Петрыкаў
| Петрыкаў лац. Pietrykaŭ | |||||
| Населены пункт | |||||
Старыя камяніцы | |||||
| |||||
| Краіна | Беларусь | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Гомельская | ||||
| Раён | Петрыкаўскі | ||||
| Першыя згадкі | 1523 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча |
| ||||
| Вышыня НУМ | 137 м[2] | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 52°08′ пн. ш. 28°30′ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 10 100 чал. (2018)[3] | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +375 2350 | ||||
| Паштовыя індэксы | 247940 | ||||
| СААТА | 3243501000 | ||||
| Нумарны знак | 3 | ||||
| Сайт | petrikov.gov.by | ||||
| Петрыкаў на мапе Беларусі ± Петрыкаў | |||||
Пе́трыкаў — места ў Беларусі, на левым беразе Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 100 чалавек[3]. Знаходзіцца за 190 км ад Гомелю, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Муляраўка (лінія Каленкавічы — Лунінец). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Мазыром, Каленкавічамі і Жыткавічамі. Рачная прыстань.
Петрыкаў — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[4]. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная царква Покрыва Багародзіцы, помнік архітэктуры XVII ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Тапонім Петрыкаў утварыўся ад асабістага імя Пётар[5]. Паводле паданьня, заснавальнікам паселішча быў яцьвяскі князь Петрык[6].
Першая назва — Петрыкавічы — зь цягам часу натуральным чынам трансфармавалася ў сучасную.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Выяўленае археолягамі селішча VI—VII стагодзьдзяў сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці. У пісьмовых крыніцах Петрыкаў (Петрыкавічы) упершыню ўпамінаецца ў ХV ст., калі паселішча ўваходзіла ў склад Слуцкага княства і знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў[7]. У 2-й палове ХVI ст. паселішча далучылася да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1523 годзе Петрыкаў атрымаў статус мястэчка. Алелькавічы збудавалі тут замак, зьнішчаны ў 1535 годзе маскоўскімі захопнікамі (пазьней адноўлены). У 1595 годзе мястэчка разрабавалі казацкія загоны Налівайкі.
У пачатку XVII ст. Петрыкаў перайшоў у валоданьне Хадкевічаў. У 1638 годзе К. Хадкевіч збудаваў у мястэчку касьцёл. У 1649 годзе казакі Б. Хмяльніцкага захапілі Петрыкаў і зьнішчылі каталіцкую сьвятыню. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе ў замку стаяла залога з навакольнай шляхты і мяшчанаў, у 1664 годзе — ня вытрымаў аблогі і на пэўны час трапіў у рукі казакаў. Паводле інвэнтару 1700 году ў мястэчку быў 21 дым.
У XVIII ст. у Петрыкаве існаваў разьвіты шавецкі промысел і выраб аўчынаў. У 1772 годзе тут збудавалі царкву Сьвятога Мікалая. 16 кастрычніка 1776 году Хадкевічы атрымалі ад караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага прывілей на правядзеньне ў мястэчку вялікіх кірмашоў два разы на год — 20 ліпеня на сьвята Сьвятога Ільлі паводле каталіцкага календара і 1 кастрычніка на сьвята Покрыва паводле праваслаўнага календара.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Петрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. На 1795 год у мястэчку было 272, на 1811 год — 375 двароў. Тракт зьвязваў Петрыкаў зь Піншчынай, працавала паштовая станцыя. У 1816 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную царкву Ўваскрасеньня Хрыстова, у 1830 годзе — мураваную Сьвятога Мікалая. У 1836 годзе на могілкі зь вёскі Сотнічы перанесьлі драўляную царкву Покрыва Багародзіцы. Згодна з пастановай Сэнату ў 1848 годзе жыхарам Петрыкава вярнулі статус мяшчанаў. З мэтаю маскалізацыя колішняга Вялікага Княства Літоўскага ў 1864 годзе расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню.
На 1866 год у Петрыкаве было 530 двароў, дзеялі 3 царквы і 2 сынагогі, працавалі 2 вадзяныя млыны, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1877 годзе пачала працаваць друкарня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Петрыкаве было 1006 двароў, дзеялі 2 царквы, каліца, касьцёл і 3 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 пачатковыя школы, лякарня, аптэка, пошта, 134 крамы, вяртак, 2 майстэрні апрацоўкі скуры, 3 карчмы, вінны магазын, прыстань, паромная пераправа. У склад мястэчка ўваходзілі сядзіба і вёскі Каленікі і Сялко. Жыхары займаліся будаваньнем барак і лодак, вытворчасьцю абутку, які прадаваўся на кірмашах і развозіўся ў суседнія вёскі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ўлетку 1918 году Петрыкаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі, у гэты час тут дзеяў партызанскі аддзел пад камандаю В. Талаша.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Петрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[8]. У сакавіку — ліпені 1920 году мястэчка займалі польскія войскі, 8 лістапада 1920 году — аддзелы С. Булак-Балаховіча. 17 ліпеня 1924 году Петрыкаў стаў цэнтрам раёну, а 3 ліпеня 1925 году атрымаў статус места. На 1925 год тут было 1063 двары, аграпункт і лясьніцтва, дзеяла рамеснае таварыства. У міжваенны час у Петрыкаве працавалі цагельня (з 1932), паравы млын зь лесапільняй (з 1926 году), кравецкая (з 1928 году), шавецкая (з 1926 году) і суднабудаўнічая (з 1927 году) майстэрні, хлебапякарня (з 1928 году), 2 кузьні, ваўначоска, лясная і рыбная гаспадаркі. У Другую сусьветную вайну з 29 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1974 годзе да Петрыкава далучылі вёскі Чырвоны Агароднік і Белкі. 13 кастрычніка 2001 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла пад тытулам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[9].
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, 1893 г.
- Царква і касьцельная званіца, 1890-я гг.
- Мікольская царква. І. Сербаў, 1912 г.
- Ушэсьценская царква, 1932 г.
- Рынак, 1918 г.
- Чыгуначная станцыя, 1918 г.
- Рынак. Саборная царква, да 1941 г.
- Могілкавая царква зь вёскі Сотнічы, да 1941 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 2720 чал.[10]; 1866 год — 2287 чал.; 1887 год — 3 тыс. чал.[11]; 1897 год — 5,5 тыс. чал.[12]
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 8882 чал.; 1939 год — 5,8 тыс. чал.; 1959 год — 7,2 тыс. чал.; 1970 год — 8,5 тыс. чал.; 1991 год — 12,1 тыс. чал.; 1998 год — 13,5 тыс. чал.; 2000 год — 11,6 тыс. чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 10,7 тыс. чал.[14]; 2005 год — 10,5 тыс. чал.; 2006 год — 10,4 тыс. чал.; 2008 год — 10,3 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 10,2 тыс. чал.; 2009 год — 10 591 чал.[15]; 2016 год — 10 223 чал.[16]; 2017 год — 10 076 чал.[17]; 2018 год — 10 100 чал.[3]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Петрыкаве працуюць 3 сярэднія (адна зь іх — гімназія) школы, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць дом культуры, 3 бібліятэкі, 4 народныя і ўзорныя калектывы самадзейнага мастацтва.
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Выдаецца раённая газэта «Петрыкаўскія навіны».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Галоўная вуліца Петрыкава забудоўваецца 2—3-павярховымі жылымі дамамі. У цэнтры ўзводзяцца 5-павярховыя будынкі. Утварыліся новыя жылыя масівы.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
| Леніна плошча | Рынак пляц |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, суднабудаўнічы-суднарамонтны завод, завод керамзытавага жвіру і інш.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Петрыкава |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзее Петрыкаўскі мэмарыяльны музэй-сядзіба дзеда Талаша. Спыніцца можна ў гатэлі «Прыпяць»[18].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Капліца (пачатак ХХ ст.)
- Могілкі: калёны мэмарыяльныя (XVIII ст.)
- Парк (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (1910-я; мураўёўка)
- Царква Ўшэсьця Гасподняга (1890)
- Царква Покрыва Багародзіцы (XVII ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замак (XVI ст.)
- Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (XVIII ст.)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1846)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Петрыкава
- Гістарычны Рынак
- Старыя могілкі
- Стары брук
- Інтэр’ер Мікольскай царквы
- Інтэр’ер Ушэсьценскай царквы
- Адбудаваная Пакроўская царква
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ http://gp.by/upload/iblock/785/78519983e5cad506355c8d820002cd68.pdf
- ↑ GeoNames (анг.) — 2005.
- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 120.
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 288.
- ↑ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 487.
- ↑ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 428.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Петрыкаў — парафія Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Пане Марыі, Catholic.by
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 163.
- ↑ Jelski A. Petryków // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 28.
- ↑ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 12. С. 336.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 162.
- ↑ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887.