Перайсьці да зьместу

Добасна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Добасна
лац. Dobasna
Палац Булгакаў
Палац Булгакаў
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Качэрыцкі
Сельсавет: Добасьненскі
Насельніцтва: 455 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2237
Паштовы індэкс: 213949
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°12′11.9″ пн. ш. 29°40′37.4″ у. д. / 53.203306° пн. ш. 29.677056° у. д. / 53.203306; 29.677056Каардынаты: 53°12′11.9″ пн. ш. 29°40′37.4″ у. д. / 53.203306° пн. ш. 29.677056° у. д. / 53.203306; 29.677056
Добасна на мапе Беларусі ±
Добасна
Добасна
Добасна
Добасна
Добасна
Добасна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

До́басна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Добасьне. Цэнтар сельсавету Качэрыцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 455 чалавек. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Качэрычаў, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Бярэзіна (лінія МенскЖлобін), каля аўтамабільнай дарогі МагілёўБабруйск.

Добасна — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Да нашага часу тут, у колішнім фальварку Жылічах, захаваўся палацава-паркавы комплекс роду Булгакаў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодзьдзя.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Добасна (Дубосна) упамінаецца ў XV стагодзьдзі, калі вялікі князь Вітаўт выдзяліў яе з Бабруйскай або Рагачоўскай воласьці і перадаў князю друцкаму Дзьмітрыю Сяменавічу Сякіру, які ад свайго маёнтку Зубрэвічаў (паміж Друцкам і Воршай) называўся князем Зубрэвіцкім. Пазьней Добасна вярнулася ў дзяржаўны скарб, а ў XVI стагодзьдзі перайшла ў валоданьне Хадкевічаў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Добасна ўвайшла ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Пад 1587 годам яна ўпершыню ўпамінаецца як мястэчка[2].

У XVII стагодзьдзі Добасна належала Шаблоўскім. У 1716 годзе Казімер Сапега набыў у Аляксандра Ўніхоўскага, тагачаснага ўласьніка, вотчынныя правы на маёнтак. З гэтага часу да першай чвэрці XIX стагодзьдзя ён знаходзіўся ў валоданьні Сапегаў, хаця часам аддаваўся ў заклад розным асобам.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Добасна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце[3] Магілёўскай губэрні. На 1816 год тут было 33 двары. Каля 1825 году непадалёк ад Добасны, у фальварку Жылічах Эмануэль Булгак распачаў будаваньне палаца. У 1839 годзе ў мястэчку збудавалі цукровы завод (працавала 176 работнікаў, існаваў да 1862 году).

У 1864 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Добасьне народную вучэльню (у 1889 годзе было 80 вучняў, у 1900 годзе для школы збудавалі ўласнае памяшканьне). У 1880 годзе ў фальварку заснавалі вінакурню (у 1881 годзе працавала 12 работнікаў). На 1885 год у мястэчку было 59 двароў, дзеяла царква, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Добасьне было 109 двароў, хлебазапасны магазын, 3 крамы і карчма; у аднайменным фальварку было 5 двароў. У 1910 годзе ў Добасьне збудавалі млын з паравым рухавіком. З 1911 году пры школе дзеяла бібліятэка.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Добасну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Добасна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У пачатку 1920-х гадоў тут адкрылася 4-гадовая школа (у 1925 годзе 196 вучняў). У 1924 годзе Добасну вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. 26 сакавіка 1925 году ўтварылася сельскагаспадарчая арцель. 6 чэрвеня 1925 году пачало дзеяць спажывецкае таварыства. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 году Добасна знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 2 жніўня 1954 году вёска стала цэнтрам сельсавету. На 1986 год тут было 135 двароў, працавалі сярэдняя школа, філія Жыліцкай музычнай школы, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, машынны двор, млын, пошта, тэлефонная станцыя (з 1967 году), аддзел ашчаднага банку, аптэка, 2 крамы

У 2000-я гады Добасна атрымала афіцыйны статус «аграгарадку». На 2002 году тут было 160 двароў, на 2007 год — 151.

  • XIX стагодзьдзе: 1816 год — 204 чал.; 1885 год — 437 чал.; 1897 год — 760 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1986 год — 385 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 462 чал.[4]; 2007 год — 443 чал.[5]; 2010 год — 455 чал.

У Добасьне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Генэральны плян забудовы Добасны распрацавалі ў 1976 годзе, праект дэталёвага плянаваньня жылога сэктару ў паўднёва-ўсходняй частцы вёскі — у 1982 годзе. Цэнтар склаўся на скрыжаваньні адцінка дарогі Качэрычы — Жылічы і працяглай вуліцы. У беспасярэдняй блізкасьці ад цэнтру ўзьвялі мураваныя і драўляныя грамадзкія будынкі. У паўднёва-ўсходняй частцы 2 новыя вуліцы забудавалі мураванымі 1-2-павярховымі дамамі. Астатняя жылая забудова драўляная сядзібнага тыпу.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu). С. 174.
  2. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кіраўскага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 1997.
  3. ^ Jelski A. Dobośnia // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 65.
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 27.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 26.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]