Перайсьці да зьместу

Шчакатоўскі лес

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Шчакато́ўскі лес (Кантакузаўскі лес[1], Лес сьмерці) — лес на дзявятым кілямэтры шашы ГомельЧарнігаў.

Паводле сьведчаньняў жыхароў з навакольных мястэчак, тут у 1937 годзе НКУСаўцы расстрэльвалі мірных людзей, у тым ліку жыхароў Чарнігаўскай вобласьці, якіх прывозілі сюды пад покрывам ночы[2]. Напачатку 1990-х гадоў Гомельская абласная пракуратура распачала праверку гэтага факту. Пасьля экспэртызы знойдзеных чалавечых астанкаў, гільзаў, фрагмэнтаў вопраткі і абутку было ўстаноўлена, што пахаваньні адносяцца да даваеннага часу.

Вывучэньне захаваньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні — чэрвені 2007 году стала вядома, што ў Шчакатоўскім лесе, за 2 кілямэтры ад ужо дасьледванага месца рэпрэсіяў, мясцовыя жыхары неаднаразова знаходзілі парэшткі людзей[3]. Жыхары казалі, што час ад часу на паверхні зямлі зьяўляюцца чалавечыя косткі, аднак ніхто з афіцыйных структураў гэтай інфармацыі тамтэйшых сялянаў увагі не надаваў. Паводле словаў актывіста Віталя Рымашэўскага, першымі на могільніку зьявіліся сябры тады стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя[1].

У хуткім часе да раскопак прыступіў 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён Мінабароны РБ. На месцы раскопак былі выстаўленыя міліцэйскія кардоны, незалежныя экспэрты ня мелі магчымасьці назіраць за хадою працэсу. Па выніках гэтых раскопак было абвешчана, што ў могільніках пахаваныя ахвяры нацысцкага рэжыму, расстраляныя падчас Другой сусьветнай вайны. Але па выніках раскопак судмэдэкспэртыза не дала заключэньня наконт узросту пахаваньняў і не зрабіла высноў па кулях, якімі расстрэльвалі людзей. Сьведчаньні мясцовых старажылаў:

« Гэта было ў 37-м годзе. Гэта людзі, расстраляныя ў часе рэпрэсіяў. Гэта нашы бацькі, і на нашых бацьках пасадзілі лес і хочуць закрыць гэта ўсё. »

—са словаў састарэлай жыхаркі адной з суседніх вёсак

На цяперашні момант існуе абедзьве вэрсіі пахаваньняў.

Гомельскія грамадзкія актывісты ўсталёўваюць у лесе мэмарыяльныя крыжы ў памяць расстраляных.

6 лістапада 2010 году сябрамі партыі БХД у памяць пакутнікаў Беларусі быў усталяваны яшчэ адзін крыж. Мэмарыяльны знак сымбалічна вырашана было несьці на плячах доўгай дарогай — на 9-ы кілямэтар праз увесь горад[4]. Праз тры дні плянавалася асьвяціць крыж, для гэтага на месца пакуты быў запрошаны праваслаўны сьвятар. Аднак, прыбыўшы на заплянаваную імшу 9 лістапада, актывісты і сьвятар пабачылі, што мэмарыяльнага знаку няма. Кінуліся ў розныя бакі на пошукі і знайшлі крыж праз сотню мэтраў у засьмечанай лесапаласе. Крыж быў пераўсталяваны і асьвечаны.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Пад Гомелем месьцяцца яшчэ адныя Курапаты. «Праваабарончы альянс» (2 верасьня 2007). Праверана 13 лютага 2011 г.
  2. ^ «Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі» ст. 253—254
  3. ^ https://web.archive.org/web/20110301170110/http://nashkraj.info/content/view/534/49/
  4. ^ http://telegraf.by/2010/11/po-gomelju-pronesli-krest-v-pamjat--zhertv-stalinskix-repressij.html(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]