Перайсьці да зьместу

Інстытут радыябіялёгіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 52°28′32″ пн. ш. 30°58′54″ у. д. / 52.47556° пн. ш. 30.98167° у. д. / 52.47556; 30.98167

Інстытут радыябіялёгіі
рас. Институт радиобиологии
Абрэвіятура ІРБ
Папярэднік Сэктар геранталёгіі Акадэміі навук БССР
Дата ўтварэньня 12 лютага 1987 (37 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка сродкаў павышэньня ўстойлівасьці арганізма да іянізавальнага выпраменьваньня і зьмяншэньня паступленьня радыянуклідаў у сельскагаспадарчыя расьліны
Месцазнаходжаньне Гомель, Чыгуначны раён, вул. Фядзюнінскага, д. 4
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Ігар Чэшык
Намесьніца па навуковай працы Натальля Цімохіна
Навуковая сакратарка Кацярына Кляменцьева
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Колькасьць супрацоўнікаў 75 (2018 г.)
Сайт irb.basnet.by

Інстытут радыябіялёгіі (наркам. Інстытут радыебіялогіі, анг. Institute of Radiobiology) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў 1987 годзе.

На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ і месьціўся ў Гомлі з 2003 году. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру па спэцыяльнасьці радыябіялёгія. Інстытут выпускаў сродкі вяртаньня тэхнагенна парушаных земляў у сельскагаспадарчы абарот, аказваў паслугі разьліку назапашваньня радыянуклідаў у лясных і сельскагаспадарчых вырабах, а таксама іх дозавых нагрузак на арганізм[1].

Падразьдзяленьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 год Інстытут радыябіялёгіі налічваў 6 лябараторыяў: 1) камбінаваных узьдзеяньняў, 2) мадэляваньня і мінімізацыі антрапагенных рызыкаў, 3) грамадзкага здароўя і інфармацыйнага забесьпячэньня насельніцтва, 4) радыяэкалёгіі, 5) экспэрымэнтальных біялягічных мадэляў, 6) эндакрыналёгіі і біяхіміі[1].

12 лютага 1987 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 17 аб стварэньні Інстытуту радыялёгіі ў Менску на аснове Сэктару геранталёгіі. Інстытуту радыялёгіі перадалі 4 лябараторыі са складу Інстытуту мікрабіялёгіі, 3 лябараторыі і 1 групу зь Інстытуту ядзернай энэргетыкі і 1 лябараторыю зь Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі. 19 жніўня 1987 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 273-20, паводле якой зацьвердзіў Інстытут у якасьці галоўнай у Беларусі ўстановы ў галіне распрацоўкі навуковых спосабаў пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У інстытуце зьявілася асьпірантура. Інстытут радыялёгіі ўвайшоў у склад Аддзяленьня біялягічных навук АН БССР, якое ў 1995 годзе пераўтварылі ў Аддзяленьне мэдыка-біялягічных навук[2].

На 1998 год Інстытут улучаў 3 групы: 1) радыямэтрыі і дазымэтрыі, 2) таксыкалёгіі, 3) навуковага суправаджэньня Дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У склад Інстытуту ўваходзіла 9 лябараторыяў: 1) біяхіміі, 2) фізыялёгіі, 3) эндакрыналёгіі, 4) марфалёгіі і цытагенэтыкі, 5) радыябіялёгіі расьлінаў, 6) радыяхіміі глебы, 7) радыяэкалёгіі водных сыстэмаў, 8) радыяэкалёгіі паветранага асяродзьдзя, 9) маніторынгу. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: 1) узьдзеяньне малых дозаў зьнешняга і ўнутранага апрамяненьня і радыяцыйна-экалягічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю; 2) абмен рэчываў і зьмяненьне будовы органаў і тканак пад уплывам генэтычных пашкоджаньняў; 3) разьмеркаваньне, назапашваньне і распрацоўка спосабаў паскарэньня вывядзеньня радыёнуклідаў з арганізма; 4) пошук радыяахоўных рэчываў і злучэньняў; 5) паводзіны, выгляд і перамяшчэньне радыёнуклідаў у вадзе, глебе, жывёлах, паветры і расьлінах. Інстытут вызначыў уплыў на жыцьцядзейнасьць радыяцыйнай абстаноўкі ў Беларусі і акрэсьліў небясьпечныя для жыцьця дозы радыяцыйнай нагрузкі. У Інстытуце стварылі спосабы нагляду за радыяцыйным становішчам у краіне і распрацавалі ахоўныя захады для чалавека, жывёльнага і расьліннага сьвету ад узьдзеяньня малых дозаў радыяцыі, а таксама для навакольнага асяродзьдзя ад іянізавальнага выпрамяненьня. Супрацоўнікамі інстытуту былі сябар-карэспандэнт Леанід Лабанок і 5 дактароў навук[2].

17 красавіка 2003 году Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 35, паводле якой Інстытут радыялёгіі перавялі ў Гомель. Яму перадалі будынак Спэцыяльнага канструктарска-тэхнічнага бюро «Мэталапалімэр» па вуліцы Фядзюнінскага, д. 4. Інстытут радыялёгіі таксама атрымаў лябараторыю радыяцыйна-таксыкалягічнай экалёгіі з складу Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны». 15 сакавіка 2019 году да Інстытуту радыёбіялёгіі далучылі УП «Інстытут радыялёгіі», які таксама быў разьмешчаны ў Гомлі[3].

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня мэдычных навук (Інстытут радыялёгіі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 5 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б Анатоль Астахаў. Інстытут радыябіялёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 271. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  3. ^ Гісторыя інстытуту (рас.) // Інстытут радыябіялёгіі, 2022 г. Праверана 20 кастрычніка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Кантакты (рас.) // Інстытут радыябіялёгіі, 2018 г. Праверана 5 сьнежня 2018 г.