Убарць»[11], працуе рэстаран.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 198.
  3. ^ а б в г ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 189.
  4. ^ Jelski A. Lelczyce // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S.130.
  5. ^ Лельчыцы — парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Фацімскай, Catholic.by
  6. ^ Князева В. Лельчыцы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 347.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 196.
  8. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  9. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]