Перайсьці да зьместу

Казімірава (Жлобінскі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казімірава
лац. Kazimirava
Першыя згадкі: XVIII стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жлобінскі
Сельсавет: Малевіцкі
Насельніцтва: 87 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2334
СААТА: 3218836026
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°54′25″ пн. ш. 29°50′5″ у. д. / 52.90694° пн. ш. 29.83472° у. д. / 52.90694; 29.83472Каардынаты: 52°54′25″ пн. ш. 29°50′5″ у. д. / 52.90694° пн. ш. 29.83472° у. д. / 52.90694; 29.83472
Казімірава на мапе Беларусі ±
Казімірава
Казімірава
Казімірава
Казімірава
Казімірава
Казімірава
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Казімі́рава[1], Казіме́раў — вёска ў Беларусі, каля ракі Добасны. Уваходзіць у склад Малевіцкага сельсавету Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 87 чалавек. Знаходзіцца за 12 км на захад ад Жлобіна, за 105 км ад Гомелю, за 3 км на паўднёвы ўсход ад аднайменнай чыгуначнай станцыі.

Казімераў — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі барока драўляная царква Прачыстай Багародзіцы пры аднайменным манастыры, помнік архітэктуры XVIII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казімераў у 1713 годзе заклаў падкаморы рэчыцкі Казімер Юдзіцкі, які назваў мястэчка ў свой гонар. Ён жа заснаваў тут праваслаўны манастыр у юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду[2].

Існавала таксама аднайменнае дзяржаўнае зямельнае ўладаньне, якое знаходзілася ў карыстаньні прыватнай асобы і ў 1765 годзе аб’ядноўвала 2 вёскі з 45 дварамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Царква Прачыстай Багародзіцы

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Казімераў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце Менскай губэрні. У 1832 годзе расейскія ўлады гвалтоўна далучылі тутэйшую праваслаўную царкву да Маскоўскага патрыярхату. На 1859 год у мястэчку было 33 двары[3]. Па адкрыцьці ў лістападзе 1873 году руху па чыгунцы Асіпавічы — Гомель у Казімераве пачала дзеяць чыгуначная станцыя. На 1886 год у мястэчку было 12 крамаў, вадзяны і ветраны млыны. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 60 двароў, царква, юдэйскі малітоўны дом, заезны двор. Побач разьмяшчаўся аднайменны фальварак.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Казімераў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Казімераў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў ў склад Беларускай ССР[4].

3 сакавіка 1920 году польскае войска, прарваўшы фронт каля вёскі Радуша, узяла Казімераў. Палякі расстралялі супрацоўнікаў вайсковага камісарыяту і чырвонаармейцаў — разам 23 чалавекі (пахаваныя ў брацкай магіле каля могілак). З 1921 году ў мястэчку працавала школа. З 20 жніўня 1924 да 16 ліпеня 1954 году Казімер быў цэнтрам аднайменнага сельсавету Жлобінскага раёну Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 году Гомельскай вобласьці. На 1925 год — 61 двор. У 1930 годзе ў Казімераве арганізавалі калгас. Статус паселішча панізілі да вёскі. У часы Другой сусьветнай вайны Казімераў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, некаторы час тут працавала друкарня Рагачоўскага падпольнага райкаму КП(б)Б; 73 жыхары вёскі загінулі на фронце.

У 1962 годзе да Казімерава далучылі вёску Жальвін, у 1966 годзе — Касагі. На 2004 год у вёсцы было 60 гаспадарак.

  • XX стагодзьдзе: 1959 год — 165 чал. (паводле перапісу); 1999 год — 111 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 103 чал.[5]; 2010 год — 87 чал.

У вёсцы працуюць фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта.

Плян складаецца з простай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі, да якой на поўначы далучаюцца кароткія шыротныя вуліцы. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу.

Казімераў знаходзіцца ў складзе гаспадаркі з цэнтарам у вёсцы Малевічы.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Манастыр Прачыстай Багародзіцы (XVIII ст.)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 165.
  2. ^ Казимирово. Успения Пресвятой Богородицы, женский монастырь
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казімірава (Жлобінскі раён)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў