Жлобін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жлобін
лац. Žłobin
Памятны знак
Памятны знак
Герб Жлобіна Сьцяг Жлобіна
Першыя згадкі: 15 ліпеня 1654
Горад з: 3 ліпеня 1925
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жлобінскі
Плошча: 28 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 76 220 чал.[1]
шчыльнасьць: 2722,14 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2334
Паштовыя індэксы: 246172, 247191, 247192, 247194—247200, 247205—247208, 247210, 247239[2]
СААТА: 3218501000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°54′0″ пн. ш. 30°2′0″ у. д. / 52.9° пн. ш. 30.03333° у. д. / 52.9; 30.03333Каардынаты: 52°54′0″ пн. ш. 30°2′0″ у. д. / 52.9° пн. ш. 30.03333° у. д. / 52.9; 30.03333
Жлобін на мапе Беларусі ±
Жлобін
Жлобін
Жлобін
Жлобін
Жлобін
Жлобін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.gisp.gov.by/

Жло́бін — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 76 220 чалавек[1]. Знаходзіцца за 93 км на паўночны захад ад Гомелю. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Менск, Магілёў, Гомель, Каленкавічы), аўтамабільныя дарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Шацілавічы. Рачная прыстань.

Жлобін — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле аднаго зь мясцовых паданьняў, тапонім Злобнае места (пазьней — Злобін, Жлобін) утварыўся з тае прычыны, што тут ад перасьледу ўладаў хаваўся беглы люд[4]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад асабістага імя Жлоба або Злоба[5].

Традыцыйнае напісаньне назвы места лацінскімі літарамі — Žłobin, афіцыйная трансьлітарацыя — Žlobin[6].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Жлобіна

Старажытнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вынікі археалягічных абсьледаваньняў паказваюць, што першыя паселішчы людзей на тэрыторыі сучаснага Жлобіна ўзьніклі ў часы першабытнага грамадзтва, задоўга да заснаваньня места. На ўзьбярэжжы Дняпра ў межах Жлобіна археолягі знайшлі рэшткі паселішча пэрыяду бронзавага веку (ІІ-е — пачатак І-га тысячагодзьдзя да н. э.), на тэрыторыі мескага парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» — сьляды паселішча пэрыяду жалезнага веку[7], якое існавала ў канцы І тысячагодзьдзя да н. э. — пачатку І тыс. н. э.[8]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У публікацыях сустракаецца меркаваньне пра тое, што першы пісьмовы ўпамін пра Жлобін пад назвай Хлепень датуецца 1492 годам, але гэта памылка[9]. Відаць, упершыню яна ўзьнікла ў 12 томе Энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона[10] — у выніку таго, што зь местам Рагачовам (паблізу Жлобіна) пераблыталі сяло, якое ў XV ст. знаходзілася на сумежжы з Маскоўскай дзяржавай — Рагачова(ru) (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласьці), а непадалёк ад яго ёсьць вёска Хлепень(ru) (Сычоўскі раён Смаленскай вобласьці). Менавіта да апошняй належыць упамін за 1492 год. Паводле высновы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакумэнтаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма[8].

Пад 1563 годам упамінаецца паселішча пад назвай Хлобін, у валоданьні полацкага шляхціца[11], якое, магчыма, знаходзілася ў Рагачоўскай воласьці[12]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісьце ад 15 ліпеня 1654 году паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позьніх зьвестак пра гэты замак не існуе[13]. Злобін упамінаецца як мястэчка і ў некаторых іншых дакумэнтах, зьвязаных з вайной у 1654—1655 гадах[8].

Паводле археалягічных зьвестак, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагодзьдзях на адлегласьці каля 100 м ад утоку ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным мескім паркам «Прыдняпроўскі». Замак умацоўвалі земляны вал і драўляныя сьцены-гародні зь вежамі і брамамі. Абарончыя ўмацаваньні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартовая школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2—3 м (стадыён спартовай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае месца неўмацаванай забудовы — сярэдневечнае селішча[14]. На ім разьмясьціўся парк «Прыдняпроўскі»[15]. Пры археалягічных абсьледаваньнях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагодзьдзяў. Такім чынам, вызначана, што гістарычная частка Жлобіна разьмяшчаецца ў асноўным паміж царквой Сьвятой Тройцы, ракой Дняпро, колішнім ручаём Чорначка (цяпер у калектары, каля ранейшага вусьця захавалася невялікая затока ад Дняпра) і старажытным гасьцінцам Рагачоў — Рэчыца[8].

У XV—XVI стагодзьдзях Злобін быў у валоданьні Хадкевічаў. З 1509 году паселішча знаходзіцца ў Рагачоўскай воласьці, у валоданьні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 году ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтку. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Злобін увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.

Злобін значыцца на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў (лацініцай Złobyn, Zlobyn)[8]. У 1790 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 кірмашы штогод у Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Існавалі прыстань і паромная пераправа, вялося будаваньне рачных суднаў. З 1792 году дзейнічала Крыжаўзьвіжанская царква.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Жлобін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. У вайну паміж Францыяй і Расеяй францускія войскі 20 ліпеня 1812 году занялі паселішча, але неўзабаве адступілі. Паводле рэвізіі 1816 году ў Жлобіне было 189 двароў. У 1818 годзе Жлобін зноў стаў мястэчкам. Паводле зьвестак за 1824 год, тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[16].

На 1860 год у Жлобіне дзейнічала царква, працавалі паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 годзе замест састарэлага ўзьвялі новы будынак царквы, працавалі народная вучэльня (у 1864 годзе — 15, у 1889 годзе — 92 вучні) і хлебазапасны магазын. 16 лістапада 1873 году пачаўся рух на чыгунцы Асіповічы — Гомель, адкрылася чыгуначная станцыя Жлобін 2-й клясы. За 1 км на захад ад мястэчка збудавалі паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканьні для пасажыраў. Пазьней узьвялі 1-павярховы драўляны вакзал. З 1876 году ў Жлобіне працаваў дрожджавы завод, з 1868 году — крупарушка. Празь мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

13 траўня 1880 году ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, 65 крамаў і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага пляну. На 1880 год тут было 164 двары, 6 крамаў, цукровы завод. На 1886 год існавалі чыгуначная станцыя, суднаходная прыстань (пераведзеная з Рагачова ў 1879 годзе), царква, каталіцкая капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, пачатковая вучэльня, 2 ветракі, 53 крамы. 16 траўня 1889 году ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

У 1893 годзе побач з Жлобінам прайшла лінія Гомель — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі. Паступова мястэчка ператварылася ў значны транспартны вузел на перакрыжаваньні чыгункі і воднага шляху; разьвіваўся гандаль, расла колькасьць насельніцтва. У 1895—1913 гадах на чыгуначнай станцыі працавала дэпо з майстэрнямі (115 працоўных). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Жлобіне было 725 двароў, 2 царквы, 2 каталіцкія капліцы, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, гандлёвыя дамы, гатэль, карчма, 3 млыны; цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы; штогод праводзіўся кірмаш. У вёсцы Карпілаўка, якая пазьней увайшла ў склад Жлобіна быў 301 двор, капліца, юдэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазын, чыгуначная вучэльня, 8 крупарушак, 4 заезныя двары, 2 карчмы. Паблізу разьмяшчаўся скарбовы завод прэсаваньня сена, якое накіроўвалася ў вайсковыя акругі.

24 сьнежня 1902 году пачаўся рух цягнікоў на лініі Віцебск — Жлобін. 2 лістапада 1915 году адкрылася лінія Жлобін — Шапятоўка (праз Каленкавічы) чыгункі Пецярбург — Адэса. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 сьнежня 1905 году да 2 студзеня 1906 году адбываўся страйк чыгуначнікаў. З 1908 году дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Існавала паштовае аддзяленьне. На 1909 год у Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласьці, налічвалася 486 гаспадарак, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 году местачкоўцы на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Эўфрасіньні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацак. У 1911 годзе адкрылася прыватная гімназія зь бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе на чыгуначнай станцыі Жлобін адбылося хваляваньне салдатаў, адбываліся сутыкненьні з паліцыяй. 13 студзеня 1918 году Жлобін занялі войскі 1-га польскага корпуса генэрала Ю. Доўбар-Мусьніцкага, у лютым 1918 году адбываліся ваенныя сутычкі з Чырвонай арміяй. 2 сакавіка 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жлобін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[17]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Жлобін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. 3 ліпеня 1925 году Жлобін атрымаў статус места. На 1933 год тут працавалі электрастанцыя чыгуначнага вузла, шпаларэзны завод «Любава», камбінаты — дрэваапрацоўчы імя М. Горкага, птушыны; варэньняварны завод, 2 крухмальныя заводы; палявы тэхнікум, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 25 чэрвеня 1944 году Жлобін знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

30 сьнежня 1978 году ў Жлобіне пабудавалі завод штучнага футра, у канцы 1984 году — Беларускі мэталюргічны завод.

Геграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жлобін разьмяшчаецца на раўніне Гомельскае Палесьсе, на ўсходняй ускраіне ракі Дняпра. На захад ад места знаходзяцца мэліярацыйныя каналы. Клімат умерана кантынэнтальны.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1847 год — 965 чал.; 1880 год — 430 чал.; 1895 год — 1968 чал., зь іх 351 праваслаўны і 1617 юдэяў[18]; 1897 год — 3228 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 4270 чал.; 1924 год — 9691 чал.; 1933 год — 9,5 тыс. чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.; 1959 год — 19,2 тыс. чал.; 1970 год — 25,4 тыс. чал.; 1991 год — 60,8 тыс. чал.; 1995 год — 68 тыс. чал.[19]; 1997 год — 69,8 тыс. чал.[20]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 72,8 тыс. чал.; 2006 год — 72,5 тыс. чал.; 2008 год — 72,5 тыс. чал.; 2009 год — 75 866 чал.[21]; 2013 год — 75 335 чал.; 2016 год — 75 956 чал.[22]; 2017 год — 76 068 чал.[23]; 2018 год — 76 220 чал.[1]

Паводле нацыянальнага складу: беларусы — 79,8%; расейцы — 15,1%; украінцы — 2,8%; цыгане — 0,5%; іншыя — 1,8%

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе ў Жлобіне збудавалі мураваную царкву Сьвятой Тройцы, у 1996 годзе — рымска-каталіцкую капліцу Сьвятога Казімера.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Жлобіне працуюць мэталюргічны тэхнікум, філія Гомельскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, ПТВ, вышэйшая вучэльня агратэхнікі, 10 сярэдніх, музычныя і спартовая школы, дом школьнікаў.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 5 лякарняў на 940 ложкаў, 6 паліклінік на 1040 наведваньняў у дзень, 7 аптэк.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры з народным тэатрам і вакальным ансамблем, клюб чыгуначнікаў, палац культуры «Мэталюрг», кінатэатар, 5 бібліятэк.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце знаходзіцца студыя кабэльнага тэлебачаньня, выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Тэхнічная кніга». Вядзецца мясцовае радыёвяшчаньне, выдаецца газэта «Новы дзень».

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Жлобіне 3 плавальныя басэйны, палац спорту, аэраклюб, сэкцыя спартовых матацыклаў, школа вэласпорту, лядовы палац, аквапарк. «Мэталюрг Жлобін» (хакейны клюб), «Жлобін (футбольны клюб)».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасная забудова Жлобіна квартальная, шматпавярховая, цэнтар складаецца з двух самастойных комплексаў, галоўны — пляц Вызваліцеляў. Утварылася 7 новых мікрараёнаў, у тым ліку 4 пры БМЗ.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Дастаеўскага вуліца Новая вуліца
Карла Маркса вуліца Царкоўная вуліца
Першамайская вуліца Малевіцкі тракт
Цэнтральная вуліца
Пятроўскага вуліца Садовая вуліца
Савецкая вуліца Галоўная вуліца
Сацыялістычная вуліца Крывая вуліца
Урыцкага вуліца Паштовая вуліца (частка)
Вакзальная вуліца
Чапаева вуліца Інтэнданцкая вуліца[24]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лёгкай, мэталюргічнай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Жлобінскі гістарычна-краязнаўчы музэй (у былым касьцёле Сьвятога Казімера). Гатэлі: «Славянская», «Юбілейная»[25].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Сьвятога Казімера (1911; дагэтуль ня вернуты каталікам)
  • Могілкі юдэйскія

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Почтовые отделения по населённому пункту Жлобин (рас.), Белпошта
  3. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 152.
  4. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  5. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 124.
  6. ^ Постановление Государственного комитета по имуществу Республики Беларусь от 11.06.2007 № 38 «О внесении изменений и дополнений в Инструкцию по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита» // Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь. (рас.)
  7. ^ Цісецкая К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета, 23 красавіка 2013. [1]
  8. ^ а б в г д Маслюкоў Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
  9. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 178
  10. ^ Энциклопедический словарь: в 43 т. — СПб., 1890—1907. — Т. 12: Жилы — Земпах. — СПб., 1894. — 480 с.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 412.
  12. ^ Грынявецкі В. Жлобін // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 626.
  13. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 152—153
  14. ^ Ткачёв М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. — М., 1985. С. 407—408.  (рас.)
  15. ^ Бабин В. Археологи изучают старый Жлобин // «Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета» № 27, 2013. С. 2.  (рас.)
  16. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 120.
  17. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  18. ^ Krzywicki J. Żłobin (3) // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 791
  19. ^ Кірычэнка П. Жлобін // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 369.
  20. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 433.
  21. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гомельщина. — Минск, 2010.
  25. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]