Перайсьці да зьместу

Камінтэрн (прадпрыемства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 52°25′27″ пн. ш. 31°0′26″ у. д. / 52.42417° пн. ш. 31.00722° у. д. / 52.42417; 31.00722

«Камінтэрн»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная сакавік 1919
Разьмяшчэньне Гомель, Цэнтральны раён, вул. Інтэрнацыянальная, д. 5
Ключавыя фігуры Пётар Афончанка, Людміла Бяляўская
Галіна лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя касьцюм, нагавіцы, пінжак
Абарачэньне 26,082 млн рублёў (2016 г.; $13,317 млн)
Апэрацыйны прыбытак 1,762 млн руб. (2016 г.; $0,9 млн)
Чысты прыбытак 1,447 млн руб (2016 г.; $0,739 млн)
Лік супрацоўнікаў 1204 (2016 г.)
Матчына кампанія «Беллегпрам»
Даччыныя кампаніі УП «Рэчыцкая швейная фабрыка»
Аўдытар «АўдытБізнэсКансалт» (Менск)[1]

«Камінтэрн» — найбольшы вытворца мужчынскіх касьцюмаў Беларусі, заснаваны ў сакавіку 1919 году ў Гомлі пад назвай Першая вайскова-абмундзіровачная фабрыка.

На 2017 год прадпрыемства вырабляла касьцюмы з воўны, ільну, бавоўны, віскозы і поліэстэру. У вытворчасьці выкарыстоўвалі трыкатажныя, расьцягвальныя і двухабаковыя тканіны. Гандлёвая сетка налічвала 15 уласных крамаў «Дарыян» у 11 гарадах Беларусі, у тым ліку ва ўсіх 6 абласных цэнтрах: Бабруйск (Магілёўская вобласьць), Берасьце (вул. Міцкевіча, д. 11), Віцебск (вул. Леніна, д. 64/1), Ворша (Віцебская вобласьць), Гомель (3), Горадня (2), Жлобін (Гомельская вобласьць), Магілёў (пр. Міра, д. 27), Менск (2), Пінск (Берасьцейская вобласьць) і Рэчыца (Гомельская вобл.).

У сакавіку 1919 году ў Гомлі (Расейская СФСР) заснавалі Першую вайскова-абмундзіровачную фабрыку, на якой працавалі каля 100 чалавек. У лютым 1922 г. фабрыка атрымала назву «Гомадзеньне» і перайшла да вырабу цывільнага адзеньня. У 1927 г. Вышэйшая рада народнай гаспадаркі БССР пераўтварыла прадпрыемства ў фабрыку «Гомшвей». У красавіку 1928 г. прадпрыемства атрымала сучасную назву «Камінтэрн» у гонар міжнароднай арганізацыі «Камуністычны інтэрнацыянал», заснаванай у сакавіку 1919 году ў Маскве. 24 жніўня 1964 г. фабрыку пераўтварылі ў Гомельскае вытворчае швейнае аб’яднаньне, у склад якога ўлучылі Рэчыцкую швейную фабрыку. Затым закупілі абсталяваньне ў 3-х краінах Эўропы — «Штробель» і «Зынгер» у Заходняй Нямеччыне, «АМФ Рыс» у Чэхіі (Просьцеёў), «Рымольдзі» і «Макпі» ў Італіі, а таксама ў ЗША («Істман») і Японіі («Джукі», «Брызай»). У выніку прадпрыемства стала адзіным у Беларускай ССР адмысловым вытворцам клясычных мужчынскіх касьцюмаў. 29 сьнежня 1993 г. Дзяржаўны камітэт па кіраваньні маёмасьцю і прыватызацыі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Рашэньне № 96 аб пераўтварэньні прадпрыемства ў адкрытае акцыянэрнае таварыства.

З 2007 г. ААТ «Камінтэрн» пачало выпуск касьцюмаў пад таварным знакам «Гарадзкое жыцьцё» (анг. City life). У 2009 г. дадалі таварны знак «Валероса» (італ. Valerosso). У 2010 г. на рынак вывелі касьцюмы пад таварным знакам «Мужчынскі шлях» (анг. Man way). У 2011 годзе ААТ «Камінтэрн» закупіў 70% тканіны за мяжой. У 2012 годзе штомесячная вытворчасьць перавышала 30 000 адзінак адзеньня. У рэкляме прадпрыемства здамыліся сьпевакі Дзьмітры Калдун і Руслан Аляхно[2]. На 2016 г. ААТ «Камінтэрн» мела 14 уласных крамаў у 11 гарадах Беларусі.

  1. ^ Марына Пералыгіна. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць ААТ «Камінтэрн» за 2016 год з аўдытарскімі высновамі (рас.) // ААТ «Камінтэрн», 14 чэрвеня 2017 г. Праверана 7 лістапада 2017 г.
  2. ^ Ірына Асташкевіч. Пашыць так, каб можна было насіць // Зьвязда : газэта. — 9 чэрвеня 2012. — № 109 (27224). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]