Перайсьці да зьместу

Еўдакім Раманаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Еўдакім Раманаў
Дата нараджэньня 30 жніўня (11 верасьня) 1855
Месца нараджэньня Нова-Беліца, Гомельскі павет, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 20 студзеня 1922(1922-01-20)[1] (66 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, краязнавец, журналіст, зьбіральнік казак, археоляг, этнограф, фальклярыст, пісьменьнік, беларусазнавец, пэдагог, публіцыст, літаратар
Навуковая сфэра этнаграфія, археалёгія, літаратуразнаўства, краязнаўства, беларусістыка
Вядомы як адзін з заснавальнікаў беларускае этнаграфіі
Сябра ў Таварыства вывучэньня Магілёўскай губэрні[d]

Еўдакі́м Рама́навіч Рама́наў (11 верасьня 1855, Нова-Беліца, цяпер у межах Гомелю — 20 студзеня 1922, Стаўрапаль) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст.

Нарадзіўся ў мястэчку Нова-Беліца (цяпер у межах Гомля) у сям’і мяшчан. Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў расейскай мовы і гісторыі (1872). Працаваў настаўнікам (з 1872), інспэктарам народных вучэльняў Віцебскай, Гарадзенскай губэрняў (1886—1895), Магілёўскай губэрні (1895—1906), быў чальцом Часовай камісіі па ўладкаваньні Віленскай публічнай бібліятэкі і музэю (1906—1916).

На працягу 6 гадоў (1897—1903) быў рэдактарам неафіцыйнай часткі газэты «Могилёвские губернские ведомости», з 1910 году — загадчыкам сэкцыі этнаграфіі і археалёгіі Паўночна-Заходняга аддзяленьня Расейскага геаграфічнага таварыства. З 1917 году жыў у Стаўрапалі, Расея.

Праца і дасягненьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як гісторык і этнограф Раманаў вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі: жыльлё, адзеньне, сямейны побыт, народныя абрады, вераваньні, дзіцячыя гульні, народны каляндар і мэдыцыну. Зьяўляецца аўтарам больш як 200 працаў па этнаграфіі, фальклёры, гісторыі, археалёгіі і мове, сабраў і надрукаваў больш як 10 тысячаў фальклёрных твораў. Галоўная фальклёрна-этнаграфічная праца Раманава «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) зьяўляецца своеасаблівай энцыкляпэдыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу.

Падчас жыцьця ў Магілёве Раманаў апублікаваў каля 100 розных дасьледаваньняў, ня лічачы бібліяграфічных нататак, колькасьць якіх даходзіла да 20—30 за год. Еўдакім Раманаў увёў у навуковы ўжытак вялікую колькасьць пісьмовых крыніцаў па гісторыі Магілёва, абсьледаваў археалягічныя помнікі гораду, даў ім апісаньне. Ён сабраў археалягічную калекцыю, у якой прадстаўленыя рэчы ўсіх эпох — ад каменных прыладаў працы да вырабаў XVII—XVIII стагодзьдзяў.

У 1886—1894 гадах вёў археалягічныя раскопкі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губэрняў. Склаў археалягічныя мапы Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губэрняў, сабраў зьвесткі пра больш за 1000 гарадзішчаў на Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалягічныя дасьледаваньні. У 1905 годзе дасьледаваў Пелагееўскае гарадзішча, самае старое пасяленьне на тэрыторыі Магілёва (з VI ст. да н. э.).

Каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёну Раманаў адкрыў помнік эпіграфікі XII ст. Барысаў камень. У 1900 годзе Раманаў выдаў зборнік «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (дапоўненае выданьне выйшла ў 1902), у 1901 апублікаваў (са скарачэньнямі) працу А. Мэера «Апісаньне Крычаўскага графства 1786 г.» Папулярызаваў творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча. Апублікаваў дасьледаваньне катрушніцкага лемезьня.

Яму належыць аўтарства першай археалягічнай мапы Магілёўскай губэрні. Ім таксама быў заснаваны ў 1897 годзе магілёўскі царкоўна-археалягічны музэй, які разьмяшчаўся ў будынку былога бэрнардынскага кляштара, меў больш за 6 тысяч экспанатаў.

Прызнаньне і памяць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За вялікі ўнёсак у разьвіцьцё навукі Раманаў быў абраны правадзейным чальцом Расейскага геаграфічнага таварыства (1886), таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалягічнага таварыства (1890), Віцебскага статыстычнага камітэту (1891) і інш. На будынку краязнаўчага музэю ў Магілёве (Савецкая плошча) вісіць шыльда ў гонар Еўдакіма Раманава.

Аўтар болей за 200 прац па этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі, археалёгіі ды беларускай лінгвістыкі.

  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 291.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8 — С. 90.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.— 655 с. — С. 452—453.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7. — С. 533—534.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. — С. 426.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст. : Энц. даведнік / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелЭн, 2001. — 496 с.: іл. ISBN 985-11-0205-9. — С. 348—349.
  • Беларусы: У 13 т.  Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Менск: Беларус. навука, 2001. — С. 126—133.
  • Алексеев, Л. В. Евдоким Романович Романов (1855—1922 гг.) // Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е годы XX в. — Мн., 1996. С. 145—148.
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларускія лінгвісты — ураджэнцы Магілёўшчыны. Магілёў, 2001. С. 21—24.
  • Невядомая спадчына Еўдакіма Раманава : матэрыялы да археал. карты Магілёўс. губерні : археаграф. зб. / аўт.-склад. І. А. Марзалюк. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2001. — 57 с.
  • Марзалюк, І. А. Еўдакім Раманавіч Раманаў — археограф і археолаг Магілёўшчыны // Магілёўская даўніна. Магілёў, 1993. С. 37—45.
  • Макушников, О. А. Е. Р. Романов и археология Гомельщины // Краеведение — основа духовного и нравственного возрождения общества. — Гомель, 1997. С. 82—84.
  • Лярскі, П. А. Беларускі энцыклапедыст // Пачатковая школа. 1997. № 10. С. 56—58.
  • Перапіска А. П. Сапунова з Е. Р. Раманавым / [публ. Іны Абрамавай] // Віцебскі сшытак. 2000. № 4. С. 64—73.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Романов Евдоким Романович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.